БЕЛАРУ́СКІ МАЛІ́НАВЫ,

сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Антонаўка звычайная і Лаўфам. Раянаваны з 1991 па Брэсцкай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Пашыраны ўсюды.

Дрэва моцнарослае, з даволі густой круглаватай кронай. Плоданашэнне на 4—5-ы год пасля пасадкі, дае багатыя ўраджаі. Сорт зімаўстойлівы, успрыімлівы да паршы. Плады пляската-круглаватыя, крыху асіметрычныя, злёгку рабрыстыя, розных памераў (110—170 г). Скурка тонкая, гладкая, бліскучая, з невял. васковым налётам. Асноўная афарбоўка зялёная, покрыўная — размытая малінавая, часам паласатая. Мякаць плода зеленаватая, сакаўная, кісла-салодкая, пахучая. Пры захоўванні не трацяць смакавых якасцяў да сакавіка—красавіка.

З.​А.​Казлоўская.

Беларускі малінавы.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́НАЎ (Іван Платонавіч) (н. 12.8.1938, в. Антонаўка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1990). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1961). З 1965 у Гродзенскім ун-це (з 1997 прарэктар). Навук. працы па аналіт. тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Распрацаваў новыя метады даследавання аналіт. уласцівасцей рашэння дыферэнцыяльных сістэм вышэйшых парадкаў.

Тв.:

Об уравнениях третьего порядка без подвижных критических особенностей // Дифференц. уравнения. 1985. Т. 21, № 6;

О классификации дифференциальных уравнений в частных производных третьего порядка типа Пенлеве (разам з Н.​С.​Бярозкінай, В.​А.​Пранько) // Там жа. 1994. Т. 30, № 10.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПРЭ́ЕНКА (Уладзімір Пятровіч) (н. 3.1.1944, в. Антонаўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мастак, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1970). Творчасць вызначаецца пошукам новых сродкаў выразнасці, вобразным сімвалізмам каларыту. Тэматычныя кампазіцыі «У цэнтры зборкі касмічных караблёў» (1976), «Армагедон XX стагоддзя» (1992); паліпціхі «Праабражэнне», «Вяртанне майстра» (абодва 1993), трыпціх «Мой горад» (1994); пейзажы «Куточак старога Віцебска» (1968), «Адліга», «Вячэрні Віцебск» (абодва 1973), «Браслаўскі матыў» (1978), «У гарах Паміра» (1979), «Світанак», «Туман над возерам» (абодва 1983), «Моцны вецер» (1985), «Сонечны дзень у лесе» (1989), «Ціхі вечар» (1993), «Хмурая раніца» (1994), нацюрморты «Нацюрморт з рыбамі» (1968), «Сланечнік» (1980), «Макі» (1987), «Нацюрморт з рамонкамі» (1988), «Бэз», «Нацюрморт з ружамі» (абодва 1989), «Дары лесу» (1994), «Нацюрморт з ягадамі» (1995) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

У.Напрэенка. Нацюрморт з ягадамі. 1995.

т. 11, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЛО́БІНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 у Жлобіне і раёне Гомельскай вобл. Групы дзейнічалі ў Жлобіне: у паравозным дэпо (кіраўнік М.​І.​Елісееў, І.​М.​Казлоў, Г.​В.​Канаплянікава, Ц.​П.​Міненкаў, АП.​Цямінская), друкарні (Р.​П.​Баранаў, М.​П.​Калеснічэнка), раённай б-цы (У.​М.​Лабанаў), у вёсках Антонаўка (А.​І.​Севасцьянчык), Бабоўка (Н.​А.​Дражын), Кабанаўка (М.​Дз.​Антуськоў), Мормаль (І.​А.​Лебедзеў), Святое (А.​І.​Карунчык), Шчадрын (Л.​М.​Жураўлёва); у Малевіцкім сельсавеце (І.​М.​Шаўцоў). У 1942 узніклі новыя групы ў Жлобіне (Гарбатаў, С.​А.​Казлоў, Дз.​В.​Ніжнікаў, Т.​І.​Раміська, І.​І.​Цыркуноў), у вёсках Адраджэнне (П.​Б.​Кіраў), Папаратнае (В.​З.​Фамянок), Сельнае (П.​С.​Дзегцяроў), Старая Рудня (А.​П.​Капусцін, М.​Г.​Маршын), Шапарня (У.​Б.​Паўлаў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю і перадавалі яе партызанам, з якімі сумесна праводзілі дыверсіі па знішчэнні транспарту, баявой тэхнікі і жывой сілы акупантаў, знішчалі паравозы, на некалькі дзён паралізавалі дзейнасць чыг. вузла. У гонар баявых дзеянняў падпольшчыкаў і партызан на развілцы дарог каля в. Лугавая Вірня Жлобінскага р-на пастаўлены абеліск.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 6, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ СПЕВАКІ́,

творчыя носьбіты мясц. традыцый нар. спеву. Вядомы ўсім народам свету. На Беларусі наз. «спявухі», «пеюны», «пяюллі», «пяўчыцы», «песнахоры» і «песнахоркі». У вясковым побыце традыцыі спеву з даўніх часоў суправаджалі ўсе бакі жыцця (працу, адпачынак, звычаі і абрады, урачыстыя падзеі і святкаванні), і ва ўсіх выпадках роля Н.с. вызначальная. Яны «вядуць парадак» спявання строга прымеркаваных да пэўнага часу ці абставін каляндарных песень, выступаюць своеасаблівымі цырымоніймайстрамі пэўных этапаў сямейна-абрадавых дзеянняў (вяселля, радзін, пахавання), завадатарамі (закапёршчыкамі) нар. святкаванняў (на ігрышчах, карагодах, бяседах). У адрозненне ад прафес. спевакоў або ўдзельнікаў арганізаваных самадз. калектываў гал. асаблівасць майстэрства Н.с. — творчая імправізацыя: песня не проста выконваецца ў пэўным зафіксаваным выглядзе, а кожны раз нібыта нараджаецца нанава. Імправізацыйны пачатак у аднолькавай ступені выяўляецца ў адзіночным і хар. нар. спяванні: у свабодным распеве аднаго голасу, гетэрафонных адхіленнях (пералівах) пры выкананні аднагалосых песень хорам, у вар’іраванні меладычнай лініі падгалоска пры выкананні шматгалосых песень. Шматвяковая маст. практыка спявання на адкрытым паветры («на волі») спарадзіла свайго роду школу тэмбрава маляўнічага галаснога спеву з выдатнымі яго майстрамі, якія заўсёды вылучаліся ў працэсе стыхійнага спаборніцтва нар. самародкаў. Сярод Н.с. яны — карыфеі, якія вядуць за сабой увесь хор або ансамбль (гурт). Найчасцей гэта запявала («запявайла», «пачынальнік», «зачынальнік»), які «заводзіць песню», а таксама верхні падгалосак («падгалоснік», «падводка», «гаравік»), што «падымаіць песню». Майстроў галаснога спеву найчасцей можна сустрэць сярод пастухоў, леснікоў, працаўнікоў палёў, раней і сярод плытагонаў. Ад бел. Н.с. спецыялістамі запісана шмат узораў нар.-песеннага мастацтва. Дзякуючы фалькл. зборнікам і даследаванням, муз.-этнагр. канцэртам, дакумент. кінастужкам, грамзапісу аўтэнтычнага фальклору многія знаўцы песень і майстры нар. спеву вядомы на Беларусі і за яе межамі. Сярод іх: у зах. рэгіёне — Захвея Хвораст (в. Шакуны), Мікола Смаль (в. Росахі, абедзве Пружанскі р-н), Таццяна Місевіч (в. Доўгая, Шчучынскі р-н), Кацярына Пышка (в. Зачэпічы), Надзея Бурак (в. Ахонава, абедзве Дзятлаўскі р-н); у Паазер’і — Еўдакея Зуева (в. Цясты, Верхнядзвінскі р-н), Зося і Тоня Прускія (в. Аношкі, Лепельскі р-н); на Палессі — Алесь Каранчук, Адам Масальскі, Юзік Русак (в. Клятная, Пінскі р-н); Сцяпан і Марыя Дубейкі, Ганна Вянгура (в. Тонеж), Феня Алесіч, Наля Андрэйкавец (в. Букча), Ілья Зенькавец, Іван Прыбора (в. Глушкавічы, усе Лельчыцкі р-н); ва ўсх. рэгіёне — Домна Чачуга, Таццяна Лапаціна (в. Азершчына), Есіп Сілко (в. Лазараўка, абедзве Рэчыцкі р-н); Прося Гарэцкая (в. Багацькаўка, Мсціслаўскі р-н), Кацярына Манжэрава (в. Беразоўка, Быхаўскі р-н), Міхась Басякоў (в. Антонаўка, Чавускі р-н).

Літ.:

Нисневич И. Татьяна Лопатина. М., 1962;

Ширма Г. Двести белорусских народных песен. М., 1958;

Можейко З. Песенная культура белорусского Полесья. Мн., 1971;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. М., 1984. Вып. 2. С. 11—12.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 11, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)