1) у беларусаў круглая шапачка з фабрычнай тканіны або вязаная з ільняных ці баваўняных нітак; састаўная частка галаўнога ўбору замужніх жанчын. Наз. таксама чэпік. Ч. накладалі на абручык-тканку ці жмут кудзелі і сцягвалі ззаду матузком, налобную ч. аздаблялі вышыўкай. Зверху завязвалі намітку ці хустку. У наш час Ч. носяць некат. пажылыя жанчыны на Палессі.
2) Галаўны ўбор дзіцяці, круглая шапачка з вушкамі. Аздабляўся вышыўкай, нашыўкамі фальбаваных фарбаваных* стужак, тасёмак, карункамі вакол ілба.
3) У многіх мясцовасцях Беларусі тое, што каптур.
М.Ф.Раманюк.
Жанчыны ў чапцах. Вёска Аброва Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНАЗЁМЫ,
тып глеб, які фарміруецца ў лесастэпавай і стэпавай зонах умераных паясоў пад шматгадовай травяністай расліннасцю. Развіваюцца пераважна на карбанатных пародах пры недахопе ўвільгатнення, ва ўмовах непрамыўнога ці перыядычна прамыўнога воднага рэжыму. Для Ч. характэрны нейтральная ці слабакіслая рэакцыя глебавага раствору, зярністая ці камякавата-зярністая структура, назапашванне арган. рэчываў у моцным (да 1 м) гумусавым слоі, высокая патэнцыяльная ўрадлівасць. Плошча Ч. у свеце каля 240 млн.га. Пашыраны ў Еўразіі (Аўстрыя, Венгрыя, Балгарыя, Малдова, Паўд. Украіна, Расія, Манголія, Кітай), Паўн. (зах. штаты ЗША, паўд. правінцыі Канады) і Паўд. Амерыцы (Паўд. Аргенціна і Чылі). На Беларусі адсутнічаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІВА́ННА (Verbascum),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Як пустазелле або здзічэлыя трапляюцца ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, у Аўстраліі. На Беларусі 7 дзікарослых відаў: Дз. звычайная, або мядзведжае вуха (V. thapsus), чорная (V. nigrum), мучністая (V. lychnitis), густакветная (V. densiflorum), фіялетавая (V. phoeniceum), лекавая (V. phlomoides), тараканавая (V. blattaria). Растуць на сухіх пясчаных сонечных месцах, у светлых лясах і інш. Дз. джунгарская (V. songoricum) інтрадукавана як лек. расліна Цэнтр.бат. садам Нац.АН Беларусі.
Адна-, двух- і шматгадовыя пераважна густа апушаныя травяністыя расліны з высокімі прамастойнымі простымі ці галінастымі сцёбламі, рэдка паўкусты. Лісце чаргаванае або папарна збліжанае, цэласнае, рэдка перыстараздзельнае. Кветкі з 5 пялёсткамі, звычайна жоўтыя, рэдка фіялетавыя, адзіночныя ці ў простых (гронках ці каласах) або складаных (мяцёлчатых, коласа- ці гронкападобных) суквеццях. Плод — каробачка. Лек., дэкар. і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́МА,
памяшканне, будынак ці яго частка, прызначаныя для гандлю. У Беларусі вядома з часу вылучэння рамёстваў у самаст. галіну гасп. дзейнасці. У гарадах 10—12 ст. К. існавалі ў рамесніцкіх пасадах. У 15—16 ст. вакол дзярж. і прыватнаўласніцкіх таргоў фарміраваліся гандлёва-рамесніцкія паселішчы з вял. колькасцю К. Паводле арх.-планіровачнай і функцыянальнай будовы вылучалася некалькі тыпаў К.: невял. будынак з гандл. памяшканнем і каморай; 1- ці 2-павярховы будынак, які спалучаў уласна К., жыллё рамесніка-гандляра і яго майстэрню; памяшканне ў комплексе гандлёвых радоў на плошчы горада ці мястэчка. Адметнасцямі К. з’яўляліся ганак з адкрытай галерэяй, аканіцы, падвойныя дзверы з жал. заваламі для запірання дзвярэй, маляваныя шыльды на шчыце-франтоне. К., змыкаючыся дахамі, галерэямі, утваралі шчыльную забудову вуліцы ці плошчы. У гарадах, якія мелі магдэбургскае права, нярэдка былі аб’яднаны з будынкам ратушы. У наш час К. наз. невял. гандл. памяшканне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКО́СТЫ (ад польскага pokost лак),
вадкія плёнкаўтваральныя рэчывы на аснове алеяўціалкідных смол. Колер ад жоўтага да вішнёвага. Добра змочваюць металы, дрэва, тканіну. Нанесеныя тонкім слоем высыхаюць пры пакаёвай т-ры за 24 гадз, утвараюць эластычныя плёнкі, нерастваральныя ў вадзе і арган. растваральніках.
Адрозніваюць натуральныя, камбінаваныя, паўнатуральныя (напр., аксоль) і алкідныя (гліфталевыя, пентафталевыя, ксіфталевыя П.). Для паскарэння высыхання пры атрыманні дадаюць сікатывы — солі (пераважна лінолевай ці нафтэнавых кіслот) свінцу, марганцу, кобальту. Натуральныя П. атрымліваюць з алею (у асн. ільнянога, канаплянага) частковай яго полімерызацыяй пры 270—280 °Cці награваннем пры 140—160 °C з адначасовым прадзіманнем паветра. Камбінаваныя і паўнатуральныя, а таксама алкідныя П. — растворы ва уайт-спірыце сумесей абязводжаных алеяў з полімерызаванымі высыхальнымі ці паўвысыхальнымі алеямі і тлустых алкідных смол. Выкарыстоўваюць для атрымання і разбаўлення алейных фарбаў, а таксама для прамочвання драўніны перад яе апрацоўкай гэтымі фарбамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАВУ́ХАбел. мужчынскі галаўны ўбор, зімовая шапка-вушанка з аўчыны або заечага, лісінага, вавёрчынага ці трусінага футра, пацягнутая зверху сукном. Да асновы яе прышывалі 4 крылы (вушы), пярэдняе і задняе падымалі і звязвалі зверху, бакавыя апускалі ці падвязвалі пад падбародкам. Насілі да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЙ,
ва ўсх.-слав. міфалогіі персанаж, чый смертаносны позірк схаваны пад вялізнымі павекамі ці вейкамі. Паводле бел., укр. і рус. казак, павекі, вейкі ці бровы Вія падымалі віламі яго памочнікі. Чалавек, які не вытрымліваў позірку Вія, паміраў. Легенду пра Вія апісаў у аднайм. аповесці М.В.Гогаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАЦІРО́УКА (ад франц. décatir знішчаць бляск),
апрацоўка парай ці гарачай вадой шарсцяных і інш. тканін. Паляпшае іх якасць (ушчыльненне, павелічэнне мяккасці або пругкасці, бляску ці матавасці) і папярэджвае ўсадку пры пашыве і нашэнні. Робіцца ў т.зв. дэкацірах і ўсадачных машынах (забяспечваюць бесперапыннасць працэсу), звычайна перад фарбаваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТУБА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутр + tuba труба),
увядзенне трубкі ў гартань, трахею ці бронхі. Робіцца, каб зняць парушэнні дыхання пры апёках, траўмах, цяжкіх спазмах, дыфтэрыі гартані і яе ацёках (напр., алергічных). Можа замяніць горласячэнне (трахеатамію). Таксама ўвядзенне трубкі ў прасвет кішкі для дыягностыкі ці лячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́СІЯ,
1) у цывільным праве дагавор, паводле якога адзін бок (камісіянер) абавязваецца па даручэнні другога боку (камітэнта) здзяйсняць здзелкі ад свайго імя. Узаемаадносіны бакоў у дагаворы К., іх правы і абавязкі рэгламентуюцца цывільным заканадаўствам.
2) Выбраная ці назначаная група асоб, упаўнаважаная выконваць часовае ці пастаяннае даручэнне.