ЛО́ЙТАР (Навум Барысавіч) (Нохум Борухавіч; 9.1.1891, г. Бярдзічаў Жытомірскай вобл., Украіна — 29.8.1966),
бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1945).
Скончыў Вольныя рэжысёрскія майстэрні У.Меерхольда (1925). Працаваў у т-рах Масквы, Ленінграда, Кіева, Адэсы, Харкава. У 1940—57 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Творчасці ўласцівы манум. героіка, наватарства ў спалучэнні з яркай тэарэт. формай, лаканізм сродкаў, сатырычная вастрыня, глыбокае раскрыццё характараў. Сярод пастановак: «Несцерка» В.Вольскага (1941), «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага (1942), «Проба агнём» К.Крапівы (1943), «Позняе каханне» (1944) і «Гарачае сэрца» (1955) А.Астроўскага, «Рэвізор» М.Гогаля (1945), «Ганна Лучыніна» К.Транёва (1954), «Крэпасць над Бугам» С.Смірнова (1956), «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага (1957). Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТВАЛЬД ((Gottwald) Клемент) (23.11.1896, с. Дзедзіца, Чэхія — 14.3.1953),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Чэхаславакіі. Чл. Кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ) з 1921, з 1925 чл.ЦК і Палітбюро, з 1929 ген. сакратар ЦК КПЧ. У 1935—43 сакратар Выканкома Камінтэрна. З пач. 2-й сусв. вайны ў СССР. Адзін з кіраўнікоў вызв. барацьбы народаў Чэхаславакіі супраць ням.-фаш. акупацыі і арганізатараў чэхаславацкіх узбр. сіл. Пасля вызвалення ўсх.ч. Чэхаславакіі ўвайшоў у створаны 4.4.1945 у г. Кошыцы ўрад Нац. фронту, нам. старшыні ўрада. З 1945 старшыня ЦК КПЧ. З мая 1946 на чале кааліцыйнага ўрада. У час лют. падзей 1948 адыграў значную ролю ў прыходзе да ўлады КПЧ, узначаліў новы ўрад. 14.6.1948 выбраны прэзідэнтам Чэхаславацкай Рэспублікі. Кіраваў працэсам буд-ва сацыялізму ў краіне паводле тагачаснай сав. мадэлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБА́РКА (Grabarka),
гара ў Беластоцкім ваяв. Польшчы, праваслаўная святыня. За 11 км на У ад г. Семятычы, 3 км ад чыг. ст. Сычы. Набыла вядомасць святога месца пасля перанясення сюды абраза Спаса Збавіцеля з суседняга г. Мельнік (паводле падання, паміж 13 і 17 ст. ў час вял. небяспекі). Абраз не захаваўся. У 1947 на Грабарцы заснаваны жаночы манастыр святых Марфы і Марыі. З таго часу тут адбываюцца масавыя набажэнствы, найб. урачыстыя ў маі (Маладзёжнае агульнапольскае паломніцтва) і ў свята Праабражэння Гасподняга (19 жн.н.ст.), калі тут збіраецца 50—70 тыс. паломнікаў з Польшчы, Беларусі, Украіны і інш. краін. Паломнікі прыносяць і ставяць на Грабарцы ахвяравальныя крыжы (іх тут некалькі тысяч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМЧУ́ЖНЫ,
пасёлак у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Мышанка, каля аўтадарогі Брэст—Мінск. Цэнтр сельсавета. За 12 км на З ад горада і чыг. ст. Баранавічы, 200 км ад Брэста. 3431 ж., 964 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Забудоўваецца паводле генплана 1979 і праекта забудовы жылой зоны комплексу «Усходняе» (1980). Вызначаецца кампактнасцю, высокім узроўнем добраўпарадкаванасці. Жылая зона складаецца з малапавярховай секцыйнай (фарміруе грамадскі цэнтр) і сядзібнай забудовы. Шырока выкарыстаны тэрасы, веранды, лоджыі, малыя арх. формы, групы дэкар. дрэў. Кожная з вуліц адметная сваім аб’ёмна-прасторавым і каляровым вырашэннем. Зона адпачынку (скверы са стадыёнам, спарт. пляцоўкамі, малымі арх. формамі) прымыкае да ляснога масіву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРА́ДУ ЗАХАВА́ННЯ ЗАКО́Н,
адзін з асн. законаў прыроды, паводле якога алгебраічная сума зарадаў электрычных замкнутай (эл. ізаляванай) сістэмы застаецца нязменнай пры любых працэсах унутры гэтай сістэмы. Устаноўлены ў 18 ст.
Адкрыццё электрона ў канцы 19 ст. і пратона ў пач. 20 ст. даказала, што эл. зарад звязаны з часціцамі (з’яўляецца іх унутранай уласцівасцю) і ёсць цэлы лік, кратны зараду элементарнаму. З.з.з. — вынік захавання колькасці часціц у тых працэсах, дзе няма іх узаемапераўтварэнняў. Напр., пры электрызацыі макраскапічных цел зараджаныя часціцы пераносяцца з аднаго цела на другое. У фізіцы элементарных часціц, для якой характэрна ўзаемапераўтварэнне часціц, нараджэнне «новай» часціцы суправаджаецца знікненнем «старой» з такім жа зарадам або нараджэннем яшчэ адной часціцы з зарадам процілеглага знака (напр., працэс нараджэння пары часціца—антычасціца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ УКРАІ́НА,
гістарычная назва зямель Украіны, якія складаюць тэр. сучасных Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Цярнопальскай, Валынскай і Ровенскай абласцей. Да 1917 тэр. цяперашніх Валынскай і Ровенскай абласцей знаходзілася ў складзе Рас. імперыі, астатніх (да 1918) — у складзе Аўстра-Венгрыі. ПаводлеРыжскага мірнага дагавора 1921 З.У. адышла да Польшчы. У вер. 1939 пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу Чырв. Армія заняла З.У. 26—28.10.1939 Нар. сход З.У. прыняў Дэкларацыю аб аднаўленні сав. улады і ўключэнні яе ў склад Укр. ССР. 1.11.1939 Вярх. СаветСССР і 14.11.1939 Вярх. СаветУкр. ССР прынялі адпаведна законы аб уключэнні З.У. ў склад СССР і далучэнні яе да Укр. ССР (гл. таксама ў арт.Украіна. Гісторыя).
Літ.:
Постников Н.А. Незримые межи: [История зап. обл. Украины]. Киев, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГАЖЭ́ЛЦКІ ДАГАВО́Р 1950,
дагавор паміж Польскай Рэспублікай і Герм.Дэмакр. Рэспублікай аб дэмаркацыі ўстаноўленай і існуючай польска-ням.дзярж. граніцы. Падпісаны 6 ліп. ў г. Згажэлец (Польшча) прэм’ер-міністрамі Ю.Цыранкевічам і О.Гротэвалем. Пацвердзіў рашэнні, прынятыя на Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945, паводле якіх Польшча атрымала б. нямецкія землі на У ад лініі, што ідзе ад Балтыйскага мора, уздоўж р. Одра да вусця р. Ныса-Лужыцка, далей па Нысе-Лужыцкай да граніцы з Чэхаславакіяй, а таксама ч.Усх. Прусіі і тэр.б. вольнага горада Гданьска. Да заключэння ў 1970 дагавора аб асновах нармалізацыі ўзаемаадносін паміж Польскай Нар. Рэспублікай і ФРГ выкарыстоўваўся ў прапагандысцкіх мэтах як сімвал змен пасляваенных граніц Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЛЬВЯРО́ВІЧ ((Zelwerowicz) Аляксандр) (14.8.1877, г. Люблін, Польшча —18.6.1955),
польскі акцёр, рэжысёр, педагог. Дэбютаваў на сцэне ў 1896, працаваў пераважна ў Варшаве (Тэатр польскі, 1912—54, з перапынкамі), Лодзі і Кракаве. Быў дырэктарам т-раў у Лодзі, Варшаве, Вільні (1929—31, Тэатр на Пагулянцы). Выканаўца характарных роляў у камедыйным і драм. рэпертуары: Шамбелян («Пан Явяльскі» А.Фрэдры), Дамазы («Пан Дамазы» Ю.Блізінскага), Арган («Прытворна хворы» Мальера), Маёр («Фантазіі» Ю.Славацкага), Парфірый («Злачынства і пакаранне» паводле Ф.Дастаеўскага) і інш. Сярод пастановак: «Пан дэ Пурсаньяк» Мальера (1918), «Дзяды» А.Міцкевіча (1915, 1927). Здымаўся ў кіно. Выкладаў у Драм. школе пры кансерваторыі, тэатр. ін-це, Вышэйшай тэатр. школе ў Варшаве. Дзярж. прэміі Польшчы 1950, 1951. Аўтар успамінаў «Гутаркі старога камедыянта» (1958).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНІШЧА́ЛЬНЫЯ БАТАЛЬЁНЫў гады Вялікай Айчыннай вайны,
ваенізаваныя добраахвотніцкія фарміраванні для барацьбы з варожымі парашутыстамі і дыверсантамі. Ствараліся паводле пастаноў СНКСССР ад 24.6.1941 мясц. органамі ВКП(б) і НКУС з грамадзян, якія не падлягалі прызыву ў Чырв. Армію. Да канца ліп. 1941 у СССР, пераважна ў прыфрантавых раёнах, сфарміравана 1755 З.б. агульнай колькасцю 328 тыс.чал. (большасць камуністы і камсамольцы). На тэр. Беларусі на 15 ліп. 1941 сфарміравана 78 З.б. (больш за 13 тыс. байцоў). У шэрагу раёнаў, асабліва на Палессі, яны сумесна з часцямі Чырв. Арміі непасрэдна супрацьстаялі гітлераўскім войскам. Частка іх улілася ў рады народнага апалчэння і Чырв. Арміі, на базе некаторых створаны партызанскія атрады. 3 ліп. 1944 у БССР дзейнічалі 185 З.б. (каля 17 тыс.чал.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕНАДАВЕ́Ц (Аляксей Міхайлавіч) (н. 12.2.1958, в. Чухава Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фалькларыст, літ.-знавец, краязнавец. Д-рфілал.н. (1995). Скончыў Гомельскі ун-т (1980) і працаваў у ім у 1985—89. З 1992 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе бел. міфалогію, краязнаўства, бел. фальклор, узаемасувязі л-ры з фальклорам і міфалогіяй: манаграфіі «Пакланіцеся дубу», «Святло таямнічага вогнішча» (абедзве 1993), «Каму пакланяліся продкі» (1996), «За смугою міфа», «Чорт у легендах і паданнях беларусаў» (абедзве 1999); складальнік зб-каў назваў населеных пунктаў паводле легенд і паданняў «Міншчына» (1998), «Гродзеншчына» (1999).
Тв.: Крэпасць на Бярэзіне. Мн., 1993; Брэстчына. Мн., 1995; Тэадор Нарбуг. Мн., 1996; Летапіс горада на Бярэзіне (1387—1917). Мн., 1998.