ПЛЯТНЁЎ (Пётр Аляксандравіч) (21.8.1792, г. Цвер, Расія — 10.1.1866),
рускі паэт, крытык. Акад. Пецярбургскай АН (1841). Скончыў Гал.пед.ін-т у Пецярбургу. У 1832—49 праф.рус. славеснасці, у 1840—61 рэктар Пецярбургскага ун-та. У 1838—46 выдавец і рэдактар час.«Современник». Паэзія П. развівалася пераважна ў рэчышчы элегічнага кірунку, у традыцыях В.Жукоўскага, К.Бацюшкава. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў «Нататка пра творы Жукоўскага і Бацюшкава» (1822), «Шэкспір» (1837), «Чычыкаў, або Мёртвыя душы Гогаля» (1842) і інш. Адзін з першых у Расіі звярнуўся да жанру біягр. нарыса: «А.С.Пушкін» (1838), «Я.А.Баратынскі» (1844), «Жыццё і творы І.А.Крылова» (1847), «Пра жыццё і творы В.А.Жукоўскага» (1852). Сябраваў з Жукоўскім, М.Гогалем, А.Пушкіным, які прысвяціў яму раман «Яўген Анегін».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДЗІ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына, на якой з роўніцы (ці шарсцяной стужкі) вырабляюць пражу. На П.м. робіцца выцягванне, кручэнне і намотка пражы — залючныя працэсы прадзення.
Мех. П.м. створана ў Вялікабрытаніі (1738). У Расіі з 2-й пал. 18 ст. былі П.м. на ільно- і бавоўнапрадзільных ф-ках. Асн. для прадзення валокнаў з’яўляецца кальцавая (верацённая) П.м., у якой роўніца (стужка) выцягваецца ў выцяжной прыладзе, скручваецца і намотваецца на патрон ці шпулю з дапамогай верацяна і бегунка. У безверацённых пнеўма-мех. П.м. роўніца (стужка) раз’ядноўваецца на асобныя валокны, якія падаюцца ў вярчальную камеру, дзе з іх фарміруецца валакністая стужачка, скручваецца ў пражу і намотваецца на бабіну. Выкарыстоўваюцца ў тэкстыльнай прамысловасці.
Схема прадзільнай машыны: 1 — кольца з бегунком; 2 — выцяжная прылада; 3 — шпулі з роўніцай; 4 — ніткаправаднік; 5 — пачынак з гатовай пражай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫПІСНЫ́Я СЯЛЯ́НЕ,
феадальна-залежнае насельніцтва Расіі ў 17 — сяр. 19 ст., якое замест аброку і падушнага падатку было абавязана працаваць на казённых і прыватных з-дах ці ф-ках. У канцы 17 і асабліва ў 18 ст. ўрад дзеля падтрымкі буйной прам-сці шырока практыкаваў прыпіску (звычайна без указання тэрміну) дзярж. сялян да з-даў ці мануфактур на Урале і ў Сібіры. Фармальна сяляне заставаліся ўласнасцю дзяржавы, але прадпрымальнікі эксплуатавалі і каралі іх як сваіх прыгонных. Цяжкае становішча П.с. выклікала шматлікія паўстанні і ўцёкі. З канца 18 ст. ўрад спыніў прыпіску сялян да з-даў. У пач. 19 ст. П.с. пад назвай «неадменных работнікаў» увайшлі ў катэгорыю пасэсійных сялян, скасаваную ў 1861—63 пасля адмены прыгоннага права.
Літ.:
Панкратова А.М. Формирование пролетариата в России. (XVII—XVIII вв.). М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
грубашэрсная парода аўчынна-мяснога кірунку. Выведзена ў 19 ст. ў Расіі шляхам адбору паўн. караткахвостых авечак па якасці аўчыны і плоднасці. Назву атрымала ад месца першапачатковага пашырэння — Раманава-Барысаглебскага пав. (Яраслаўская губ.). На Беларусі гадуюць у Віцебскай вобл.
Жывёлы сярэдняй велічыні, моцнай канстытуцыі. Бараны і маткі бязрогія і з рагамі. Маса бараноў 60—70 (да 80), матак 45—50 (да 60) кг. У нованароджаных ягнят воўна чорная; у дарослых шэрая з блакітным адценнем (доўгі белы пух і кароткія чорныя восці), на пысе і вушах бываюць белыя плямы. Гадавы настрыг з бараноў да 3, з матак 1,5—2 кг. Маткі здольныя апладняцца і прыносіць прыплод на працягу ўсяго года. Плоднасць 200—300 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РА́НІЦА»,
часопіс бел. студэнцкай моладзі дэмакр. кірунку. Выдадзены адзін нумар у чэрв. 1914 у Пецярбургу. Ставіў задачу шляхам асветы, вывучэння духоўных і прадукц. сіл Беларусі павышаць грамадскую свядомасць, гуртаваць інтэлігенцыю для служэння народу. Пафас публіцыст. выступленняў (арт. К.Голскага і Л.Будзіловіча) — адлюстраванне гаротнага становішча працаўніка, вера ў лепшую будучыню і імкненне наблізіць яе змаганнем. У арт. Б.Тарашкевіча (Тараса Язычніка) і К.Душэўскага актуальныя праблемы вывучэння культуры бел. народа — яго мовы, нар. творчасці, мастацтва. У аснове алегарычнага апавяд. «Казка аб крылах» Будзіловіча — ідэя неабходнасці служэння інтэлігенцыі занядбанай роднай зямлі. Змешчаны агляд культ.-грамадскага руху студэнтаў-беларусаў у розных гарадах Расіі, рэкламы пецярб. і віленскіх бел. выданняў.
Літ.:
Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.), Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПС (Brassica napus var. napus),
кветкавая расліна сям. крыжакветных. Спантанны гібрыд капусты агароднай і свірэпіцы. Часам Р. вылучаюць у самастойны від. У культуры вядомы з 4-га тыс. да н.э., у Расіі — з 19 ст. Вырошчваюць як алейную і кармавую расліну ў Індыі, Кітаі, Канадзе, Еўропе, у т. л. на Беларусі.
Аднагадовая травяністая, азімая або яравая расліна, пакрытая васковым налётам. Галінастыя сцёблы выш. 50—150 см. Разетачнае лісце лірападобна-перыста-надрэзанае, ніжняе сцябловае — лірападобнае, верхняе — прадаўгавата-авальнае. Кветкі дробныя, жоўтыя, зрэдку белыя, у гронках. Плод — стручок. Насенне мае сабе да 50% рапсавага алею, які спажываецца ў ежу. Макуха — высокабялковы (да 32% бялку) канцэнтраваны корм Зялёная маса, багатая аскарбінавай к-той і карацінам, ідзе на корм жывёле. Тэхн., харч., кармавая і меданосная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́У (Аляксандр Артуравіч) (8.3.1906, Масква — 28.12.1973),
расійскі кінарэжысёр, буйнейшы майстар жанру кінаказкі. Нар.арт.Расіі (1968). Скончыў кінашколу Б.Чайкоўскага (1930) і драм. тэхнікум імя Ярмолавай у Маскве (1934). У кіно з 1930. Паставіў прасякнутыя паэзіяй, гумарам, фантаст. рамантыкай фільмы: «Па шчупаковаму загаду» (1938), «Васіліса Прыгожая» (1940), «Канёк-гарбунок» (паводле П.Яршова, 1941), «Кашчэй Бессмяротны» (1945), «Новыя прыгоды Ката ў ботах» (1958), «Мар’я-майстрыха» (1960), «Каралеўства крывых люстэркаў» (1963), «Марозка» (1965, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю дзіцячых і юнацкіх фільмаў у Венецыі), «Агонь, вада і медныя трубы» (1968), «Варвара-краса, доўгая каса» (1970), «Залатыя рогі» (1973) і інш. Экранізаваў творы М.Гогаля: «Майская ноч, або Тапельніца» (1952, стэрэафільм), «Вечары на хутары каля Дзіканькі» (1961). Ставіў карціны, прысвечаныя сучаснасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т, рэўком,
часовы надзвычайны орган сав. улады ў Расіі і інш.сав. рэспубліках у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22 (пераважна ў 1918—20). Рэсп., губ., пав., валасныя і сельскія рэўкомы ствараліся ў раёнах, адкуль былі выгнаны белагвардзейцы і інтэрвенты, у прыфрантавой паласе, а пры неабходнасці (пагроза антыбальшавіцкіх паўстанняў і інш.) і ў некат. тылавых раёнах. Р.к. вызваленых раёнаў і прыфрантавой паласы засяроджвалі ў сваіх руках усю паўнату ўлады. Пасля ўмацавання бальшавіцкай улады яны падрыхтоўвалі выбары ў Саветы і перадавалі ўладу выбраным выканкомам і рэсп.ЦВК. Р.к. тылавых раёнаў звычайна дзейнічалі адначасова з выканкомамі Саветаў і займаліся толькі пытаннямі абароны і падтрымання «рэв. парадку». У 1920—25 рэўкомы яшчэ захоўваліся ў Сібіры, на Д.Усходзе і ў асобных раёнах Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́ЦКІЯ АСТРАВЫ́,
група астравоў у Белым м., пры ўваходзе ў Анежскую губу, у Архангельскай вобл.Расіі. Пл. 347 км². Складзены з 6 а-воў: Салавецкі, Анзерскі, Вял. і Мал. Муксалма, Вял. і Мал. Заяцкія. Берагавыя лініі моцна зрэзаныя. Складзены з гранітаў, гнейсаў. Рэльеф узгорысты, выш. да 107 м (г. Галгофа на в-ве Анзерскі). Каля 500 азёр, частка якіх злучана каналамі. Хваёвыя лясы, часткова забалочаныя. На Салавецкім в-ве размешчаны ансамбль Салавецкага манастыра (засн. ў 15 ст.). Каля яго, а таксама на інш. астравах размешчаны былыя скіты, культавыя, жылыя і гасп. пабудовы 16—19 ст. У 1923—39 на С.а. размяшчаліся Салавецкія лагеры асобага прызначэння (у 1937 перайменаваны ў Салавецкую турму асобага прызначэння). Гіст.-культ. і прыродны ансамбль С.а. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМО́ЙЛАЎ (сапр.Каўфман) Давід Самуілавіч
(1.6.1920, Масква — 23.2.1990),
рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім ін-це філасофіі, л-ры і мастацтва (1938—41). Друкаваўся з 1941. Першая кніга паэзіі — «Блізкія краіны» (1958). У паэт. зб-ках «Другі перавал» (1963), «Дні» (1970), «Хваля і камень» (1974), «Вестка» (1978) успаміны і роздум пра вайну, гіст. мінулае Расіі, тэмы мастацтва, кахання. Позняй лірыцы (зб-кі «Заліў», 1981; «Галасы за ўзгоркамі», 1985) уласцівы медытатыўнасць, элегічнасць._Аўтар кн. мемуарных нататак, літ.-крытычных эсэ, літ.-псіхал. партрэтаў «Памятныя запіскі» (апубл. 1995), перакладаў (зб. «Паэты-сучаснікі. Вершы зарубежных паэтаў», 1963), «Кнігі пра рускую рыфму» (1973), пародый і інш.Дзярж. прэмія СССР 1988.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1989;
В кругу себя. Вильнюс;
М., 1993.
Літ.:
Баевский В.С. Давид Самойлов: Поэт и его поколение. М., 1986.