сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць бюджэтнае ўпарадкаванне дзяржавы і рэгламентуюць пытанні стварэння і выкарыстання грашовых сродкаў; асноўны раздзел фінансавага права. На Беларусі гал. крыніцамі бюджэтнага права з’яўляюцца Канстытуцыя, законы «Аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы ў Рэспубліцы Беларусь» ад 20.2.1991 (з пазнейшымі папраўкамі і дадаткамі), «Аб бюджэтнай сістэме Рэспублікі Беларусь» ад 4.6.1993, законы аб дзярж. бюджэтах і рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў на адпаведны год, якія прымаюцца штогод. Бюджэтнае права мае на мэце забяспечыць кожнаму органу дзярж. улады самастойную і ўстойлівую матэрыяльную базу для ажыццяўлення дзярж., паліт. і культ. будаўніцтва краіны, яе эканам.-гасп. дзейнасці, абароны правоў і свабод грамадзян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЛІ́ЖАНАЕ ВЫЛІЧЭ́ННЕ,
атрыманне набліжаных рашэнняў розных матэм. задач (напр., задач, якія ўзнікаюць пры матэматычным мадэліраванні рэальных працэсаў і з’яў). Выкарыстоўваецца ў ядз. фізіцы, касманаўтыцы, машынабудаванні і інш.
Найб. пашыраныя задачы Н.в.: рашэнне алг. і трансцэндэнтных ураўненняў, а таксама сістэм такіх ураўненняў; набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый, набліжанае дыферэнцаванне, набліжанае інтэграванне і інш. Для рашэння пэўнай матэм. задачы выбіраецца (ці будуецца) адпаведны лікавы метад — алгарытм (распрацоўваецца і вывучаецца ў тэорыі лікавых метадаў). Для Н.в. шырока выкарыстоўваюцца ЭВМ (алгарытмы рашэнняў задач, якія найб. часта ўзнікаюць на практыцы, уваходзяць у іх матэматычнае забеспячэнне). У інж. разліках часта карыстаюцца графічнымі вылічэннямі і намаграмамі. (Гл. таксама Вылічальная матэматыка.)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЕ́ЧНЫ АЎТАМАТ,
матэматычная мадэль сістэмы, якая пераўтварае дыскрэтную інфармацыю і мае канечны фіксаваны аб’ём памяці; важнейшы від кіравальных і вылічальных сістэм. Мае ўваходны і выхадны каналы і ў кожны дыскрэтны (тактавы) момант часу знаходзіцца ў адным з унутр. станаў з пэўнага канечнага набору (мноства).
У кожны тактавы момант часу на ўваход падаецца некаторы сімвал уваходнага канечнага алфавіта, аўтамат выдае адпаведны выхадны сімвал (вызначаецца функцыяй выхаду) і пераходзіць у інш.ўнутр. стан (вызначаецца функцыяй пераходу). Найб. важныя кірункі тэорыі К.а. — сінтэз надзейных элементаў сістэм і даследаванне паводзін К.а. ў выпадковых асяроддзях; яе метады выкарыстоўваюцца пры праектаванні дыскрэтных прылад і прыстасаванняў, напр., лічбавых ЭВМ, у біялогіі, псіхалогіі і інш.Гл. таксама Аўтаматаў тэорыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ ЧАСТАТЫ́ў радыётэхніцы,
працэс перанясення паласы частот, занятай эл. сігналам, у іншую вобласць частотнага спектра для больш зручнай яго апрацоўкі, выпрамянення ці паляпшэння параметраў радыёапаратуры.
У радыёперадатчыку нізкачастотны сігнал гуку. відарысу ці інш. віду інфармацыі з дапамогай мадулятара пераўтвараецца ў высокачастотны сігнал (гл.Нясучая частата) для перадачы ў зададзеным дыяпазоне частот. У радыёпрыёмніку пры дэмадуляцыі (дэтэктыраванні) адбываецца адваротны працэс — пераўтварэнне высокачастотнага сігналу ў адпаведны нізкачастотны сігнал. У супергетэрадзінным радыёпрыёмніку прыняты сігнал папярэдне пераўтвараецца ў ваганні другой высокай (прамежкавай) частаты з захаваннем закону мадуляцыі. Выкарыстоўваецца адна-, радзей двух- ці трохкратнае П.ч. для больш высокай выбіральнасці прыёму, пастаянства эл. характарыстык прыёмніка ў зададзеным дыяпазоне частот і інш.Гл. таксама Многаканальная сувязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАЛІ́Т [ад мез(а)... + грэч. lithos камень],
сярэдні каменны век, пераходны ад палеаліту да неаліту (каля 10—5-га тыс. да н.э.). Асн. заняткі плямён — паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства. Стаянкі былі невял., каротка- і доўгачасовыя, жытлы — наземныя і паўзямлянкі. У М. карысталіся лукам і стрэламі, мікралітычнымі прыладамі працы (разцы, скрабкі, скоблі, нажы і інш.), прыручаны сабака. На тэр. Беларусі вылучаюцца ранні М. (9—7-е тыс. да н.э.) і позні (6—5-е тыс. да н.э.). У познім М. былі заселены ўсе рачныя басейны Беларусі, на З працягвалася развіццё свідэрскай культуры, узнікла нёманская мезалітычная культура, на У — трэнская і сожская (днепра-дзяснінская) культуры. Вядомы помнікі культур кунда, яніславіцкай, каморніцкай, кудлаеўскай (пра кожную гл.адпаведныарт.). Часам М. наз. протанеалітам ці эпіпалеалітам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭТАТРО́Н,
цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў віхравым эл. полем, якое ствараецца пераменным у часе магн. патокам, што пранізвае арбіту электронаў.
Утрыманне электронаў на раўнаважнай кругавой арбіце ажыццяўляецца кіравальным магн. полем. Пастаянства радыуса раўнаважнай арбіты забяспечваецца падборам формы полюсных наканечнікаў электрамагніта, паміж якімі знаходзіцца тараідальная вакуумная камера, сувосевая з індуцыруючым патокам. Электроны перыядычна інжэкціруюцца ў камеру па датычнай да раўнаважнай арбіты ў адпаведны момант часу. Паскарэнне электронаў адбываецца ў час росту магн. поля. У канцы цыкла паскарэння з дапамогай спец. зрушвальнай абмоткі пучок электронаў адхіляецца ад раўнаважнай арбіты і накіроўваецца на мішэнь, якая знаходзіцца ўнутры камеры воддаль ад раўнаважнай арбіты. Бэтатрон адрозніваецца малымі памерамі крыніцы выпрамянення, магчымасцю плаўнай рэгуліроўкі энергіі. Бэтатрон выкарыстоўваецца для радыяцыйнай дэфектаскапіі матэрыялаў і вырабаў, у ядзерных даследаваннях, у медыцыне (прамянёвая тэрапія).
Літ.:
Арцимович Л.А., Лукьянов С.Ю. Движение заряженных частиц в электрических и магнитных полях. 2 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР III (10.3.1845 — 1.11.1894),
расійскі імператар [1881—94]. З дынастыі Раманавых. Сын Аляксандра II. Наследнікам прастола стаў пасля смерці (1865) старэйшага брата. Прыхільнік інтарэсаў найб. кансерватыўных колаў дваранства і буйных землеўладальнікаў, непахіснай самадзяржаўнай улады (29.4.1881 прыняты адпаведны маніфест). У 1883 у гонар сваёй каранацыі амнісціраваў удзельнікаў паўстання 1863—64. Прымаючы пад увагу тэндэнцыі капіталіст. развіцця краіны, правёў у 1880-я г. рэформы: панізіў выкупныя плацяжы б. прыгонных сялян (1881), часоваабавязаных сялян перавёў на абавязковы выкуп (1883), у еўрап.ч. Расіі адмяніў падушны падатак (1887). З канца 1880-х г. пачаўся перыяд адкрытай рэакцыі і т.зв. контррэформаў: уведзены ін-т земскіх начальнікаў (1889, на Беларусі з 1900), перагледжаны земскія і гарадавыя палажэнні, ліквідавана універсітэцкая аўтаномія, узмацніліся нац. прыгнёт нярускіх народаў, уціск нац. культур, русіфікацыя; па Украіне і Беларусі пракацілася хваля яўр. пагромаў. Знешняя палітыка вызначалася міралюбівасцю. У перыяд яго царавання ў асноўным завершана далучэнне да Рас. імперыі Сярэдняй Азіі (1885), заключаны франка-рус. саюз (1891—93), адносіны з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй пагоршыліся.
Літ.:
Твардовская В.А. Александр III // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ТРЫЦА РАССЕ́ЯННЯ, S-матрыца,
сукупнасць велічынь (матрыца), якая апісвае пераходы квантавамех. сістэм з аднаго стану ў другі пры іх узаемадзеянні (рассеянні); квантавамех. аператар. Абазначаецца Sfi; звязвае хвалевыя функцыі Ψi пачатковага і Ψf канчатковага станаў: Ψf= Sfi Ψi. Уведзена ням. фізікам В.Гейзенбергам (1943).
М.р. разглядаецца як аператар эвалюцыі сістэмы ад бясконца аддаленага мінулага да бясконца аддаленага будучага ў базісе фіз. станаў, калі ўзаемадзеянне, што выклікала адпаведны пераход сістэмы, можна не ўлічваць. Дыяганальныя элементы М.р. апісваюць пругкія працэсы (пругкае рассеянне), недыяганальныя — няпругкія працэсы (рэакцыі з ператварэннем і нараджэннем часціц). Квадрат модуля элемента М.р. вызначае імавернасць адпаведнага працэсу, а сума імавернасцей працэсаў па магчымых каналах рэакцыі роўная 1 (умова унітарнасці М.р.). М.р. мае інфармацыю аб паводзінах сістэмы, калі вядомы лікавыя значэнні яе элементаў і іх аналітычныя ўласцівасці. Напр., асаблівыя пункты (полюсы) М.р. адпавядаюць звязаным станам сістэмы з дыскрэтнымі ўзроўнямі энергіі. Вызначэнне М.р. — асн. задача квантавай механікі і квантавай тэорыі поля.
Літ.:
Берестецкий В.Б. Динамические свойства элементарных частиц и теория матрицы рассеяния // Успехи физ. наук. 1962. Т. 76, вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́І І ВЫ́СТАВАЧНЫЯ ЗА́ЛЫў архітэктуры,
будынкі, прызначаныя для работы ўстаноў, якія ажыццяўляюць камплектаванне, захоўванне, вывучэнне і папулярызацыю помнікаў гісторыі, матэрыяльнай і духоўнай культуры народа.
У будынках сучасных музеяў асн. функцыянальнымі элементамі з’яўляюцца выставачныя залы і сховішчы. Яны дапаўняюцца адм. памяшканнямі, б-кай, лекцыйнай залай, пакоямі для заняткаў, рэстаўрацыйнымі майстэрнямі, лабараторыямі Шматграннасць дзейнасці музея выяўляецца ў складанай аб’ёмна-планіровачнай структуры будынка, якая забяспечвае магчымасць паслядоўнага азнаямлення з экспанатамі, а таксама выбарачнай змены маршруту, экспазіцый, наладжвання часовых выставак і інш. Архітэктура такіх будынкаў як элемент эмацыянальнага ўздзеяння найчасцей стварае маст. вобраз, адпаведны яго тэматыцы.
На Беларусі вылучаюцца будынкі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Купалы Янкі літаратурнага музея ў Мінску, музея прыроды нац. парку Белавежская пушча ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Будынкі выставачных залаў прызначаны для арганізацыі перыяд. выставак твораў мастацтва, дасягненняў вытв-сці, навукі і тэхнікі. На Беларусі функцыянуюць павільёны Рэспубліканскага выставачнага цэнтра, Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа». Найбольшая выставачная зала твораў выяўл. мастацтва — рэсп.Мастацкая галерэя ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАЛАГІ́ЧНЫЯ РАДЫ́ў хіміі,
гомалагічныя шэрагі (ад грэч. homologos адпаведны, падобны), паслядоўнасць арган. злучэнняў з аднолькавымі функцыян. групамі і аднатыпнай будовай, кожны член якой адрозніваецца ад суседняга на пастаянную структурную адзінку (гомалагічная рознасць), найчасцей метыленавую групу —CH2—. Члены гомалагічных радоў наз. гамолагамі. Вядомыя гомалагічныя рады алканаў CnH2n+2 (агульная ф-ла), дзе n — колькасць атамаў вугляроду ў малекуле, алкенаў CnH2n, аднаасноўных насычаных спіртоў CnH2n+1OH і карбонавых к-т Cn H2n+1COOH і інш.
У гомалагічных радах фіз. ўласцівасці мяняюцца параўнальна заканамерна (для вышэйшых гамолагаў розніца ва ўласцівасцях паступова памяншаецца). Гамолагі маюць агульныя хім. ўласцівасці і спосабы атрымання, але ўласцівасці некаторых з іх (найчасцей першых членаў гомалагічных радоў) могуць значна адрознівацца ад тыповых. Вядомыя таксама ізалагічныя рады — паслядоўнасць злучэнняў, якія маюць аднолькавыя функцыян. групы, але адрозніваюцца ўзрастаючай ненасычанасцю (напр., ізалагічны рад этану: этан CH3—CH3, этылен CH2=CH2, ацэтылен CH≡CH); генетычныя рады, якія маюць злучэнні з аднолькавай колькасцю атамаў вугляроду, але з рознымі функцыян. групамі (напр., этан, этылхларыд CH3—CH2Cl, этанол CH3—CH2OH, ацэтальдэгід CH3—CHO, воцатная к-та CH3—COOH). Паняцце гомалагічных радоў і блізкія да іх ізалагічныя і генет. рады выкарыстоўваюць для сістэматызацыі і класіфікацыі злучэнняў у арган. хіміі.