МАНАПО́ЛІЯ (ад мана... + грэч. pōleō прадаю),

выключнае (манапольнае) права вытв-сці, гандлю, промыслу, кіравання (улады), якое належыць адной асобе, групе або дзяржаве; буйная галіна, у якой невял. колькасць фірм кантралюе ўсю ці большую частку яе вытв-сці або буйныя аб’яднанні (канцэрны, кансорцыумы і г.д.), якія ўзнікаюць на базе канцэнтрацыі вытв-сці і капіталу і трымаюць большую частку выпуску або продажу якога-н. тавару; рынак, на якім колькасць прадаўцоў настолькі нязначная, што кожны з іх можа паўплываць на агульны аб’ём прапанавання і цану тавару (паслуг). У нац. эканоміцы аб’ектам інтарэсу з’яўляецца манапалізм — тып эканам. адносін, калі гасп. суб’ект прапануе контрагентам (іншаму боку) прымаць рашэнні на выгадных для сябе ўмовах, выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах рыначны попыт. Формы праяўлення М.: узніманне цэн, скарачэнне вытв-сці, інфляцыя, рост аплаты працы, недаацэнка маркетынгу, рэкламы, якасці прадукцыі і інш. М. могуць мець значныя рэзервы (матэрыяльныя, фінансавыя) для ўкаранення вынікаў навук.-тэхн. прагрэсу, павелічэння прыбытку, паніжэння выдаткаў вытв-сці за кошт буйных аб’ёмаў выпуску прадукцыі, выкарыстанне больш дасканалых сродкаў працы, кваліфікаванай рабочай сілы і г.д.; аднак манапалізм можа прывесці да застою. Асн. прычыны М.: эфект маштабу (эканомія, абумоўленая пашырэннем вытв-сці); заканад. перашкоды для арг-цыі новых фірм (прадпрыемстваў), якія ўваходзяць у галіну, ліцэнзійныя, патэнтныя і інш. абмежаванні; несумленныя паводзіны ўдзельнікаў рынку, імкненне атрымаць звышпрыбытак і інш. Выдаткі і рыначны попыт з’яўляюцца асн. абмежавальнікамі М.; яны не дазваляюць манапалісту адвольна ўстанаўліваць высокую цану на сваю прадукцыю (гл. Манапольная цана). Узнікненню і ўмацаванню ўлады М. перашкаджае антыманапольнае заканадаўства. У галінах натуральнай М. (напр., у электра-, газа- і водазабеспячэнні) многія прадпрыемствы з’яўляюцца дзярж. ўласнасцю.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛАНЕ́ЗІЯ [ад грэч. melas (melanos) чорны + nēsos востраў],

адна з асн. астраўных груп Акіяніі, у паўд.-зах. ч. Ціхага ак., якая працягнулася ад экватара да тропіка Казярога на 5 тыс. км. Гал. астравы і архіпелагі: Новая Гвінея, Бісмарка архіпелаг, Саламонавы астравы, Новыя Гебрыды, Новая Каледонія, Фіджы. Агульная пл. каля 1 млн. км². Нас. больш за 5 млн. чал. (1995). Астравы мацерыковага і вулканічнага паходжання, утвораныя ў альпійскую складкавасць. Складзены з крышт., метамарфічных, ападкавых і вулканічных адкладаў. Амаль усе астравы гарыстыя. Горы выш. да 2000 м на архіпелагу Бісмарка, Саламонавых а-вах; на Новай Гвінеі г. Джая — 5029 м. М. — раён вулканізму і сейсмізму (дзеючы вулкан Багана на в-ве Бугенвіль, вулканы на Новых Гебрыдах і інш.). Многія астравы абкружаны або складзены каралавымі рыфамі. Уздоўж зах. берага Новай Каледоніі доўгая паласа бар’ерных рыфаў. Клімат экватарыяльны, субэкватарыяльны, на паўд. астравах — трапічны. Сярэднія т-ры 25—28 °C. Гадавая колькасць ападкаў на наветраных схілах гор прыэкватарыяльных астравоў 7000—9000 мм, на астатняй тэрыторыі — 1000—2000 мм. Рачная сетка густая. Найб. колькасць рэк на Новай Гвінеі (буйныя рэкі Флай і Дыгул). На буйных паўн. астравах — вільготныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў (пальмы, хлебнае, дыннае дрэвы, фікусы-каўчуканосы і інш.). На схілах гор з выш. 900—1000 м размешчаны горныя гілеі. На астравах у цэнтр. і паўд. частках М. пераважаюць мусонныя лясы, а ў больш засушлівых абласцях — саванны. Трапічнае земляробства. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Здабыча жэмчугу і перламутравых ракавін, руд нікелю (Новая Каледонія), медзі (Саламонавы а-вы).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 10, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТР (франц. métre ад грэч. metron мера),

1) адзінка даўжыні, адна з 7 асн. адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца м. 1 м = 100 см = 1000 мм. У СІ М. з’яўляецца таксама адзінкай даўжыні хвалі, фокуснай адлегласці і інш. велічынь, што маюць фіз. сэнс даўжыні.

2) Мера даўжыні, што ўзнаўляе адзінку даўжыні — М. Паводле вызначэння, прынятага 17-й Ген. канферэнцыяй па мерах і вазе (1983), М. — даўжыня шляху, які праходзіць святло ў вакууме за 1/299792458 долю секунды.

Першапачаткова (1791, Францыя) М. вызначаны як 1/10 000 000 частка 1/4 даўжыні зямнога мерыдыяна. Для дакладнага вызначэння М. ў 1792—99 праведзены геад. вымярэнні дугі Парыжскага мерыдыяна. Першы эталон М. зроблены ў 1792 у выглядзе плацінавай лінейкі, адлегласць паміж канцамі якой раўнялася 1 м. Ён перададзены на захоўванне ў Нац. архіў Францыі і атрымаў назву «архіўны М.». З 1889 міжнар. прататыпам М. служыў плаціна-ірыдыевы брус з нанесенымі на адной з яго плоскасцей штрыхамі, які захоўваецца ў Міжнар. бюро мер і вагі ў г. Сеўр каля Парыжа. У 1960—83 М. вызначылі як даўжыню, роўную 1 650 763,73 даўжыні хвалі ў вакууме эл.-магн. выпрамянення, якое адпавядае пераходу паміж узроўнямі 2p​10 і 5d​5 атама крыптону-86. Натуральныя першасныя эталоны М., прынятыя ў 1960 і 1983, даюць магчымасць узнаўляць меры даўжыні з хібнасцю да ±10​−8 м. М. пакладзены ў аснову метрычнай сістэмы мер. У практыцы вымярэнняў шырока выкарыстоўваюцца кратныя і дольныя адзінкі: кіламетр, дэцыметр, сантыметр, міліметр, мікраметр, нанаметр і інш.

А.​І.​Балсун.

т. 10, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ТРЫЙ (лац. Natrium),

Na, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 11, ат. м. 22,98977; належыць да шчолачных металаў. У прыродзе адзін стабільны ізатоп ​23Na. У зямной кары 2,64% па масе (6-ы па распаўсюджанасці элемент), трапляецца толькі ў выглядзе солей (мінералы галіт, мірабіліт, буракс, чылійская салетра і інш.). Найб. пашыраны метал. элемент у Сусв. акіяне (у марской вадзе каля 1,510​16 т). Уваходзіць у састаў жывых арганізмаў, пераважна ў выглядзе хларыду NaCl (чалавеку штодзённа неабходна ад 2 да 10 г NaCl). Н. метал. атрыманы ў 1807 англ. хімікам Г.​Дэві, назва ад араб. натрун (грэч. nitron — прыродная сода).

Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 97,86 °C, tпл 883,15 °C, шчыльн. 968,42 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны. На паветры імгненна акісляецца (захоўваюць пад слоем абязводжанай газы ці мінер масла). Бурна ўзаемадзейнічае з вадой (утварае натрыю гідраксід), к-тамі (гл. Натрыю злучэнні), кіслародам (утварае аксід Na2O ці натрыю пераксід), фторам, хлорам. Са спіртамі ўтварае алкагаляты, з вадародам пры 200 °C — гідрыд NaH, з азотам у эл. разрадзе — нітрыд Na3N. з вугляродам пры 800—900 °C — карбід (ацэтыленід) Na2C2, з графітам — клатраты. з многімі металамі — інтэрметал. злучэнні. Атрымліваюць электролізам расплаву NaCl ці NaOH. Выкарыстоўваюць як аднаўляльнік у вытв-сці тытану, цырконію, танталу, каталізатар у арган. сінтэзе, Н. і яго сплавы з каліем — як цепланосьбіт у ядз. рэактарах, пару — для напаўнення газаразрадных лямпаў. сплавы са свінцом — у вытв-сці тэтраэтылсвінцу, штучны ізатоп ​24Na — у медыцыне.

Літ.:

Ситтиг Н. Натрий, его производство, свойства и применение: Пер. с англ. М., 1961.

У.​С.​Камароў.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІНАЛО́ГІЯ (ад грэч. palynē тонкі пыл + ...логія),

раздзел батанікі, што вывучае форму і будову абалонак пылковых зерняў і спор сучасных (рэцэнтная П.) і стараж. вышэйшых раслін і інш. выкапнёвых мікрааб’ектаў расл. паходжання (палеапаліналогія); даследуе таксама іх развіццё, заканамернасці рассейвання, пахавання і інш. Звязана з гіст. геалогіяй, палеанталогіяй, сістэматыкай раслін. Звесткі П. выкарыстоўваюцца ў аграноміі, археалогіі, крыміналістыцы, медыцыне, стратыграфіі, экалогіі і інш.

Зараджэнне рэцэнтнай П. (17—18 ст.) звязана з даследаваннем мікраструктуры раслін, палеапаліналогіі (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — з вывучэннем бат. складу торфу і распрацоўкай спорава-пылковага аналізу. Тэрмін «П.» ўжываецца з 1944 (англ. палеабатанікі Х.​Хайд і Д.​Уільямс). Уклад у развіццё П. зрабілі У.С.Дактуроўскі, У.М.Сукачоў, ням. вучоныя А.​Ібрагім, Г.​Патанье, англ. — Г.​Крэмп, швед. — Г.​Лагерхейм, Л.​Пост, Г.​Эртман, рас. — І.​Э.​Вальц, В.​Ф.​Дзюба, Л.​А.​Купрыянава, А.​А.​Любер, С.​М.​Навумава і інш.

На Беларусі палеапаліналогія развіваецца з 1925 (У.Шафер). Сістэм. даследаванні вядуцца з 1948—56 (Н.А.Махнач, Г.​І.​Кеда, С.​С.​Маныкін), сканцэнтраваны ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (А.​Ф.​Бурлак, Т.​Б.​Рылова, В.​Л.​Шалабода, Я.​К.​Яловічава і інш.) і Бел. геолагаразведачным НДІ (Т.​Р.​Абухоўская, В.​А.​Аўхімовіч, Н.​С.​Някрата, Л.​У.​Піскун і інш.) і маюць біястратыграфічны і марфал. кірункі.

Літ.:

Палеопалинология. Т. 1—3. Л., 1966;

Кремп Г.О.У. Палинологическая энциклопедия: Пер. с англ. М., 1967;

Споры палеозоя Белоруссии. Мн., 1974;

Флора и растительность Белоруссии в палеогеновое, неогеновое и антропогеновое время. Мн., 1981.

Т.​Р.​Абухоўская.

т. 12, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІНЕ́ЗІЯ (ад палі... + грэч. nesos востраў),

адна з асноўных астраўных груп у Акіяніі, у цэнтр. ч. Ціхага ак. Цягнецца ад Гавайскіх а-воў на Пн да Новай Зеландыі (паміж 23°30 паўн. ш. і 28° паўд. ш. і 176° усх. — 109°20 зах. д.). Пл. каля 26 тыс. км². Асн. а-вы: Гавайскія, Туамоту, Тонга, Самоа, Уоліс, Хорн, Тувалу, Такелау, Кука, Тубуаі, Лайн, Таварыства, Маркізскія, Вялікадня і інш. У межах П. дзяржавы: Зах. Самоа, Кірыбаці, Тонга, Тувалу; Гаваі — штат ЗША; уладанні Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі, Нов. Зеландыі. Нас. 1870 тыс. чал. (1999), пераважна палінезійцы. Астравы вулканічнага або каралавага паходжання. Вулканічныя астравы гарыстыя (выш. да 4205 м на Гавайскіх а-вах, 2241 м на Таіці), каралавыя — нізінныя. На а-вах Гавайскіх, Самоа, Тонга — дзеючыя вулканы. Клімат экватарыяльны і трапічны пасатны. Сярэднія гадавыя т-ры 22—26 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з У на З ад 1500 да 3500 мм. Большасць астравоў церпяць ад моцных ураганаў. На наветраных схілах гарыстых астравоў густыя вечназялёныя лясы, на падветраных — саванны; на ўзбярэжжах — пальмы, хлебнае дрэва, панданусы, баньяны. Жывёльны свет бедны млекакормячымі, шматлікія птушкі. Трапічнае земляробства. Вырошчваюць для мясц. патрэб тара, ямс, хлебнае дрэва, рыс, кукурузу, цукр. трыснёг; на экспарт какаву, какосы, ананасы, бананы, цытрусавыя. Лесараспрацоўкі. Рыбалоўства. Лоўля жэмчугу, марскіх чарапах. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, каштоўнай драўніны (на экспарт). Міжнар. турызм. Астравы П. знаходзяцца на шляхах, якія звязваюць Амерыку з Паўд.-Усх. Азіяй і Аўстраліяй. Буйнейшыя гарады і порты П.: Ганалулу (Гавайскія а-вы), Папеэтэ (Таіці), Апія (Зах. Самоа), Пага-Пага (Усх. Самоа).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 12, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТАЛАМЕ́І (грэч. Ptolemaioi),

Лагіды, грэка-македонская дынастыя цароў эліністычнага Егіпта ў 3—1 ст. да н.э. Найб. значныя прадстаўнікі: П. I Сатэр («выратавальнік»; каля 366—283 да н.э.), цар у 305—283 да н.э. Адзін з палкаводцаў Аляксандра Македонскага. З 323 да н.э. сатрап. Ператварыў Егіпет у арганізаваную і цэнтралізаваную дзяржаву. Пры ім сталіца Александрыя стала гасп. і духоўным цэнтрам Егіпта (засн. Александрыйскі мусеян, б-ку). Аўтар гісторыі паходаў Аляксандра Македонскага (не захавалася). П. II Філадэльф («які любіць сястру»; 308—246 да н.э.), цар у 285—246 да н.э. Стварыў моцны флот, далучыў шэраг тэр., умацаваў паліт. і эканам. становішча Егіпта. У адпаведнасці з егіп. традыцыямі ўзяў шлюб з уласнай сястрой. П. III Евергет («дабрадзей»; каля 284—221 да н.э.), цар у 246—221 да н.э. Пры ім Егіпет дасягнуў найб. памераў і валодаў найвыш. аўтарытэтам сярод эліністычных дзяржаў. У час праўлення П. VI Філаметара («які любіць маці»), цара ў 180—145 да н.э., пачаліся працяглыя дынастычныя войны. Пры яго пераемніках Егіпет (з 168 да н.э.) трапіў пад рым. ўплыў.

Стаўленік Рыма П. XI Аляксандр II [80 да н.э.] забіты паўстаўшымі александрыйцамі. П. XII Філапатар Новы Дыяніс [80—51 да н.э.] вярнуўся на прастол з дапамогай рым. легіянераў. Цэзар падтрымаў Клеапатру VII у барацьбе за трон з яе братам і мужам П. XIV. У 30 да н.э. праўленне П. скончылася, Егіпет стаў рым. правінцыяй.

Літ.:

Кравчук А. Закат Птолемеев: Пер. с пол. М., 1973;

Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РТУЦЬ (лац. Hydrargyrum),

меркур, Hg, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 80, ат. м. 200,59. Прыродная Р. складаецца з 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі: 196, 198—202, 204. У зямной кары 7∙10​−6% па масе; трапляецца самародная Р., найважн. рудны мінерал — кінавар. Вядомая са стараж. часоў; лац. назва ад гідра... і грэч. argyros — серабро; сярэдневяковая лац. mercurius — назва Р. ў алхімікаў.

Серабрыстая вадкасць (адзіны валкі метал tпл -38,87 °C), шчыльн. 13545,7 кг/м³ (цяжэйшая за ўсе вядомыя вадкасці), tкіп 356,58 °C. Пара Р. бясколерная, пры высокай т-ры і эл. разрадзе выпрамяняе бачнае блакітнавата-зялёнае і ультрафіялетавае святло. Хімічна ўстойлівая. У сухім паветры не акісляецца; акісляецца азонам і пры t > 300 °C кіслародам (утвараецца аксід HgO). Непасрэдна не ўзаемадзейнічае з азотам. фосфарам, вугляродам, крэмніем. Раствараецца ў азотнай і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах, царскай гарэлцы. Лёгка ўзаемадзейнічае з галагенамі (гл. Ртуці хларыды) і халькагенамі (гл. Ртуці сульфід). З металамі ўтварае амальгамы. Пашыраны ртуцьарганічныя злучэнні. Атрымліваюць пераважна акісляльным абпалам кінавары. Выкарыстоўваюць для вырабу катодаў пры электрахім. атрыманні едкіх шчолачаў і хлору, а таксама для палярографаў, у вытв-сці ртутных вентыляў, люмінесцэнтных і ртутных лямпаў (гл. Газаразрадныя крыніцы святла), дыфузійных вакуумных помпаў, кантрольна-вымяральных прылад (тэрмометраў, барометраў, манометраў) і інш. Р. высокатаксічная для ўсяго жывога, пара і злучэнні Р. вельмі атрутныя, назапашваюцца ў арганізме і парушаюць абмен рэчываў, пашкоджваюць нервовую сістэму. ГДК у атм. паветры 0,0003 мг/м³, у вадзе 0,0005 мг/л.

Літ.:

Трахтенберг И.М., Коршун М.Н. Ртуть и ее соединения в окружающей среде. Киев, 1990.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАНО́МІЯ (ад астра... + грэч. nomos закон),

навука пра рух, будову, паходжанне і развіццё касм. целаў, іх сістэм і Сусвету ў цэлым. Вывучае розныя аб’екты: планеты і іх спадарожнікі, каметы і метэорнае рэчыва, зоркі, зорныя сістэмы (галактыкі), міжзорны газ і дыфузнае рэчыва, рассеянае ў касм. прасторы, эл.-магн. выпрамяненне нябесных целаў. Асн. раздзелы астраноміі: астраметрыя, астрафізіка, зорная астраномія, касмагонія, касмалогія, нябесная механіка, пазагалактычная астраномія, радыёастраномія.

Астраномія ўзнікла ў глыбокай старажытнасці з практычных патрэб чалавецтва. Рух Месяца, планет і сузор’яў дапамагаў вызначаць прамежкі часу і змены пораў года, весці каляндар, арыентавацца на мясцовасці. Практычны характар астр. ведаў адлюстраваўся ў нар. назвах касм. аб’ектаў (напр., Млечны Шлях — «Птушыны Шлях», планета Венера — «Вечарніца» і інш.) і ў стварэнні найпрасцейшых аграрна-астр. «абсерваторый». Адно з такіх збудаванняў дахрысціянскіх часоў з арыентаваных валуноў выяўлена і на Беларусі каля воз. Янова ў Полацкім раёне. Астраномія паспяхова развівалася ў Вавілоне, Егіпце, Стараж. Грэцыі, Індыі і Кітаі. Стараж.-грэч. вучоны Пталамей распрацаваў у 2 ст. геацэнтрычную сістэму свету, якая была агульнапрынятай амаль 1,5 тыс. гадоў. У сярэднія вякі астраномія дасягнула значнага развіцця ў дзяржавах Усходу. У 15 ст. Улугбек пабудаваў паблізу Самарканда астр. абсерваторыю з дастаткова дакладнымі на той час вугламернымі інструментамі. Узнікненне сучаснай астраноміі звязана са стварэннем геліяцэнтрычнай сістэмы свету (М.​Капернік, 16 ст.), вынаходствам тэлескопа (Г.​Галілей, пач. 17 ст.), адкрыццём законаў руху планет (І.​Кеплер, пач. 17 ст.) і сусветнага прыцягнення закону (І.​Ньютан, канец 17 ст.).

У 18 — пач. 20 ст. назіральная астраномія атрымала шматлікія звесткі пра Сонечную сістэму, фіз. прыроду зорак і інш. касм. аб’ектаў, што спрыяла стварэнню навук. карціны свету. Выкарыстанне ў астр. даследаваннях метадаў спектраскапіі, фатаграфіі і фотаметрыі прывяло да ўзнікнення астрафізікі. Вялікае значэнне мела заснаванне многіх астранамічных абсерваторый, удасканаленне астранамічных інструментаў і прылад, складанне зорных каталогаў з указаннем дакладных каардынат зорак. Гэтыя дасягненні астраноміі звязаны з працамі У.​Гершэля (Вялікабрытанія), Ж.​Лагранжа, П.​Лапласа, У.​Левер’е (Францыя), М.​В.​Ламаносава, В.​Я.​Струве, Ф.​А.​Брадзіхіна (Расія), К.​Доплера (Аўстрыя) і інш. Значны ўклад у назіральную астраномію і астрафіз. метады даследавання зрабілі астраномы Віленскай астранамічнай абсерваторыі і астраномы — выхадцы з Беларусі: С.​М.​Блажко, Дз.​І.​Дубяга, Г.​А.​Ціхаў, В.​К.​Цэраскі. Астр. даследаванні ў б. СССР звязаны з працамі В.​А.​Амбарцумяна, А.​А.​Белапольскага, С.​У.​Арлова, Я.​К.​Харадзе і інш. Даследаванні спектраў галактык дазволілі Э.​Хаблу (ЗША) выявіць у 1929 агульнае расшырэнне Сусвету, прадказанае рас. вучоным А.​А.​Фрыдманам (1922) на падставе тэорыі гравітацыі А.​Эйнштэйна (1915—16). Сярэдзіна 20 ст. характарызавалася з’яўленнем новых сродкаў назірання і выкарыстаннем касм. тэхнікі, што значна расшырыла магчымасці астр. даследаванняў. Стварэнне аптычных і радыётэлескопаў з высокай раздзяляльнай здольнасцю, выкарыстанне штучных спадарожнікаў Зямлі, ракет, а таксама аптычных і электронных сістэм, у стварэнні якіх бралі ўдзел вучоныя Беларусі, дало магчымасць у 1960—80 выявіць і даследаваць новыя касм. аб’екты: радыёгалактыкі, квазары, пульсары, крыніцы рэнтгенаўскага і нейтрыннага выпрамяненняў. Астраномія стала эксперыментальнай навукай, здольнай непасрэдна даследаваць касм. прастору, вывучаць Месяц і бліжэйшыя планеты. З дапамогай касм. апаратаў (напр., «Венера», «Марс», «Меркурый», «Рэйнджэр» і інш.) атрыманы фотаздымкі Месяца і амаль усіх планет Сонечнай сістэмы (акрамя Плутона), адкрыты новыя спадарожнікі планет, кольцы вакол планет-гігантаў, сфатаграфавана ядро каметы Галея.

Літ.:

Бакулин П.М., Кононович Э.В., Мороз В.И. Курс обшей астрономии. 5 изд. М., 1983;

Мартынов Д.Я. Курс обшей астрофизики. 4 изд. М., 1988;

Климишин И.А. Астрономия наших дней. 3 изд. М., 1986;

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.

А.​А.​Навіцкі.

т. 2, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАТРАПЕ́Й (ад грэч. apotropaios які адводзіць бяду),

амулет, абярэг, прадмет, выява або дзеянне, якім прыпісвалі магічную здольнасць засцерагаць ад няшчасця і злога духу.

Апатрапеямі былі выявы жахлівых божастваў, звяроў і прадметаў (егіпецкага Беза, Гарпагоны, льва, грыфона, фаласа, складзеных пальцаў і г.д.), якія насілі як нацельныя амулеты; архітэктурныя рэльефы ў выглядзе звярыных мордаў і падобныя выявы на пасудзінах, зброі; нацельныя крыжыкі і ладанкі, што быццам аберагаюць вернікаў ад «нячыстай сілы».

Бел. нар. назва абярэ́г. З эпохі палеаліту як апатрапей выкарыстоўвалі амулеты з зубоў, кіпцюроў і касцей жывёл. Розныя амулеты-апатрапеі былі ў эпоху язычніцтва і ранняга хрысціянства: у курганных могільніках 9—13 ст. на Беларусі знойдзены амулеты-падвескі (лунніцы, крыжыкі), амулеты-змеевікі, змеегаловыя бранзалеты і інш. Апатрапейная сімволіка прысутнічала ў традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці. На Палессі апатрапеем было «завівала», якім накрывалі маладую ў найб. адказныя моманты вяселля; да вянца незалежна ад пары года надзявалі верхняе суконнае або футравае адзенне. Апатрапейная заклінальная магія — неад’емная частка вясенне-летніх абрадаў: сцябанне людзей і жывёлы асвячонай вярбой з традыц. прыгаворамі, асвячэнне вуглоў новай хаты свянцонай вадою; магічны круг вакол двара ў час падрыхтоўкі да веснавой сяўбы; трохразовы абход жывёлы з магічнымі прадметамі і заклінаннямі перад першым выганам у поле; юраўская раса, абрадавае печыва ў выглядзе крыжа і інш. Апатрапейны кірунак мелі такія формы калектыўнай абраднасці, як абворванне вёскі, хрэсны ход, тканне ручніка за дзень ці ноч, здабыванне «жывога» агню трэннем і інш. Адным з дзейсных апатрапеяў здаўна лічыўся чырвоны колер і арнамент. Апатрапеем лічыліся хлеб, вада, агонь, раса, зямля, вострыя металічныя прадметы, чалавечыя валасы, бурштын, зерне, ільняное валакно і семя, мак, пахучыя расліны (цыбуля, часнок, мята, палын) і інш.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)