ПНЕЎМАТО́РАКС (ад грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + thorax грудная клетка),
запаўненне паветрам плеўральнай поласці. Узнікае пры раненнях грудной клеткі і лёгкага (траўматычны), у выніку паталаг. працэсаў у лёгкіх (напр., абсцэс, туберкулёз) — спантанны П., пры ўскрыцці плеўральнай поласці ў час хірург. аперацый (хірургічны П.). Калі адтуліна ў вісцэральнай плеўры пры ўдыху адкрываецца, а пры выдыху закрываецца, фарміруецца клапанны П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАПТАЗА́ЎРЫ (Synaptosauria, або Euryapsida),
падклас вымерлых паўзуноў. 2 атр. — заўраптэрыгіі і плакадонты. Вядомы з пермскага перыяду да позняга мелавога перыяду. Былі пашыраны ў морах усіх мацерыкоў (акрамя Антарктыды).
Даўж. ад 20 см да 15 м. Экалагічна і марфалагічна разнастайныя. У большасці чэрап падоўжаны, вачніцы размешчаны амаль пасярэдзіне, цемянная адтуліна звычайна захоўвалася. Канечнасці ластападобныя, характэрна адно скроневае акно. Карміліся рыбай і малюскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРЭЗІ́Я (ад а... + грэч. trēsis адтуліна),
1) поўная адсутнасць прасвету або адтуліны ў трубчастым органе. Прыроджаная атрэзія (аорты, стрававода, заднепраходнай адтуліны, похвы, маткі і інш.) развіваецца пры парушэнні эмбрыянальнага фарміравання органа. Пры некаторых прыроджаных атрэзіях нованароджаныя нежыццяздольныя. Набытая атрэзія ўзнікае з прычыны запалення або рубцовага працэсу (напр., атрэзія стрававода пры апёку кіслатой). Лячэнне хірургічнае.
2) Зваротнае развіццё фалікула ў яечніку млекакормячых. Інтэнсіўнае ў перыяд палавога выспявання і цяжарнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІМА́ТАР (ад collimo, скажонае лац. collineo накіроўваю па прамой лініі),
аптычная прылада для атрымання пучкоў паралельных прамянёў. Складаецца з аб’ектыва (ці ўвагнутага люстэрка), у факальнай плоскасці якога размешчаны асветлены аб’ект, напр., скрыжаваныя ніці, шкала, адтуліна дыяфрагмы. Неідэальная паралельнасць выхаднога пучка абумоўлена канечнымі памерамі аб’екта і аберацыямі аб’ектыва (гл.Аберацыі аптычных сістэм). Выкарыстоўваецца ў астраноміі для праверкі вымяральных інструментаў, у спектральных прыладах для атрымання пучкоў святла, накіраваных у дыспергавальную сістэму і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́ШЧ, фістула,
паталагічны канал (адтуліна), які злучае ачаг захворвання (гнайнік, пухліну) з паверхняй або з якой-н. поласцю цела. Высланы эпітэліяльнай або грануляцыйнай тканкай.
Адрозніваюць вонкавы С. (адкрываецца на паверхні цела) і ўнутраны (злучае полыя органы). Бывае прыроджаны — ад заган унутрывантробнага развіцця (напр., пупковы), часцей у выніку разбурэння тканак і органаў пры траўме, паталаг. працэсах (набыты). З лек. ці эксперым. мэтамі робяць штучныя С., напр., для назірання за функцыянаваннем органаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭ́НАЎСКАЯ ПЕЧ (ад прозвішча франц. металурга П.Э.Мартэна),
полымная рэгенератыўная печ для вытв-сці сталі з чыгуну і стальнога лому. Выкарыстоўваюцца таксама ў дуплекс-працэсе. Бываюць стацыянарныя (найб. пашыраны) і хістальныя.
Верхняя ч. стацыянарнай М.п. складаецца з рабочай прасторы, дзе вядуць плаўку пры т-ры да 1800 °C і вышэй, левай і правай галовак, па якіх паступае вадкае або газападобнае паліва і паветра (гл.Мартэнаўскі працэс). Чыгун, стальны лом, флюсы і інш. зыходныя матэрыялы загружаюць у рабочую прастору праз спец. вокны завалачнымі машынамі. Ў ніжняй ч. печы ёсць рэгенератары для падагрэву паветра і газападобнага паліва, шлакавікі для збірання пылу і шлакаў. У хістальных М.п. рабочая прастора спец. механізмамі нахіляецца ў бок рабочай пляцоўкі (для спуску шлаку) і разлівачнага пралёту (для выпуску металу). Умяшчальнасць М.п. да 900 т. Першая М.п. пабудавана ў 1864 у Францыі, у Расіі — у 1870 на Сормаўскім з-дзе. У 1970-я г. з пераходам на кіслародна-канвертарны працэсбуд-ва М.п. фактычна спынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІКЛА́ГА, баклага,
бандарны выраб; у беларусаў і інш.слав. народаў двухдонная пляскатая пасудзіна на 5—10 л для дастаўкі вады, квасу і інш. напіткаў. Рабілася з дубовых сцягнутых абручамі клёпак, у 1,5—2 разы карацейшых за дыяметр днішча; у адной клёпцы была адтуліна, затыкалася коркам. Пераносілі на рэмені, што мацаваўся ў спец. гнёздах (вушках). Шырока бытавалі на Беларусі амаль да сярэдзіны 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБРАЗУ́РА (франц. embrasure),
прамавугольная, арачная або круглая адтуліна ў сценах абарончага збудавання, бранявежах для вядзення агню з гармат, кулямётаў, мінамётаў, а таксама для назірання за праціўнікам. Формы і памеры амбразуры залежаць, ад віду зброі, сектара абстрэлу (назірання), умоў стральбы. Іншы раз для закрыцця амбразуры, калі праз яе не вядуць агонь (назіраюць), ставяць бранявую засланку. У бел. абарончым дойлідстве вядома з 16 ст. (у Гродзенскім Старым, Мірскім замках, Брэсцкай і Бабруйскай крэпасцях і інш.). Гл. таксама Байніца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАСПАДЫ́Я (ад гіпа... + грэч. spaō адцягваю ўніз, адрываю знізу),
ніжняя шчыліна мочаспускальнага канала, прыроджаны недахоп развіцця мочаспускальнага канала ў мужчын, калі вонкавая адтуліна канала адкрываецца на ніжняй паверхні палавога члена, машонцы ці на прамежнасці. Гіпаспадыя — самая частая анамалія развіцця органаў мочапалавой сістэмы. Прычыны гіпаспадыі: лішак жаночых палавых гармонаў, хваробы, што ўплываюць на развіццё плода (таксікоз і інш.). Пры гіпаспадыі бывае парушэнне мочавыдзялення і палавога жыцця. Лячэнне хірургічнае.
Літ.:
Савченко Н.Е. Гипоспадия и гермафродитизм. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́МНІК,
1) адтуліна ў столі курной хаты для выхаду дыму. Часам меў дымаход (драўляны або сплецены з лазы атынкаваны комін), завершаны 2-схільнай стрэшкай, аформлены яруснымі карнізамі і інш. элементамі аздобы.
2) Невял. франтончык, звычайна трохвугольны, у завяршэнні тарцовага схілу вальмавага даху. Першапачатковае функцыянальнае прызначэнне для выхаду дыму ад курной печы. Пашыраны пераважна на З і ПдЗ Беларусі ў жылых, культавых, гасп. будынках. Паступова ператварыўся ў дэкар. элемент даху, часам аздабляўся вільчыкамі, разьбой, у культавых збудаваннях — аб’ёмнай скульптурай.
Дымнік на даху царквы ў вёсцы Ялова Пружанскага раёна Брэсцкай вобл.