АЎДЫ́Т (ад англ. audit праверка, рэвізія),

праверка аўдытарскай службай бухгалтарскай (фінансавай) справаздачнасці і інш. дакументаў фінансава-гасп. дзейнасці кампаній, прадпрыемстваў, устаноў, каб пацвердзіць іх дакладнасць. Праводзіцца спец. аўдытарскімі карпарацыямі ці аўдытарамі-прадпрымальнікамі. Задача аўдыту — абарона інтарэсаў уласніка, дапамога суб’ектам гаспадарання ў разліку падаткаў, павышэнні эфектыўнасці вытв.-гасп. дзейнасці. Аўдыт бывае знешні (незалежны), унутраны (ведамасны) для ацэнкі работы па маркетынгу, эфектыўнасці структуры кампаніі, праверкі дзейнасці фірмы па выкананні законаў і рашэнняў вышэйстаячых органаў і інш., а таксама абавязковы (вызначаны заканадаўствам) і ініцыятыўны (паводле рашэння суб’екта гаспадарання ці ўласніка).

Г.​І.​Краўцова.

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭМІ́ЧНАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

першая ў Расіі дзярж. свецкая сярэдняя агульнаадук. школа. Існавала ў 1726—1805. Засн. ў Пецярбургу пры Акадэміі навук для падрыхтоўкі моладзі ў Акадэмічны універсітэт. Спачатку мела ням. (3-гадовае) і лац. (2-гадовае) аддзяленні. Вывучалі лац., грэч., ням., франц. мовы, рыторыку, логіку, арыфметыку, гісторыю, геаграфію, маляванне. Поўны навуч. курс быў абавязковы для тых, хто рыхтаваўся ва ун-т, астатнім дазвалялася вывучаць прадметы на выбар. Узрост навучэнцаў не абмяжоўваўся. У 1758—65 Акадэмічную гімназію ўзначальваў М.В.Ламаносаў. Закрыта ў сувязі з рэформай сістэмы нар. адукацыі.

т. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЯТЫ́Я,

асобы, якія запрашаюцца для ўдзелу ў правядзенні следчых дзеянняў з мэтай засведчання гэтых дзеянняў. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь удзел П. абавязковы пры аглядах месца здарэння, следчых эксперыментах, вобысках, выняццях, агледжаннях, апазнаваннях і інш. Пры гэтых дзеяннях павінна быць не меней як 2 П., у якасці якіх могуць выступаць любыя дарослыя грамадзяне, не зацікаўленыя ў справе. П. абавязаны засведчыць факт, змест і вынік дзеянняў, якія рабіліся ў іх прысутнасці. Яны маюць права рабіць заўвагі адносна праведзеных дзеянняў з занясеннем іх у пратакол адпаведнага следчага дзеяння.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 12, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗЕ́Л,

зямельны ўчастак, які даваў у карыстанне сялянам феад. ўласнік зямлі (памешчык, дзяржава). Быў асн. формай сял. землекарыстання пры феадалізме. За карыстанне Н. сяляне неслі розныя павіннасці на карысць феадала. Н. служыў крыніцай існавання селяніна і феадала (гл. Зямельная рэнта), спалучаўся з пазаэканамічным прымусам. Надзельнае землекарыстанне было найб. характэрным для ВКЛ і Рас. імперыі да сялянскай рэформы 1861. Існавала ў формах індывідуальнага (падворнага) і абшчыннага (сумеснага сялянскага) землекарыстання. Пасля ўказаў ад 1.3 і 2.11.1863 пра абавязковы пераход на выкуп сялян Беларусі і Літвы Н. ператварыўся ў падворнае або абшчыннае сял. ўладанне (гл. Надзельнае землеўладанне). В.​П.​Панюціч.

т. 11, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРМАКАПЕ́Я (ад грэч. pharmakon лякарства + poieō раблю),

зборнік стандартаў і палажэнняў, у якіх уніфікуюцца патрабаванні да прыгатавання і якасці лекавых сродкаў, агульнадзярж. заканадаўчы дакумент, абавязковы для ўсіх прадпрыемстваў і ўстаноў, якія вырабляюць, захоўваюць, кантралююць і выкарыстоўваюць лек. сродкі. Першая ў Расіі Ф. на лац. мове выдадзена ў 1778, на рус. — у 1866. З 1990 пачаўся выпуск 11-га выд. Дзярж. Ф. Расіі, які ўключае апісанне агульных фіз.-хім., хім. і біял. метадаў даследавання для аналізу лек. сродкаў. Прыведзены табліцы кропель, выш. доз ядавітых і моцнадзейных лек. рэчываў для дарослых і дзяцей і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯССО́ННІЦА інсамія, агрыпнія,

парушэнне начнога сну. Выяўляецца цяжкім засынаннем, частым на працягу ночы або раннім абуджэннем ці поўным знікненнем глыбокага сну. Прычыны бяссоніцы: няўстойлівасць сну з дзяцінства (спадчынная, ад некаторых перанесеных у дзяцінстве хвароб), парушэнні ўмоў і дынамічнага стэрэатыпу сну (начная работа, дзённае фіз. і псіхічнае ператамленне, познія заняткі, нязвыклае месца для сну і інш.), хваробы нерв. сістэмы, траўмы галаўнога мозга, змены біялагічных рытмаў і фізіял. працэсаў у арганізме пры пераходзе ў сталы і старэчы ўзрост. Бяссонніца — абавязковы сімптом некаторых хвароб, напр. алкагалізму, цяжкіх неўрозаў і псіхозаў. Лячэнне: правільны рэжым працы і адпачынку, заняткі фізкультурай, водныя працэдуры, заспакаяльныя і снатворныя сродкі.

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫЯ АБМЕЖАВА́ННІ,

сістэма мерапрыемстваў і нарматыўных правіл, устаноўленых у заканадаўчым ці адміністрацыйным парадку з мэтай абмежавання аперацый з замежнай валютай і інш. валютнымі каштоўнасцямі; элемент валютнай палітыкі. Ажыццяўляюцца для рэгулявання плацежнага балансу краіны, падтрымання валютнага курсу, канцэнтрацыі валюты ў дзярж. структурах і фарміравання ўстойлівай валютнай сістэмы. Да валютных абмежаванняў адносяцца: ліцэнзаванне валютных аперацый, поўнае ці частковае блакіраванне валютных рахункаў, абмежаванне канверсаванасці валют, абавязковы (поўны ці частковы) продаж экспарцёрамі валютнай выручкі цэнтр. банку ці інш. упаўнаважаным на гэта органам, асобы рэжым увозу-вывазу валюты (у т. л. і нац.), жорсткі кантроль за дзейнасцю валютнага рынку і інш. Могуць пашырацца на бягучыя валютныя аперацыі і аперацыі, звязаныя з рухам капіталу.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМААДУКА́ЦЫЯ,

мэтанакіраваная пазнавальная дзейнасць, якая кіруецца самой асобай; набыццё сістэм. ведаў у якой-н. галіне навукі, тэхнікі, культуры, паліт. жыцці і інш. самаст. работай паза навуч. ўстановамі; адзін са сродкаў самавыхавання. Мэта С. — атрыманне кваліфікацыі або павышэнне адукац. ўзроўню. Асн. віды С. — агульная і спецыяльная. Асн. форма — вывучэнне навук., навукова-папулярнай, вучэбнай, маст. і інш. л-ры. Крыніцамі С. служаць таксама праслухоўванне лекцый, дакладаў, фоназапісаў, кансультацыі спецыялістаў, прагляд кінафільмаў, наведванне музеяў, выставак; розныя віды практычнай дзейнасці — эксперыменты, доследы і інш. С. — абавязковы кампанент сучаснага навучання. Яна можа развівацца адначасова з вучобай у навуч. установе (пашыраць, дапаўняць, паглыбляць вучэбны матэрыял), а можа быць і самаст. у адносінах да навучання (вывучэнне новых курсаў, якіх няма ў навуч. установе).

т. 14, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЭНАГЕНЕ́З (ад грэч. parthenos нявінніца + ...генез), нявіннае размнажэнне,

адна з форм палавога размнажэння арганізмаў, пры якой развіццё зародка адбываецца з неаплодненай яйцаклеткі без удзелу сперматазоіда. Пашыраны ў жывёл (некат. насякомыя, ракападобныя, чэрві) і раслін (некат. водарасці, грыбы, вышэйшыя расліны). Адрозніваюць П. аблігатны (абавязковы) — яйцо развіваецца толькі партэнагенетычна, факультатыўны (неабавязковы) — яйцо развіваецца таксама ў выніку апладнення, цыклічны — чаргаванне П. з двухполым размнажэннем. Пры П. паяўляецца патомства пераважна аднаго полу (самцы або самкі). Як адаптыўнае прыстасаванне П. дае магчымасць размнажацца пры рэдкіх кантактах разнаполых асобін (напр., на экалагічнай перыферыі арэала), а для відаў з вял. цыклічнай смяротнасцю (напр., насякомыя) — рэзка павялічыць колькасць патомства. Штучны П. (развіццё яйца пад уплывам т-ры, хім. рэчываў і інш.) выкарыстоўваецца ў селекцыі. Гл. таксама Андрагенез, Апаміксіс, Гінагенез, Партэнакарпія, Педагенез.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАФО́НІЯ (ад гетэра... + грэч. phōnē гук),

сумеснае, у аснове аднагалосае выкананне мелодыі з эпізадычнымі больш ці менш працяглымі адхіленнямі ад унісону. Найстаражытнейшы муз. склад, прамежкавы паміж манадыйным і поліфанічным. Уласціва аўтэнтычным формам фальклору розных народаў, таму што яе перадумова — абавязковы момант імправізацыйнасці, пастаяннай варыянтнасці напеваў. У гетэрафоннай манеры спяваюць пераважна песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў. На Беларусі пашырана ва ўсх. Палессі і на Магілёўшчыне як полірытмічны тып мелодыі, у зах. Палессі і ў паўд. раёнах Мінскай вобл. як дыяфонія на элементах бурданіравання (гл. Бурдон). Да гетэрафоніі блізкія некат. з’явы ў прафес. музыцы 19—20 ст. (К.​Дэбюсі, І.​Стравінскі).

Літ.:

Бершадская Т. Основные композиционные закономерности многоголосия русской народной крестьянской песни. Л., 1961;

Можейко З.Я. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;

Яе ж. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)