СІРЭ́Т (рум. Siret), Серэт,

рака на У Румыніі (вярхоўі на тэр. Украіны), левы прыток р. Дунай. Даўж. 726 км, пл. бас. 45 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Карпатах, цячэ пераважна па раўнінах Малдовы. Асн. прытокі: Сучава, Малдова, Бістрыца, Тротуш, Бузэў (справа), Бырлад (злева). Веснавое разводдзе, летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады 185 м³/с. У бас. С. — ГЭС (пераважна на р. Бістрыца). Суднаходная ў ніжнім цячэнні. У даліне С. — г. Бакэў (Румынія).

т. 14, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАЖЫВЕ́ЦКІ КРЭДЫ́Т,

крэдыт, які выдаецца насельніцтву на задавальненне бягучых патрэб і на развіццё вытв-сці ў асабістай гаспадарцы, набыццё, буд-ва ці рамонт жылля, аплату паслуг, пазыкі, якія маюць сац. характар (маладым сем’ям, студэнтам) і г.д. С.к. могуць быць грашовыя і таварныя. У ролі крэдытораў выступаюць банкі, крэдытныя кааператывы, ламбарды, касы ўзаемадапамогі, прадпрыемствы і арг-цыі. Тэрміны крэдытавання, памеры крэдытаў, платы за карыстанне імі рэгламентуюцца заканадаўствам, статутамі арг-цый-крэдытораў. Гл. таксама Крэдыт.

т. 15, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ЛА (Sula),

група астравоў у Малайскім архіпелагу, на У ад в-ва Сулавесі, тэр. Інданезіі. Пл. 4,8 тыс. км². Асн. а-вы: Таліабу, Манголе, Санана. Горы (выш. да 1157 м на в-ве Таліабу) і ўзгорыстыя раўніны. Складзены пераважна са сланцаў і гранітаў, якія перакрыты пясчанікамі і вапнякамі. Клімат экватарыяльны, ападкаў 1700—3000 мм за год. Вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы. Трапічнае земляробства: вырошчванне какосавай пальмы, рысу, кукурузы. Рыбалоўства. Порт Санана (на в-ве Санана).

т. 15, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРБУ́ЛАЎ Міхаіл Васілевіч, рускі скрыпач, педагог, кампазітар 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Скончыў Льежскую кансерваторыю (1890, Францыя). У 1882—85 іграў у квартэце Кіеўскага аддзялення Рус. муз. т-ва. У 1890—94 вёў муз. дзейнасць у Мінску: выступаў з канцэртамі, на вечарах мясц. аматараў музыкі, выконваў сусв. творы скрыпічнай класікі. З сярэдзіны 1890-х г. працаваў у Пражскай кансерваторыі, Тбілісі, Кішынёве. Аўтар стр. трыо, квартэтаў, мініяцюр для скрыпкі і фп.

А.​Л.​Капілаў.

т. 15, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАГАНРО́Г,

горад у Растоўскай вобл. Расіі, порт у Таганрогскім заліве Азоўскага м. Засн. ў 1698 як крэпасць і база рас. ваен. флоту. 284 тыс. ж. (2000). Чыг. станцыя. Прам-сць: машынабудаванне і металаапр. (ВА: «Чырвоны кацельшчык», «Прэсмаш», «Вібрапрыбор»: з-ды: камбайнавы, суднарамонтны, гандл. і электратэрмічнага абсталявання), чорная металургія. хім., лёгкая, харчасмакавая. Ін-ты: пед., радыётэхнічны. Драм. тэатр. Музеі: краязн., горадабудаўніцтва і быту, карцінная галерэя, музей-запаведнік А.​П.​Чэхава (нарадзіўся ў Т.).

т. 15, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАП у геалогіі,

эфузіўныя намнажэнні (лавы, туфы, туфабрэкчыі) асн. саставу, з вял. колькасцю інтрузіўных пластавых жыл (сілаў), з характэрнай прыступкавай паасобнасцю. Утвараюцца ў кантынент. умовах пры выліванні магмы з вял. глыбінь. У склад трапавых тоўшчаў уваходзяць базальты, дыябазы, дылерыты, аўгітавыя і інш. парфірыты. Пашыраны на стараж. платформах, напр., на п-ве Індастан, ва Усх. Сібіры, у Паўд. Афрыцы, Паўд. Амерыцы. З Т. звязаны радовішчы алмазаў, ісландскага шпату, цэалітаў, графіту, медна-нікелевых руд і інш.

т. 15, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́ПЛ (Whipple) Джордж Хойт (28.8.1878, г. Ашленд, ЗША — 1.2.1976),

амерыканскі ўрач-патолаг. Скончыў Іельскі ун-т (1900) і ун-т Дж.​Хопкінса (1905). З 1914 праф. Каліфарнійскага ун-та, у 1921—55 ва ун-це Рочэстэра (штат Нью-Йорк). Навук. працы па анеміях (адзін з аўтараў т.зв. пячоначнага метаду лячэння перніцыёзнай анеміі), пігментным абмене, паражэннях печані і падстраўнікавай залозы, туберкулёзу, паразітарных хваробах. Нобелеўская прэмія 1934 (з Дж.Р.Майнатам і У.П.Мёрфі).

В.​Ф.​Ермакоў.

Дж.Х.Уіпл.

т. 16, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЯЛАГІ́ЧНЫЯ РЫ́ТМЫ,

змена інтэнсіўнасці і характару працэсаў, што перыядычна паўтараюцца ў клетках, тканках або ва ўсім арганізме. Напр., рытмічная актыўнасць нейронаў і мозга, скарачэнні страўніка і перыстальтыка кішэчніка, рытмы дзялення клетак, эстральны і менструальны цыклы і інш. Рытмічны характар мае большасць фізіял. працэсаў з перыядам ад мілісекунд да месяцаў і больш. Высокачастотныя рытмы мадулююцца больш нізкачастотнымі (многагадзіннымі, сутачнымі, гадавымі) і разам складаюць рытмічную сістэму арганізма. Ф.р. — аснова большасці біялагічных рытмаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 16, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАТЭНЕ́ВЕР Леанід Міхайлавіч (1896, Мінск — 8.10.1948),

бел. і расійскі вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Д-р мед. н. (1935), праф. (1940). Скончыў Маскоўскі ун-т (1925). З 1931 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). З 1933 дырэктар навук. ін-та сываратак і вакцын, адначасова ў Скурна-венералагічным ін-це (Масква). З 1937 ва Усесаюзным ін-це эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. Навук. працы па эпідэміялогіі, дыягностыцы, лячэнні тулярэміі.

Тв.:

Туляремия и ее профилактика. М., 1942.

т. 16, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІЁНАСФЕ́РА (ад грэч. chion снег + сфераў частка трапасферы, у межах якой на паверхні сушы пры спрыяльных умовах рэльефу магчыма зараджэнне і існаванне снежнікаў і ледавікоў. Х. акружае Зямлю суцэльнай абалонкай магутнасцю да 10 км, мае дадатны баланс цвёрдых атм. ападкаў. Верхняя мяжа Х. звычайна размешчана вышэй узроўню самых высокіх гор, ніжняя — на снегавой лініі. Языкі многіх горных ледавікоў спускаюцца за яе межы, асобныя невял. ледавікі ва ўмовах павышанай канцэнтрацыі снегу часам цалкам размешчаны ніжэй Х.

т. 17, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)