ПАДЧА́ШЫ,

пасада ў ВКЛ. Першапачаткова аб’ядноўваў функцыі П. і чашніка. У 15—16 ст. часам тытулаваўся чашнікам Павінен быў падаваць вял. князю ВКЛ напоі, папярэдне пакаштаваўшы іх сам. Пасада лічылася вельмі ганаровай, яе займалі толькі прадстаўнікі магнацкіх родаў. Першы вядомы П. ВКЛ — Алехна Мантыгердавіч (1410). З канца 16 ст. вядомы павятовыя П.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЭ́ЛЬНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,

від цэнтральнага ацяплення, пры якім цяпло ў памяшканне перадаецца ад нагрэтых паверхняў ацяпляльных панэлей, размешчаных у сценах, перагародках, часам у падлозе. Унутры бетонных панэлей размяшчаюць стальныя трубы ці чыгунныя ўкладышы, па якіх цыркулюе гарачая вада, пара або (радзей) паветра. Існуюць таксама панэлі з электранагравальнымі элементамі. Вызначаецца высокімі сан.-гігіенічнымі якасцямі. Выкарыстоўваецца ў грамадскіх, прамысл. і жылых памяшканнях.

т. 12, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАКСЕНІ́Т,

ультраасноўная інтрузіўная поўнакрышталічная горная парода, складзеная з піраксенаў (90—100%), часам з нязначнымі дамешкамі алівіну, плагіяклазу, магнетыту, тытанамагнетыту і інш. Адпаведна дамінуючаму піраксену вылучаюць разнавіднасці: вебстэрыты, гіперстэніты, бранзітыты, дыяпсідыты і інш. Колер жаўтавата-буры, зялёны да чорнага. Выкарыстоўваецца як буд. матэрыял і сыравіна для вытв-сці вогнетрывалых матэрыялаў, рудныя разнавіднасці — сыравіна на жалеза і тытан.

т. 12, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФУНДА́ЛЬ (ад лац. profundus глыбокі),

глыбокая частка возера, куды не пранікаюць хвалевыя рухі і ветравое перамешванне. Ложа П. звычайна ўкрыта ілам, донная расліннасць адсутнічае; багата развіта флора бактэрый і грыбкоў, у выніку чаго ў ілах назапашваюцца газы (метан, вадарод, серавадарод) і адбываецца ўтварэнне азёрнай жал. руды. У вадаёмах Беларусі П. пачынаецца з глыб. 5—8 м, часам 10 м.

т. 13, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛІ́СТКІ,

парныя прыдаткі ў аснове ліста, свабодныя або прырослыя да чаранка. Характэрныя для многіх двухдольных. Бываюць плевачныя і зялёныя. Зялёныя П. прымаюць удзел у фотасінтэзе (напр., у гароху), часам застаюцца адзінай фотасінтэзуючай ч. ліста, калі пласцінка рэдукуецца (напр., у чыны). Адыгрываюць важную ролю ва ўтварэнні пупышкавых лускавінак. У многіх дрэў пасля разгортвання пупышак ападаюць (напр., у ліпы).

т. 13, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́МАС (лац. primas галоўная асоба ад primus першы),

1) у рымска-каталіцкай царкве тытул арцыбіскупа (мітрапаліта), які валодае ганаровым (часам і юрыдычным) першынством над астатнімі біскупамі і мітрапалітамі пэўнай краіны. На Беларусі рымска-каталіцкая царква мае свайго арцыбіскупа мітрапаліта і юрысдыкцыі П. ў Польшчы не падлягае.

2) Афіцыйны тытул архіепіскапа Кентэрберыйскага ў Англіі як першаіерарха англіканскай царквы.

т. 13, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСВАЕ́ННЕ АБО РАСТРА́ТА,

крымінальнае злачынства супраць уласнасці, якое заключаецца ў крадзяжы чужой маёмасці, даверанай вінаватаму. Адказнасць за П. або р. прадугледжана арт. 211 КК Рэспублікі Беларусь. З аб’ектыўнага боку прысваенне — неправамернае ўтрыманне (невяртанне) чужой маёмасці, якая даверана вінаватаму для пэўнай мэты, а растрата — адчужэнне і спажыванне такой маёмасці. Часам у тэорыі крымін. права растрата разглядаецца як прыватны выпадак прысваення.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЕ́ЛІЯ (тур. Rumeli),

турэцкая назва еўрап. уладанняў Асманскай імперыі. У 15—19 ст. — правінцыя (эялет), якая ўключала тэр. Балканскага п-ва, у 1864—66 падзелена на некалькі вілаетаў назва Р. скасавана з афіц. ўжывання. Паводле рашэнняў Берлінскага кангрэса 1878 створана аўт. правінцыя Усх. Р., якая ў 1885 далучана да Балгарыі. Цяпер часам ужываецца як неафіц. назва еўрап. ч. Турцыі.

т. 13, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУЧНІКІ́»,

бел. сцэнічны жаночы танец, блізкі да карагода. Муз. памер ​3/4. Тэмп умераны. Створаны балетмайстрам Л.Алексютовіч на традыц. бытавой аснове пад мелодыю папулярнай аднайм. песні М.Пятрэнкі (часам суправаджаецца хар. выкананнем; рытміка песні некалькі зменена). Імітуецца вышыванне ручнікоў з паступовым пераходам да плаўнага лірычнага карагода з ручнікамі. Уваходзіць у рэпертуар шматлікіх самадз. калектываў.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 13, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ПЛІКА (франц. réplique, італьян. replica ад лац. replico паўтараю, адказваю),

1) у тэатры — элемент сцэнічнага дыялогу: фраза ў адказ на словы партнёра, апошняя фраза (або яе частка) персанажа, за якой ідзе тэкст інш. дзейнай асобы.

2) У выяўленчым мастацтве — аўтарская копія маст. твора, якая адрозніваецца ад яго памерамі, часам дробнымі дэталямі. Можа быць выканана інш. мастаком пад наглядам аўтара.

т. 14, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)