КРОЛЬ (Абрам Іосіфавіч) (1.5.1913, г. Дзяржынск Мінскай вобл. — 3.2.1990),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1932). У лірычных, выразных паводле колеру пейзажах апяваў прыгажосць бел. прыроды: «Канец зімы» (1955), «Іней» (1960), «Брэсцкая шаша» (1961), «Раніца» (1963), «Беларускі прастор» (1967), «Беларускі краявід» (1968), «Новы Мінск» (1969), «Зіма беларуская» (1971), «Зямля» (1972), «Лагойшчына» (1977), «Зямля калгасная. Браслаўшчына» (1981), «Край беларускі» (1982) і інш. Я.Купалу прысвечаны палотны «Я. Купала і Цётка (А.Пашкевіч) у Пецярбургу ў 1913 годзе» (1954), «Таполя Купалы» (1960), «Думы пра Радзіму» (1962), «Сустрэча. Ян Райніс у гасцях у Янкі Купалы ў 1926 г.», «Купалаўскі край» (абодва 1982). Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін «Нараджэнне рэспублікі» (1968), «Ліпень 41-га» (1982), «Партызаны Міншчыны» (1984) і інш. Працаваў у галіне маст. афармлення экспазіцый музеяў рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЎЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н,
працэс паглынання і засваення пажыўных рэчываў раслінамі; састаўная частка абмену рэчываў. Паводле тыпу жыўлення іх падзяляюць на аўтатрофы (самі сінтэзуюць арган. рэчывы) і гетэратрофы (выкарыстоўваюць гатовыя арган. рэчывы). Некат. расліны з розным тыпам жыўлення існуюць у сімбіёзе. Неабходныя для сінтэзу арган. злучэнняў пажыўныя рэчывы расліны, як правіла, паглынаюць у форме вуглякіслага газу (гл.Фотасінтэз), вады (гл.Водны рэжым раслін) і іонаў мінер. солей. Корань як орган жыўлення прыстасаваны да паглынання солей і вады з глебы, ліст засвойвае вуглякіслы газ з паветра. Мех. і функцыян. сувязь паміж імі ажыццяўляецца сцяблом. Корань, сцябло і ліст пранізаны бесперапыннай сістэмай праводзячых пучкоў, па якіх транспартуюцца прадукты фотасінтэзу з ліста ў корань, а вады і іонаў пажыўных солей з кораня ў ліст. Насякомаедныя расліны атрымліваюць дадатныя, пераважна азоцістыя, арган. рэчывы шляхам ператраўлівання насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛЬСКІЯ ЗБО́РНІКІ,
рукапісныя зборнікі, складзеныя ў 1787—91 на бел., польскай і лац. мовах выкладчыкамі Забельскай дамініканскай калегіі (в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.) для мясцовага школьнага тэатра. Уключаюць камедыі і трагедыі «Свабода ў няволі» і «Камедыя» К.Марашэўскага, «Доктар па прымусе», «Сапар», «Фемістокл», «Камедыя» і «Шлюб, пастаўлены дагары нагамі штучкамі арлекіна» М.Цяцерскага, «Пышнагольскі» і «Крэз» І.Юрэвіча, аперэту «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» (тэкст М.Цяцерскага, музыка Р.Вардоцкага) і сцэн. дыялогі «Сяброўская парука», «Пчолы», «Пра ашчасліўленне чалавека», вершаваныя канты, віншаванні і падзякі А.Козела, Г.Скораня, А.Зубрыцкага, М.Косава, Г.Паўловіча. Большасць твораў асветніцкія па ідэі і класіцысцкія паводле стылю. Зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПА́ЛЬНЫЯ САСТА́ВЫ,
піратэхнічныя саставы, а таксама гаручыя рэчывы ці іх сумесі, якія выкарыстоўваюць для начынення боепрыпасаў або агнямётаў. Пры гарэнні З.с. выдзяляецца вял. колькасць цяпла, якое перадаецца матэрыялу, што падпальваюць. Эфектыўнасць дзеяння залежыць ад саставу З.с. і ад канструкцыі боепрыпасаў.
Паводлехім. саставу падзяляюць на З.с. з акісляльнікамі — аксідамі марганцу і жалеза (гл.Тэрміт), нітратамі ці перхларатамі металаў (напр., калію нітрат KNO3, перхларат KClO4 іх шчыльнасць больш за 3000 кг/м³, цеплата згарання 6—8 МДж/кг, т-ра гарэння да 3000 °C; З.с., у якіх адсутнічае акісляльнік, згараюць у прысутнасці кіслароду паветра — загушчаныя нафтапрадукты (напр., напалм), белы фосфар, сплаў «электрон» (сплаў 96% магнію з алюмініем і інш. элементамі). Іх шчыльн. 800—2000 кг/м³, цеплата згарання 42 Мдж/кг, т-ра гарэння 800—1000 °C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПАРА́ДКУ КІРАВА́ННЯ,
злачынствы, якія пасягаюць на дзейнасць органаў дзярж. кіравання, супраць прадстаўнікоў улады, невыкананні спец. правіл або ў інш. дзеяннях, якія парушаюць работу дзярж. устаноў. ПаводлеКК Рэспублікі Беларусь да такіх злачынстваў належаць: здзекаванне над дзярж. сімваламі, арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак, прымус да ўдзелу ў забастоўках, супраціўленне работнікам міліцыі, нар. дружыннікам пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку, інш. супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да гэтых асоб, а таксама ваеннаслужачых і інш. службоўцаў пры выкананні імі сваіх абавязкаў; замах на іх жыццё ці жыццё іх блізкіх сваякоў; самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы, парушэнне парадку арганізацый і правядзення вулічных шэсцяў, дэманстрацый і інш. За парушэнні, якія не ўяўляюць вял. грамадскай небяспекі, у шэрагу выпадкаў ужываецца адм. адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПРАВАСУ́ДДЗЯ,
наўмысныя злачынствы, накіраваныя супраць дзейнасці дзярж. органаў, якія забяспечваюць ажыццяўленне правасуддзя. Адрозніваюць злачынствы, што ўчыняюцца службовымі асобамі органаў правасуддзя і інш.дзярж. органаў, якія забяспечваюць ажыццяўленне правасуддзя, і З.с.п., што ўчыняюцца інш. асобамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь крымін. адказнасць настае за прыцягненне да крымін. адказнасці заведама невінаватага, умяшанне ў вырашэнне судовых спраў, вынясенне заведама неправасуднага прыгавору (рашэння, вызначэння, пастановы), заведама незаконныя арышт або затрыманне, прымушэнне да дачы паказання, за пагрозы ў адрас суддзі ці абразу яго, заведама лжывае паказанне, адказ сведкі або пацярпелага ад дачы паказанняў, выдачу звестак папярэдняга следства або дазнання, уцёкі з месца зняволення або з-пад варты, ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, невыкананне суд. рашэння, укрыццё злачынстваў або неданясенне пра злачынства і інш.
акалічнасці, наяўнасць якіх пры ўчыненні злачынства сведчыць пра тое, што дадзенае злачыннае дзеянне або сам злачынец з’яўляецца менш грамадска небяспечным, чым пры адсутнасці такіх акалічнасцей. Паводлекрымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь З.а.а. прызнаюцца: прадухіленне вінаватым шкодных вынікаў яго злачынства або добраахвотнае пакрыццё нанесенай страты ці прычыненай шкоды; учыненне злачынства ў выніку збегу цяжкіх асабістых ці сямейных абставін, або пад уплывам пагрозы ці прымусу, з прычыны матэрыяльнай і інш. залежнасці, або пад уплывам моцнага душэўнага хвалявання, выкліканага неправамернымі дзеяннямі пацярпелага, або пры абароне ад грамадска небяспечнага пасягання; учыненне злачынства непаўналетнім або жанчынай у стане цяжарнасці; шчырае раскаянне або яўка з павіннай; актыўнае садзеянне выкрыццю злачынства. Пры назначэнні пакарання суд можа ўлічваць таксама З.а.а., якія не вызначаны законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІЯ́ («бог мой Яхве»),
у Старым запавеце (3-я і 4-я кн. Царстваў) прарок. Прыхільнік бога Яхве, змагар за ўмацаванне яго культу як адзінага ў Ізраільскім царстве, смела ўступае ў змаганне са жрацамі і ізраільскімі царамі — абаронцамі культу бога Ваала. Адораны амаль боскай уладай цудатворац, вуснамі якога гаворыць сам Бог, прапаведнік, які прадказвае будучыню ад імя Бога. Паводле падання, меў аблічча жабрака-аскета. Пасля заканчэння яго місіі Бог узнёс І. на неба на вогненнай калясніцы. У розных народаў пра І. існуе вял. паслястаразапаветная міфалагічная традыцыя. Напр., у слав. традыцыях І.-прарок выступае як персанаж, звязаны з громам, дажджом і ўрадлівасцю. Менавіта ў гэтым кантэксце 20 ліп. па ст.с. праваслаўныя адзначаюць свята «Ільін дзень», ці Ілья (Ілля).
Ілія Прарок. Абраз наўгародскай школы. Канец 14 — пач. 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНІ́РАВАННЕ (ад лац. internus унутраны),
прымусовае выдаленне замежных грамадзян у асобыя месцы пасялення бакамі, што ваююць паміж сабой, або нейтральным бокам у сувязі з узбр. канфліктам. Паводле Гаагскай канвенцыі 1907 у выпадку вайны прадугледжваецца права і абавязак нейтральнай дзяржавы, якая прыняла на сваю тэрыторыю войскі, збеглых ваеннапалонных, хворых або параненых вайскоўцаў, якія належаць да ваюючых армій, размеркаваць іх у месцах, далёкіх ад тэатра ваен. дзеянняў. І. належаць таксама ваен. караблі ваюючых краін і экіпажы, што апынуліся ў партах нейтральных дзяржаў і адмовіліся іх пакінуць. Інтэрніраваным павінны прадастаўляцца сродкі існавання і неабходная мед. дапамога. Выдаткі на ўтрыманне інтэрніраваных кампенсуюцца ў сувязі з мірным урэгуляваннем узбр. канфлікту. Рэжым І. рэгулюецца Жэнеўскімі канвенцыямі 1949 пра абарону цывільнага насельніцтва ў час вайны і абыходжанне з ваеннапалоннымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСА́КІЕЎСКІ САБО́Ру С.-Пецярбургу,
помнік позняга рус. класіцызму. Закладзены ў гонар Пятра I, названы імем св. Ісакія Далмацкага. Пабудаваны ў 1818—58 паводле праекта А.А.Манферана (дапрацаваны ў 1821—25 В.П.Стасавым, А.А.Міхайлавым 2-м). Манум. аб’ём будынка (агульная выш. 101,52 м, памеры ў плане 111,5 м × 97,6 м) завершаны купалам (дыяметр 21,83 м), з чатырох бакоў да яго прымыкаюць 8-калонныя порцікі карынфскага ордэра з франтонамі, аздобленымі статуямі па вуглах і гарэльефамі ў тымпанах (скульптары І.П.Віталі, А.В.Лаганоўскі, П.К.Клот і інш.). Інтэр’ер сабора апрацаваны малахітам, парфірам, мармурам, аздоблены мазаікай і размалёўкамі (жывапісцы К.П.Брулоў, Ф.А.Бруні). Да 1917 гал. храм горада. З 1931 музей.