род прэснаводных малюскаў кл. двухстворкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы. Жывуць у стаячых і з павольнай плынню вадаёмах, поўзаюць па грунце. На Беларусі 5 відаў: бяззубка звычайная (A. cygnea cygnea, найб. пашыраная), бяззубка выцягнутая (A. cygnea cellensis), бяззубка рыбіна (A. cygnea piscinalis), бяззубка качыная (A. cygnea anatina), бяззубка вузкая (Peeudanodonta complanata).
Ракавіна (даўж. да 20 см) з дзвюх авальных створак, злучаных эластычнай звязкай. Замковыя зубы адсутнічаюць (адсюль назва). Рухаюцца з дапамогай клінападобнай нагі. Орган дыхання — шчэлепы. Біяфільтраты, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі і іх рэшткамі. Раздзельнаполыя. Самка выношвае аплодненыя яйцы ў шчэлепах восень і зіму, вясной выходзяць лічынкі (глахідыі) і прымацоўваюцца да покрыва ў шчэлепах рыб, дзе да пераўтварэння ў дарослую асобіну вядуць паразітычны спосаб жыцця. Лічынкамі і моладдзю кормяцца рыбы. Корм для с.-г. Жывёл, ракавіны — сыравіна для галантарэйнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙТЛІНГ ((Weitling) Вільгельм) (5.10.1808, г. Магдэбург, Германія — 25.1.1871),
дзеяч ранняга ням. рабочага руху, сацыяліст. Кравец. У 1836 у Парыжы ўступіў у Саюз справядлівых, напісаў яго маніфест «Чалавецтва, якое яно ёсць і якім яно павінна быць» (1838). Удзельнік няўдалага паўстання бланкістаў (1839). З 1841 у Швейцарыі, дзе апублікаваў гал. твор «Гарантыі гармоніі і свабоды» (1842); арыштаваны за паліт. агітацыю і зняволены (1843). Вызвалены ў 1844. Чл. Брусельскага камуніст. карэспандэнцкага к-та (1846). З 1846 у ЗША (у час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі быў на радзіме). Асуджаў капіталізм, але не прымаў навук. камунізму К.Маркса і Ф.Энгельса. Быў упэўнены ў магчымасці неадкладна здзейсніць сац. пераварот з апорай на немаёмныя слаі. Пераацэньваючы стыхійнасць рэв. бунту, лічыў яго ўдарнай сілай люмпен-пралетарыяў і нават крымін. злачынцаў. Бачыў у асобе Хрыста перадавога змагара за сац. справядлівасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́ДЫ, венеты (лац. Venedi, Veneti),
старажытны індаеўрапейскі народ, роднасны, верагодна, ілірыйцам і лацінянам. Упершыню ўпамінаецца ў «Іліядзе» Гамера, пазней у творах Карнелія Непота, Ціта Лівія, Герадота, Страбона і інш.Найб. распаўсюджаны погляд, што найстаражытнейшым венедам належала археал.лужыцкая культура ў Цэнтр. і Паўн. Еўропе. У 2—1-м тыс. да н.э. яе носьбіты рассяліліся і фіксуюцца на Балканах, у М. Азіі (энеты), Адрыятыцы (пазнейшая вобласць і горад Венецыя), на Пн і Пд Германіі, у Галіі (пазнейшая вобласць Вандэя), Брытаніі, на Ютландскім п-ве, у Прыбалтыцы. На ўсіх тэр. рассялення венедаў асіміляваны. У першых ст.н.э. венеды ўпамінаюцца Плініем Старэйшым, Тацытам, Пталамеем па цячэнні Віслы, дзе яны асіміляваны славянамі, на якіх у сярэднявеччы перайшла назва венеды (у форме вендэн, віндэн). Ад венедаў паходзяць сучасныя назвы рускіх з боку эстонцаў (венеласед), фінаў (веная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСЯЛО́ЎСКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Агончык». Паходзілі з Польшчы, дзе неаднаразова займалі сенатарскія пасады, з 1780 графы «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У ВКЛ перасяліўся абозны каронны Пётр (1482—1556), які стаў старостам мсцібаўскім і мяцельскім; ад жонкі атрымаў у пасаг Беласток. Пётр (?—1620), сын Пятра. Каралеўскі сакратар, падскарбі надворны ВКЛ з 1590, маршалак надворны з 1598, маршалак вялікі з 1615. На яго сынах Крыштофе і Мікалаю перарвалася галіна роду на Беларусі і ў Літве. Крыштоф (?—19.4.1637), падстолі ВКЛ з 1600, стольнік з 1604, крайчы з 1620, маршалак надворны з 1622, маршалак вялікі з 1635. Удзельнічаў у войнах з туркамі і шведамі. Разам з жонкай А.М.Сабескай заснаваў Гродзенскі кляштар брыгітак. Мікалай (?—19.10.1634), кухмістр ВКЛ з 1611, стольнік з 1623, крайчы з 1626, падчашы з 1630, кашталян жмудскі з 1633.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЧНАЯ МЕРЗЛАТА́, шматгадовая мерзлата,
верхні слой зямной кары з устойлівымі адмоўнымі тэмпературамі на працягу тысяч гадоў; частка крыясферы. Пашырана ў арктычным і антарктычным паясах, часткова ва ўмераным поясе, дзе існуе рэзка кантынентальны клімат. Развіта таксама пад покрыўнымі і горнымі ледавікамі. У зоне вечнай мерзлаты горныя пароды сцэментаваны замёрзлай вільгаццю. Магутнасць слоя з адмоўнымі т-рамі дасягае 4 км у Антарктыдзе, 1,5 км у Арктыцы. Пашырана на пл. каля 35 млн.км², у т. л. 11 млн.км² у Сібіры. На тэр. Беларусі існавала ў ледавіковыя эпохі. Слядамі вечнай мерзлаты з’яўляюцца крыягенныя тэкстуры, што захаваліся ў горных пародах, — псеўдамарфозы на месцы ледзяных кліноў і маразабойных шчылін, сляды цячэння і сціскання расталага грунту і інш. З часоў дэградацыі вечнай мерзлаты ў рэльефе захаваліся тэрмакарставыя западзіны і катлавіны азёр, псеўдатэрасы, валы і інш. Вечную мерзлату вывучае крыялогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНАСНЫ́Я ЛІ́ТАРЫ,
літары, напісаныя над радком з мэтай скарачэння слоў і паскарэння працэсу пісьма. Прыём вынасу літар зрэдку практыкаваўся ў стараслав. і стараж.-рус. уставе: гсдь (господь), мсць (мѣсяць), лѣт (лѣто), црство (царство). Выкарыстанне вынасных літар асабліва пашырылася ў старабел. скорапісе 15—17 ст., дзе стала заканамерным напісаннем над радком першай літары з групы зычных у сярэдзіне слоў (доброволный, лихтаръ), зычнай літары перад групай «ь + галосны гук» (зранене, спустошене), канцавой зычнай у розных граматычных формах (будет, поедет; дадут, плачут; в тых сеножатех; доброг, старог, спалучэнняў зычных з апошнім «т» (индикт, наместникъ, радост). Больш абмежавана вынасныя літары выкарыстоўваліся ў бел. старадруках канца 16—17 ст. У сучасным бел. правапісе не ўжываюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ ШАЎКО́ВЫ ШЛЯХ,
караванны шлях з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі ў 2 ст. да н.э. — 15 ст.н.э. Адкрыты ў час падарожжа Чжан Цяня. Ішоў з Сіяня праз Ланьчжоў у Дуньхуан, дзе раздвойваўся: паўн. дарога ішла ў Ферганскую даліну, паўд. перасякала горныя хрыбты Паміра, вяла ў Індыю і на Б. Усход. Гал. таварам быў кіт. шоўк, асн. гандлярамі — сярэднеазіяцкія купцы-пасрэднікі. Актыўна выкарыстоўваўся для дыпламат. сувязей, асабліва на мяжы 1—2 ст., калі ў Кітай і з Кітая штогод адпраўляліся пасольствы, якія суправаджаліся гандл. караванамі. У 3—6 ст. выкарыстоўваўся як «дарога пілігрымаў», па якой будыйскія манахі ішлі з Кітая ў Індыю і назад. У 10 ст. па шляху ўстанавіліся сувязі Кітая з Візантыяй, арабамі. У 13—14 ст. злучыў аддаленыя раёны Манг. імперыі. Заняпаў з развіццём марскіх зносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМІНЬДА́Н (літар. нацыянальная партыя),
палітычная партыя ў Кітаі. Засн. ў 1912 шляхам зліцця рэв. арг-цыі Тунмэнхой (кіраўнік Сунь Ятсен) з некат. паліт. ліберальна-бурж. групоўкамі. У 1923—24 аформіўся саюз Гаміньдана з Камуніст. партыяй Кітая (КПК), створана масавая паліт.арг-цыя антыімперыял. і нац.-вызв. характару. У аснову яе праграмы (1924) пакладзены 3 прынцыпы: нацыяналізм, народнасць і нар. працвітанне. Гаміньдан адыграў рашаючую ролю ў рэвалюцыі 1925—27 у Кітаі. У час рэвалюцыі правае крыло Гаміньдана на чале з Чан Кайшы праводзіла палітыку згортвання адносін з КПК, а пасля смерці Сунь Ятсена (1927) пайшло на поўны разрыў з ёй і захоп улады, што выклікала грамадз. вайну. Пасля паражэння ў 1949 арміі Гаміньдана і абвяшчэння КНР рэшткі гаміньданаўцаў уцяклі на в.Тайвань, дзе аднавілі дзейнасць партыі. У КНР дзейнічае рэв.к-т Гаміньдана (засн. ў 1948 сіламі, апазіцыйнымі Чан Кайшы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РВАРДСКАЯ ШКО́ЛА,
кірунак амер.паліт. эканоміі, які вывучае прыроду капіталіст. цыклаў і прагназаванне гасп. кан’юнктуры з выкарыстаннем метадаў стат. і матэм. аналізу, т.зв. «эканамічны барометр». Гал. ідэя Гарвардскай школы — магчымасць прадухілення і ліквідацыі крызісаў. Узнікла пасля 1-й сусв. вайны, склалася вакол К-таэканам. даследаванняў (створаны ў 1917 пры Гарвардскім ун-це). Буйны прадстаўнік Гарвардскай школы У.К.Мітчэл у сваёй працы «Эканамічныя цыклы. Праблема і яе пастаноўка» (1927) разглядаў эканам. цыклы, узлёты і падзенні дзелавой актыўнасці як больш або менш плаўную змену кан’юнктурных хваль. Ён прапаноўваў ствараць сістэму дзярж. страхавання ад беспрацоўя і ўвесці сістэму індыкатыўнага (рэкамендацыйнага) планавання эканомікі. Погляды Гарвардскай школы атрымалі пашырэнне ў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Аўстрыі, Польшчы, дзе ў 1920-я г. былі створаны кан’юнктурныя ін-ты для вывучэння стат. матэрыялаў з мэтай эканам. прадказанняў.
рускі рэжысёр і педагог, тэатразнаўца. Засл. дз. маст. Расіі (1943). Д-р мастацтвазнаўства (1948). Творчую дзейнасць пачаў у 1922 у 3-й Студыі МХТ, вучань Я.Б.Вахтангава. З 1924 (з перапынкамі) рэжысёр МХАТа. Сярод спектакляў: «Квадратура круга» В.Катаева (1928), «Мальер» М.Булгакава (1936), «Школа зласлоўя» Р.Шэрыдана (1940), «Афіцэр флоту» А.Крона (1945, разам з І.М.Раеўскім) і інш. Адначасова маст. кіраўнік маскоўскіх т-ра Сатыры (1933—41 і 1943—48) і т-ра драмы (1941—43), дзе паставіў спектаклі: «Час, наперад!» Катаева (1947), «Рускія людзі» К.Сіманава і «Фронт» А.Карнейчука (абодва 1942). Дзярж. прэмія СССР 1946, 1952.
Тв.:
Беседы о режиссуре. М.; Л., 1941;
Режиссерские уроки К.С.Станиславского. Беседы и записи репетиций. 3 изд. М., 1952;