ДАНЕ́ЦКІ КРАЖ,

узвышша на Пд Усх.-Еўрапейскай раўніны, на Украіне і ў Расіі. Распасціраецца з ПнЗ на ПдУ на 370 км. Шыр. 160 км. Выш. да 367 м (г. Магіла-Мячэтная). Складзены пераважна з пясчанікаў, вапнякоў і сланцаў, з якімі звязаны радовішчы каменнага вугалю (гл. Данецкі вугальны басейн), поліметал. руд, будматэрыялаў, хім. сыравіны. Для рэльефу характэрна спалучэнне хвалістых міжрэччаў і глыбока ўрэзаных (да 150 м) рачных далін. Ярыстая эрозія, трапляецца карставы рэльеф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -6 да -8 °C, ліп. 21—22 °C. Ападкаў 400—500 мм за год. Захаваліся ўчасткі шыракалістых лясоў (дуб, ясень, клён) і стэпаў.

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАХА́НСКАЕ ХА́НСТВА,

татарская феад. дзяржава са сталіцай у Астрахані. Узнікла ў выніку распаду Залатой Арды, адасобілася ў 1459—60. Асн. занятак насельніцтва — качавая жывёлагадоўля, паляванне, рыбалоўства. Уладу хана абмяжоўвалі феадалы. Падданае насельніцтва плаціла хану ясак. Барацьба за Астраханскае ханства паміж Крымскім ханствам і Нагайскай Ардой прывяла ханства да збліжэння з Расіяй і падпісання ў 1533 саюзнага дагавора. У 1554 рас. ўрад, зацікаўлены ў выхадзе да Каспійскага м., з дапамогай войска паставіў на чале Астраханскага ханства свайго васала Дэрвіш-Алі. Намаганне апошняга выйсці з-пад залежнасці ад Масквы выклікала новы паход рас. войскаў. У 1556 Астраханскае ханства далучана да Рас. дзяржавы.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФА́Р, Данакіль,

тэктанічная ўпадзіна ў Афрыцы, у Эфіопіі, Эрытрэі і Джыбуці. На Пн апушчана да 116 м ніжэй узр. м., на У, у катлавіне воз. Асаль, да 153 м ніжэй узр. м. (самае нізкае месца ў Афрыцы). Паверхня раўнінная, укрытая пясчанымі дзюнамі. У паўд. частцы пераважаюць лававыя і пясчанікавыя плато выш. да 500 м. Па краях узвышаюцца вулканы (Алу, Габулі, Умуна і інш.). Адно з самых гарачых месцаў на Зямлі: сярэдняя мінім. т-ра 25 °C, сярэдняя макс. 35 °C, ападкаў менш за 200 м за год. Рэкі Афара (Аваш і інш.) перасыхаюць, некаторыя заканчваюцца салёнымі азёрамі (воз. Абе). Пераважаюць глініста-саланчаковыя і пясчаныя пустыні.

т. 2, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГІ́НСКІЯ,

род бел. патомных гутнікаў 17—20 ст. У 17—18 ст. заснавалі шмат гутаў на Чарнігаўшчыне. Канстанцін у 1866 валодаў гутай у в. Яцкуны (да 1866 маёнтак Яшуны) Астравецкага р-на. Рамуальд Іпалітавіч (1934—80) — бел. майстар шкляной скульптуры. Працаваў на шклозаводзе «Нёман» (1957—70), на шклозаводах Расіі, Украіны, Грузіі. Яго работы пераважна анімалістычнага жанру: «Конь-агонь» (1966), «Мядзведзь з бочачкай» (1967), «Ой, вы, коні, мае коні» (1969) і інш.; браты Рамуальда (у т. л. Віктар) — на шклозаводах Украіны. Іван Рамуальдавіч працуе на шклозаводзе «Нёман».

М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Багінскія. В.​Багінскі. Прыбор «Сямейка». 1982.
Да арт. Багінскія. Р.​Багінскі. Графін і шклянка. 1969.

т. 2, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЦЫ́ДЫ [ад бактэрыі + ...цыд(ы)], бактэрыцыдныя рэчывы,

рэчывы, што выклікаюць гібель бактэрый. Дзеянне бактэрыцыдаў звязана з іх уплывам на рост і дзяленне бактэрый і залежыць ад т-ры і кіслотнасці асяроддзя. Да бактэрыцыдаў адносяцца дэзінфекцыйныя сродкі, антысептычныя сродкі, многія з хіміятэрапеўтычных (антыбіётыкі і сульфаніламіды) і дэрматалагічных прэпаратаў, рэчываў для аховы раслін, матэрыялаў і вырабаў ад біяразбурэння, фунгіцыдаў і інш. Механізм і выбіральнасць дзеяння бактэрыцыдаў і адчувальнасць бактэрый да іх вагаюцца ў шырокіх межах. Пры працяглым лек. выкарыстанні пэўных відаў бактэрыцыдаў узнікаюць расы патагенных мікраарганізмаў, устойлівыя да іх, што абумоўлівае неабходнасць ужывання больш высокіх дозаў бактэрыцыдных рэчываў або пошук, распрацоўку і замену іх новымі відамі. Гл. таксама Бактэрыцыднасць.

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВЕДУ́К (ад аква... + лац. duco вяду),

вадавод (канал, труба) для падачы вады ў населеныя пункты, арашальныя і гідраэнергет. сістэмы з размешчаных вышэй за іх крыніц. Акведукам наз. таксама частку вадавода ў выглядзе моста над ракой, дарогай, ярам. Акведук вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, Стараж. Грэцыі (з 7 ст. да н.э.) і Стараж. Рыма (з 4 ст. да н.э.). У сучасных арашальных і гідраэнергет. сістэмах маставыя часткі акведука робяць з бетону, жалезабетону, металу, каменю ці дрэва. Найб. пашыраны акведук, у якіх сценкі латка ці трубы — нясучыя пралётныя канструкцыі моста.

Акведук каля г. Нім. Францыя. 1—2 ст. н.э.

т. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТЫПЛА́НА (Altiplano),

заходняя частка ўнутр. пласкагор’я Цэнтр. Андаў Паўд. Амерыкі, у Перу і Балівіі. Займае катлавіны (днішчы) вял. азёраў, якія існавалі ў плейстацэне. Ляжыць на выш. 3300—3800 м. Алювіяльныя раўніны, азёры — Тытыкака і Паапо, саланчакі Уюні і Кайпаса (рэшткі стараж. азёраў), вулканічныя плато і асобныя масівы (да 5300 м). Клімат высакагорны, трапічны. Сярэднямесячныя т-ры ад 6 да 11 °C. Альтыплана — вобласць унутр. сцёку, гал. р. Дэсагуадэра. На Пн, дзе выпадае 500—700 мм ападкаў за год, — горны злакавы стэп, на З і Пд (ападкаў да 300 мм) — пустынная і паўпустынная расліннасць. Альтыплана — найб. заселеная ч. Балівіі.

Альтыплана. Паўпустынны ландшафт.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЁБІЯЗ, амёбная дызентэрыя,

хвароба чалавека, якая выклікаецца паразітаваннем у яго арганізме дызентэрыйнай амёбы (Entamoeda histolytica) і характарызуецца язвавым пашкоджаннем тоўстага кішэчніка. Цысты ўзбуджальніка выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе з калам, у вадзе могуць захоўваць жыццяздольнасць да 8 месяцаў; трапляюць у арганізм праз брудныя рукі, прадметы ўжытку, забруджаную агародніну, ваду. Інкубацыйны перыяд да 1,5 месяца. Хвароба пачынаецца слабасцю, зніжэннем апетыту, болямі ў жываце. Надворак пачашчаецца да 5—15 разоў за суткі, вадкі, са сліззю і крывёй. Развіваюцца з’явы інтаксікацыі. Без лячэння магчымы пераход у хранічную форму з ускладненнямі (разрывы кішак і абсцэсы ў печані і мозгу). Лячэнне толькі ў стацыянары з наступным наглядам урача.

т. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́Р, горны баран, аргалі, аркар,

качкар (Ovis ammon),

млекакормячая жывёла роду горных бараноў атр. парнакапытных. Каля 25 падвідаў. Пашыраны на а-вах Міжземнага м., у Пярэдняй, Сярэдняй, Цэнтр., Паўн.-Усх. і часткова Паўн. Азіі. Жыве статкамі на спадзістых схілах і высокіх горных плато.

Даўж. цела 1,1—2 м, выш. ў карку 0,65—1,25 м, маса ад 25 да 230 кг. Рогі масіўныя, выгнутыя, даўж. да 1,9 м, масай да 30 кг. Корміцца травой. Ягняты (1—2) нараджаюцца вясной. Каштоўная прамысл. жывёла, здабываецца дзеля мяса і скуры. Выкарыстоўваецца для гібрыдызацыі са свойскімі пародамі авечак (выведзены танкарунныя пароды — горны мерынос і архарамерынос). Ахоўваецца.

Архар.

т. 1, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́ННІ ПАЛАСА́ТЫ, штрэйфлінг, штрыфель,

старадаўні асенні сорт яблыні. Належыць да зах.-еўрап. групы сартоў. Паходжанне невядома. Упершыню апісаны ў пач. 17 ст. Вельмі пашырыўся ў сярэдняй паласе Расіі, Прыбалтыцы, на Украіне. На Беларусі раянаваны ва ўсіх садовых зонах.

Дрэва моцнарослае, утварае высокашарападобную крону. Зімаўстойлівасць высокая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы. Плоданашэнне пачынае на 9—13-ы год. Высокаўраджайны. Плады буйныя (100—120 г), злёгку рабрыстыя, тупаканічныя, крыху сціснутыя з трох бакоў, зеленавата-жаўтаватыя з кармінавым румянцам у выглядзе палос і штрыхоў, выспяваюць у 2-й пал. верасня і могуць захоўвацца да лістапада. Мякаць кісла-салодкая, духмяная. Плады спажываюць пераважна свежыя, гатуюць варэнне.

Асенні паласаты.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)