КА́БЕЛЬ (ад галанд. kabel канат, трос) электрычны, адзін ці некалькі ізаляваных праваднікоў (токаправодных жыл), змешчаных у ахоўную (звычайна герметычную) абалонку. Выкарыстоўваецца для перадачы на адлегласць эл. энергіі (сілавы К.) або сігналаў (кабель сувязі). Злучаецца кабельнымі муфтамі. Пракладваюцца ў зямлі спец. машынамі — кабелеўкладчыкамі, у вадзе з дапамогай кабельных суднаў.
Сілавы К. звычайна трохжыльны, напружаннем да 500 кВ Жылы яго з медзі, алюмінію, часам са сталі; ізаляцыя — з дыэлектрыка, які аддзяляе жылы адна ад адной і ад абалонкі; абалонка — свінцовая, алюмініевая або з пластмасы; ахоўныя пакрыцці — прамочаная кабельная пража, стружачная метал. браня і інш. Сілавыя К. пракладваюць у спец. кабельных збудаваннях (каналах, тунэлях і г.д.), у зямлі (у спецыяльна абсталяваных траншэях), пад вадой. а таксама выкарыстоўваюць у шлангавым выкананні (для падключэння рухомых машын, напр. ліфтаў). Бываюць: з мнагаслойнай папяровай ізаляцыяй, прамочанай маслаканіфольным саставам; масланапоўненыя на напружанне 110—750 кВ (эл. трываласць шматслойнай папяровай ізаляцыі забяспечваецца малавязкім мінер. маслам пад ціскам 0,1—1,5 МПа); газанапоўненыя на напружанне 35—275 кВ (эл. трываласць забяспечваецца газам, звычайна азотам пад ціскам да 3 МПа, які ўводзіцца непасрэдна ў ізаляцыю або ўздзейнічае на абалонку жылы звонку); крыягенныя на напружанне да 500 кВ (жылы з медзі або алюмінію высокай чысціні ахалоджваюцца ў вадкім вадародзе ці азоце да крыягенных т-р — менш за 120 К); звышправодныя на напружанне да 500 кВ і больш (жылы з звышправаднікоў ахалоджваюцца да т-ры ніжэй за крытычную; эл. ізаляцыя — вакуум, вадкі гелій абосінт. матэрыялы, насычаныя холадаагентам). Існуе больш за 1000 тыпаў К. На Беларусі К. выпускаюць акц. т-вы «Гомелькабель» (гл.Гомельскі кабельны завод) і «Мазыркабель» (гл.Мазырскі кабельны завод).
Разнавіднасці сілавых і кантрольных электрычных кабеляў: а — браніраваны для сілавых і асвятляльных установак; б — камбінаваны гнуткі для падачы электраэнергіі да землярыйных і горназдабыўных машын; в — шлангавы асабліва гнуткі для ліфтавых установак; г — масланапоўнены ў стальным трубаправодзе для пракладкі праз водныя перашкоды і інш.; д — браніраваны газанапоўнены пад ціскам для ЛЭП высокага напружання; е — кантрольны для далучэння электрычных прылад і прыстасаванняў кіравання і аховы; 1 — токаправодная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ ПРА́ЦЫ,
інтэнсіўнасць, эфектыўнасць у працэсе вытв-сці, колькасныя адносіны аб’ёму (масы) атрыманага прадукту да працы, затрачанай на яго выраб. Выражаецца колькасцю прадукцыі, зробленай за адзінку часу — выпрацоўкай, або затратай часу на адзінку прадукцыі — працаёмкасцю. Пад павелічэннем П.п. разумеецца эканомія затрат прац. часу на выраб адзінкі прадукцыі або дадатковая колькасць вырабленай прадукцыі за адзінку часу, што непасрэдна ўплывае на павышэнне эфектыўнасці вытв-сці (у адным выпадку скарачаюцца выдаткі на вытв-сць адзінкі прадукцыі, а ў другім — за адзінку часу вырабляецца больш прадукцыі). Павышэнне П.п. — гал. крыніца росту дабрабыту грамадства, развіцця яго вытв. сіл і вырашэння сац. праблем. Адрозніваюць прадукцыйнасць грамадскай і індывід. (жывой) працы, лакальную прадукцыйнасць. Прадукцыйнасць грамадскай працы падлічваецца адносінамі валавога ўнутранага прадукту (інш. аналагічнага паказчыка) да колькасці работнікаў, занятых у галінах матэрыяльнай вытв-сці і сферы паслуг. Яна адлюстроўвае эфектыўнасць жывой працы (мэтазгодную дзейнасць чалавека, затраты яго разумовай і фіз. энергіі) і эканомію грамадскай працы, арэчаўленай у сродках вытворчасці. На прадпрыемствах вызначаюць прадукцыйнасць індывідуальнай працы, якая адлюстроўвае час, неабходны для вырабу адзінкі прадукцыі або колькасці тавару, зробленага за пэўны перыяд часу. Лакальная прадукцыйнасць — сярэдняя П.п. рабочых (працуючых), разлічаная па прадпрыемстве або галіне ў цэлым. Адрозніваюць натуральны, прац. і грашовы метады вымярэння П.п. Пры натуральным метадзе яе ўзровень вызначаецца адносінамі колькасці прадукцыі ў натуральных адзінках вымярэння да затрат рабочага часу або да сярэдняспісачнай колькасці працуючых. Такі метад выкарыстоўваюць на прадпрыемствах, якія вырабляюць адзін від прадукцыі. а таксама для вымярэння ўзроўню П.п. на рабочых месцах і асобных участках вытв-сці. Яго вартасці — нагляднасць, прастата вылічэння, канкрэтнасць; недахоп — ужываецца пры выпрацоўцы аднаго віду прадукцыі. Варыянтам натуральнага метаду, які пашырае межы выкарыстання, з’яўляецца метад натуральных умоўных адзінак, пры якім аднародная, але разнаякасная прадукцыя прыводзіцца па якой-н. прыкмеце да ўмоўнага эталона. Працоўны метад заключаецца ў сувымярэнні розных відаў прадукцыі па затратах працы на іх вытв-сць (працаёмкасцю). Ён найб. дакладны, аб’ектыўна адлюстроўвае змены П.п. па асобных відах прадукцыі, прадпрыемствах і па галінах нац. гаспадаркі. Пры яго выкарыстанні неабходна ўлічваць, што прац. нормы на кожным прадпрыемстве могуць быць свае і мець розную ступень напружанасці. Найб. універсальны і пашыраны вартасны метад, пры якім П.п. выражаецца вартасцю прадукцыі (валавой, таварнай, чыстай), што прыпадае ў сярэднім на аднаго работніка. Найб. дакладны паказчык вызначаецца па чыстай прадукцыі, але яго недахопы у тым, што не ўлічвае затраты арэчаўленай працы.
Літ.:
Зайцев Н.Л. Экономика промышленного предприятия. 3 изд. М., 2000;
Куприякова Е.М. Банки и биржи. М., 1996;
Экономика труда и социально-трудовые отношения. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІДЫЯСПО́РА,
спора палавога размнажэння базідыяльных грыбоў. Утвараюцца вонкава па 2—4 на паверхні базідый. Бываюць акруглыя, авальныя або ніткападобна выцягнутыя. Сядзяць на маленькіх шыпападобных вырастах базідыі — стэрыгмах. У адрозненне ад аскаспораў базідыяспоры адшнуроўваюцца ад базідыі вонкі. На адпаведным субстраце базідыяспора прарастае гаплоідным гомакарыятычным міцэліем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР’Е́РНЫ РЫФ,
града каралавых рыфаў, выцягнутая паралельна берагу мацерыка або вострава на некаторай адлегласці ад яго, часта па краі мацерыковай водмелі. Бар’ерныя рыфы адгароджваюць ад мора мелкаводныя лагуны, пашыраны пераважна ў водах Ціхага і Індыйскага акіянаў (напр., Вялікі Бар’ерны рыф каля паўн.-ўсх. берагоў Аўстраліі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПІРА́ЦЫЯ (ад лац. aspiratio удыханне) у медыцыне, 1) пранікненне ў дыхальныя шляхі іншародных целаў пры ўдыханні. Можа прывесці да запалення дыхальных шляхоў (ускладняецца нагнаеннем і гангрэнай), да смерці ад удушша.
2) Адсмоктванне шпрыцам або іншай прыладай вадкасці ці паветра з поласці цела, сустава, нацёкавага гнайніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭНІ́Я (грэч. astheneia),
стан, які характарызуецца павышанай стамляльнасцю, частай зменай настрою, раздражняльнасцю, слабасцю, гіперэстазіяй, плаксівасцю, вегетатыўнымі парушэннямі, дрэнным сном. Узнікае ў выніку разумовага ператамлення або псіхічнай траўмы. Блізкі да астэніі астэнічны стан, які з’яўляецца сімптомам шэрагу хваробаў. Прафілактыка: правільная арганізацыя рэжыму працы і адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,
некаторыя хімічныя элементы атмасферы Зямлі. Паводле геахім. класіфікацыі элементаў да атмафільных элементаў адносяцца вадарод, азот і інертныя газы (гелій, неон, аргон, крыптон, ксенон і радон), якія ў атмасферы знаходзяцца ў стане свабодных атамаў або малекул. Кісларод належыць да літафільных элементаў (складае 47% літасферы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРА́Л (ад англ. over all наверх усе),
1) работа на караблі (судне), якая выконваецца адначасова ўсім асабовым складам або большай яго часткай. Асабовы склад выклікаецца спец. сігналам і камандай «усе наверх».
2) У пераносным значэнні — празмерна спешная работа ўсяго калектыву, выкліканая адсутнасцю планамернай працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БА (тэхн.),
ударная частка молатаў, капроў і інш. машын, якія выконваюць карысную работу за кошт энергіі ўдару. Выкарыстоўваецца пры забіванні паляў, коўцы і штампоўцы розных дэталяў. Падыманне бабы выконваецца ручным абоэл. прыводам, а таксама парам ці сціснутым паветрам. Маса бабы можа дасягаць 30 т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫТАБЕТО́Н,
цяжкі бетон, запаўняльнік у якім барыт ці барытавая руда або іх сумесь з метал. стружкай, чыгунным шротам і інш. Аб’ёмная маса барытабетону 3300—3600 кг/м³, маркі 100, 150 і 200. Выкарыстоўваецца ў канструкцыях ядз. рэактараў для аховы абслуговага персаналу ад радыеактыўнага апрамянення.