ГЕ́РА У грэчаскай міфалогіі царыца багоў, дачка Кронаса і Рэі, жонка і сястра Зеўса. Лічылася ўладаркай хмар, маланкі і грому, пазней — багіня шлюбу і сямейнага шчасця, апякунка жанчын. Уяўлялі яе з яблыкам (сімвал шлюбу і ўрадлівасці), дыядэмай, скіпетрам царыцы, пакрывалам і ахвярнай чашай. Вылучалася жорсткасцю, раўнівым норавам. Міф пра Геру — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, скульптуры, карціны Карэджа, П.​П.​Рубенса, Дж.​Цьепала, Н.​Пусэна). У рым. міфалогіі Геры адпавядае Юнона.

Л.​М.​Драбовіч.

Гера і Ірыда. Фрагмент фрэскі з дома ў Пампеях. 50—79.

т. 5, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭМІ́ДА,

у грэчаскай міфалогіі багіня, дачка Зеўса і Леты, сястра-блізніца Апалона. Спачатку Артэміда — апякунка жывёл і палявання, багіня месяца, пазней — заступніца шлюбу і дзетанараджэння. Яе ўяўлялі прыгажуняй у доўгім адзенні з паўмесяцам на галаве, з факелам ці з лукам і стрэламі ў руках. Лічылі, што нарадзілася Артэміда на в-ве Дэлас. Найб. вядомыя свяцілішчы Артэміды на п-ве Атыка і ў г. Эфес. У Эфесе быў храм Артэміды, прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету (спалены ў 356 да н.э. Герастратам). У рым. міфалогіі вядома як Дыяна. Міф пра Артэміду натхніў ант. скульптараў Праксіцеля, Леахара, грэч. вазапісцаў, пазней — Тыцыяна, П.​П.​Рубенса, Рэмбранта, пісьменнікаў Дж.​Бакачыо, Г.​Гейнэ і інш.

Да арт. Артэміда. Артэміда Версальская. Скульпт. Леахар. Канец 4 ст. да н.э. Рымская копія.

т. 1, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)