КАЛІМА́ТАР (ад collimo, скажонае лац. collineo накіроўваю па прамой лініі),

аптычная прылада для атрымання пучкоў паралельных прамянёў. Складаецца з аб’ектыва (ці ўвагнутага люстэрка), у факальнай плоскасці якога размешчаны асветлены аб’ект, напр., скрыжаваныя ніці, шкала, адтуліна дыяфрагмы. Неідэальная паралельнасць выхаднога пучка абумоўлена канечнымі памерамі аб’екта і аберацыямі аб’ектыва (гл. Аберацыі аптычных сістэм). Выкарыстоўваецца ў астраноміі для праверкі вымяральных інструментаў, у спектральных прыладах для атрымання пучкоў святла, накіраваных у дыспергавальную сістэму і інш.

т. 7, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)