горад на ПнУ Францыі, на р. Мёз. Каля 50 тыс.ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Металургічная прам-сць, вытв-сць шарсцяных тканін і дываноў.
У 14 ст. царкоўнае ўладанне. З канца 14 ст. ў складзе Францыі. У 15—17 ст. буйны цэнтр вытворчасці сукна. У час рэліг. войнаў на баку гугенотаў. У 1592 тут засн. кальвінісцкая тэалагічная акадэмія. У франка-прускую вайну 1870—71 каля С. герм. войскамі ген.-фельдмаршала Г.К.Б.Мольтке 1.9.1870 разгромлена франц. армія маршала М.Э.Мак-Магона; узята ў палон больш за 100 тыс.чал., у т. л. імператар Напалеон III.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛАГІНЕ́ЛА (Selaginella),
род споравых раслін сям. селагінелавых. Каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды. Большасць С. трапляецца ў вільготных трапічных лясах, здольныя доўгі час знаходзіцца ў цемнаце і вадзе. У пустынных С. у час засухі лісце і парасткі скручваюцца і расліна ўпадае ў крыптабіёз (пры ўвільгатненні — ажывае). На Беларусі культывуюць у аранжарэях і пакоях.
Шматгадовыя дзераза- або мохападобныя травяністыя расліны ад далікатных дзярнінных форм выш. 5—10 см да лазячых і павойных з даўж. сцябла да некалькіх метраў. На парастках 2 рады дробнага спіннога лісця і 2 рады больш буйнога бакавога. Размнажаюцца спорамі і вегетатыўна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНПО́ЛІЯ, узумбарская фіялка (Saintpaulia),
род кветкавых раслін сям. геснерыевых. Больш за 20 відаў. Пашыраны ў горных трапічных лясах Усх. Афрыкі. У Еўропе ўведзены ў культуру ў 19 ст. Існуе некалькі тысяч сартоў і гібрыдаў. На Беларусі вырошчваюць як пакаёвую расліну. Найб. папулярныя — мініяцюрныя і ампельныя формы з махровымі кветкамі.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 30 см. Сцёблы ўкарочаныя, часам сцелістыя. Апушанае лісце чаранковае, акруглае, гафрыраванае або хвалістае па краях. Кветкі адзіночныя ці ў рыхлых гронках, ад белага, ружовага, блакітнага да цёмна-сіняга і пурпуровага колераў; простыя, махрыстыя, паўмахровыя, махровыя, зоркападобныя, гафрыраваныя. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМАХІ́Я (грэч. symmachia ад syn разам + machomai ваюю),
у Старажытнай Грэцыі ваенны саюз, які заключаўся паміж полісамі. Першыя С. ўзніклі ў 6 ст. да н.э. Полісы-саюзнікі абавязваліся разам весці ваен. дзеянні, мелі агульную казну, шэраг органаў кіравання (напр., сінод — агульнасаюзны сход, сінедрыён — савет прадстаўнікоў полісаў-саюзнікаў), вырашалі разам агульныя справы. Фармальна ўсе члены С. захоўвалі поўную аўтаномію, але фактычна больш слабыя ўдзельнікі дагавора павінны былі адмаўляцца ад самастойнай знешняй палітыкі і траплялі ў залежнасць ад поліса, які ўзначальваў С. Найб. вядомыя С.: на чале са Спартай (Пелапанескі саюз), Афінамі (Дэлоскі саюз), Фівамі (Беатыйскі саюз), Мегалопалем (Аркадскі саюз), Ахейскі саюз, Эталійскі саюз і Карынфскі саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРЭ́НА (франц. siréne ад грэч. seirēn сірэна, міфічная дзева, якая прываблівала мараходаў сваімі спевамі),
прылада для атрымання гукавых ці ультрагукавых ваганняў шляхам перарывання струменя паветра ці пары.
Паводле прынцыпу работы С. бываюць дынамічныя (вярчальныя) і пульсуючыя. Больш пашыраны дынамічныя, якія падзяляюцца на восевыя і радыяльныя. Першыя складаюцца з 2 дыскаў з адтулінамі, праз якія прапускаецца струмень газу пад ціскам Пры вярчэнні аднаго дыска (ротара) адносна другога (статара) у моманты супадзення адтулін струмень праходзіць, у моманты перакрыцця — спыняецца. У радыяльных сістэмах замест дыскаў ужываюцца кааксіяльныя пустыя цыліндры ці поршні са шчылінамі. Выкарыстоўваюцца на маяках, суднах, у сістэмах апавяшчэння аб небяспеках і інш.Гл. таксама Газаструменныя выпрамяняльнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКО́РМсельскагаспадарчых жывёл,
тэхналагічны працэс у прамысл. жывёлагадоўлі, які забяспечвае атрыманне найб. колькасці высакаякаснага мяса за адносна кароткі перыяд. Адкормліваюць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак, трусоў, а таксама птушак. Віды адкорму залежаць ад патрабаванняў да мясной прадукцыі.
У гадоўлі буйной рагатай жывёлынайб. пашыраная і эфектыўная тэхналогія атрымання высакаякаснай маладой ялавічыны — адкорм маладняку з 6—8-месячнага ўзросту да 15—20 мес, калі жывёла дасягае жывой масы 400—480 кг і больш. Сярэднясутачныя прыбаўкі ў вазе на адкорме 800—1200 г і больш. Затраты корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 8—11 кармавых адзінак. Тыпы адкорму ў свінагадоўлі: мясны (пераважае), беконны і адкорм да тлустых кандыцыя. На мясны адкорм ставяць парасят масай 15—16 кг ва ўзросце 2,5 мес, заканчваюць у 7—7,5 мес пры масе 100—110 кг (таўшчыня сала супраць 6—7-га рэбраў 1,5—4 см). Сярэднясутачны прырост складае 500—600 г, затрата корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 4,5—5 кармавых адзінак. Удзельная вага канцэнтратаў у рацыёнах 60—80%, сакаўных кармоў — 15—25%. У авечкагадоўлінайб. эфектыўны адкорм маладняку мяса-воўнавых парод і мяшанцаў ад прамысл. скрыжавання матак танкарунных парод з баранамі мяса-воўнавых паўтанкарунных парод. Пачынаюць пасля адымання ягнят ад матак, заканчваюць у 7—8-месячным узросце. У птушкагадоўлі пераважае спец. адкорм бройлераў і птушак, вылучаных з розных гасп. груп (рамонтнага маладняку, бацькоўскага статка ва ўзросце 2—6 мес і выбракаванай птушкі). Тэрмін адкорму 15—25 сутак, расход корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 6—9 кармавых адзінак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
шчыльныя або рыхлыя прыродныя мінеральныя агрэгаты больш ці менш пастаяннага мінералагічнага і хім. саставу, якія ўтвараюць самаст.геал. целы, што складаюць зямную кару, а таксама верхнія абалонкі планет зямной групы, Месяца, астэроідаў. Складаюцца з мех. злучэння розных паводле саставу мінералаў, у т. л. вадкіх. У прыродзе вядома больш за 3 тыс. мінералаў, з іх 40—50 пародаўтваральных. Тэрмін «горныя пароды» ўпершыню ў сучасным сэнсе выкарыстаў рус. мінералог і хімік В.М.Севяргін (1798).
Утвараюцца ў выніку геал. працэсаў у пэўных фіз.-хім. умовах унутры зямной кары ці на яе паверхні. Гэтыя працэсы вызначаюць састаў, будову, структуру, тэкстуру і ўмовы залягання горных парод. Паводле паходжання вылучаюць асадкавыя горныя пароды, магматычныя горныя пароды, метамарфічныя горныя пароды і метасаматычныя горныя пароды. Асадкавыя складаюць каля 10% аб’ёму зямной кары і каля 75% пл. зямной паверхні, на магматычныя, метамарфічныя і метасаматычныя горныя пароды прыпадае каля 90% аб’ёму. Як фіз. целы горныя пароды характарызуюцца шчыльнасцю, пругкасцю, трываласцю, цеплавымі, электрычнымі, магнітнымі, радыяцыйнымі і інш. ўласцівасцямі. Горныя пароды вывучаюць геахімія, літалогія, петраграфія, петрафізіка, фізіка. Амаль усе горныя пароды могуць выкарыстоўвацца як карысныя выкапні (каменны вугаль, галіт, пясок, гліна і інш.) або як руды (апатыт, баксіт і інш.). Да руд адносяць горныя пароды з кандыцыйнай колькасцю каштоўных кампанентаў.
На Беларусі ўсе класы горных парод вядомы ў складзе асадкавага чахла крышт. фундамента. Яе тэр. ўкрыта магутным чахлом асадкавых горных парод, сярод якіх пераважаюць пясчана-алеўрытавыя (34,7% аб’ёму), карбанатныя пароды (вапнякі, даламіты, мел і інш. — 24,5%), гліны і сланцы (20,7%), солі (14,8%) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ ЗЕМЛЯРО́БЧЫ ІНСТЫТУ́Т.
Існаваў у г. Горкі Магілёўскай вобл. ў 1848—64 і 1919—25. Адна з першых ВНУс.-г. профілю на Беларусі і ў Рас. імперыі. Засн. ў выніку рэарганізацыі ў ін-т вышэйшага разраду Горы-Горацкай земляробчай школы. Рыхтаваў аграномаў. Тэрмін навучання 4 гады. У розныя гады ў ін-це навучалася ад 112 да 222 студэнтаў. Выкладаліся фізіка, хімія, батаніка, заалогія, паляводства, жывёлагадоўля, лесаводства і інш.спец. дысцыпліны, а таксама бухгалтэрыя, архітэктура, геадэзія, палітэканомія (з 1859), рус. і замежная мовы, гісторыя рус. л-ры, права, логіка і інш. Пры ін-це дзейнічаў з-д па вырабе цэглы і дрэнажных труб, майстэрня с.-г. машын, сыраварня, пчальнік, музеі (заалагічны, анатамічны, с.-г. машын), бат. сад (калекцыя больш за 3870 раслін), б-ка (больш за 7 тыс. тамоў). Праводзіліся навук. даследаванні, вынікі якіх друкаваліся ў «Записках Горы-Горецкого земледельческого института» (1852—57), інш.навук. выданнях. Сярод выпускнікоў ін-та А.В.Саветаў, І.А.Сцебут, А.М.Бажанаў, А.П.Людагоўскі, І.М.Чарнапятаў, С.С.Касовіч і інш. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1863—64 ін-т пераведзены ў Пецярбург, дзе ў 1877 аб’яднаны з Пецярбургскім лясным ін-там. У 1919 адноўлены ў Горках. Меў ф-ты: агранамічны, меліярацыйны, лясны, с.-г. машыназнаўства. У 1925 да ін-та далучаны Бел.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (засн. ў Мінску ў 1922) і на іх базе створана Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія.
Літ.:
Цитович С.Г. Горы-Горецкий земледельческий институт — первая в России высшая сельскохозяйственная школа (1836—1864). Горки, 1960;
Белорусская... сельскохозяйственная академия: 150 лет: [Краткий очерк истории и деятельности]. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗНЫЯ РУДЫ,
прыродныя мінеральныя агрэгаты, якія маюць у сабе жалеза ў выгаднай для здабычы колькасці. Галоўныя рудныя мінералы: аксіды жалеза — магнетыт, гематыт, мартыт; гідрааксіды — гётыт і гідрагётыт; карбанаты — сідэрыт; сілікаты — шамазіт, цюрынгіт. Прамысл.Ж.р. маюць 16—72 % жалеза. У плаўку ідзе абагачаны да 60—70% канцэнтрат (гл.Абагачэнне карысных выкапняў, Агламерацыя). Карысныя прымесі: нікель, кобальт, марганец, вальфрам, малібдэн, хром, ванадый і інш. Шкодныя прымесі: сера, фосфар, цынк, свінец, мыш’як, медзь. У залежнасці ад паходжання вылучаюць Ж.р. эндагенныя (магматычныя, гідратэрмальныя, вулканагенна-асадкавыя і інш.), экзагенныя (асадкавыя пластавыя, радовішчаў выветрывання і інш.) і метамарфагенныя (жалезістыя кварцыты і інш.). Прамысл. тыпы класіфікуюць паводле пераважнага руднага мінералу (магнетытавыя, гематытавыя, сідэрытавыя і г.д.). Найб. запасы і аб’ёмы здабычы Ж.р. прыпадаюць на дакембрыйскія жалезістыя кварцыты, менш пашыраны асадкавыя буражалезняковыя, а таксама скарнавыя, гідратэрмальныя і карбанатытавыя магнетытавыя руды. Адрозніваюць Ж.р. багатыя (больш за 50% Fe) і бедныя (менш за 25% Fe); бедныя падзяляюцца на лёгка- і цяжкаабагачальныя. Па агульных запасах Ж.р. краіны СНД займаюць 1-е месца ў свеце (больш за 100 млрд.т), на 2-м месцы Бразілія (34 млрд.т). Ж.р. выкарыстоўваюцца для выплаўкі чыгуну, сталі і ферасплаваў, невялікая колькасць — як прыродная фарба (вохра) ці як уцяжарвальнік свідравальных раствораў. На Беларусі ў зах.ч. выяўлены радовішчы Ж.р. у пародах крышт. фундаменту (г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл., г. Стоўбцы Мінскай вобл.), а таксама шэраг рудапраяўленняў. Ж.р. ў іх прадстаўлены жалезістымі кварцытамі (Аколаўскае радовішча жалезных руд, Рубяжэвіцкае рудапраяўленне), ільменітмагнетытавымі рудамі (Навасёлкаўскае радовішча і інш.) і магнетытавымі метасаматытамі.
Літ.:
Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАСТА́Н,
паўвостраў на Пд Азіі, пераважна ў Індыі. Пл. каля 2 млн.км². На З абмываецца Аравійскім м., на У — Бенгальскім зал. Індыйскага ак.Паўн. граніца ўмоўна праводзіцца ад дэльты р. Інд да дэльты рэк Ганг—Брахмапутра. Берагі нізкія, слаба парэзаныя. Асн. частку І. займае пласкагор’е Дэкан, зах. ўступ якога (Зах. Гаты) ступенямі абрываецца да пясчанай прыбярэжнай нізіны (Малабарскі бераг). На У Дэканскага пласкагор’я знаходзяцца Усх. Гаты — сістэма невысокіх горных ланцугоў і масіваў. На Пд паўвострава размяшчаецца масіў Анаймалай з найвыш. пунктам І. — г. Анаймуды (2698 м). І. — частка дакембрыйскай Індыйскай платформы. Радовішчы каменнага вугалю, жал. і марганцавых руд, баксітаў, мускавіту, цырконію, тытану і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным летам і сухой зімой. Сярэднія т-ры студз. 20—29 °C, мая 35—40 °C. Ападкаў на зах. схілах гор выпадае больш за 3000 мм, ва ўнутр. раёнах 500—700 мм, на У ападкі пераважна зімовыя, да 1000 мм за год. Асн. рэкі Нармада, Тапты, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы маюць дажджавое жыўленне і разліваюцца летам. Выкарыстоўваюцца для арашэння. Мусонныя лістападныя лясы захаваліся пераважна ў горных раёнах на Пд па схілах Зах. і Усх. Гатаў. На ўнутр. плато, міжгорных паніжэннях — сухія рэдкалессі. У вусцях рэк — мангравыя зараснікі. Вял. плошчы пад ворывам (рыс, пшаніца, бабовыя, бавоўна, чай, кава, цукр. трыснёг і інш.). 60—80% агульнай пл. ворыва парушана ярамі. Багаты жывёльны свет: сланы, насарогі, тыгры, леапарды, ваўкі, дзікія быкі, алені, малпы і інш. Птушак больш за 1600 відаў. На п-ве І. размяшчаюцца часткова дзяржавы Індыя, Пакістан і Бангладэш.