ГА́РБУК (Генадзь Міхайлавіч) (н. 24.7.1934, в. Глыбачка Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1962 — у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Мастацтву акцёра ўласцівы моцны тэмперамент, глыбокае псіхал. спасціжэнне характараў. Майстар яркай сцэнічнай дэталі, гратэску. Найб. яркія характары стварыў у нац. рэпертуары: Васіль (спектакль і тэлевізійная паст. «Людзі на балоце» паводле І.Мележа, Дзярж. прэмія Беларусі 1966), Сымон («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Яўмень («Ажаніцца — не журыцца» М.Чарота і Далецкіх), Клёпкін, Прокусаў («Пагарэльцы», «Верачка» А.Макаёнка), Андрэй Буслай («Парог» А.Дударава). Імкненнем да арыгінальнай інтэрпрэтацыі пазначаны ролі Гарбука ў класічным і сучасным рэпертуары: Акцёр («На дне» М.Горкага), Ціхан («Навальніца» А.Астроўскага), Добчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), Бярозкін («Залатая карэта» Л.Лявонава), Кэлін («Святая святых» І.Друцэ) і інш. Здымаецца ў тэлевізійных пастаноўках («Трэцяе пакаленне», «Трывожнае шчасце», «Завеі, снежань», «Плач перапёлкі», «Крыло цішыні») і ў кіно («Людзі на балоце», Дзярж. прэмія СССР 1984, «Подых навальніцы», «Белыя Росы», «Чорны замак Альшанскі») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯЛЕ́КТ [ад нацыя + (дыя)лект],
сукупнасць фармальных і семантычных уласцівасцей пэўнай нацыянальнай мовы, калі яна шырока выкарыстоўваецца іншым этнасам у якасці сваёй другой мовы або мовы міжнац. зносін. Напр., рус. мова (нацыялект) армян, літоўцаў, таджыкаў, украінцаў і г.д. У шырокім сэнсе Н. — рэалізацыя пэўнай мовы ў маўленчай практыцы іншага этнасу. Н. — адзін з відаў суцэльнага вар’іравання мовы (параўн.: дыялект — вар’іраванне тэрытарыяльнае, сацыялект — вар’іраванне сацыяльнае, ідыялект — вар’іраванне індывідуальнае, хроналект — вар’іраванне ў часе, Н. — вар’іраванне іншанацыянальнае, іншаэтнічнае). Н. ўласцівы пэўныя ўстойлівыя рысы, што ўзнікаюць у мове пад уплывам іншай ці роднай мовы. Напр., рус. Н. беларусаў уласцівы ўстойлівыя інтэрферэнцыйныя рысы: цвёрдае «р» (гаварыт — «гаворыць», румка — «келішак»), фрыкатыўнае «γ» (ноγи — «ноги», γолос — «голас»), сібілянты «с’» і «з’» (з’има, с’ерый), пропуск «й» (полны — «поўны», велики — «вялікі»), канструкцыі «мой собачка» (рус. «моя собачка»), «более-менее» (рус. «более или менее», бел. «больш-менш»), «жениться с кем» (рус. «жениться на ком», бел. «ажаніцца з кім»), адсутнасць моцнай колькаснай рэдукцыі галосных ([малако], рус. [мьлʌ-ко]) і інш.
Літ.:
Михневич А.Е. О языковом и лингвистическом статусе «нациолекта» // Вариативность как свойство языковой системы: Тез. докл.М., 1982. Ч. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУР’Я́Н (Уладзімір Мітрафанавіч) (н. 25.3.1954, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984, клас Дз.Смольскага). З 1984 заг.муз. часткі Нац.акад.т-ра імя Я.Купалы.
Яго творчасць адметная тэатральнасцю мыслення, спалучэннем сучасных сродкаў выразнасці акад. і масавых жанраў, нац. характэрнасцю, незвычайнымі тэмбрава-каларыстычнымі вырашэннямі. Сярод твораў: рок-опера «Масфан» на ўласнае лібрэта (паст. 1976), опера «Фантазія» паводле Казьмы Пруткова (1984), мюзіклы «Ідылія» паводле В.Дуніна-Марцінкевіча (паст. 1993) і «Карлік Нос» паводле В.Гаўфа (паст. 1998), вак.-сімф. паэма «Памяці маці» на словы Р.Барадуліна (1985), канцэрт для цымбалаў і камернага арк. (1989); сюіта «Капыльскія дудары», паэмы «Жураўліная песня Палесся» і «Курган» для нар.арк., «Вясковая сюіта» для ансамбля нар. інструментаў, варыяцыі «Перазвоны» для цымбалаў, сюіта для фп. і чытальніка «Вясёлая нядзелька», вак. цыкл на вершы Р.Бёрнса, «Чатыры сны» для голасу і альта, 3 стр. квартэты (1984, 1987, 1990); музыка да драм. спектакляў («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера, «Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.Чарота, «Тутэйшыя» Я.Купалы, «Дракон» Я.Шварца, «Інтымны тэатр Е.Міровіча»), кінафільмаў і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́ЕЎ (Віктар Сяргеевіч) (н. 7.8.1958, Мінск),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1980). Працуе ў Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца лірычных, драм., трагікамедыйных роляў. Мастацтва М. адметнае шчырасцю, арганічнасцю, вытанчанай пластыкай, вострай гратэскнай формай у спалучэнні з глыбокім спасціжэннем псіхалогіі сцэн. характару, імправізацыйнасцю. Найб. значныя ролі: Адуванчык («Радавыя» А.Дударава, Дзярж. прэмія СССР 1985), Мікіта Зносак («Тутэйшыя» Я.Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1992), Норман («Касцюмер» Р.Харвуда), Гаральд («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.-К.Кар’ера), Іван («Арт» Я.Рэзы ў Малым т-ры). З інш. роляў: Мікіта («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.Чарота), Ян Губач («Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча), Арыэль («Бура» У.Шэкспіра), Валерыо («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Валер, Пурсаньяк («Тарцюф», «Нежанаты мнагажэнец, або Залёты лана дэ Пурсаньяка» Мальера), Жадаў («Даходнае месца» А.Астроўскага), Фядоцік («Тры сястры» А.Чэхава), Юрка («Характары» паводле В.Шукшына), Генрых («Дракон» Я.Шварца), Фёдар («Памінальная малітва» Р.Горына паводле Шолам-Алейхема), Алаліён («Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата), Ён («Кантрабас» П.Зюскінда ў Мінскім т-ры пад кіраўніцтвам Р.Таліпава). Здымаецца ў кіно і на тэлебачанні: «Людзі на балоце», «Давай пажэнімся», «Чужая бацькаўшчына», «Ідзі і глядзі» і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.