1) род войскаў, прызначаны для абслугоўвання і баявога выкарыстання артыл.ўзбраення. Ва ўсіх арміях свету выконвае баявыя задачы ў інтарэсах інш. родаў войскаў.
У сучасных сухапутных войсках падзяляецца на артылерыю вайсковую (палявую) — армейскую, карпусную, палкавую і да т.п. і рэзерву Гал. камандавання, на наземную (бывае пушачная, гаўбічная, рэактыўная, процітанкавая, горная і мінамёты) і зенітную. Залежна ад спосабу арганізацыі ўзаемадзеяння з інш. родамі войскаў адрозніваюць артылерыю прыдадзеную (на час выканання баявой задачы перадаецца ў распараджэнне камандзіра злучэння, часці) і артылерыю падтрымкі (застаецца ў падначаленні ст.артыл. камандзіра, але выконвае агнявыя задачы, пастаўленыя агульнавайск. камандзірам). Артылерыя ў ВПС — авіяц. пушкі на самалётах і верталётах. У ВМФ падзяляецца на карабельную (у т. л. зенітную) і берагавую.
Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь артылерыя складаецца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў уласнаствольных артыл. сістэм, процітанкавых кіроўных ракет, а таксама падраздзяленняў артыл. разведкі і спец. падраздзяленняў, што ўваходзяць у склад артыл. злучэнняў і часцей. Артыл. злучэнні і часці, што не належаць да вайсковай артылерыі, з’яўляюцца рэзервам Гал. камандавання і прызначаны для ўзмацнення дзеянняў агульнавайск. падраздзяленняў, а таксама для стварэння артыл. рэзерваў.
2) Від зброі або сукупнасць прадметаў артыл. ўзбраення, уключаючы сродкі наземнай і паветр. разведкі, сувязі, назірання, кіравання агнём, цягі, транспарту і інш. 3) Навука, якая вывучае асновы будовы матэрыяльнай часткі агнястрэльнай зброі, яе ўласцівасці і спосабы выкарыстання ў баі. Асн. раздзелы: унутраная і знешняя балістыка, асновы будовы матэрыяльнай часткі боепрыпасаў, выбуховыя сродкі і порахі, тэхналогія артыл. вытв-сці, тактыка, тэорыя стральбы, гісторыя артылерыі.
Самы ранні этап развіцця артылерыі — сценабітная і кідальная зброя краін Стараж. Усходу (Егіпет, Індыя, Кітай і інш.), Грэцыі і Рыму. З вынаходствам пораху ўзнікла агнястрэльная зброя: у Кітаі ў 11 ст., у Еўропе першыя ўзоры яе з’явіліся ў Італіі, Францыі. Германіі, Англіі, на Беларусі — у 14 ст. Войскі ВКЛ упершыню сутыкнуліся з новай зброяй у 1341, калі ў час аблогі крыжацкага замка Баербург «вогненнай стралой» быў забіты вял. князь Гедзімін. У 1382 войскі ВКЛ ужо мелі ўласныя бамбарды, пры дапамозе якіх штурмавалі ордэнскі замак Георгенбург. Першыя гарматы рабілі з дрэва (Кітай, Галандыя), потым з жалеза ў выглядзе каванай метал. трубы, якая мацавалася да масіўнай драўлянай калодкі. Ядры напачатку былі драўляныя і каменныя, пазней алавяныя і бронзавыя. У 14 ст. з’явіліся гарматы з бронзы (на Беларусі іх выраблялі майстэрні ў Полацку, Віцебску, Навагрудку і інш.). У 1384 кідальныя балісты, зробленыя на Беларусі, выкарыстоўваліся супраць войскаў Лівонскага ордэна. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — майстэрня па вытв-сці куль і ядраў Бараньская кульня. У 16—17 ст. гарматы ставілі на колы, у іх з’явіўся перадок з зараднай скрыняй. Ядры былі жалезныя, чыгунныя і нават шкляныя. Напачатку артылерыю на Беларусі абслугоўвалі наёмныя пушкары з Германіі, Чэхіі, Галандыі (у іх вучыліся бел. майстры), з сярэдзіны 16 ст. абыходзіліся без іх. Вядомы імёны майстроў Сцяпана і Пятра з Нясвіжа (канец 16 — пач. 17 ст.), К.Ганусава з Быхава (2-я пал. 16 ст.) і інш. У 1-й пал. 17 ст. выпушчаны падручнікі па артыл. справе на лац. і польскай мовах: італьянца Андрэя дэль’-Аква, іспанца Дыега Уфана, ураджэнца Беларусі К.Семяновіча. У 18 ст.артыл. гарматы выраблялі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі выраб гармат спынены, эпізадычна для асобных магнатаў рабіліся невял. гарматы-салютоўкі. З сярэдзіны 19 ст. ў большасці краін пачаўся пераход да наразной артылерыі. У пач. 20 ст. артылерысты ўпершыню вялі стральбу з закрытых агнявых пазіцый, быў створаны і выкарыстаны мінамёт (1904—05). У перыяд 1-й сусв. вайны з’явілася артылерыя суправаджэння, зенітная, процітанкавая, былі ўдасканалены мінамёты. 2-я сусв. вайна выклікала ўсебаковае развіццё зенітнай, процітанкавай, рэактыўнай і самаходнай артылерыі, выкарыстоўвалася артылерыя вялікай і асаблівай магутнасці. Узніклі новыя формы баявых дзеянняў артылерыі, павялічылася яе шчыльнасць на ўчастках прарыву (да 200—300 гармат на 1 км фронту). Вопыт баявога выкарыстання артылерыі даў багаты матэрыял для развіцця артыл. навукі. Удасканаленне артылерыі працягваецца.
Літ.:
Передельский Г.Е., Токмаков А.И., Хорошилов Г.Т. Артиллерия в бою и операции. М., 1980;
Отечественная артиллерия, 600 лет. М., 1986;
Nowak T. Polska technika wojenna XVI — XVIII w. Warszawa, 1970.
М.Р.Плахотны, В.А.Юшкевіч.
Да арт. Артылерыя. Ручная кідальная зброя даагнястрэльнай эпохі: 1, 2 — нервабалістычныя баявыя гарматы; 3, 4 — барабалістычныя гарматы (а — гіганцкіх памераў, б — з процівагай); 5 — акрабаліста (таксабаліста).Да арт. Артылерыя. Гарматы 11 — пач. 20 ст.: 1 — старажытная кітайская драўляная гармата 11 ст.; 2 — марціра 14 ст.; 3 — доўгая французская серпанціна 15 ст.; 4 — гафуніца 1542; 5 — трохфунтовая палявая пушка 1700; 6 — бронзавая марціра Чохава 1606; 7 — «сакрэтная гаўбіца» Шувалава 1754; 8 — руская шасцідзюймовая аблогавая гармата 1877; 9 — 122-мм палявая скарастрэльная гаўбіца ўзору 1910; 10 — 76-мм зенітная пушка ўзору 1915.Да арт. Артылерыя. I. Гарматы 16 — 17 ст. з Нясвіжскага замка: 1, 2, 3 — з фігурнымі аздабленнямі, 4 — з серыі Германа Мольтфельда. II. Гарматы корпуса артылерыі ВКЛ канца 18 ст.: 1 — адна—трохфунтовая палявая гармата, зробленая на аўстрыйскі ўзор, 2 — двух—васьміфунтовая гаўбіца, зробленая на ўзор французскай гаўбіцы сістэмы Грыбаваля (лафет паказаны ў разрэзе). III. Адна з гармат польска-беларуска-літоўскіх паўстанцаў 1863 — 64 (паводле Баляслава Галэцкага).Да арт. Артылерыя. Гарматы перыяду 1-й і 2-й сусветных войнаў: 1 — 155-мм палявая пушка (Францыя); 2 — 76-мм палявая скарастрэльная пушка ўзору 1902 (Расія); 3 — 210-мм аблогавая гаўбіца Крупа (Германія); 4 — 305-мм марціра (Аўстрыя); 5 — 105-мм гаўбіца (ЗША); 6 — шасціствольны мінамёт (Германія); 7 — 105-мм лёгкая гаўбіца (Германія); 8 — баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-13 (СССР); 9 — 76-мм самаходная артылерыйская ўстаноўка СУ-76 (СССР).Да арт. Артылерыя. Сучасная артылерыя: 1 — 139,7-мм пушка МК-3 (Вялікабрытанія); 2 — баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-24 (Расія); 3 — 90-мм самарушная процітанкавая пушка (ФРГ); 4 — устаноўка рэактыўных кіроўных процітанкавых снарадаў 55-II (Францыя); 5 — 122-мм самаходная гаўбіца (Расія); 6 — 203-мм самаходная гаўбіца M ll0l E2 (ЗША); 7 — 105-мм горная гаўбіца ўзору 1956 (Італія); 8 — 122-мм гаўбіца Д-30 (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́ЦІЯ, Рэспубліка Бурація,
складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 351,3 тыс.км². Нас. 1056 тыс.чал. (1994), гарадскога 60%. Жывуць бураты (24%), рускія (69,9%), украінцы, татары і інш. Сталіца — г.Улан-Удэ; 20 раёнаў, 6 гарадоў, 34 пасёлкі гар. тыпу.
Прырода. Размешчана Бурація на ПдУсх. Сібіры. Пераважаюць выш. 500—700 м, найб. — 3491 м (г. Мунку-Сардык). Паводле характару рэльефу падзяляецца на Селенгінскае сярэднягор’е (хрыбты Цаган-Дабан, Цаган-Хуртэй, Заганскі і інш.), Усх. Саян, Байкальскую горную вобл. (хрыбты Хамар-Дабан, Улан-Бургасы, Баргузінскі, Байкальскі і інш.) і Віцімскае пласкагор’е з выш. 1000—1200 м; паміж хрыбтамі — міжгорныя катлавіны: Гусінаазерская, Удзінская, Баргузінская, Верхнеангарская і інш. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль, руды вальфраму і малібдэну, поліметалічныя руды, нефеліны, золата, графіт, азбест, цэментная сыравіна. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -24 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 300 мм за год. Гал. рэкі: Селенга, Баргузін, Верхняя Ангара, Віцім. Воз. Байкал. Больш як 300 мінер. крыніц. Шматгадовая мерзлата. Глебы пераважна падзолістыя, у цэнтр. і паўд. раёнах — каштанавыя і чарназёмы. 80% тэр. ўкрыта лясамі з лістоўніцы, піхты, кедру, хвоі. На Пд і ў цэнтр.ч. — стэп і лесастэп. Запаведнікі: Баргузінскі, Байкальскі.
Гісторыя. Засяленне тэр. Бураціі пачалося з верхняга палеаліту. У 3 ст. да н.э. — 11 ст.н.э. тут існавалі недаўгавечныя племянныя саюзы качэўнікаў і зменьвалі адна адну раннефеад. дзяржавы. Бур. плямёны занялі Прыбайкалле і Забайкалле ў пач. 13 ст.Бур. народнасць склалася ў 17—18 ст. У пач. 17 ст. ў Бураціі з’явіліся першыя рус. казацкія атрады. У сярэдзіне 17 ст. Бурація ўвайшла ў склад Расіі. У 2-й пал. 19 ст. тут пачалі развівацца капіталіст. адносіны. Умацаванню эканам. сувязей з Расіяй спрыяла буд-ва Сібірскай чыгункі (1892—1905). З гэтага часу царскі ўрад узмацніў прыгнёт буратаў і рэзка абмежаваў іх землекарыстанне, адабраў каля палавіны зямель. У лют. 1918 у Бураціі ўстаноўлена сав. ўлада. У жн. 1918 тэр. Бураціі акупіравана японскімі, у крас. 1919 — амер. войскамі; у Забайкаллі ўстанавіўся рэжым атамана Сямёнава. 2.3.1920 Чырв. Армія і прыбалтыйскія партызаны занялі Верхнеудзінск (Улан-Удэ), а да канца 1920 — усю Бурацію. Усх. частка Бураціі ўвайшла ў Далёкаўсходнюю рэспубліку, дзе 27.4.1921 утворана Бурат-Мангольская аўт.вобл., а заходняя — у РСФСР, дзе 9.1.1922 утворана Мангола-Бур.аўт. вобласць. 23.5.1923 абедзве аўт. вобласці аб’яднаны ў Бурат-Мангольскую АССР (з 7.7.1958 Бур. АССР) у складзе РСФСР.
У кастр. 1990 Вярх. Савет рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Бураціі і ўвёў пост прэзідэнта. У сак. 1992 Бурація падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй, але пазней адмовілася ад яго. Афіцыйна застаецца суб’ектам Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для дрэваапр. прам-сці, суднабудаванне, вагонабудаванне і інш.), лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў (цэмент, шкло), харч. (мясныя і рыбныя кансервы) прам-сць. Здабыча бурага вугалю і графіту, здабыча і перапрацоўка вальфраму, малібдэнавых руд, апатытыў і інш. Гусінаазерская ДРЭС. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечка-, свінагадоўля). Птушкагадоўля. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, авёс, жыта) і кармавых культур. Бульбаводства, агародніцтва. Пушны промысел. Зверагадоўля. Рыбалоўства. Тэр. Бураціі перасякае Транссібірская магістраль, на Пн праходзіць Байкала-Амурская магістраль (буйныя тунэлі Паўн.-Муйскі — 15 км і Байкальскі — 6,7 км). Суднаходства па воз. Байкал, рэках Селенга і Баргузін. Курорты: Аршан, Гарачынск.
Культура. Першая бурацкая масавая газета «Шэнэ байдал» («Новае жыццё») выйшла ў Чыце ў 1921. У 1995 выходзілі газеты «Бураад унэн» («Бурацкая праўда»), «Бурятия», «Правда Бурятии» і інш. Радыёвяшчанне на бур. мове з 1934. З 1961 працуе тэлецэнтр ва Улан-Удэ. Радыё- і тэлевяшчанне на бур. і рус. мовах.
Аснова л-ры Бураціі — фальклор (оды-магталы, вершы, песні, паэмы, легенды, паданні, сказанні-улігеры). Вяршыня вуснай нар. творчасці — гераічны эпас «Гэсэр». Адзін з заснавальнікаў пісьмовай нац. л-ры — Х.Намсараеў. Традыцыі рэалізму ў л-ры савецкага часу развівалі П.Дамбінаў (Салбанэ Туя), Ц.Дандубон (Ц.Дон), Н.Балдано, Ч.Цыдэндамбаеў, А.Шадаеў, Ж.Тумунаў, М.Дамдзінаў і інш. Грамадска-сацыяльныя працэсы, фарміраванне новага чалавека адлюстроўвалі Б.Абідуеў, А.Бадаеў, Ц.-Б.Бадмаеў, Д.Батажабай, Ц.Галсанаў, Ц.Дамдзінжапаў, Д.Дашынімаеў, Д.Жалсараеў, А.Жамбалдаржыеў, Ц.Шагжын і інш. Плённа развіваліся паэзія, проза і драматургія. Патрыят. матывамі прасякнута творчасць бур. пісьменнікаў перыяду Вял. Айч. вайны. У пасляваенныя гады актывізаваўся жанр гіст. рамана (І.Калашнікаў, Б.Мунгонаў, Намсараеў, Тумунаў, Цыдэндамбаеў, А.Бальбураў), развіваюцца паэзія, дзіцячая л-ра, літ. крытыка і літ.-знаўства (С.Ангабаеў, Ч.-Р.Намжылаў, А.Сактоеў, Г.Тудзенаў, Д.Улзытуеў, М.Хамаганаў і інш.).
На тэр. Бураціі захаваліся рэшткі паселішчаў эпохі палеаліту і неаліту, наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэн палявання (т.зв.пісаніцы), помнікі бронзавага веку: «аленевыя камяні» са стылізаванымі фігуркамі аленяў, плітачныя магілы, нажы і кінжалы з скульпт. выявамі жывёл, а таксама шматлікія гарадзішчы з рэшткамі жылля эпохі гунаў, ірыгацыйныя збудаванні, гарадзішчы, могільнікі курумчынскай культуры. У 18—19 ст. будаваліся манастыры-дацаны, у архітэктуры якіх перапляталіся цэнтр.-азіяцкія і мясц. традыцыі. У 1-й пал. 19 ст. ўзведзены шэраг класіцыстычных будынкаў. У сучасным буд-ве шырока выкарыстоўваюць жалезабетон, алюміній, шкло і пластык. У нар.-прыкладным мастацтве развіты вышыўка і аплікацыя па аксаміце, скуры, сукне, разьба па косці і дрэве. У апрацоўцы вырабаў з металу выкарыстоўваюцца насечка, чаканка, чэрнь, гравіроўка. Асвойваецца габеленавае ткацтва з выкарыстаннем конскага воласу.
У муз. фальклоры Бураціі вядомыя эпічныя паданні (улігер), лірычныя абрадавыя і танц. песні (ганец-карагод ёхар) і інш. Ладавая аснова — ангемітонная пентатоніка. Сярод нар. інструментаў: духавыя лімба (тып флейты) і бішхур (язычковы), струнныя хур (смычковы) і чанза (шчыпковы), шмат ударных. Сярод дзеячаў нац.муз. мастацтва: кампазітары Б.Ямпілаў, Д.Аюшэеў, Ж.Батуеў, Г.Дадуеў, С.Манжыгееў, Г.-Д.Дашыпылаў, спевакі К.Базарсадаеў, Д.Дашыеў, Л.Лінхавоін і інш. Працуюць (1996): Бурацкі т-р оперы і балета, муз. вучылішча, харэагр. вучылішча, Усх.-Сібірскі ін-т культуры, філармонія, Саюз кампазітараў і інш.
Вытокі бур.тэатр. мастацтва ў нар. песнях, гульнях, абрадах, пантамімічных танцах («цан»). У пач. 20 ст. наладжваліся этнагр. і аматарскія вечары, паявіліся бур. п’есы, аматарскі т-р. З 1927 працуе т-р рус. драмы, з 1932 — бурацкі драм. т-р. Ставіліся п’есы Г.Цыдынжапава, Х.Намсараева, А.Шадаева, Н.Балдано, Д.Батажабая і інш. Сярод артыстаў: Цыдынжапаў, Б.Вампілаў, Н.Гендунова, Ч.Генінаў, У.Халматаў, Н.Балдано, Д.Дандукаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЯ́НА (Guyana),
Кааператыўйая Рэспубліка Гаяна (Cooperative Republic of Guyana), дзяржава на ПнУПаўд. Амерыкі. На З мяжуе з Венесуэлай, на Пд — з Бразіліяй, на У — з Сурынамам, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 10 раёнаў. Пл. 215 тыс.км². Нас. 834 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Джорджтаўн. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Гаяна — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1980. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, выканаўчая — Савету Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр (першы віцэ-прэзідэнт).
Прырода. Паўн.ч. краіны займае шырокая забалочаная Гвіянская нізіна. На Пд адгор’і Гвіянскага пласкагор’я, найб.выш. на З — г. Рарайма (2772 м). Карысныя выкапні: баксіты, золата, алмазы. Знойдзены невял. радовішчы нафты, урану, храмітаў, марганцавых і жал. руд. Клімат субэкватарыяльны гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Джорджтаўне 26—28 °C, ападкаў 2230 мм за год. Рэкі мнагаводныя, з вял. колькасцю парогаў і вадаспадаў; найб. Эсекіба, Дэмерара, Бербіс, Карантэйн, 83% тэр. займаюць пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. На ПдЗ — саванны, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Нац. парк Каетур.
Насельніцтва. Каля 51% інд. паходжання, 43 — негры і мулаты, 4% — індзейцы (ва ўнутр. раёнах). Ёсць групы англічан, партугальцаў, кітайцаў. Паводле веравызнання 57% — хрысціяне (значная ч. англікане), 33 — індуісты, 9% — мусульмане. Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана на прыбярэжнай нізіне. У гарадах жыве 35% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Джорджтаўн (200 тыс.ж., 1993), Нью-Амстэрдам, Макензі, Бартыка. 44,5% працаздольных занята ў прам-сці і гандлі, 33,8 — у сельскай гаспадарцы, 21,7% — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Карэнныя жыхары Гаяны — індзейцы-аравакі. У 1499 гэту тэр. адкрыў ісп. мараплавец А. дэ Ахеда. Першыя паселішчы еўрапейцаў на р. Памярун засн. ў 1581 галандцамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзбярэжжа высадзіліся англічане (у 1667 іх паселішча захапілі галандцы). У 1621 галандская Вест-Індская кампанія атрымала правы на кантроль над б.ч.тэр. Гаяны. У 1732 паселішчы Бербіс, у 1773 — Эсекіба і Дэмерара атрымалі статус нідэрландскіх калоній. У 1650 — пач. 19 ст. ў Гаяну пастаянна прывозілі неграў-рабоў з Афрыкі для працы на цукр. плантацыях і ў рудніках. У 1782 тэр. Гаяны адышла да Францыі, у 1783 — да Нідэрландаў. У 1803—14 калоніі Бербіс, Эсекіба і Дэмерара перайшлі да Вялікабрытаніі; у 1831 аб’яднаны ў адну калонію Брыт. Гвіяна. У 1834 адменена рабства. З 1838 сюды ўвозілі танную рабочую сілу з Індыі, з 1853 — з Кітая. У 1928 уведзена канстытуцыя, паводле якой створаны Заканад. савет. У 2-ю сусв. вайну ў Гаяну пачаў пранікаць амер. і канадскі капітал (распрацоўка пакладаў баксітаў), створана ваен. база ЗША (1940). Пасля вайны нац.-вызв. рух узначаліла Нар.прагрэс. партыя (НПП; засн. ў 1950). У 1953 брыг. ўлады ўвялі новую канстытуцыю, паводле якой мясц. насельніцтва атрымала права ўдзельнічаць у кіраванні краінай. Пасля перамогі на выбарах 1953 НПП яе лідэр Ч.Джаган узначаліў урад. У кастр. 1953 англ. ўрад увёў у калонію войскі, разагнаў яе ўрад і парламент і прыпыніў дзейнасць канстытуцыі. У 1955 створана партыя Нар.нац. кангрэс (ННК). На выбарах 1957 і 1961 зноў перамагла НПП (урадамі кіраваў Джаган). У снеж. 1964 адбыліся датэрміновыя выбары ў Нац. сход, створаны кааліцыйны ўрад на чале з Ф.Бернхемам. 26.5.1966 Брыт. Гвіяна абвешчана незалежнай дзяржавай (атрымала назву Гаяна). З 1970 Гаяна — парламенцкая рэспубліка. У 1972 урад Бернхема абвясціў курс на стварэнне «кааператыўнага сацыялізму», адначасова адбылося ўмацаванне аўтарытарнага кіравання ННК.
У 1980 у Гаяне ўстаноўлена прэзідэнцкая рэспубліка. Пасля смерці ў жн. 1985 прэзідэнта Бернхема (правіў з 1980) новы кіраўнік дзяржавы Х.Хойт звярнуўся за эканам. дапамогай да Міжнар. валютнага фонду, жорсткія патрабаванні якога выклікалі незадавальненне насельніцтва Гаяны і прывялі да забастоўкі (сак. 1989). На выбарах у 1992 перамагла НПП, прэзідэнтам стаў Джаган. Дзейнічаюць Нар. прагрэс, партыя, Нар.нац. кангрэс і інш. Гаяна — член ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскай супольнасці, Лац.-амер.эканам. сістэмы.
Гаспадарка. Гаяна — эканамічна адсталая краіна. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, якая дае больш за 25% валавога ўнутр. прадукту. Развіта горназдабыўная прам-сць. Гаяна — адна з вядучых краін па здабычы баксітаў (штогод 1—1,5 млн.т), забяспечвае 90% сусв. вытв-сці кальцыніраваных баксітаў. Асн. радовішчы ў далінах рэк Дэмерара і Бербіс. Здабываюць золата (каля 500 кг штогод), тэхн. і ювелірныя алмазы (каля 10 тыс. каратаў штогод). Параўнальна развіты харч. (цукровыя і рысаачышчальныя з-ды), харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), лесапільная і дрэваапр., тэкст., швейная, абутковая прам-сць. Штогод атрымліваюць цукру-сырцу каля 160—200 тыс.т, рому 150—170 тыс. гекталітраў. У Джорджтаўне працуюць ліцейны з-д, мукамольная ф-ка і з-д па кансерваванні крэветак. У г. Макензі гліназёмны з-д. Вытв-сць электраэнергіі 276 млн.кВт·гадз (1992), пераважна на невял. ЦЭС. Ворныя землі займаюць 3% тэр. краіны, лугі і пашы — 6% (на ПдЗ). Земляробчыя раёны — акіянскае ўзбярэжжа і ніжнія ч. далін рэк Дэмерара і Бербіс. Гал.с.-г. культуры (збор тыс.т, 1993): цукр. трыснёг — 2600, рыс — 300, апельсіны — 15, бананы — 21, какосавыя арэхі — 48, агародніна — 12, а таксама кукуруза, кава, какава, маніёк, ямс, батат. На ПдЗ на ўчастку саваннаў уздоўж р. Рупунуні пашавая жывёлагадоўля. Гадуюць (1993, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 160, свіней — 30, авечак — 130, коз — 79. Рыбалоўства і здабыча морапрадуктаў, гал. від прадукцыі — крэветкі. Нарыхтоўка каштоўных парод трапічнай драўніны. Транспарт пераважна аўтамаб. і ўнутр. водны. Аўтадарог 7665 км, з іх 550 км з цвёрдым пакрыццём, 5000 км гравійных. Асноўныя праходзяць па ўзбярэжжы, ад Джорджтаўна на Пд у Бразілію ідзе Трансгаянская шаша. Для суднаходства выкарыстоўваюцца ўчасткі рэк агульнай даўж. 6000 км. Чыгункі (187 км) вузкакалейныя, маюць дапаможнае значэнне. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты Джорджтаўн і Нью-Амстэрдам (імпарт), Ліндэн і Эвертан (экспарт баксітаў і гліназёму). У краіне 53 аэрапорты і аэрадромы, у т. л.міжнар. аэрапорт каля Джорджтаўна. Гаяна экспартуе цукар, баксіты, гліназём, рыс, золата, крэветкі, драўніну, патаку і ром; імпартуе тавары нар. ўжытку, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, паліва. Асн.гандл. партнёры: ЗША (25% экспарту, 40% імпарту), Вялікабрытанія (адпаведна 28 і 11%), Японія, Германія, Канада, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — гаянскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДЫ (Nederland),
Каралеўства Нідэрландаў (Koninkrijk der Nederlanden), неафіц. назва Галандыя, дзяржава на зах. узбярэжжы Зах. Еўропы. На Пн і 3 абмываецца Паўночным м., на У мяжуе з Германіяй, на Пд — з Бельгіяй. Пл. 41,5 тыс.км², без унутр. водаў — 33,9 тыс.км². Нас. 15 808 тыс.чал. (1999). Сталіца — г.Амстэрдам, рэзідэнцыя ўрада — г.Гаага. Падзяляецца на 12 правінцый. Афіц. мова — нідэрландская (галандская). Н. валодаюць в-вам Аруба і Нідэрландскімі Антыльскімі астравамі. Нац. свята — Дзень Каралевы (30 крас.).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1983. Кіраўнік дзяржавы — манарх, пры якім ёсць дарадчы орган — Дзярж. савет (яго члены назначаюцца манархам). Заканад. ўлада належыць манарху і Генеральным штатам (парламент у складзе 2 палат (Першай і Другой). Першая палата (75 дэпутатаў) выбіраецца правінцыяльнымі штатамі на аснове прапарцыянальнага прадстаўніцтва тэрмінам на 4 гады. Другая палата (150 дэпутатаў) выбіраецца насельніцтвам на тых жа падставах на той жа тэрмін. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць манарх і кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Тэр. Н. нізінная — працяг Паўн.-Германскай нізіны, сярэдняя выш. 20—30 м, значная частка (прыкладна 27%) ніжэй узр. мора (да -7 м). Для аховы ад затаплення пабудаваны дамбы. Нізіны ніжэй узр. мора, адгароджаныя ад мора дзюнамі, плацінамі і дамбамі, асушаны і ператвораны ва ўрадлівыя польдэры. Вядзецца далейшае асушэнне мелкаводдзяў. На крайнім Пд адгор’і Ардэнаў (выш. да 321 м). Карысныя выкапні: прыродны газ (запасы 2,5 трлн. м³, 4-е месца ў свеце), нафта, каменны вугаль, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат умерана цёплы, марскі. Сярэдняя т-растудз. ад 1 °C (Пн) да 3 °C (Пд), ліп. адпаведна 16,3—17,1 °C. Ападкаў 600—800 мм за год. Шмат паўнаводных рэк, каналаў, азёр. На ПдЗ дэльты Рэйна, Шэльды, Мааса. Пад ворывам, садамі, лугамі і пашай 50% тэр. Пад лесам і хмызнякамі 8% тэр. Ёсць дубовыя і букавыя гаі, пасадкі хвоі і таполі, хмызнякі з абляпіхі, верасовыя пусткі. У жывёльным свеце дробныя млекакормячыя (вавёрка, заяц, куніца), шмат птушак. У краіне 3 нац. паркі, больш за 500 невял. прыродных рэзерватаў (агульная пл. каля 100 тыс.га).
Насельніцтва. Пераважаюць галандцы, або нідэрландцы (96%). Да карэннага насельніцтва адносяцца фламандцы (на Пд) і фрызы (на Пн), ёсць выхадцы з Сурынама і Інданезіі, немцы, яўрэі, мараканцы, туркі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты, мусульман 3%. Натуральны прырост блізкі да нулявога. Сярэдняя шчыльн. 466 чал. на 1 км², на ПдЗ дасягае 2000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 83,3%. Найб. гарады (1998, тыс.чал.): Амстэрдам — 1103, Ротэрдам — 1070, Гаага — 495, Лейдэн — 116. Усе гэтыя гарады і шмат інш. уваходзяць у канурбацыю Рандстад, якая аб’ядноўвае гарады і пасёлкі на ПдЗ краіны (каля 6 млн.ж.). У прам-сці і буд-ве занята 23% эканамічна актыўнага насельніцтва. У сельскай гаспадарцы — 4%, у абслуговых галінах — 73%.
Гісторыя. Чалавек засяліў тэр. сучасных Н. у неаліце. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. тут рассяліліся кельты і тэўтонскія плямёны — фрызы, батавы і інш. У 1 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. большасць гэтай тэр. належала Стараж. Рыму. З 5 ст.н.э. землі сучасных Н. (акрамя населеных фрызамі) у складзе Франкскай дзяржавы; пашырылася хрысціянства, фарміраваліся феад. парадкі. Пры распадзе Франкскай дзяржавы тэр. Н. паводле Вердэнскага дагавора 843 увайшла ў склад уладанняў Лотара I (сына Карла Вялікага), паводле Мерсенскага дагавора 870 — у склад Усх.-Франкскага каралеўства. У 10—11 ст. тут утварыўся шэраг феад. уладанняў, залежных ад «Свяшчэннай Рым. імперыі». Адно з іх — графства Галандыя — дасягнула вял. поспехаў у развіцці рамяства. рыбалоўства, сельскай гаспадаркі і ў 13—14 ст. падпарадкавала сабе шэраг суседніх зямель. З 12 ст. хутка раслі гарады, будаваліся плаціны і дамбы для адваявання зямлі ў мора і балот. У 14 ст. з’явіліся першыя мануфактуры. У 1433 Галандыю, потым шэраг інш.феад. уладанняў захапілі герцагі Бургундыі. У межах Бургундскай дзяржавы адбылося аб’яднанне феад. уладанняў (яны сталі наз. правінцыямі) на б.ч.тэр.Нідэрландаў гістарычных (сучасныя Н., Бельгія, Люксембург, ч.Паўн.-Усх. Францыі). У 1463 тут упершыню склікана агульная прадстаўнічая ўстанова — Генеральныя штаты. Пасля распаду Бургундскай дзяржавы нідэрл. землі ўвайшлі ў склад уладанняў Габсбургаў (1482). У 1520—40-я г. імператар Карл V захапіў апошнія самастойныя нідэрл. землі — Фрысландыю, Утрэхт, Аверэйсел, Дрэнтэ, Гронінген, Гелдэрн, якія з раней далучанымі правінцыямі склалі ў 1548 комплекс з 17 правінцый пад агульнай назвай Нідэрланды. Пасля распаду імперыі Карла V гэтыя землі апынуліся (з 1556) пад уладай Іспаніі. У ходзе Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. 7 паўн.-нідэрл. правінцый (Галандыя, Зеландыя, Гелдэрн, Утрэхт, Фрысландыя, Аверэйсел і Гронінген) утварылі (1579) незалежную дзяржаву — Рэспубліку Злучаных правінцый на чале з Ген. штатамі, Дзярж. саветам і штатгальтэрам (кіраўніком выканаўчай улады). Па назве гал. правінцыі яе наз. таксама Галандскай рэспублікай або проста Галандыяй. Паўд. правінцыі (сучасныя Бельгія, Люксембург і асобныя раёны Францыі) засталіся пад уладай Іспаніі, з якой Рэспубліка Злучаных правінцый да 1609 і ў 1621—48 вяла працяглыя войны. Паводле Вестфальскага міру /648 Іспанія фармальна прызнала яе незалежнасць. Вызваленне ад улады ісп.феад.-абсалютысцкай манархіі стварыла спрыяльныя ўмовы для капіталіст. развіцця і стварэння шматгаліновай эканомікі. У 1-й пал. 17 ст. невял. краіна (25 тыс.км², 2 млн.чал.) ператварылася ў буйнейшую гандл.-прамысл. і калан. дзяржаву, фін. цэнтр свету. Гандаль усё больш набываў пасрэдніцкі характар і рабіўся асновай галандскай эканомікі.
У 17 ст. створана галандская калан. імперыя, якая ўключала калоніі Новая Галандыя (Паўн. Амерыка, да 1667), Гвіяна (Паўд. Амерыка, атрымана ў 1667 ад Англіі ў абмен на Новую Галандыю), Капская калонія (Паўд. Афрыка), Галандская Індыя (цяпер Інданезія), в-аў Цэйлон (Шры-Ланка) і інш.Гал. ролю ў калан. палітыцы адыгрывалі манапольныя гандл. кампаніі. што атрымлівалі выключныя правы на гандаль з вял. рэгіёнамі свету, ваен.-адм. кіраванне калоніямі, захоп новых тэрыторый. З іх найбольшыя Ост-Індская (1602—1798) і Вест-Індская (1621—1791) кампаніі. Гандл. і эканам. саперніцтва Галандыі з Англіяй прывяло да Англа-галандскіх войнаў 17 стагоддзя (1652—54, 1665—67, 1672—74), агульным вынікам якіх было аслабленне ваен. і паліт. моцы Галандыі. Цяжкімі для яе былі і войны з Францыяй (1672—78, 1688—97, 1702—13). У 18 ст. Галандская рэспубліка ўступіла ў паласу эканам. заняпаду. Купецкія вярхі, якія кіравалі дзяржавай, асн. ўвагу аддавалі пасрэдніцкаму гандлю, а не вытворчасці. Таму ўжо ў канцы 17 ст. Галандыя саступіла Англіі першынство ў прам-сці, а да сярэдзіны 18 ст. — і ў мараплаўстве, і ў знешнім гандлі. Апошні штатгальтэр Рэспублікі Злучаных правінцый Вільгельм V [1766—95] уцягнуў краіну ў кааліцыйную вайну супраць рэв. Францыі (1793). Акупацыя франц. войскамі (1795) паклала канец існаванню рэспублікі. Ў маі 1795 на тэр. Галандскай рэспублікі абвешчана залежная ад Францыі Батаўская рэспубліка, улады якой скасавалі аўтаномію правінцый, прывілеі дваран і рэшткі прыгонніцтва. У 1806 яна пераўтворана ў Галандскае каралеўства, далучанае ў 1810 да Францыі. Эканоміка краіны была падарвана напалеонаўскімі войнамі і кантынентальнай блакадай. У выніку паражэнняў Напалеона I і нац.-вызв. паўстання да ліст. 1813 франц. панаванне ў Н. скінута. На тэр.б. Галандскай рэспублікі ўтварылася новая канстытуцыйна-манархічная дзяржава. урад якой запрасіў на пасаду кн. Вільгельма Аранскага (сына Вілыельма V). Галандыі былі вернуты Інданезія і некаторыя інш. калоніі, захопленыя Вялікабрытаніяй і яе саюзнікамі ў ходзе войнаў з Францыяй, але Капская калонія, Цэйлон і ч. Гвіяны засталіся за Вялікабрытаніяй. Венскі кангрэс 1814—15 злучыў тэр.б. Галандскай рэспублікі і Бельгіі ў адзінае Нідэрландскае каралеўства (афіцыйна абвешчана 31.5.1815), або Н., на чале з Вільгельмам Аранскім. які пачаў кіраваць як кароль Вільгельм 1 [1815—40], Да каралеўства на падставе асабістай уніі далучыўся Люксембург. У перыяд «Ста дзён» Напалеона I нідэрл. войскі ўдзельнічалі ў бітве сіл антыфранц. кааліцыі з франц. арміяй пры Ватэрлоо (18.6.1815). Канстытуцыя Н. 1815 устанавіла роўнае прадстаўніцтва галандскіх і бельг. правінцый у ніжняй палаце парламента, але Вільгельм I фактычна праводзіў палітыку нац. прыгнёту бельг. насельніцтва, што выклікала Бельгійскую рэвалюцыю 1830, у выніку якой Бельгія стала незалежным каралеўствам. Спроба Н. зноў падпарадкаваць Бельгію ў вайне 1831—33 поспеху не мела. У 1890, пасля смерці караля Вільгельма III (1849—90], спынілася персанальная унія Н. і Люксембурга, які стаў незалежным. Такім чынам, сфарміравалася сучасная тэр. Н. У 1-й пал. 19 ст. заняпад эканомікі Н. пераадолены, але яе развіццё ішло марудна, асабліва ў цяжкай прам-сці. Больш дынамічна развіваліся тэкст.прам-сць і суднабудаўніцтва Сельская гаспадарка заставалася высокаразвітой галіной эканомікі. Паскоранаму эканам. развіццю Н. у 2-й пал. 19 ст. спрыялі прыток капіталу з калоній, даходы ад транзітнага гандлю і вывазу капіталу, дзейнасці Амстэрдамскага, Ротэрдамскага, Нідэрл.-Інд. і інш. банкаў. У выніку зрошчвання банкаўскага і прамысл. капіталу ўзніклі буйныя манаполіі, у т. л. электратэхн. аб’яднанне «Філіпс» (1891), канцэрн «Алгемене кюнстзейдэ юні» (1907). Актывізавалася паліт. жыццё, узнік шэраг партый рознай рэліг. і паліт. афарбоўкі: Ліберальная партыя буйной гандл.-фін. буржуазіі (1830-я г.), пратэстанцкая Антырэв. партыя (1878), Рым.-каталіцкая дзярж. партыя (1901), пратэстанцкі Хрысц.-гіст. саюз (1908) і інш. У 1850-я г. заснаваны першыя прафсаюзы і рабочыя газеты. У Амстэрдаме ўзніклі секцыя Інтэрнацыянала 1-га (1869), Усеагульны нідэрл. рабочы саюз (1871), С.-д. аб’яднанне (1878) і С.-д. саюз (1881).
У 1-ю сусв. вайну Н. захоўвалі нейтралітэт, іх вытворцы і гандляры ўзбагаціліся на продажы ваюючым краінам прамысл. і харч. тавараў. У 1918 С.-д. рабочая партыя Н. перайменавалася ў Камуніст. партыю Н. і ў 1919 увайшла ў Камуністычны Інтэрнацыянал. У 1918—39 краінай кіравалі правыя кааліцыйныя ўрады Рым.-каталіцкай дзярж., Антырэв. партый і Хрысц.-гіст. саюза. У 1930—36 Н. перажылі эканам. крызіс: на /з зменшылася прамысл.вытв-сць, беспрацоўе перавысіла 30%, у стане хаосу апынулася банкаўская сістэма, масава разараліся дробныя сяляне, адбываліся забастоўкі рабочых і служачых. На фоне крызісу актывізаваўся фаш. рух. У 1931 узнікла найбуйнейшая з фаш. арг-цый Н. — Нац.-сацыяліст. рух. У выніку антыфаш. выступленняў працоўных і дзеянняў улад уплыў фаш. арг-цый да 1939 скараціўся, а пасля 2-й сусв. вайны яны забаронены. 10—14.5.1940 Н. захоплены гітлераўскай Германіяй, каралева Вільгельміна [1890—1948] і ўрад эмігрыравалі ў Вялікабрытанію; яп. войскі ў сак. 1942 захапілі Інданезію. Ва ўмовах фаш. акупацыі ў Н. разгарнуўся рух Супраціўлення, праводзіліся масавыя забастоўкі. Да 5.5.1945 брыт. і амер. войскі разам з 5 тыс. змагароў Супраціўлення вызвалілі краіну. У 2-й сусв. вайне загінулі 199 тыс. нідэрландцаў, у т. л. 2,5 тыс.чал. пакараны гітлераўцамі за ўдзел у Супраціўленні. Страты нідэрл. эканомікі склалі 5,6 млрд. долараў, удвая скарацілася вытв-сць. Аднак да 1948 перасягнуты даваен. ўзровень вытв-сці. У пасляваен. час вырасла роля дзярж.-манапал. рэгулявання эканомікі (планаванне на год, рэгіянальнае праграмаванне). На эканоміку Н. станоўча паўплывала адкрыццё багатых радовішчаў газу і нафты. Але распад нідэрл.калан. імперыі працягваўся. У 1945—47 заваявала незалежнасць Інданезія, у 1975 — Нідэрл. Гвіяна (Сурынам). Пад кантролем Н. засталіся Антыльскія (Нідэрл.) а-вы. Адбыліся змены ў паліт. жыцці краіны. Роля бурж. партый, якія скампраметавалі сябе калабарацыянізмам у гады 2-й сусв. вайны, зменшылася, вырас уплыў канфесіянальных арг-цый. На выбарах 1998 найб. колькасць галасоў у 2-й палаце парламента атрымала рэфармісцкая Партыя працы, лідэр якой В.Кок узначаліў кааліцыйны ўрад. З 1980 каралевай Н. з’яўляецца Беатрыкс II з дынастыі Аранскіх-Насаў. Н. — чл.ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Еўрап. Саюза (з 1992) і інш.міжнар.паліт. і эканам. груповак. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 24.2.1992.
Гаспадарка. Н. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна з развітым замежным гандлем і суднаходстам. Па ўзроўні эканам. развіцця займае прыкладна 14-е месца ў свеце, па экспарце і імпарце 7—8-е месца. Валавы ўнутр. даход на 1 чал. за год — 22,2 тыс. долараў (1998). Доля прам-сці складае 21,1%, будаўніцтва — 5,5%, сельскай і лясной гаспадаркі разам з рыбалоўствам — 3,2%, абслуговых галін — 70,2%. Прамысловасць вылучаецца высокім тэхн. узроўнем, высокай кваліфікаванасцю і прадукцыйнасцю працы. Пераважна развіты галіны, якія працуюць на імпартнай сыравіне з наступным экспартам гатовай прадукцыі. Вядучыя пазіцыі ў эканоміцы займаюць буйнейшыя канцэрны «Роял Датч-Шэл» (нафтахімія), «Юнілевер» (быт. хімія і харч. прадукты), «Філіпс» (электратэхніка), «Акза-Нобель» (хім. прадукцыя). Існуе каля 700 тыс. сярэдніх і малых прадпрыемстваў, іх доля ў экспарце 25%. Аснову паліўна-энергет. балансу складаюць (здабыча ў 1997) прыродны газ — 84,5 млрд.м³ (прав. Гронінген) і нафта — 2,1 млн. т. У краіне спажываецца 55% здабытага газу, увозіцца для перапрацоўкі 80—90 млн. т. нафты. Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў каля 100 млн.т, размешчаны яны каля Амстэрдама і Флісінгена. Вытв-сць электраэнергіі 83,3 млрд.кВт∙гадз (1997), каля 7,1 млрд.кВт·гадз імпартуецца. Доля ЦЭС у выпуску электраэнергіі каля 94%, АЭС — каля 5%. У 1997 выплаўлена 5,8 млн.т чыгуну і 6,8 млн.т сталі, гал. ц. Эймёйдэн. Значная выплаўка алюмінію — каля 400 тыс.т (Флісінген, Дэлфзейл), цынку — каля 200 тыс.т (Бюдэл), волава (Арнем). Вядучае месца займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка. Асн. галіны: эл.-тэхн. (электраматоры, абсталяванне для электрастанцый, вымяральныя прылады, быт. электратэхніка; цэнтры — Эйндхавен, Ротэрдам, Зволе, Леўвардэн), хім. машынабудаванне (Амстэрдам, Утрэхт), аўтамабілебудаванне (у 1997 грузавых 35 тыс., легкавых 165 тыс., цэнтры Борн і Эйндхавен), авіябудаванне (Калхавен, Папендрэхт). Н. маюць развітое суднабудаванне, прыкладна 50% суднаў ідзе на экспарт. Асн. верфі ў Ротэрдаме, Амстэрдаме, Східаме, Флісінгене. Н. спецыялізуецца на экспарце хім. прадукцыі (каля 10% сусв.хім. экспарту): вытв-сць угнаенняў, этылену, аміяку, сінт. каўчуку, пластмас, фармацэўтычнай і быт.хім. прадукцыі, лакаў, фарбаў, фарбавальнікаў, асн. цэнтры — Утрэхт, Амстэрдам, прав. Лімбург. У 1997 атрымана 1,7 млн.т азотных угнаенняў, 4,5 млн.т пластмас і сінт. валокнаў. У хім. прам-сці выкарыстоўваецца кухонная соль, каля 2—3 млн.т яе штогод здабываюць на Управ. Аверэйсел. Развіта харч. і харчасмакавая прам-сць са спецыялізацыяй па перапрацоўцы мяса-малочнай прадукцыі і імпартнай какавы. Вядучыя пазіцыі ў сусветным экспарце масла, сыру, згушчанага малака, шакаладу; буйныя прадпрыемствы ў Амстэрдаме, Занстадзе, Східаме, Ротэрдаме. Вылучаецца таксама вытв-сць гароднінных і рыбных кансерваў, маргарыну, піва, цукру. У лёгкай прам-сцінайб. развіта тэкст. (207 млн.м² тканін, 1997), асабліва шарсцяная, баваўняная і шаўковая. Асн. раёны: усх.ч.прав. Аверэйсел (баваўняная), прав.Паўн. Брабант (шарсцяная) і Гелдэрланд (штучная і сінт. пража і тканіны). Гарбарна-абутковая прам-сць выпускае 6,2 млн. пар абутку (1997). Развіта дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць: вытв-сць (1997) піламатэрыялаў 346 тыс.м³, драўнянавалакністых пліт 2,2 млн. умоўных м³, паперы і кардону 3 млн. т. Вытв-сць цэменту 3,5 млн.т (1997). Ёсць прадпрыемствы швейнай, керамічнай і фарфора-фаянсавай прам-сці (Амстэрдам). Сельская гаспадарка высокаінтэнсіўная. Шырока развіта с.-г. кааперацыя. Па вытв-сціс.-г. прадукцыі на 1 га Н. ў 8 разоў апярэджваюць Вялікабрытанію і ў 5 разоў Францыю і Германію. Пл.с.-г. угоддзяў 2 млн.га, у т. л. 0,8 млн.га пад ворывам. Гал. галіна — жывёлагадоўля. Буйн. раг. жывёлы (1997) 4,4 млн. галоў, сярэдні надой на карову 6,6 тыс.л, вытв-сць малака 11,2 млн. т. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): свіней — 14,3, авечак і коз — 1,7, птушкі — 92. Вытв-сць (1997): мяса ў забойнай вазе 3,5 млн.т, воўны 4 тыс.т, яек 9,9 млрд. штук. У раслінаводстве вылучаецца (1997) вытв-сць бульбы (8,1 млн.т, ураджайнасць 437 ц/га), цукр. буракоў (6,4 млн.т, ураджайнасць 548 ц/га), пшаніцы (1,1 млн.т, ураджайнасць 83,7 ц/га). Сеюць таксама жыта, ячмень, авёс, лён. Добра развіта садоўніцтва (збор пладоў 0,7 млн.т), агародніцтва (збор 3,7 млн.т), сусветную вядомасць мае кветкаводства, прадукцыя якога (кветкі, цыбуліны цюльпанаў, нарцысаў, гіяцынтаў, насенне інш. культур) шырока экспартуецца. Па кошце экспарту с.-г. прадукцыі Н. займаюць 2-е месца ў свеце пасля ЗША. Развіта марское рыбалоўства (каля 400 тыс.т штогод), сажалкавае рыбаводства. Транспартчыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 2,8 тыс.км (2 тыс.км электрыфікавана), аўтадарог 127 тыс.км (114,4 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), унутр. водных шляхоў 5 тыс.км. Н. маюць гандл. флот грузападымальнасцю 5,4 млн. дэдвейт-т (1998). Парты абслугоўваюць знешні гандаль Н. і суседнія краіны (асабліва Германію). Гал. парты: Ротэрдам (найб. ў свеце, у 1997 прыняў 34 тыс. марскіх і 130 тыс. рачных суднаў, грузаабарот 400 млн.т), Амстэрдам, Дордрэхт, Эймёйдэн, Флісінген. У краіне 28 аэрапортаў. Авіякампанія «КЛМ» займае 7-е месца ў свеце па перавозцы пасажыраў. У Н. 10,2 тыс.км газаправодаў, 965 км прадуктаправодаў, 418 км нафтаправодаў. Развіты замежны турызм (штогод наведвае больш за 3 млн.чал., найб. з Германіі і ЗША, расходы турыстаў у краіне перавышаюць 6 млрд. долараў). У 1998 экспарт склаў 160 млрд.дол., імпарт 142 млрд.дол.Гал. экспартныя тавары: прыродны газ, прадукцыя эл.-тэхн. прам-сці, судны, хімікаты, лекі, харч. прадукты, кветкі і насенне. Імпартуюцца машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, нафта, разнастайная сыравіна, прадукты трапічнага земляробства. Гал.гандл. партнёры: Германія (27% экспарту, 21% імпарту), Бельгія-Люксембург (адпаведна 13 і 11%), Вялікабрытанія (па 10%), Францыя (11% экспарту), ЗША (9% імпарту), Італія (6% экспарту), краіны Цэнтр. і Усх. Еўропы. Экспарт з Беларусі ў 1997—83,2 млн. (прадукцыя хім. і лёгкай прам-сці, фанера), імпарт — 85,2 млн.дол. (харч. прадукты, лекі, тканіны, аргтэхніка, хімікаты). Грашовая адзінка — гульдэн.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (ваен. паліцыя). Агульная колькасць каля 60 тыс.чал. (1998), у т. л. 57 тыс.чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. У сухап. войсках каля 27 тыс.чал., 600 танкаў, 383 БМП, 269 бронетранспарцёраў, 624 гарматы, 173 мінамёты. У ВПС каля 12 тыс.чал., 170 баявых самалётаў і 12 верталётаў. У ВМС каля 14 тыс.чал., у т. л. 3 тыс.чал. у марской пяхоце, 4 эсмінцы, 12 фрэгатаў, 17 тральшчыкаў, 2 падводныя лодкі; у марской авіяцыі 13 баявых самалётаў і 22 верталёты.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Партыя працы, «Дэмакраты-66», Нар. партыя за свабоду і дэмакратыю, «Зялёныя левыя», Хрысц.-дэмакр. заклік, Рэфармісцкая паліт. федэрацыя, Сацыяліст. партыя і інш.Асн.прафс. цэнтры: Федэрацыя нідэрл. прафсаюзаў (каталіцкая і сацыял-дэмакратычная) і Нідэрл.нац. аб’яднанне хрысц. прафсаюзаў (пратэстанцкае).
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя страхавая і прыватная. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,1, жанчын 81 год (1999). Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс.чал. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,29%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 181 чал., урачамі — 1 на 412 чал. Дзіцячая смяротнасць 5 на 1 тыс. нованароджаных.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Н. уключае пач., прадоўжаную (сярэднюю), вышэйшую і адукацыю дарослых. Да 16-гадовага ўзросту навучанне бясплатнае. Каля 65% школьнікаў Н. вучацца ў прыватных школах. Пач. адукацыя адзіная для дзяцей ва ўзросце 4—12 гадоў. Асн. яе мэта — забеспячэнне развіцця інтэлекту, творчых здольнасцей дзіцяці, сац., культурных і фіз. навыкаў. Выкладаюцца: галандск. і англ. (у апошнія 2 гады навучання) мовы, матэматыка, геаграфія, біялогія, гісторыя, рэліг. і ідэалаг. рухі, музыка, маляванне, фіз. выхаванне, самаабарона, у т. л. дарожная бяспека і інш. Прадоўжаная (сярэдняя) адукацыя (для навучэнцаў ва ўзросце ад 12 да 18—20 гадоў) працягвае стадыю пач. адукацыі, уключае агульнаадук. і прафес. кірункі. У адзінай школьнай сістэме магчыма адначасова з агульнай адукацыяй атрымаць прафес. падрыхтоўку на пач. і сярэднім узроўнях або падрыхтоўку да паступлення ў ВНУ. На працягу першых 3 гадоў навучанне вядзецца па агульнай праграме, якая ўключае 15 абавязковых дысцыплін. Прадоўжаную адукацыю даюць розныя тыпы школ: падрыхтоўчая навуковая (6 гадоў навучання, рыхтуе да паступлення ва ун-т або вышэйшую прафес. ўстанову); вышэйшай агульнай прадоўжанай адукацыі (5 гадоў навучання, рыхтуе да паступлення ў вышэйшую прафес. ўстанову або можна прадоўжыць вучобу ў сярэдняй прафес. установе ці ў 5-м класе падрыхтоўчай навук. школы); у школах сярэдняй агульнай прадоўжанай адукацыі і падрыхтоўчай прафес. тэрмін навучання 4 гады; яны рыхтуюць да пераходу ў сістэму сярэдняй прафес. адукацыі або вытв. вучнёўства. Прадоўжаная адукацыя ўключае таксама асв. работу з моладдзю (арыентацыйныя і адаптацыйныя праграмы для навучэнцаў 16-гадовага ўзросту, якія яшчэ не абралі будучую прафесію або месца навучання), сістэму вытв. вучнёўства (для навучэнцаў 16—20-гадовага ўзросту) і сярэднюю прафес. адукацыю (2—4-гадовыя курсы падрыхтоўкі тэхн., с.-г., аховы здароўя і абслугоўвання, эканам.-адм. кірункаў). Выпускнікі сярэдніх прафес. устаноў могуць прадоўжыць навучанне ў сістэме вышэйшай прафес. адукацыі. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзіць вышэйшая прафес. (ін-ты, тэрмін навучання 4—6 гадоў; выпускнікі атрымліваюць званне інжынера, бакалаўра) і навук. (ун-ты), якая мае 2 фазы. Тэрмін навучання на 1-й фазе 4 гады. Другая фаза мае абмежавальныя ўмовы прыёму і накіравана на падрыхтоўку да навукова-даследчай дзейнасці. Выпускнікі ун-та атрымліваюць акадэмічную ступень майстра. Далейшае навучанне і абарона дысертацыі даюць права на атрыманне ступені доктара. Адукацыя дарослых вядзецца на ўсіх узроўнях у дзярж. і прыватных установах; форма навучання дзённая, вячэрняя (пагадзінная) і завочная. Да сістэмы адукацыі дарослых належыць Адкрыты ун-т, які дае вышэйшую адукацыю і даступны ўсім з 18-гадовага ўзросту. У 1997/98 навуч.г. ў Н. каля 7 тыс.пач. школ (больш за 1,6 млн. дзяцей), 720 сярэдніх агульнаадук. (больш за 830 тыс. вучняў), 59 ін-таў (каля 260 тыс. студэнтаў), 15 ун-таў, у т. л. Адкрыты ун-т (у іх больш за 169 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: у Лейдэне (з 1575), Гронінгене (з 1614), Утрэхце (з 1636), Неймегене (з 1923), Тылбургу, Твэнце (з 1961), Маастрыхце, 2 ун-ты ў Амстэрдаме, у т. л.ун-т Фру, Эразмскі ў Ротэрдаме, тэхнал. ў Дэлфце (з 1842) і Эйндховене (з 1956), с.-г. ў Вагенінгене. Буйнейшыя б-кі: Нац. ў Гаазе, універсітэцкія ў Амстэрдаме, Лейдэне, Утрэхце. У 1997 у Н. 1145 грамадскіх б-к і іх філіялаў; 741 музей (аб’яднаны ў Нідэрландскую асацыяцыю музеяў). Буйнейшыя музеі: Рэмбранта (з 1907), Ван Гога (з 1974), Рэкс (з 1808), бат., гіст. (з 1926), кінематаграфіі (з 1946) у Амстэрдаме; Галандскі літ. музей і цэнтр дакументацыі ў Гаазе; Фрызійскі літ. музей і цэнтр дакументацыі (з 1959) у Леўвардэне; прыродна-гіст. ў Леўвардэне (з 1884), Маастрыхце (з 1912), Ротэрдаме (з 1927); Бойманс (з 1847) і Марыціем (з 1873) у Ротэрдаме; мінералогіі і генеалогіі (з 1912) у Дэлфце; тэкст. вытв-сці (з 1958) у Тылбургу. Навук. даследаванні праводзяцца ун-тамі і НДІ.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Н. больш за 100 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Amsterdamsche Courant» («Амстэрдамскія куранты», з 1619; сучасная назва «De Telegraaf», «Тэлеграф», з 1893), «Algemeen Dagblad» («Усеагульная штодзённая газета», з 1946), «De Volkskrant» («Народная газета», з 1920), «NRC-Handelsblad» («НРК-гандлёвая газета», з 1970), «Het Vrije Volk» («Вольны народ», з 1900), «Het Binnenhof» («Унутраны двор», з 1945), «De Gelderlander» («Гельдэрландзец», з 1848). Інфарм. агенцтвы — Алгемен Недэрландс Персбюро (АНП, каап. аб’яднанне выдаўцоў галандскіх газет, засн. ў 1934), каталіцкае — Каталіск Недэрландс Персбюро (з 1946). Радыёвяшчанне з 1923. Дзейнічаюць 10 агульнанац., 10 рэгіянальных і каля 150 мясц. радыёстанцый. Тэлебачанне з 1951 (з 1967 каляровае, з 1985 спадарожнікавае). Праграмы тэлебачання трансліруюцца на 3 каналах. З 1988 дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Нідэрл. радыёвяшчальная карпарацыя (засн. ў 1969). Перадачы вядуцца на 7 мовах.
Літаратура. Адгалоскі нідэрл. героіка-эпічных песень — у эпасах інш.герм. народаў (англ. «Беавульф», ням. «Песня пра Нібелунгаў» і «Кудруна»), На канец 8 — пач. 9 ст. прыпадае творчасць эпічнага песняра Ф.Бернлефа. Першы помнік нідэрл. л-ры на ніжнефранкскім дыялекце — «Каралінгскія псалмы» (9 ст.). Найбуйнейшы прадстаўнік куртуазнай паэзіі 12 ст. — Хендрык ван Велдэке (песні, нідэрл. версія «Рамана пра Энея»), У 13—14 ст. развіваліся рыцарскія раманы і жывёльны эпас («Пра ліса Рэйнарда»), бюргерская дыдактычная (Я. ван Марлант, Я. ван Бундале) і рэліг. (Хадэвейх, Я. ван Руйсбрук) паэзія, нар. балады («Спадар Халевейн») і рамансы. У 14—15 ст. узнікла рэліг. і свецкая драма («Спектакль пра Антыхрыста», «Ланселот Дацкі» і інш.), маральна-дыдактычныя вершы-«спрокі» (Дз.Потэр). Нідэрл. Адраджэнне (15—16 ст.) адметнае лацінамоўнай творчасцю гуманістаў Агрыкалы, Эразма Ратэрдамскага, І.Секунда і інш.Гуманіст. ідэямі прасякнуты творы на нідэрл. мове Дз.В.Корнхерта, Х.Л.Спігела (трактаты, эпічная паэзія), Я. ван дэр Нота (лірыка). Развіваліся драматургія і паэзія рытараў (К.Эверарт, А. дэ Роверэ, М. дэ Кастэлейн, Г.Бейнс), вядомасць набыла рэліг.-палемічная л-ра (творы Ф.Марнікса ван Сінт-Альдэгондэ), ананімныя песні гёзаў, нар. паэзія. На мяжы 16—17 ст. уласна нідэрл. (галандская) і флам. (бельгійская) л-ры пачалі ўспрымацца як самастойныя. У 17 ст.гуманіст. тэндэнцыі выявіліся ў пострэнесансавым рэалізме Г.А.Брэдэра, творах прадстаўнікоў т.зв. Мейдэнскага згуртавання (драматургія і паэзія П.К.Хофта, проза і паэзія К.Хёйгенса, галантная проза І. ван Хемскерка). Падмурак нідэрл. барока стварылі Г.Гроцый, Ю.Ліпсій, Я.Рэфсен (Рэвій), паэт і драматург І. ван дэн Вондэл (трагедыя «Люцыфер»). На духоўнае жыццё Н. істотна паўплывалі філас. ідэі Б.Спінозы. Адметная з’ява канца эпохі нідэрл. барока — бурлескныя творы В.Г. ван Фокенбраха і любоўная лірыка Я.Лёйкена; папулярнасць набыла творчасць песняра нідэрл. мяшчанства Я.Катса. У эпоху Асветніцтва (18 ст.) найвышэйшыя дасягненні нідэрл. л-ры — драматургія П.Лангендэйка, М.Корвера, Р.Фейта, асветніцкія раманы Э.Волф-Бекер і А.Дэкен, эстэтыка-літаратуразнаўчыя працы Ф.Хемстэрхёйса, публіцыстыка Ю.ван Эфена. У 19 ст. творы Фейта, І.Кінкера і інш. паклалі пачатак рамантызму, найбуйнейшыя прадстаўнікі якога драматург і паэт В.Білдэрдэйк, паэты А.К.Старынг, Х.Толенс, паэт, празаік і публіцыст Э.І.Потгітэр, гіст. раманісты Г.Л.Босбам-Тусен, Я.ван Ленеп, крытык Я.Гел. Развіваліся рэаліст. проза (Н.Бетс, Мультатулі), публіцыстыка (К.Бюскен Хют), драматургія (Х.Я.Схімел). Пад уплывам мадэрнізму ўзнікла літ. група «Пакаленне 80-х», прадстаўнікі якой звярталіся да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, сац. праблем (В.Клос, Ж.Перк, Х.Гортэр, Ф.В.ван Эдэн, Л.ван Дэйсел, А.Вервей, Ф.ван дэр Гус). У пач. 20 ст. ў падтрымку сац.-дэмакр. і рабочага руху выступілі паэтэса Х.Роланд-Холст ван дэр Схалк, празаік Х.Хеерманс. Псіхал.-рэаліст. прозу з элементамі натуралізму стваралі Л.Куперус, Вервей, М.Эмантс. У прозе А. ван Схендэла, паэзіі А.ван дэр Леу, К.А.ван Схелтэма адчувальныя ўплывы неарамантызму і сімвалізму. У 1920—30-я г. традыцыі паэтаў «Пакалення 80-х» прадоўжыў П.К.Баўтэнс. Вядомасць набыла паэзія традыц. форм М.Нейхафа. Х.Ахтэрберга, экспрэсіянісцкая і экзістэнцыялісцкая паэзія і проза Х.Марсмана, А.Роланд-Холста, псіхал.-містычныя і гіст. раманы Ф.Бордэвейка, Ё.ван Амерс-Кюлер, рэліг.-філас. драма В.Э.Фрысланда, рэаліст. проза ван Схендэла, С.Вестдэйка, крытыка і эсэістыка М. тэр Брака, Я.Грэсхафа. У 1930—40-я г. пашырылася антыфаш. тэматыка (творы Ц. дэ Фрыса, М.Дэкера, Г.Бламан). У 1950-я г. ўзнікла паэт. школа т.зв. эксперыменталістаў (Л.Фроман, Х.Каўвенар, Люсеберт, Р.Камперт), да якой у 1960-я г. прымкнулі і празаікі («эксперыментальныя раманы» С.Полет, Я.Бернлефа). Побач з экзістэнцыялісцкай л-рай (В.Ф.Херманс, А.Косман) развівалася рэаліст. проза Я.Волкерса, Х.Мюліса, Х.Хасе. Спалучэнне мастацтва з навукай, т. зв. новы стыль, — вызначальная рыса «постэксперыменталістаў» (Х.Слётэлар, Г.Верхаген). У 1970-я г. з’явілася новае пакаленне паэтаў і празаікаў («группа 70-х гадоў»), якія ў «Маніфесце для 70-х гадоў» выступілі супраць мадэрнізму, заклікалі ствараць л-ру, блізкую і зразумелую для народа (П.Андрысе, Г.Пломб). У л-ры 1980-х г. адметнае месца заняла традыцыяналісцкая (К.Нотэбам, А.ван Хейдэн, Р.ван Рысен) і афарыстычная (К.Стып) паэзія, наватарская драматургія і філас. паэзія Ю.Херцберг. Сярод сучасных нідэрл. пісьменнікаў Л.Ноленс, Г.Мейсінг, Д.Мейсінг, Х.Партакарэра, М.Харт, В. ван дэр Брук, М. ван Памел і інш. Асобныя творы нідэрл. пісьменнікаў на бел. мову пераклалі Л.Баршчэўскі, У.Шатон.
Архітэктура. На тэр. Н. захаваліся мегалітычныя збудаванні эпохі неаліту, рэшткі стараж.-рым. пабудоў (у Валкенбюргу, Элсце). У эпохі сярэднявечча і Адраджэння архітэктура развівалася ў межах адзінай маст. школы на тэр.гіст. правінцыі Н. (гл.Нідэрландскае мастацтва). У 17 ст. пераважалі грамадскія і гандл.-прамысл. збудаванні, звязаныя з суднаходствам і марскім гандлем (будынкі Адміралцейства і Ост-Індскай кампаніі, кварталы гандл. складоў у Амстэрдаме і інш.). З сярэдзіны 17 ст. пашырыўся галандскі варыянт класіцызму, які вызначаўся практычнасцю і прастатой, яснасцю кампазіцыі, стрыманым пластычным дэкорам (Я. ван Кампен, П.Пост, Ф. і Ю. Вінгбанс). У культавым буд-ве пераважалі сціплыя паводле арх. вырашэння пратэстанцкія цэрквы. У 19 ст. інтэнсіўна забудоўваліся гарады. З 1830-х г. пашырыўся эклектызм, з перавагай рацыянальных арх. форм, звязаных з нац. традыцыямі (Э.Гюгел, П.І.Х.Кёйперс і інш.). У пач. 20 ст. ў горадабудаўніцтве вырашаліся праблемы перанаселенасці, эканам. забудовы. У арх. вырашэнні будынкаў дамінаваў функцыяналізм (Я.І.П.Аўд Х.П.Берлаге, Г.Рытвелд, В.Дзюдак, К.ван Тра, К.ван Эстэрэн). Рамант.-экспрэсіўную тэндэнцыю развівалі Х.П.К.дэ Базел, М. дэ Клерк і інш. На развіццё архітэктуры Н. паўплывала дзейнасць групы «Стыль». З канца 1940-х г. пошукі новых арх. форм змяніліся рацыянальным разуменнем функцыян. задач архітэктуры (І.А.Брынкман, Я.Дзёйкер і інш.). Сярод лепшых пабудоў: гандл. цэнтр «Лейнбан» з вуліцамі для пешаходаў (1949—53, арх. І.Х. ван дэн Брук, Я.Б.Бакема), чыг. вакзал у Ротэрдаме, інтэрнат «Бюргервесхёйс» (1958—60) і аэрапорт Схіпхал (1963—67) у Амстэрдаме, новае крыло музея Кролер-Мюлер (1977) у Отэрла і інш. Стылізатарскі кірунак прадстаўлены работамі дэлфцкіх архітэктараў (малапавярховыя пасёлкі, цэрквы; арх. М.Я.Гранпрэ-Мальер і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Н. выяўлены неалітычная кераміка, творы мастацтва кельтаў, ювелірныя вырабы стараж. германцаў. У эпохі сярэднявечча і Адраджэння мастацтва развівалася ў межах адзінай маст. школы на тэр.гіст. правінцыі Н. (гл.Нідэрландскае мастацтва). У канцы 16 ст. вызначыліся 2 самаст.нац. школы: фламандская (гл. ў арт.Бельгія) і галандская. У 17 ст. пераважалі станковы жывапіс і графіка; пашырыўся караваджызм (Д. ван Бабюрэн, П.Бор, В.С. дэ Гест, П.Ф. дэ Грэбер, В.П.Крабет, П.Морэлсе, Х.Тэрбруген, Г. ван Хонтхарст і інш.). У 1620—30-я г. склалася нац. школа рэалізму, якая паўплывала і на развіццё еўрап. мастацтва. Імкненне да выяўлення паўнакроўнасці навакольнага жыцця і натуральнай прыгажосці быт. з’яў прывяло да дыферэнцыяцыі жанраў: партрэт (Ф.Халс, Рэмбрант), пейзаж (Х.Аверкамп, Я. ван Гоен, С. і Я. Ройсдал, А.Кёйп, Х.Сегерс, М.Хобема), нацюрморт (А. ван Беерэн, В.Калф, П.Клас, В.Хеда), быт. (А. ван Астадэ, Я.Вермер, Я.Стэн, Г.Тэрбарх, П. дэ Хох), анімалістычны (Кёйп, П.Потэр) жанры і інш. У канцы 17 ст.нідэрл. мастацтва заняпала, у творах пашырыліся рысы сухой апісальнасці, знешняй прыгажосці і ідэалізацыі. Высокім маст. узроўнем у 17—18 ст. вызначалася дэкар.-прыкладное мастацтва: вырабы з серабра, дэлфцкі фаянс (выкарыстоўвалі формы і матывы кіт. фарфору), размаляваная кафля, масіўная разная мэбля, маст. тканіны і інш. У 1-й пал. 19 ст. пашырыліся кампазіцыі і партрэты ў духу акадэмізму (Я.В.Пінеман), рамант. жанравыя і гіст.-быт. сцэны (А.Шэфер, Х. тэн Катэ), пейзажы ў традыц. манеры гал. мастацтва (А.Схелфхаўт). У 2-й пал. 19 ст. развіваліся рэаліст. жывапіс, які працягваў традыцыі мастацтва 17 ст., і імпрэсіянізм. Сярод найб. значных мастакоў Г.Брэйтнер, Я.Х.Вейсенбрух, Іосеф Ісраэлс, Я. і В. Марысы і інш. У 1880-я г. пачаў сваю творчасць В. ван Гог. Жывапіс і графіка мяжы 19—20 ст. адметныя рысамі сімвалізму і мадэрну (Я.Торап, І.Торн-Прыкер). У пач. 20 ст.вял. ўплыў на мастацтва Н. зрабіла групоўка «Стыль». Склалася самаст. школа скульптуры (М.Андрысен, Х.М.Везелар, Л.Зейл, Х.Кроп, І.Мендэс да Коста, Дж.Радэкер, Л.Х.Сондар і інш.). Развіваліся абстрактнае мастацтва (К.Апел, А.Волтэн, Т. ван Дусбург, П.Мондрыян, Б. ван дэр Лек), экспрэсіянізм (Я.Слёйтэрс), сюррэалізм, поп-арт, кінетычнае мастацтва. З 1960-х г. мастацтва Н. развіваецца ў традыцыях пач. 20 ст. У дэкар.-прыкладным мастацтве высокім маст. узроўнем вызначаюцца мэбля, шкло і тканіны па праектах арх. Х.П.Берлаге і Г.Рытвелда, маст. кераміка, дыванаткацтва.
Музыка. Элементы стараж. песень зафіксаваны ў герм. эпасе «Песня пра Нібелунгаў». З сярэднявечча пашыраны эпічныя, абрадавыя, быт., лірычныя нар. песні, песні пратэсту (рух флагелантаў у 15 ст., гёзы ў рэвалюцыю 16 ст.). Бытавалі і нар. танцы. Нар.муз. мастацтва распаўсюджвалі менестрэлі — выканаўцы на шалмеях, арфе, віёле, псалтэрыі. Пачатак прафес. музыкі звязаны з манастырскай культурай, якая мела высокі ўзровень ужо ў 9—10 ст. (Хукбальд). Мясц.муз. традыцыя ўзбагачалася дасягненнямі інш.муз. культур, што садзейнічала ўздыму Нідэрландскай школы ў 15—16 ст. У 17 ст. пашырыліся інстр. жанры, пратэстанцкія псалмы, расквітнела арганная музыка (Я.П.Свелінк). Інтэнсіўна развівалася муз. жыццё гарадоў, ствараліся калегіі аматараў музыкі, аркестры, першыя нідэрл. оперы («Пераможнае каханне» К.Хакварта). У 1-й пал. 19 ст. акрэсліўся ўздым нац. музыкі, павялічылася ўвага да нац. культуры, фальклору (І Ферхюлст, Р.Хол, В.Нікалаі), адкрываліся муз. школы, ствараліся муз. т-вы. На мяжы 20 ст. ўзнікла нац. кампазітарская школа (Б.Зверс, А.Дыпенбрак, І.Вагенар і іх паслядоўнікі). Пачалося выкарыстанне ў творчасці нац.муз. фальклору (Ю.Ронтген). Развіваліся праграмная сімф. музыка (Зверс, Вагенар, К.Допер), нац. опера (Ронтген). Пачала фарміравацца школа нідэрл. дырыжораў, якія выступалі з сімф. аркестрам т-ва «Кансертгебаў» (сярод кіраўнікоў В.Кес, В.Менгельберг, Э.А. ван Бейнум, Э.Іохум, В. ван Отэрла, Б.Хайтынк). Паявіліся оперныя трупы, оперныя артысты (Я.Урлюс, А. ван Рой). Пасля 1-й сусв. вайны ў музыцы Н. узніклі новыя стылістычныя тэндэнцыі, звязаныя з выкарыстаннем еўрап. прынцыпаў кампазіцыі, у т. л. санорыкі, політанальнасці і інш. (Х.Загвейн, М.Фермелён, Д.Ройнеман, С.Дрэсдэн). Сярод найб. значных сучасных кампазітараў В.Пейпер і яго вучні Г.Ландрэ, Х.Бадынгс, Р.Эсхер, Я.Герадс, О.Кетынг, Х.Кокс, Т. дэ Леуў, П.Схат і інш. У Н. праводзяцца міжнар.муз. фестывалі, у т. л. адзін з буйнейшых у Еўропе Нідэрл.муз. фестываль, і конкурсы, у т. л. арганістаў (з 1951), выканаўцаў на карыёне (з 1959). Працуюць: оперны т-р «Дэ Недэрландсе опера», оперныя кампаніі «Дэ Зёйд-Недэрландсе опера» і «Форум», кампанія «Нідэрландскі балет», 12 сімф. аркестраў, у т. л. Амстэрдамскі, Гаагскі каралеўскі арк. «Рэзідэнсі», хар. аб’яднанне «Голас народа», мужчынскі хор «Апола», хор «Гаагскія спевакі» і інш.; 7 кансерваторый, 3 муз. ліцэі, ф-ты гісторыі і тэорыі музыкі ва ун-тах Амстэрдама, Лейдэна, Утрэхта.
Тэатр. З канца 12 ст. на тэр. Н. наладжваліся прадстаўленні царк. і свецкіх драм. твораў. У 2-й пал. 15 ст. ўзніклі аматарскія т-вы л-ры і тэатра, т. зв. камеры рытараў, звязаныя з нац.-вызв. рухам (ставілі містэрыі, міраклі, маралітэ, у 1606 паказы забаронены). У пач. 17 ст. паявіліся першыя пастаянныя т-ры. Цэнтрам тэатр. жыцця стаў «Амстэрдамскі гарадскі тэатр» (1638, створаны на аснове «Нідэрландскай акадэміі», засн. ў 1617 С.Костэрам). У яго рэпертуары п’есы І. ван дэн Вондэла, Г.А.Брэдэра, П.К.Хофта. Існавала шмат вандроўных труп. Сярод вядучых акцёраў таго часу І.К.Ватыр-Зісеніс, А.К. ван Гермез, Г.І.Грэвелінк, Л.Карлсзан, М.Корвер, А.Ноземан, Я.Пюнт, В. ван дэр Хувен. У 18—19 ст.т-р знаходзіўся пад моцным замежным уплывам. Уздыму нац.т-ра садзейнічала арганізацыя ў Амстэрдаме ў 1870 аб’яднання «Сцэнічны саюз Нідэрландаў», пры якім у 1875 адкрыўся т-р «Нідэрландская сцэна» (узначальваў В.Роярдс). У 1888 створаны т-р «Нідэрлацдскае сцэнічнае аб’яднанне» (з 1912 кіраўнік Г.Хеерманс, з 1917 — Э.Феркадэ), у рэпертуары п’есы Хеерманса, М.Эмантса, Ф.В ван Эдэна, А.Стрындберга, Г. фон Гофмансталя, выступалі акцёры Л.Баўместэр, Я.Мюс, Р.Хопер і інш. У 1910—30-я г. свае трупы ўзначальвалі акцёры і рэжысёры Роярдс, Феркадэ, Л.Салбарн і інш. У 1920-я г. пашыраны аматарскія калектывы. У 1920 Хеерманс адкрыў у Амстэрдаме «Карэ тэатр». У 1940—60-я г. вядучымі калектывамі былі «Гаагская камедыя» (кіраўнікі К.Ласёр, П.Стэнберген) і «Нідэрл. камедыя» (пад кіраўніцтвам Х.В. ван дэр Берга і І. дэ Местра) у Амстэрдаме. З 1950-х г. ставяцца п’есы нац. драматургаў Я.Стала, С.Нотэбама, Я. ван дэр Мерве і сусв. класікі. Т-ры працуюць у гарадах Амстэрдам, Арнем, Гаага, Ротэрдам, Эйндхавен, у краіне шмат тэатр. кабарэ, ёсць эксперым. трупа, т-р для дзяцей. Сярод сучасных майстроў сцэны Л. дэ Бур, А. ван Далсюм, К. ван Дэйк, Ф.Карэлсен, Ш.Кёлер, Э. ван Лінген, Ж.Роярдс-Сандберг, В.Фос, Г.Хермюс.
Кіно. У 1898 зняты першы дакумент. фільм-рэпартаж «Каралеўская сям’я» (рэж. Андэрсен), у 1902 — ігравы кароткаметражны фільм «Прыгоды санкюлота» (рэж. А. і В. Муленсы). У 1910—19 у Харлеме існавала першая кінастудыя, якая выпускала дакумент. і кароткаметражныя ігравыя фільмы. У 1920-я г.нац. кінавытворчасць заняпала. У 1927 у Амстэрдаме створана аб’яднанне «Фільм-ліга» на чале з І.Івенсам, якое імкнулася абнавіць мову дакумент. кіно («Мёртвая вада», рэж. Г.Рутэн; «Зёйдэр-Зе», рэж. Івенс, абодва 1934). Сярод інш. твораў дакумент. кіно «Свет крышталёў» (рэж. Я.Мол), «Востраў Вялікадня» (рэж. Дж.Ферну; абодва 1934), «Стары горад» (1935, рэж. В.Тухінскі), «Балада пра цыліндр» (1936, рэж. М. дэ Хас). Для школы дакумент. кіно характэрны пошук сродкаў выразнасці, паэтычнае адлюстраванне рэчаіснасці ў спалучэнні з вострай публіцыстычнасцю. У 1933 зняты першы гукавы ігравы фільм «Бацька радзімы» (рэж. Г.Я.Тэнісен). У 1930-я г.маст. фільмы ставілі пераважна эмігранты з Германіі. У 1945—50 выпускалі дакумент. стужкі, прысвечаныя руху Супраціўлення (рэж. Р.Хорнекер, П.Рота, Ферну, О. ван Неенхаф і інш.). Сярод маст. фільмаў канца 1950—70-х г. «Фанфары» (1958), «Голас вады» (1967, рэж. абодвух Б.Ханстра), «Месье Хавардэн» (1969, рэж. Х.Кюмель), «Калегі, спыніце шум» (1960), «Міра» (1971, сумесна з Бельгіяй), «Макс Хавелаар» (паводле Мультатулі, 1976; рэж. усіх Ф.Радэмакерс), «Франк і Ева» (1973, рэж. П. дэ ла Пара), «Салдат каралевы» (1977, рэж. П.Верхувен) і інш. З 1980-х г. пачаўся ўздым кінематографа Н.: «Задыхаючыся» (1982, рэж. М.Сакс), «Кафэ-марожанае» (1984, рэж. Д.Ф.Франк), «Аранжавы салдат» (1984, рэж. Верхувен). Сярод фільмаў 1980—90-х г. — «Знікненне» (рэж. Дж.Слёйзер), «Моц» (рэж. Ф.Фокеш; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю жаночага кіно ў Мінску, 1999), «Прыгажуня» (рэж. І.Ахтэм), «Эліне Вера» (рэж. Кюмель), «Ава і Габрыэль» (рэж. Ф. дэ Руй), «Флодэр будуе Манхатан» (рэж. К.Хім) і інш. Сярод кінаакцёраў В. ван Алмерай, В.Андэрсен, К.Брусе, І.Блуменг, М. ван дэ Вен, Т.Ленсінк, П.Фабер, Р. дэ Хоер, Э.Хойтынг, Т.Хююрдэман і інш., рэжысёраў — Верхувен, П.Парэ, І.Стэлінг, В.Хаанстра, Х.Хілкем і інш. Буйнейшыя кінакампаніі — «Алартс», «Анімейтэд Піпл», «Скорпіо-філмс» і інш., кінастудыі — «Сінесентрум», «Карылан-філмс» і інш. У Амстэрдаме і Ротэрдаме праводзяцца міжнар. кінафестывалі дакумент. кіно. Кінематаграфістаў рыхтуюць Кінаінстытут у Амстэрдаме (з 1948) і Акадэмія кіно (з 1958).
Літ.:
Чистозвонов А.Н. Реформационное движение и классовая борьба в Нидерландах в первой половине XVI в. М., 1964;
Серебряный Л.Р. Нидерланды: традиции и современность. М., 1990;
Ошис В.В. История нидерландской литературы. М., 1983;
Крашенинникова Н.Л. Современная архитектура Нидерландов (Голландия). М., 1971;
Виппер Б.Р. Становление реализма в голландской живописи XVII в. М., 1975;
Яго ж. Очерки голландской живописи эпохи расцвета (1640—1670). М., 1962;
Ротенберг Е.И. Западноевропейское искусство XVII в. М., 1971;
Герб і сцяг Нідэрландаў.Да арт.Нідэрланды. Газавыя ўстаноўкі ў Слохтэрэне, на поўначы краіны.Да арт.Нідэрланды. Нафтаачышчальны завод на захадзе краіны.Да арт.Нідэрланды. Польдэры.Да арт.Нідэрланды. Рака Рэйн у Ротэрдаме.Да арт.Нідэрланды. Узяцце «марскімі гёзамі» г. Брыл у 1572. Гравюра 1583.Да арт.Нідэрланды. Руіны г. Ротэрдам. Май 1940.Да арт.Нідэрланды. Набярэжная канала ў Амстэрдаме.Да арт.Нідэрланды. Рэмбрант. Начны дазор. 1642.Да арт.Нідэрланды. Я.Вермер. Майстэрня жывапісца. 1665—70.Да арт.Нідэрланды. Кафлянае пано. Дэлфцкі фаянс. Каля 1700.Да арт.Нідэрланды. П.Мондрыян. Кампазіцыя. 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́ВІЯ (Bolivia),
Рэспубліка Балівія (República de Bolivia), дзяржава ў цэнтр.ч.Паўд. Амерыкі. Мяжуе на З з Перу і Чылі, на Пд з Аргенцінай і Парагваем, на У і Пн з Бразіліяй. Пл. 1098,6 тыс.км². Нас. 8,2 млн.чал. (1994). Афіц. сталіца — г.Сукрэ, фактычная — г.Ла-Пас. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Дзярж. мовы іспанская, кечуа і аймара. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 жн.).
Дзяржаўны лад. Балівія — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1967. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады, узначальвае урад, адказвае за замежную палітыку і абарону краіны, мае права заканадаўчай ініцыятывы, выдае дэкрэты. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму Нац. кангрэсу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэзідэнт і прызначаны ім урад.
Прырода. Балівія займае ўсх. частку Цэнтр. Андаў на З і вял. алювіяльныя раўніны на У. Паміж хрыбтамі Андаў — пласкагор’е Пуна (каля 4 тыс.м над узр. м.), якое абмяжоўваюць Зах. Кардыльера (г. Сахама, 6780 м) на З, Кардыльера-Рэаль і Цэнтр. Кардыльера на У. Карысныя выкапні: волава, свінец, цынк, медзь, серабро, вальфрам, берылій, сурма, вісмут, золата, сера, жал. руда; на ўсх. раўнінах радовішчы прыроднага газу і нафты. Клімат Пуны і Зах. Кардыльеры высакагорны, паўпустынны на З (ападкаў менш як 150 мм за год) і менш засушлівы на У (500—600 мм за год). Т-растудз. 9—11 °C, чэрв. 3—7 °C. На ўсх. схілах Андаў вышынная пояснасць клімату (ападкаў 1500—2000 мм за год). На ўсх. раўнінах клімат субэкватарыяльны (т-ра ад 17 да 28 °C, ападкаў каля 1000 мм за год). Рэкі на У належаць да бас. Амазонкі (Бені—Мамарэ). Пуна — замкнёны з усіх бакоў, пазбаўлены сцёку ў акіян міжгорны басейн з высакагорнымі азёрамі Тытыкака і Паапо, саланчакамі Кайпаса і Уюні. Расліннасць Пуны пераважна паўпустынная. У гарах вертыкальная пояснасць ландшафтаў. На раўнінах трапічныя лясы (на Пн) і саванны, зараснікі калючых хмызнякоў, рэдкалессі (на Пд). Жывёльны свет асабліва багаты і разнастайны ў трапічных лясах на Пн; на пласкагор’і Пуна водзяцца ламы, гуанака, альпака, грызуны, вадаплаўныя птушкі.
Насельніцтва. Каля 63% — індзейцы, пераважна народы кечуа і аймара (у горнай ч. краіны). Трэцюю частку насельніцтва складаюць іспанамоўныя метысы і крэолы, якія жывуць пераважна ў гарадах. Ёсць невял. групы еўрапейцаў, ураджэнцаў суседніх краін. Паводле веравызнання 95% католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 7,5 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана ў Пуне, дзе шчыльнасць дасягае 20—30 чал. На 1 км². У гарадах жыве 51% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1992): Ла-Пас — 711, Санта-Крус — 695, Качабамба — 404, Арура — 183. Сярэдняя працягласць жыцця не перавышае 55 гадоў.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Балівіі насялялі індзейскія плямёны. У 14 ст. іх заваявалі інкі, у 1535—39 — іспанцы, якія далі краіне назву Верхняе Перу і далучылі ў 1542 да віцэ-каралеўства Перу, з 1776 — віцэ-каралеўства Рыо-дэ-Ла-Плата. Здабыча серабра (з 1545) прыносіла вял. даходы ісп. каланізатарам, што выкарыстоўвалі рабскую працу індзейцаў. Самае вял. паўстанне супраць жорсткай эксплуатацыі адбылося ў 1780—81 пад кіраўніцтвам Тупак-Амару II. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 краіна вызвалена ад калан. прыгнёту войскамі С.Балівара, у гонар якога атрымала назву, у жн. 1825 абвешчана незалежнай. У 1836—39 у складзе канфедэрацыі Перу і Балівіі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў горназдабыўную прам-сць краіны стаў пранікаць замежны капітал. У выніку войнаў Балівіі з Чылі (1879—83) і Парагваем (1932—35) Балівія страціла выхад да Ціхага ак. і амаль 2/3 першапач. яе тэрыторыі, багатай волавам і салетрай. У 2-ю сусв. вайну Балівія — чл.антыгітлераўскай кааліцыі, але ў вайне не ўдзельнічала. У 1952 у краіне адбылася бурж.-дэмакр. рэвалюцыя, нацыяналізаваны алавяныя руднікі, праведзена агр. рэформа. Прэзідэнтам у 1952—56 і 1960—64 быў лідэр Нацыяналіст.рэв. руху В. Пас Эстэнсора. Пасля дзярж. перавароту 1964 у 1965 у краіне двойчы ўводзілася надзвычайнае становішча. У некаторых раёнах разгарнуўся партыз. рух (лідэр Э.Гевара), які быў разгромлены восенню 1967 з дапамогай ЗША. У 1967 прынята Канстытуцыя. На працягу ўсёй далейшай гісторыі становішча ў краіне вызначалася нестабільнасцю і барацьбой за ўладу розных ваен.-эканам. груповак. У 1980-я г. зроблены спробы пераходу краіны ад ваен. да грамадз. праўлення. На прэзідэнцкіх выбарах 1993 перамог лідэр Нацыяналіст.рэв. руху Г.Санчэс дэ Ласада, які заявіў пра намер працягваць удасканаленне ўведзенай у 1985 рыначнай мадэлі эканомікі краіны.
Балівія — чл.ААН з 1945, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. асацыяцыі інтэграцыі, інш.міжнар. арг-цый; з 1979 чл. Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994. Дзейнічаюць паліт. партыі і рухі: Левы рэв. рух, Нацыяналіст.рэв. рух, Нацыяналіст.дэмакр. дзеянне, Хрысціянска-дэмакр. партыя і інш. Буйнейшыя прафсаюзы — Балівійскі рабочы цэнтр і Нац. канфедэрацыя сялян.
Гаспадарка. Аснова гаспадаркі — гарнарудная прам-сць экспартнага кірунку. Валавы нац. прадукт за год на душу насельніцтва складае каля 750 дол. ЗША. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці каля 25 (у т. л. гарнаруднай 15), сельскай гаспадаркі 20, транспарту і сувязі 6, унутр. гандлю 11. Дзярж. сектар кантралюе 60% нафтаздабыўной, 100% нафтаперапр. і 70% гарнаруднай прам-сці. Каля 60% экспарту прыпадае на руды каляровых металаў. Вывозяцца канцэнтраты волава (4-е месца ў свеце), сурмы, вальфраму, медзі, свінцу, цынку, а таксама серабро і золата. Прыроднага газу здабываецца каля 6 млрд.м³ штогод, нафты — каля 1—2 млн.т. Невялікія з-ды для выплаўкі медзі ў Аруры і Качабамбе. Выпрацоўваецца 1,8 млрд.кВт·гадз электраэнергіі (1993). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць тэкст., харчасмакавая, метала- і нафтаперапр. галіны; развіваюцца каляровая металургія і нафтахім. прам-сць. Асн.прамысл. цэнтры: Ла-Пас, Санта-Крус, Сукрэ, Качабамба. У сельскай мясцовасці саматужныя і рамесніцкія харч., тэкст. і гарбарныя прадпрыемствы. Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны, хоць у ёй занята палавіна працаздольнага насельніцтва. Агр. рэформа 1953—65 абмежавала буйное землеўладанне. Апрацоўваецца 3,25 млн.га (каля 3% тэр. краіны), лугі і паша займаюць 25%. Таварнае земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўнік, бананы, кава) на ўсх. схілах Андаў і на раўнінах, спажывецкае (кукуруза, пшаніца, бульба, ячмень, авёс, кінаа — мясц. проса) — на пласкагор’і Пуна. Жывёлагадоўля пашавая, разводзяць ламаў, альпака, авечак, козаў, буйн. раг. жывёлу, мулаў. У лясах нарыхтоўка драўніны, соку гевеі, кары хіннага дрэва, лісця кокі. Рыбалоўства на рэках і воз. Тытыкака. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. (1992) чыгунак 3,9 тыс.км, аўтадарог — 38,9 тыс.км. Экспарт складае 705,4 млн.дол. ЗША, імпарт — 864,2 млн.дол. ЗША (1992). Вывозяцца пераважна канцэнтраты рудаў каляровых металаў, прыродны газ (трубаправоды ў Аргенціну і Чылі), драўніна, цукар, бавоўна. У імпарце пераважаюць харч. прадукты, бензін, трансп. сродкі, тавары нар. ўжытку. Гал.гандл. партнёры — ЗША і Аргенціна. Грашовая адзінка — балівійскае песа (балівіяна).
Літаратура. Развіваецца на ісп. мове, а таксама на мовах індзейцаў кечуа і аймара (пераважна фалькл. жанры). Асн.літ. помнік даісп. эпохі — балівійска-перуанская драма «Апу-Альянтай» (на кечуа; апубл. 1853). У калан. перыяд (пач. 16 ст. — 1825) пераважалі гісторыка-быт. хронікі. У канцы 18 — пач. 19 ст. на фарміраванне л-ры паўплывалі патрыят. публіцыстыка В.Пасаса Канкі, паэзія Х.І. дэ Санхінеса і паэта-індзейца Х.Уальпарымачы Майты. У 19 ст. панаваў рамантызм (паэты Р.Х.Бустамантэ, Н.Галінда, М.Х.Мухія, раманісты Н.Агірэ, М.С.Кабальера, С.Вака Гусман, драматургі Ф.Рэес Ортыс, Х.Расенда Гуцьерэс і інш.). У канцы 19 ст. ўзнік «кастумбрызм» — бытапісальныя аповесці і апавяданні Л.Ансаатэгі дэ Кампера, А.Самудыо, Х.Лукаса Хаймеса і інш.; у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (Р.Хаймес Фрэйрэ, Ф.Тамаё, Г.Рэйнальдс, Х.Э.Гера і інш.). На пач. 20 ст. з’явіліся рэалістычныя («Крэольскае жыццё» і «Бронзавая раса» А.Аргедаса, «У нетрах Патасі» і «Варварскія старонкі» Х.Мендосы) і сатыр. (А.Чырвечэса) раманы, сац. паэзія. З 1930-х г. у прозе ўзнікла т.зв. індыянісцкая л-ра пра жыццё індзейцаў (Аргедас, Р.Батэльё Гасальвес, А.Гільен Пінта, Н.Парда Валье і інш.). Асобнае месца ў л-ры 1950—60-х г. займае творчасць Х.Лары, стваральніка раманаў пра барацьбу індзейцаў за сац. справядлівасць. У 1960—70-я г. набылі вядомасць празаік Р.Прада Аропес (раман «Хто запальвае золак»), паэт П.Шымосе і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У 5—8 ст.тэр. Балівіі — адзін з цэнтраў культуры стараж. Амерыкі. У Тыяуанака (бераг воз. Тытыкака) захаваліся помнікі архітэктуры 1-га тыс. да нашай эры — 1-га тыс. нашай эры (узгорак-піраміда Акапана, комплекс Каласасая, «Палац саркафагаў»), скульптура (рэльефы «Варотаў Сонца»), маст. кераміка, тканіны, ювелірныя вырабы. Спалучэнне еўрап. узораў і мясц. традыцый прывяло да стварэння цікавай барочнай архітэктуры 18 ст. (Манетны двор і царква Сан-Ларэнса ў Патасі, палацы Вільявердэ і царква Сан-Франсіска ў Ла-Пасе і інш.), твораў выяўл. мастацтва (С. дэ ла Крус). З 18 ст. жывапіс прытрымліваўся еўрап. канонаў і меў пераважна рэліг. характар (М.Перэс дэ Альгуін). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры быў пашыраны эклектызм і мадэрн, з сярэдзіны 20 ст. ўзводзяцца грамадскія будынкі сучаснай архітэктуры. З 1920-х г. фарміравалася нац. школа выяўл. мастацтва. Мастакі С.Гусман дэ Рохас, Р.Бердэсіо, М.Эхіда, А.Рэке Мерувія, скульптары М.Нуньес дэль Прада, У.Альмарас, Э.Лухан звярталіся да гісторыі і сучаснага жыцця свайго народа, прыгажосці роднай прыроды. На ПдЗ краіны захаваліся традыцыі індзейцаў кечуа (ткацтва, ювелірныя вырабы), на ПнЗ — аймара (кераміка, разьба па камені, ткацтва).
Літ.:
Сашин Г.З. Боливия: Очерк новейшей истории. М., 1976;
Боливия: тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1990;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972.
П.І.Рогач (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Балівіі.Да арт. Балівія. Рэльеф калоны царквы Сан-Франсіска ў Ла-Пасе. 1743—84.Да арт. Балівія. Пласкагор’е Альтыплана ў раёне г. Ла-Пас і возера Тытыкака.Да арт. Балівія. Фрагмент партала царквы Сан-Ларэнса ў Патасі. 1728—44.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛМЫ́КІЯ, Рэспубліка Калмыкія,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 76,1 тыс.км². Нас. 319 тыс.чал. (1996), гарадскога 39%. Сярэдняя шчыльнасць 4,2 чал. на 1 км². Жывуць калмыкі (45,4%), рускія (37,7%), даргінцы (4%), чэчэнцы (2,6%), казахі (1,9%), немцы (1,7%) і інш. Сталіца — г.Зліста. Гарады: Лагань, Гарадавікоўск.
Прырода. К. займае ч. Прыкаспійскай нізіны (Чорныя землі на Пд і Сарпінская нізіна на Пн). На Зўзв. Ергені (выш. да 221 м), на ПдЗ Кума-Маныцкая ўпадзіна. Паверхня раўнінная, нахіленая да Каспійскага м., узровень якога ў апошні час павышаецца, што прыводзіць да падтаплення нізінных участкаў. Карысныя выкапні: прыродны газ і нафта, кухонная і глаўберава солі, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны з гарачым сухім летам і маласнежнай зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -5 — -8 °C, ліп. 23—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 170 мм на ПдУ да 400 мм на ПнЗ. Паверхневых вод мала. Рэкі, што сцякаюць з Ергенёў, летам перасыхаюць. На мяжы з Дагестанам р. Кума, якая выкарыстоўваецца на арашэнне. Шмат мелкаводных салёных азёр (Сарпінскія, Маныч-Гудзіла і інш.) і ліманаў. Чаграйскае вадасховішча. Глебы на Пн светла-каштанавыя, на З каштанавыя, на У і ПдУ бурыя паўпустынныя з саланцамі і саланчакамі чаргуюцца з масівамі пяскоў, што развяваюцца. Расліннасць злакавая (кавыльна-ціпчаковая), злакава-палынная і палынная; у лагчынах Ергенёў растуць вярба, асіна, вяз. На берагах азёр і мелкаводдзяў Каспійскага м. зараснікі трыснягу. З млекакормячых характэрны грызуны, з буйных капытных — сайгакі.
Гісторыя. Тэр. К. заселена з эпохі палеаліту. У 7—5 ст. да н.э. тут і на суседніх землях жылі скіфы, у 4 ст. да н.э. — 6 ст.н. э. — аланы і сарматы. З сярэдзіны 7 ст.тэр. Ніжняга Паволжа ўвайшла ў Хазарскі каганат, з сярэдзіны 11 ст. — ч. тэрыторыі полаўцаў, з 1240-х г. — у складзе Залатой Арды, пасля яе распаду ў 1460-я г. — Астраханскага ханства, якое ў 1566 далучана да Расіі. У пач. 17 ст. ў міжрэчча Урала, Волгі і Дона прыйшлі айраты (продкі калмыкаў), выхадцы з Цэнтр Азіі, што раней жылі ў Джунгарыі і займаліся качавой жывёлагадоўляй. У 17 ст. сярод калмыкаў пашырыўся ламаізм. Пад націскам феадалаў Кітая, Манголіі і каз. ханаў калмыкі адкачавалі да ніжняга Дона і Волгі і ў 2-й пал. 17 ст. ўтварылі тут Калм. ханства. У 1608—09 ч.феад. аб’яднанняў айратаў прыняла рас. падданства і пачала качаваць у раёнах Паўд. і Зах. Сібіры. Іншыя феад. аб’яднанні калмыкаў увайшлі ў Рас. дзяржаву ў 17—18 ст. Калмыкі ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна і Е.І.Пугачова. У 1771 з-за ўціску царскай адміністрацыі большасць калмыкаў адкачавала ў Кігай, астатнія (каля 13 тыс. сямей) перайшлі ў падпарадкаванне Астраханскага губ. кіравання. У 2-й пал. 18 ст. царскі ўрад перасяліў ч. калмыкаў на рэкі Урал, Церак і Куму. У канцы 18 ст. невял. іх колькасць, што жыла на Доне, залічана ў казацкае саслоўе Вобласці войска Данскога. У 1861 Вялікадэрбетаўскі улус перададзены з Астраханскай у Стаўрапольскую губ.Адм.-тэр. расчляненне калм. народа прыпыніла працэс яго нац. кансалідацыі. Да 1917 у К. панаваў феад.-патрыярхальны ўклад жыцця. У лют. — сак 1918 устаноўлена сав. ўлада. У 1919 — пач. 1920 большая ч. К. захоплена войскамі ген. А.І.Дзянікіна.
4.11.1920 утворана Калм.аўт.вобл. у складзе РСФСР, з 1935 — Калм. АССР. У 1921—23 шмат калмыкаў загінула ў выніку голаду. У Айч. вайну ч. К. акупіравана ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У 1943 калм. насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з акупантамі і дэпартавана ў Сібір, ліквідавана аўтаномія калмыкаў (адноўлена ў 1957). У кастр. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у вер. 1991 уведзена пасада прэзідэнта, у лют. 1992 прынята назва Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны федэральны дагавор з Рас. Федэрацыяй.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (паводле аб’ёму прадукцыі, што вырабляецца): электраэнергетыка, харч., паліўная, буд. матэрыялаў, машынабудаванне і металаапрацоўка, мукамольна-крупяная, лёгкая, дрэваапрацоўчая. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млн.кВт-гадз (1995). У харч. прам-сці (22% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, малочная, кансервавая, рыбная, хлебапякарная. Асн. прадпрыемствы: мясакамбінаты (Эліста, Гарадавікоўск, Лагань), маслазаводы (Эліста, Гарадавікоўск, Яшалта), рыбныя (Лагань, Яшалта). Развіваецца нафтавая і газавая прам-сць. Здабыча нафты (уключаючы газавы кандэнсат) — 339 тыс.т (1996). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі: керамзітавым, цагельным, жалезабетонных вырабаў, домабуд. камбінатам, кар’ерамі па здабычы бутавага каменю. Ёсць машынабуд. з-ды (Эліста, Лагань) і прадпрыемствы па абслугоўванні рыбалавецкага флоту (Лагань). Прадпрыемствы лёгкай (швейная і трыкат. ф-кі) і дрэваапр. (мэблевая ф-ка) прам-сці ў Элісце. Нар.маст. промыслы (разьба і размалёўка па дрэве, цісненне скур, вышыўка, аздабленне сярэбраных вырабаў чаканкай, гравіроўкай, чэрню). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на танкаруннай авечкагадоўлі і мясной жывёлагадоўлі. Выкарыстоўваюцца ў асноўным пашавыя ўгоддзі (каля 70% с.-г. зямель). На Чорных землях, дзе снегу амаль не бывае, авечак пасуць і зімой. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (калмыцкая парода). Вытв-сць мяса 36 тыс.т, настрыг воўны 5,7 тыс.т (1995). Вярблюдагадоўля. Земляробства больш развіта на З і ПнЗ. Ворныя землі займаюць каля 1 млн.га. Сеюць збожжавыя (пшаніцу), тэхн. (сланечнік), агароднінна-бахчавыя, кармавыя культуры. Збор (тыс.т, 1995) збожжавых —287, сланечніку — 24. Праводзіцца арашэнне і абвадненне зямель. Чорназямельская, Праваегарлыкская, Сарпінская, Аршань-Зельменская і інш. абвадняльна-арашальныя сістэмы. Асн. роля ва ўнутр. перавозках належыць аўтамаб. транспарту. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2,8 тыс.км (1996). Гал. аўтадарогі Стаўрапаль—Эліста—Астрахань, Эліста—Валгаград; чыгункі Астрахань—Кізляр, Эліста—Светлаград. Паветр. транспарт (аэрапорт у г. Эліста). Экспарт (24,8 млрд.руб., 1994): мяса, воўна, скура, кансервы, нафта і інш. Імпарт (28,3 млрд.руб., 1995): метал, машыны, абсталяванне і інш.
Літаратура. Узнікла на базе вуснай нар. творчасці (паданні, легенды, песні, гераічны эпас «Джангар»), а таксама зазнала ўплыў культур Манголіі, Тыбета, Індыі. Да стварэння ў 17 ст.калм. пісьменства калмыкі карысталіся агульнаманг. алфавітам, мелі агульную з манголамі л-ру. У 17 ст. зарадзілася ўласна калм.л-ра («Месяцавае святло» і інш.). У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся вольналюбівыя вершы Анчхана Джыргала, паэзія Баавана Бадмы (сатыр. паэма «Улагоджванне слыху»). Развіццё л-ры, пераважна паэзіі, у 1920—30-я г. звязана з імёнамі Х.Канукава, Н.Манджыева. Першыя празаічныя творы належаць Манджыеву (апавяданні), А.Амур-Санану (аповесці «Мудрошкін сын», «У стэпе»). У л-ру прыйшлі Б.Басангаў (аповесць «Праўда мінулых гадоў», п’есы), К.Эрэнджэнаў (вершы, паэмы), С.Каляеў (вершы, паэмы), Х.Сян-Белгін (героіка-драм. паэма «Змагар-сірата»; вершы, апавяданні, нарысы), паэты А.Сусееў, Л.Інджыеў, Д.Кугульцінаў, Б.Джымбінаў, драматург Б.Эрдніеў і інш. У творах асэнсоўванне гіст. мінулага, адлюстраванне тагачасных падзей у жыцці калм. народа. У Вял.Айч. вайну найб. пашыраны вершы, апавяданні, публіцыстыка. Для л-ры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны маральна-этычная праблематыка, тэмы мінулай вайны, стваральнай працы: паэзія Б.Сангаджыевай (першая паэтэса-калмычка), М.Ханінава, М.Нармаева, Каляева, Кугульцінава, Сусеева, Эрэнджэнава; раманы і аповесці Б.Дарджыева, Інджыева, А.Балакаева, Эрэнджэнава, п’есы Эрдніева і інш. Развіваецца таксама дзіцячая л-ра. У перакладзе на калм. мову выдадзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, А.Пысіна. На бел. мову перакладзены асобныя творы Кугульцінава, Ханінава, Джымбінава (перакладалі А.Звонак, Р.Барадулін, А.Грачанікаў, М.Чарняўскі, Ю.Свірка, Броўка, М.Танк, Пысін, С.Грахоўскі, М.Аўрамчык, К.Камейша, Г.Бураўкін, І.Калеснік).
Архітэктура і мастацтва. У 17—19 ст. жыллём калмыкаў-качэўнікаў служыла зборна-разборнае жытло (гер) з рашотчатым каркасам, накрытым лямцам. З пашырэннем ламаізму будавалі манастыры-хурулы — комплексы першапачаткова лямцавых, потым драўляных, з канца 19 ст. цагляных і каменных будынкаў. Гал. храм, звычайна 2—3-ярусны, пірамідальны, меў увянчаны вежай высокі цэнтр. аб’ём, які аздабляўся разьбой, размалёўкай, бронз. скульптурай, абразамі. Нар. мастацтва склалася ва ўмовах качавога побыту. Драўляныя часткі юртаў, мэблю, хатняе начынне ўпрыгожвалі разьбой і размалёўкай, якія стваралі ўражанне аб’ёмнасці ўзору. Цісненнем (раслінныя матывы, салярныя знакі, матывы рагоў) аздаблялі вырабы са скуры, вышыўкай і аплікацыяй — з лямцу, а таксама жаночае адзенне (залатыя і сярэбраныя ніткі з каляровай воўны, тасьмой, часам бісерам). Вырабы з серабра ўпрыгожвалі чэрню, гравіроўкай, чаканкай. У 18—19 ст., пад уплывам тыбета-манг. традыцый у выяўл. мастацтве пераважалі іканапіс і дрэварытнае друкаванне кніг і абразоў. За межамі К. працавалі графік Ф.Калмык і жывапісец А.Ягораў. У 20 ст. архітэктура развівалася ў агульнасавецкім рэчышчы. Сярод архітэктараў: Дж. і М.Пюрвеевы, В.Цялегін, В.Савельеў і інш. Развіваецца выяўл. мастацтва (жывапісцы К.Алвдаеў, Г.Ракчынскі, тэатр. мастак Дз.Сычоў, графік Б.Данільчанка, скульптар М.Санджыеў і інш).
Музыка. Да пач. 1920-х г.нар.муз. творчасць калмыкаў існавала ў вуснай традыцыі. Сярод гіст., прац., абрадавых, эпічных і лірычных песень і прыпевак вылучаліся працяжныя песні ут дун без суправаджэння з уласцівымі ім імправізацыйнасцю, багатай мелізматыкай, глісандаваннем, рытмічнай свабодай; кароткія песні ахр дун з акампанементам дамбры, адметныя меладычнасцю і дакладным рытмам, а таксама песні-танцы, песні-жарты келдг білдж дун, бліз кія да прыпевак. Асаблівае месца займаў эпас «Джангар», які выконвалі спевакі-джангарчы ў рэчытатыўнай манеры. Ладавая аснова нар. музыкі К. — дыятоніка, трапляюцца і элементы пентатонікі. Нар. танцы К. строга дыферэнцаваны: мужчынскія — хуткія, тэмпераментныя, жаночыя — лірычныя і павольныя. Сярод нар. інструментаў: струнна-смычковы хур, струнна-шчыпковая дамбра, духавыя бічкюр, гангдн, бюра, ухр-бюра, дунг, ударныя цанг, арамбру, кенкерге, каранг, хонха, з пач. 20 ст. і гармонік. У пач. 1920-х г. зарадзілася маст. самадзейнасць. Пачаліся збіранне і апрацоўка нар. песень. У 1930-я г. на аснове нац.муз. фальклору створаны першыя сімф. творы (В.Гайгерава, А.Спадавекія). Першы прафес. кампазітар — П.Чанкушоў (балет «Жывая вада», 1979; творы розных жанраў). Працуюць: ансамбль песні і танца «Цюльпан» (з 1937) з аркестрам нар. інструментаў (з 1970), філармонія (з 1939), муз. вучылішча (Эліста, з 1960), дзіцячыя муз. шкалы.
Літ.:
Очерки истории Калмыцкой АССР. [Т. 1—2.] М., 1967—70;
История калмыцкой литературы. Т. 1—2. Элиста, 1980—81;
Тритуз М.Л. Музыкальная культура Калмыцкой АССР. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНЫЯ РЭФО́РМЫ,
пераўтварэнні сістэм землеўладання і землекарыстання. Абумоўлены патрэбамі эканам. і сац. развіцця грамадства, сял. рухам за зямлю. Пераважна маюць антыфеад. характар, паколькі ў асноўным накіраваны на ліквідацыю феад. перажыткаў у агр. сектары.
Аграрныя рэформы, праведзеныя ў шэрагу краін Зах. Еўропы ў перыяд бурж. рэвалюцый 17—19 ст., нанеслі сур’ёзны ўдар па феад. адносінах і расчысцілі шлях капіталіст. развіццю ў сельскай гаспадарцы (Вялікабрытанія, Францыя). Шырокі размах аграрныя рэформы набылі пасля 2-й сусв. вайны ў краінах Азіі і Лац. Амерыкі; іх мэта — ліквідацыя феад., патрыярхальна-радавых адносін і каланіяльнай зямельнай уласнасці. У краінах сацыяліст. арыентацыі аграрныя рэформы ажыццяўляліся рознымі метадамі, але прадугледжвалі ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і пэўныя абмежаванні прыватнага землекарыстання. У развітых капіталіст. краінах аграрныя рэформы былі накіраваны на стварэнне буйной с.-г. вытв-сці на базе дасягненняў навукова-тэхн. прагрэсу.
На Беларусі адна з першых аграрных рэформаў — валочная памера, праведзеная ў сярэдзіне 16 — 1-й пал. 17 ст. ў ВКЛ у сувязі з развіццём фальварковай гаспадаркі, вызначыла прынцыпы землекарыстання ўсяго бел. сялянства. Паводле Тызенгаўза рэформы 1765дзярж. сяляне каралеўскіх эканомій пераведзены з аброчнай павіннасці на паншчынную пры адначасовым рэгуляванні іх зямельных надзелаў. У 1830 — 50-я г. царскі ўрад ажыццявіў дзяржаўнай вёскі рэформу, у выніку якой у дзярж. маёнтках зах. губерняў ліквідаваны фальваркі, зямля раздадзена сялянам, а паншчына заменена аброкам. Інвентарная рэформа 1840—50-х гадоў вызначыла памер сял. зямельнага фонду ў прыватнаўласніцкіх маёнтках. Паводле сялянскай рэформы 1861 сяляне вызвалены ад прыгону і надзелены зямлёй. Гэта буйнейшая аграрная рэформа азначала пераход Расіі, у т. л. Беларусі, ад феадалізму да капіталізму, хоць і пасля гэтага феад. перажыткі яшчэ доўга захоўваліся. На дзярж. землях Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны праведзена дзяржаўных сялян рэформа 1867, паводле якой сяляне пераводзіліся на выкуп і далучаліся да разраду сялян-уласнікаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі і ў Літве царскі ўрад праводзіў землеўпарадкаванне вольных людзей, якія павінны былі выкупіць арандаваныя землі або адмовіцца ад карыстання імі. Аналагічны характар мела чыншавая рэформа 1886, паводле якой арандатарам-чыншавікам Беларусі, Правабярэжнай Украіны і Літвы неабходна было пацвердзіць свае правы на карыстанне зямлёй і выкупіць яе, інакш з гэтай зямлі іх зганялі. З мэтай стымулявання агр. капіталізму ў ліст. 1906 — чэрв. 1917 ажыццяўлялася сталыпінская аграрная рэформа. У Зах. Беларусі зямельная рэформа 1925 прадугледжвала выкуп за поўны кошт часткі дзярж. і памешчыцкіх зямель, садзейнічала паскарэнню хутарызацыі, насаджэнню на «крэсах усходніх» польскіх вайск. і цывільных каланістаў — асаднікаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 зямля ў Расіі, у т. л. на Беларусі, была нацыяналізавана і перададзена бядняцкім і серадняцкім гаспадаркам. Але ў час калектывізацыі яе ў сялян адабралі і перадалі ў калектыўнае карыстанне калгасам і саўгасам. Пасля распаду СССР у постсацыяліст. краінах з пач. 1990-х г. ажыццяўляюцца новыя аграрныя рэформы. Сутнасць іх у краінах Балтыі і Усх. Еўропы — ва ўмацаванні прыватнага землеўладання, у Расіі, Беларусі і інш.б.сав. рэспубліках — у стварэнні шматукладнай эканомікі ў агр. сектары (арэнда зямлі, рэарганізацыя калгасаў і саўгасаў у акц.т-вы, аграфірмы, кааператывы, стварэнне фермерскіх гаспадарак і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДУКА́ЦЫЯ (ад лац. educatio выхаванне),
працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у навуч. установах або самаадукацыяй. У больш шырокім плане — культурнаадукац. прастора, якая ахоплівае сям’ю, разнастайныя навуч.-выхаваўчыя і пазашкольныя ўстановы, нефармальную адукацыю, сац.-пед. інфармаструктуру, адукац. працэсы на вытв-сці і ў грамадска-культ. жыцці, самаадукацыі і інш., дзе ўзнаўляецца і ўдасканальваецца інтэлектуальна-творчы і прафес.-кваліфікацыйны патэнцыял народа. Бел.нац. Сістэма адукацыі ўключае агульную, прафес. адукацыю, сямейнае, грамадскае выхаванне, самаадукацыю і самавыхаванне. У залежнасці ад аб’ёму і тэрмінаў навучання адрозніваюць: адукацыю агульную — пачатковы, базавы і сярэдні ўзроўні; прафесійную адукацыю — дапрафес. (прафесійная арыентацыя, адбор) і сярэдняя прафес. падрыхтоўка; вышэйшую адукацыю — падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін навукі, тэхнікі і культуры; адукацыя дарослых (паслядыпломная адукацыя). Паводле формы навучання адукацыя бывае дзённая (стацыянарная), вячэрняя і завочная, паводле адносін да царквы — свецкая (незалежная ад уплыву царквы) і канфесійная (кантралюе царква). Змест адукацыі вызначаецца станам навукі, тэхнікі, культуры, мастацтва, міжнар. і нац. стандартамі, вучэбнымі планамі і праграмамі.
Дзярж. палітыка Беларусі ў галіне адукацыі грунтуецца на прынцыпах: даступнасць усіх відаў адукацыі; стварэнне ўмоў для выбару формаў навучання; прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцяў; нац.-культ. аснова адукацыі; навуковасць; арыентацыя на сусв. ўзровень, вывучэнне і выкарыстанне вопыту развітых краін свету, запазычанне іх дасягненняў і стандартаў; гуманізм, увага да схільнасцяў і інтарэсаў асобы, магчымасць свабоднай самарэалізацыі; сувязь з грамадскай практыкай, якая гарантуе ўзаемадзеянне адукацыі з вытв-сцю, спрыяе сацыялізацыі асобы, яе адаптацыі да розных формаў жыццядзейнасці; экалагічная накіраванасць; адзінства навучання, духоўнага і фіз. ўдасканалення; дэмакратызм (праз яго ўсталёўваецца павага і давер паміж педагогамі, навучэнцамі і бацькамі); свецкі характар, які адначасова забяспечвае грамадзянскае навучанне і выхаванне ў дзярж.навуч. установах і ахову свабоды сумлення і веравызнання чалавека; заахвочванне адукаванасці; пераемнасць і бесперапыннасць адукацыі; выкарыстанне і развіццё нар. педагогікі беларусаў; падтрымка самаадукацыі і самавыхавання, інтэлектуальных і духоўных імкненняў асобы; абавязковасць базавай адукацыі ў якасці вызначальнага ўзроўню навучання і выхавання. Гал. мэты нац. сістэмы адукацыі: спрыянне гарманічнаму развіццю асобы, поўнай рэалізацыі яе стваральных здольнасцяў; фарміраванне і ўмацаванне нац. свядомасці і адначасова пачуцця павагі да іншых краін і народаў свету; авалоданне дзярж. мовай; захаванне і памнажэнне інтэлектуальнай уласнасці і культ.-гіст. каштоўнасцяў бел. народа і інш.нац. супольнасцяў рэспублікі; падрыхтоўка да самаст. жыцця; садзейнічанне інтэлектуальным памкненням асобы.
Усе жыхары Беларусі забяспечваюцца роўнымі правамі і магчымасцямі для атрымання агульнай і прафес. адукацыі з улікам нац. традыцый, індывід. патрэб, здольнасцяў; бясплатным навучаннем у дзярж. базавых школах, а таксама інш.навуч. установах. Нац. сістэма адукацыі падтрымлівае асабліва здольных і таленавітых дзяцей; ажыццяўляе сац. дапамогу ў навучанні дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, з разумовымі ці фіз. недахопамі, сірот, інвалідаў з маленства, дзяцей, якія не маюць апекі бацькоў. З мэтай забеспячэння цэласнай сістэмы навуч.выхаваўчай работы па фарміраванні ўсебакова развітой асобы ў Рэспубліцы Беларусь распрацаваны шэраг заканадаўчых, дырэктыўных, нарматыўных дакументаў: законы «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991), «Аб правах дзіцяці» (1993); канцэпцыі адукацыі і выхавання, выхавання ў нац. школе Беларусі, навучання, выхавання і падрыхтоўкі да жыцця дзяцей з недахопамі ў разумовым і фіз. развіцці (усе 1993), а таксама комплексная праграма развіцця адукацыі і выхавання на Беларусі на перыяд да 2000 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВА́РЫЯ (Bayern),
зямля (адм. адзінка) на ПдФРГ. Пл. 70,6 тыс.км². 11,9 млн.чал.(1994). Адм. ц. — г.Мюнхен; найбуйнейшыя гарады: Нюрнберг, Аўгсбург, Рэгенсбург, Вюрцбург, Пасаў. Амаль уся тэр. Баварыі размяшчаецца на Баварскім пласкагор’і і Франконскім Альбе. На У невысокія горы Чэшскага і Баварскага Лесу, Шумавы; на Пд адгор’і Цірольскіх Альпаў (г. Цугшпітцэ, 2963 м). Больш за 30% тэрыторыі пад лесам. Густая сетка рэк (Дунай з прытокамі, Майн), на Пд шмат азёраў.
Клімат умераны. Сярэдняя т-ра ліп. 17 °C, студз. каля 2 °C, ападкаў 935 мм за год Невял. радовішчы жал. руды, бурага вугалю, солі, графіту, нафты. Большасць насельніцтва занята ў прам-сці. Каля 50% электраэнергіі даюць ГЭС. Ёсць АЭС. Вядучая галіна — машынабудаванне: электратэхнічнае, агульнае (у т. л.вытв-сць падшыпнікаў), транспартнае (аўта- і самалётабудаванне), дакладная механіка. Развіты нафтаперапрацоўка і нафтахімія, вытв-сць алюмінію. Важнае значэнне маюць тэкст. і швейная, шклокерамічная, харч. (вытв-сць сыроў, піва, масла, цукру), дрэваапр.прам-сць. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукр. буракі, хмель, агародніну, вінаград. Жывёлагадоўля. Густая сетка чыгунах (амаль усе электрыфікаваны) і аўтадарог. Суднаходства па Дунаі і Майне. Курорты. Турызм.
Гісторыя. Баварскае герцагства з цэнтрам у г. Рэгенсбург узнікла ў 6 ст. (утворана герм. племем бавараў). Правіла ў ім дынастыя Агілальфінгаў. З 591 герцагства, залежнае ад Франкскай дзяржавы, з 788 частка імперыі Каралінгаў. У 903—437 яно адноўлена, у 938—947 далучана да «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У 976 ад Баварыі аддзялілася Карынтыя, у 1156 — Усходняя марка (Аўстрыя), у 1180 — Штырыя. З 1180 Бавары. наз. герцагствам Вітэльсбахаў. У 1255 яно падзялілася на Ніжнюю і Верхнюю (з рэйнскім графствам Пфальц, далучаным у 1214) Баварыю. Пры Людвігу Баварскім (з 1314 герм. кароль Людвіг IV) уладаннямі Баварыі сталі Брандэнбург, Ціроль, Нідэрланды. Пасля перыяду раздробленасці герцагства зноў аб’ядналася ў 1505. У 16 ст. яно было цэнтрам Контррэфармацыі ў Германіі. З 1623 Баварыя — курфюрства. Яе першы курфюрст Максімілян І далучыў у 1628 да Баварыі Верхні Пфальц. Са смерцю Максіміляна II Іосіфа (1777) баварская лінія Вітэльсбахаў спынілася, і ў Баварыі правілі пфальцскія курфюрсты. З 1806 Баварыя — каралеўства. Паміж 1803 і 1815, дзякуючы саюзу з напалеонаўскай Францыяй, тэр. Баварыі значна павялічылася. З 1815 яна чл.Герм. саюза, з 1834 у герм. мытным саюзе. У 1818 Баварыя атрымала канстытуцыю. Пры Людвігу І [1825—48] культ. і навук. цэнтрам Баварыі стаў Мюнхен. Ліберальным і сац. рэформам у каралеўстве спрыяў Максімілян II [1848—64]. У час аўстра-прускай вайны 1866 Баварыя на баку Аўстрыі, з 1871 у складзе Герм. імперыі. У ліст. 1918 Людвіг III Вітэльсбах адрокся ад прастола. З 1919 Баварыя — «вольная дзяржава» ў складзе Веймарскай рэспублікі. У крас. 1919 у Мюнхене левыя абвясцілі Баварскую Сав. рэспубліку, якая ў маі ліквідавана ўрадавымі войскамі. У 1920-я г. Баварыя — цэнтр правай герм. апазіцыі супраць Веймарскай рэспублікі.
Пры нацыстах імперскім намеснікам Баварыі стаў у 1933 ген. фон Эп. Пасля 2-й сусв. вайны акупіравана войскамі ЗША, якія стварылі тут зямлю (без Пфальца).У 1949 баварскі ландтаг ухваліў рашэнне аб утварэнні ФРГ з Баварыяй у яе складзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎ,
горад абл. падпарадкавання ў Беларусі, цэнтр Барысаўскага р-на Мінскай вобласці. За 71 км ад Мінска. Чыг.ст. на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 154,8 тыс.ж. (1995).
Паводле В.М.Тацішчава, заснаваны на левым беразе Бярэзіны ў 1102 полацкім кн. Барысам Усяславічам (паводле інш. звестак — у 1032 кіеўскім кн. Яраславам Мудрым). Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах пад 1127 як горад Полацкай зямлі. У 1431 разбураны ў выніку міжусобных войнаў. У 13—18 ст. існаваў Барысаўскі замак. У 1542 уключаны ў Віленскае ваяв., уласнасць Я.Глябовіча. У 1563 горад атрымаў магдэбургскае права. З 1563 цэнтр староства (гл. ў арт.Барысаўская воласць), пасля Люблінскай уніі 1569 староства леннага ўладання князёў Агінскіх, потым Радзівілаў, у складзе Аршанскага пав. Віцебскага ваяв. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 неаднаразова заняты рус. і швед. войскамі. З 1793 у складзе Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскага намесніцтва. У 1796 атрымаў гарадскі герб. У вайну 1812 акупіраваны, разрабаваны і спалены франц. войскамі (гл.Барысаўская бітва 1812). У 1871 праз Барысаў прайшла чыгунка Масква—Брэст, на правым беразе Бярэзіны ўзнікла чыг. станцыя з пас. Нова-Барысаў. У 1897 у Барысаве 15 063 ж. У 1901 і 1910 моцна пацярпеў ад пажараў. У 1910 у горадзе каля 19 тыс.ж., 32 прамысл. прадпрыемствы, 112 крам, мужчынская гімназія, жаночая прагімназія, некалькі пач. школ, метэастанцыя і інш. З 1914 працавала Барысаўская жаночая настаўніцкая семінарыя. У ліст. 1917 устаноўлена сав. ўлада. У 1918 Барысаў акупіраваны герм., у 1919—20 польск. войскамі. З 1924 цэнтр раёна, у 1924—27 — акругі. З 1938 горад абл. падпарадкавання ў складзе Мінскай вобласці. У Вял. Айч вайну 2.7.1941 акупіраваны ням-фаш. захопнікамі, якія стварылі тут 6 лагераў смерці, дзе загубілі больш за 33 тыс.сав. грамадзян; дзейнічала Барысаўскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 1.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту. У 1959 — 59,3 тыс., у 1970 — 84 тыс.ж.
У Барысаве лясная і дрэваапр.прам-сць: вытв. аб’яднанне «Барысаўдрэў», Барысаўская фабрыка піяніна, Барысаўскі лесахімічны завод, з-ды мэблевай фурнітуры, шпалапрапітны (гл. асобныя арт.). Маш.-буд. і металаапр.прам-сць: Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік», Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання, Барысаўскі завод агрэгатаў, Барысаўскі інструментальны завод, Барысаўскі завод эмаліраванага посуду «Чырвоны металіст». Харч. галіна: Барысаўская макаронная фабрыка, мяса- і хлебакамбінаты, малочны і кансервавы з-ды і інш. Прадпрыемствы швейнай, хім. і хім.-фармацэўтычнай прам-сці: Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, Барысаўскі завод «Гуматэхніка», быт. хіміі, Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, палімернай тары «Паліміз» і інш.Барысаўскі хрусталёвы завод, камбінат па перапрацоўцы другаснай сыравіны, 2 з-ды жалезабетонных вырабаў, Барысаўскі камбінат прыкладнога мастацтва. Барысаўскі політэхнічны тэхнікум, мед. і пед. вучылішчы, Барысаўскі дзяржаўны аб’яднаны музей. Помнік сав. танкістам, брацкія магілы сав. воінаў і ваеннапалонных, магілы ахвяраў фашызму. Помнікі архітэктуры: касцёл (1806—23), Барысаўскі Васкрасенскі сабор, гандл. рады (1908), будынак чыг. вакзала і сінагога (пач. 20 ст.).