род кветкавых раслінсям. астравых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі на пясчаных берагах рэк, заліўных лугах трапляецца белакапытнік несапраўдны (Petasites spurius), па берагах азёраў, каля крыніц у вільготных лясах і на схілах — белакапытнік гібрыдны, або лекавы (Petasites hybridus), які занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя звычайна двухдомныя травяністыя расліны з галінастым паўзучым карэнішчам. Кветаноснае сцябло (паяўляецца ранняй вясною да ўтварэння лісця) прамое, касмата-апушанае. Прыкаранёвае лісце да 1,5 м у дыяметры, трохвугольна- або круглавата-сэрцападобнае, з лопасцямі, на чаранках, сцябловае — рэдукаванае, сядзячае, лускападобнае. Кветкі брудна-пурпуровыя, чырвоныя, фіялетавыя, жаўтаватыя або белыя, у разнаполых кошыках, сабраных у гронкі, коласападобныя суквецці, мяцёлкі або шчыткі. Плод — сямянка з чубком. Лек., меданосныя, вострапрыпраўныя, харч., кармавыя, дэкар. і інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад бія... + кліматалогія),
раздзел кліматалогіі, які вывучае ўплыў клімату на здароўе і дзейнасць чалавека, развіццё жывёл і раслін. Склалася ў канцы 19 — пач. 20 ст. (працы А.І.Ваейкава ў Расіі, Дж.Ацы ў Італіі, Б.Лівінгстана ў ЗША, А.І.Кайгарадава ў Беларусі). Вывучае ўплыў стану атмасферы на жывыя арганізмы, даследуе рэакцыю іх на забруджванне асяроддзя, уздзеянне сонечнай радыяцыі, геамагнітнага поля і інш. Аналізуе сувязі паміж надвор’ем і кліматам, умовы і працягласць камфортнага надвор’я ў розныя сезоны і ў розных геагр. зонах, уплыў экстрэмальных кліматычных умоў на жывыя арганізмы. Даныя біякліматалогіі выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, горадабудаўніцтве, курарталогіі і інш. На Беларусі даследаванні вядуцца ў Гідраметэаралагічнай службе. Вызначана, напр., што ў Мінску бывае каля 166 дзён за год са спрыяльнымі для чалавека біякліматычнымі характарыстыкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЖНІКІ (Sphingidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Каля 1200 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, большасць у тропіках. На Беларусі 18 відаў, з іх бражнік Празерпіна (Proserpinus proserpina), бражнік «мёртвая галава» (Manduca atropos) і бражнік асінавы (Laothoe amurensis) занесены ў Чырв. кнігу. Жывуць у лясах, садах, парках, на лугах, ускраінах балот.
Размах крылаў 2—20 см, пярэднія вузкія, выцягнутыя, заднія меншыя, часта з яркімі плямамі або перавязямі. Цела тоўстае, верацёнападобнае, хабаток доўгі (у некаторых трапічных відаў больш за 25 см), вусікі тоўстыя, роўныя. Смокчуць нектар кветак, завісаючы ў паветры. Вусені голыя, цыліндрычныя, з своеасаблівым ражком на задняй частцы брушка; кормяцца лісцем, агаляюць парасткі. Зімуюць у фазе кукалкі ў глебе. Большасць бражнікаў актыўныя на змярканні і ноччу. Некаторыя віды — шкоднікі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РАпаветра,
тэмпература паветра, якая перавышае біялагічны мінімум на працягу ўсяго перыяду вегетацыі якой-н. расліны або на працягу пэўнай фазы яе развіцця. Вызначае межы пашырэння кожнай расліннай культуры. Сумы актыўнай тэмпературы вышэй за 5, 10 і 15 °C звычайна выкарыстоўваюцца як агракліматычныя паказчыкі для вызначэння патрэб у цяпле большасці раслін і для ацэнкі тэрмічных рэсурсаў тэрыторыі. Перыяд з т-рамі вышэй за 10 °C забяспечвае актыўную вегетацыю большасці с.-г. культур умеранага пояса. На тэр. Беларусі сума т-р паветра вышэй за 10 °C паступова памяншаецца (у °C) з Пд і ПдЗ на ПнУ прыкладна ад 2600 да 2100, вышэй за 5 °C — ад 2900 на ПдЗ да 2400 на крайнім ПнУ, за 15 °C — прыкладна ад 1900 на ПдЗ да 1350 на ПнУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЯЛА́ (Viscum),
род паўпаразітных кветкавых раслінсям. амяловых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічнай і субтрапічнай Афрыцы і Азіі, на Пн Аўстраліі; амяла белая (V. album) трапляецца ў Еўропе і на Каўказе, амяла афарбаваная (V. coloratum) — на Д. Усходзе. На Беларусі амяла белая расце ў зах. і паўд. раёнах пераважна на старых лісцевых дрэвах, асобны падвід (ssp. austriacum) на хвоі.
Двухдомны шматгадовазялёны шарападобны куст дыям. да 1,2 м. Лісце прадаўгавата-авальнае, супраціўнае, скурыстае, жоўта-зялёнае, размешчана папарна на канцах галінак. Кветкі дробныя жоўта-зялёныя, сабраны ў пучкі. Плод — белая аднанасенная ягада з клейкай мякаццю. Размнажаецца насеннем, якое птушкі заносяць на галіны дрэў, дзе яно і прарастае. Выкарыстоўваецца на лячэнне гіпертаніі і неўралгіі, як танізоўны сродак (прэпараты амялен, віскулен, акафіт), у нар. медыцыне пры хваробах сэрца і лёгкіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РЛІКІ, аквілегія (Aquilegia),
род кветкавых раслінсям. казяльцовых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі на ўзлесках і палянах у мяшаных і лісцевых лясах зрэдку трапляюцца ворлікі звычайныя (Aquilegia vulgaris), якія як знікаючая расліна патрабуюць прафілакт. аховы; вырошчваюцца як дэкар., маюць шмат садовых формаў, што адрозніваюцца афарбоўкай калякветнікаў. У культуры трапляюцца інтрадукаваныя з Мексікі віды — ворлікі залатакветныя (Aquilegia chrysantha) і сінія (Aquilegia caerulea), якія выкарыстоўваюцца ў групавых пасадках, міксбордэрах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны з моцным кароткім карэнішчам і прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце двойчы- і тройчытрайчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі двухполыя, буйныя, са шпорцам, адзіночныя, паніклыя, рознага колеру, часам стракатыя і махрыстыя (у садовых формаў). Плод — шматлістоўка. Лек. і ядавітыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЖО́ЎНІК (Ophioglossum),
род папарацепадобных раслінсям. вужоўнікавых. Каля 45 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў тропіках. На Беларусі зрэдку трапляецца вужоўнік звычайны (Ophioglossum vulgatum), расце на вільготных лясных лугах, палянах і ўзлесках.
Невял. шматгадовыя раўнаспоравыя наземныя травяністыя расліны з кароткім слабым карэнішчам і 1—2 лістамі, кожны з якіх складаецца з 2 сегментаў: стэрыльнага (плоскага нерасчлянёнага яйца- ці ланцэтападобнага або лінейнага) і цэласнага сцеблападобнага спараноснага; некаторыя трапічныя віды — эпіфіты з лістамі даўж. да 2—4 м. На спараносным сегменце ўтвараецца пляскаты каласок з 2 радамі спарангіяў. Гаметафіт двухполы, цыліндрычны, падземны, шматгадовы (расце 10—20 гадоў). Спарангіі адчыняюцца папярочнай шчылінай. Спараносіць у ліп.—жніўні. Для вужоўніка характэрна аблігатная эндатрофная мікарыза. На каранях утвараюцца вывадковыя пупышкі, што служаць для вегетатыўнага размнажэння. Лек. расліны, асобныя віды выкарыстоўваюцца ў нар. медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУСАЧЫ́, дрывасекі (Cerambycidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне каля 25 тыс. відаў, найб. шматлікія ў тропіках. Жывуць на хвойных і лісцевых дрэвах, травяністых раслінах, у глебе, у драўляных будынках. На Беларусі да 100 відаў. Найб. вядомыя: вусач дамавы (Hylotrupes bajulus), вусач караткавусы (Spondylis buprestoides), вусач мускусны (Aromia moschata). Вусач вял. дубовы (Cerambyx cerdo) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела прадаўгаватае, даўж. 3—180 мм, у многіх відаў укрытае валаскамі, афарбоўка часта яркая. Вусы пераважна даўжэйшыя за цела, могуць загінацца назад. Сківіцы развітыя. Лічынкі вял., белыя, развіваюцца пад карой або ў драўніне, дзе прагрызаюць хады, радзей у глебе або ў сцёблах траў. Большасць вусачоў — шкоднікі лесу, тэхн. драўніны, лесаматэрыялаў, драўляных частак будынкаў, мэблі, культ.раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮ́ДКА (Corispermum),
род кветкавых раслінсям. лебядовых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе і Азіі, некат. віды — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляюцца 4 віды (некат. з іх занесеныя): вярблюдка Маршала (Corispermum marschallii); адхіленая, або звіслая (Corispermum decliatum); ісопалістая (Corispermum hyssopifolium); танкакрылая (Corispermum leptopterum). Растуць пераважна на прырэчных пясках, каля дарог, па кар’ерах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 10—60 см з моцна разгалінаваным сцяблом (ёсць шарападобныя формы тыпу «перакаці-поле»). Лісце суцэльнае, чаргаванае, вузкалінейнае. Кветкі двухполыя, вельмі дробныя, сядзяць у пазухах лісця па адной і сабраны на канцах галінак у шчыльныя коласападобныя суквецці. Плод — пляскаты, лінзападобны, па краі часта крылаты, арэшак. Кармавыя (некат. віды добра паядаюцца вярблюдамі, авечкамі і козамі) расліны, прыдатныя для замацавання пяскоў; некат. віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВО́РЦЫЯ (Howorthia),
род кветкавых раслінсям. асфадэлавых. Больш за 100 відаў, шмат разнавіднасцей і гібрыдных формаў. У дзікарослым стане пашыраны ў Паўд. Афрыцы, пераважна ў Капскай вобласці. Растуць у кустовых саваннах на сухіх камяністых глебах. На Беларусі ў аранжарэях, цяпліцах і пакоях вырошчваюцца гаворцыя гладкая (Howorthia glabrata), жамчужная (Howorthia margaritifera), паласатая (Howorthia fasciata), Рэйнварта (Howorthia reinwardtii), шахматная (Howorthia tesselata) і інш.
Шматгадовыя сукулентныя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом выш. да 20 см і разеткай невял. светла- або цёмна-зялёных з бародаўкамі сядзячых мясістых лістоў, што размешчаны шчыльнымі радамі і налягаюць адзін на адзін. Кветанос выходзіць з сярэдзіны разеткі. Кветкі дробныя, белавата-зялёныя, у рэдкай мяцёлцы. Плод — каробачка. Каштоўныя дэкар. расліны. Цвітуць некалькі разоў за год. Пладаносяць у пакаёвай культуры рэдка, толькі пры штучным апыленні. Размнажаюцца парасткамі, зрэдку насеннем.