здольнасць аднаго ліку (ці алг. выразу) дзяліцца на другі (гл.Дзяленне). Напр., адзін цэлы лік кратны другому, калі ў выніку дзялення першага (дзеліва) на другі (дзельнік) атрымліваецца таксама цэлы лік.
Уласцівасці П. залежаць ад таго, якія сукупнасці лікаў разглядаюцца. Лік наз. простым, калі ў яго няма дзельнікаў, адрозных ад яго самога і адзінкі (напр., лікі 2, 3, 5, 7), і састаўным у процілеглым выпадку. Любы цэлы састаўны лік можна адназначна раскласці ў здабытак простых лікаў, напр., 72 = 2∙2∙2∙3∙3. Існуюць прыкметы, па якіх лёгка вызначыць, ці дзеліцца зададзены лік на просты. Напр., лік дзеліцца на 2, калі яго апошняя лічба цотная; лік дзеліцца на 3 (ці 9), калі сума яго лічбаў дзеліцца на 3 (ці 9).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУМА́ЦЫЯў фізіялогіі,
узаемадзеянне сінаптычных працэсаў (што ўзбуджаюць ці затарможваюць) на мембране нейрона або мышачнай клеткі, якое характарызуецца ўзмацненнем эфектаў раздражнення да рэфлекторнай рэакцыі ў адказ; адзін з механізмаў каардынавання рэакцый арганізма. Апісана І.М.Сечанавыму 1868. На сістэмным узроўні адрозніваюць С. прасторавую і часавую. Прасторавая С. адбываецца ў выпадку адначасовага ўздзеяння аферэнтных раздражненняў, кожнае з якіх неэфектыўнае для розных рэцэптараў адной і той жа рэцэптыўнай зоны (напр., узбуджэнне многіх нейронаў розных участкаў мозга). Часавая С. вызначаецца ўзаемадзеяннем нерв. уплываў, што прыходзяць з пэўным інтэрвалам да адных і тых жа ўзбудлівых структур па адных і тых жа нерв. каналах. Забяспечвае неабходную працягласць рэакцый і можа падтрымлівацца кальцавой сувяззю нейронаў. На клетачным узроўні С. мае прасторава-часавы характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТА (ад лац. veto забараняю),
1) у дзяржаўным праве забарона, якая накладаецца адным органам дзярж. улады на рашэнне інш.дзярж. органа. Ін-т вета ўзнік уСтараж. Рыме. Уфеад. эпоху найб. вядомае т.зв. свабоднае вета — ліберум вета: у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. рашэнне сейма лічылася прынятым, калі за яго галасавалі ўсе дэпутаты. У сучасных дзяржавах права вета звычайна даецца кіраўніку дзяржавы ў адносінах да законаў, прынятых парламентам, ці верхняй палаце парламента ў адносінах да ніжняй яго палаты. Адрозніваюць абсалютнае вета, калі кіраўніку дзяржавы даецца права канчаткова адхіліць закон, і адноснае вета, калі адмаўленне кіраўніка дзяржавы санкцыяніраваць закон толькі прыпыняе набыццё ім сілы. У апошнім выпадку парламент мае права прыняць закон паўторным галасаваннем.
Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права адноснага вета дадзена Прэзідэнту. Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь або прыняты Палатай прадстаўнікоў у парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй, падаецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Калі Прэзідэнт згодны з тэкстам закону, ён яго падпісвае. Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь закон на працягу 2 тыдняў пасля таго, як ён яму быў пададзены, закон лічыцца падпісаным. Закон не лічыцца падпісаным і не набывае сілы, калі ён не мог быць вернуты ў Нац. сход у сувязі з заканчэннем сесіі. Пры нязгодзе з тэкстам закону Прэзідэнт вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў, якая павінна разгледзець закон з пярэчаннямі Прэзідэнта не пазней як за 30 дзён. Калі закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу, ён разам з пярэчаннямі Прэзідэнта ў 5-дзённы тэрмін накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, які таксама павінен разгледзець яго паўторна не пазней як за 20 дзён. Закон лічыцца прынятым, калі ён ухвалены большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Закон пасля пераадолення Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі пярэчанняў Прэзідэнта падпісваецца Прэзідэнтам у 5-дзённы тэрмін. Закон набывае сілу і ў тым выпадку, калі Прэзідэнт не падпіша яго ў гэты тэрмін.
2) Правам вета называецца таксама аднагалоснасці прынцыпуААН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЕ СТАНО́ВІШЧА,
спецыяльны прававы рэжым, які ўводзіцца дзяржавай ва ўсёй краіне або ў асобных яе мясцовасцях у надзвычайных абставінах (вайна, рэв. выступленні, стыхійныя бедствы). Выяўляецца ў расшырэнні паўнамоцтваў ваен. улад і ўвядзенні абмежаванняў для насельніцтва. УРас. імперыі ў 19 ст. рэжым ваеннага становішча ўводзіўся ў кожным выпадку імянным указам цара. Узах. губернях ваеннае становішча дзейнічала ў час паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Заканадаўчы акт Рас. імперыі «Аб мясцовасцях, што аб’яўляюцца на ваенным становішчы», прыняты 30.6.1892, прадугледжваў увядзенне ваеннага становішча толькі на тэр. тэатра ваен. дзеянняў. Аднак яго ўвядзенне шырока практыкавалася і ў час рэвалюцыі 1905—07. 31.7—2.8.1914 ваеннае становішча аб’яўлена ў бел. губернях у сувязі з пачаткам 1-й сусв. вайны. УСССР аб’яўлялася Прэзідыумам Вярх. Савета СССР, напр., у час Вял.Айч. вайны. У Рэспубліцы Беларусь ваеннае становішча аб’яўляецца Прэзідэнтам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́РНСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1925, Лакарнскі пакт. Парафіраваны 16.10. 1925 уг. Лакарна (Швейцарыя) пасля абмеркавання на Лакарнскай канферэнцыі 1925, падпісаны 1.12.1925 у Лондане. Асн. дакумент — т.зв. Рэйнскі гарантыйны пакт паміж Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Італіяй і Францыяй, які прадугледжваў непарушнасць герм.-бельг. і герм.-франц. межаў, вызначаных паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, і захаванне дэмілітарызацыі Рэйнскай зоны. Гарантамі пакта выступалі Вялікабрытанія і Італія. Рэйнскі пакт дапоўнілі пагадненні пра арбітражы, заключаныя Германіяй асобна з Бельгіяй, Францыяй, Польшчай і Чэхаславакіяй, а таксама дагаворы аб гарантыях, заключаныя Францыяй асобна з Польшчай і Чэхаславакіяй (Францыя абавязалася аказваць дапамогу гэтым краінам увыпадку нападу на іх Германіі). Вынікам Л.д. было прыняцце Германіі ў вер. 1926 уЛігу нацый са статусам вял. дзяржавы. У 1936 Германія ў аднабаковым парадку скасавала Л.д. і ўвяла свае войскі ў Рэйнскую зону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ЎКА З ПАВІ́ННАЙ,
добраахвотны асабісты зварот (яўка) асобы, якая ўчыніла злачынства, з заявай аб ім у органы, што вядуць дазнанне, у пракуратуру, суд з намерам аддаць сябе ў рукі правасуддзя. У крымінальна-працэсуальным праве Рэспублікі Беларусь Я. з п. — адна з падстаў да ўзбуджэння супраць яе крымін. справы. Увыпадку, калі той, хто прыйшоў з павіннай, паведамляе пра ўчыненне злачынства разам з інш. асобамі, ён папярэджваецца аб крымін. адказнасці за свядома лжывы данос. Заява аб павіннай можа быць пісьмовай і вуснай. Яна перадаецца органу дазнання, следчаму, пракурору або ў суд, аб чым складаецца адпаведны пратакол, у якім падрабязна выкладаецца: дзе і калі, пры якіх абставінах учынена злачынства, якімі данымі яно пацвярджаецца, матывы, што схілілі асобу прыйсці з заявай. Паводле крымін. права Рэспублікі Беларусь, Я. з п. з’яўляецца акалічнасцю, якая змякчае адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,
маёмасць, якая адначасова належыць двум і болей уласнікам, незалежна ад формы ўласнасці. У Рэспубліцы Беларусь можа належаць двум або некалькім арг-цыям, дзяржаве і адной або некалькім арг-цыям, двум і болей грамадзянам. Агульная ўласнасць, у якой вызначана доля, што належыць кожнаму ўласніку, з’яўляецца іх долевай уласнасцю. Агульная ўласнасць, дзе такая доля не вызначана, — іх сумесная ўласнасць. Валоданне, карыстанне і распараджэнне агульнай уласнасцю ажыццяўляецца са згоды ўсіх яе ўдзельнікаў; увыпадку рознагалосся вызначаецца праз суд па іску любога з яе ўдзельнікаў.
Кожны ўдзельнік агульнай долевай уласнасці абавязаны суразмерна са сваёй доляй удзельнічаць у выдатках на зборы, падаткі і інш. плацяжы па агульнай маёмасці; мае права на адчужэнне сваёй долі інш. асобе ці вылучэнне яе з агульнай маёмасці. Пры продажы долі пабочнай асобе астатнія ўдзельнікі агульнай долевай уласнасці маюць пераважнае права куплі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТАЛО́Н (франц. étalon),
узорны сродак вымярэння, што забяспечвае захаванне, узнаўленне і перадачу адзінак фіз. велічынь з найбольшай дакладнасцю. Вывучаецца метралогіяй.
Існуюць міжнар. і нац. Э. У залежнасці ад метралагічнага прызначэння Э. бываюць першасныя і другасныя. Першасныя Э. афіцыйна зацвярджаюцца Дзяржстандартам Рэспублікі Беларусь і наз. дзяржаўнымі. Другасныя Э. падзяляюцца на Э.-копіі (для захавання адзінак і перадачы іх памераў рабочым Э.), Э.-сведкі (для праверкі захаванасці Дзярж. Э. або для замены іх увыпадку пашкоджання ці страты), Э. параўнання (для міжнар. зверак нац. Э.), рабочыя Э. (для перадачы памераў адзінак эталонным — узорным сродкам вымярэння 1-га разраду, у асобных выпадках — найб. дакладным рабочым сродкам вымярэння, якімі карыстаюцца ў навуцы, тэхніцы і нар. гаспадарцы).
Літ.:
Бурдун Г.Д., Марков Б.Н. Основы метрологии. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦКІ СУД,
суд у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст., які ствараўся канфедэрацыямі замест дзярж. судоў як сродак у барацьбе з паліт. праціўнікамі. На Беларусі К.с. былі створаны Таргавіцкай канфедэрацыяй. Дзейнічалі ў Браславе, Віцебску, Ваўкавыску, Лідзе, Мінску, Оршы, Полацку, Рэчыцы, Слоніме, Слуцку і інш. Разглядалі справы аб крымінальных злачынствах супраць дзяржавы і дзеяннях асоб супраць канфедэрацыі, а таксама справы аб даўгах, зборах дзярж. чыншу. Суддзі (консулы) выбіраліся канфедэратамі, старшынёй суда, як правіла, быў маршалак канфедэрацыі ў адпаведным павеце. К.с. прымалі да разгляду справы ў тым выпадку, калі хоць бы адным з бакоў выступаў шляхціц. Працэдура суда была аналагічная працэдуры земскага суда. Прыгаворы (выракі) прымаліся тайным галасаваннем. Апеляцыі маглі падавацца ў суд Ген. канфедэрацыі. К.с. меў права ажыццяўляць прыгавор з дапамогай войска. Скасаваны разам з Ген. канфедэрацыяй Гродзенскім сеймам 15.9.1793.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМІНІ́РАВАННЕ,
разведка (выяўленне) міннаўзрыўных загарод, выняцце або знішчэнне мін, зарадаў, боепрыпасаў і інш. выбухованебяспечных устройстваў, а таксама ачыстка ад іх мясцовасці, акваторыі, збудаванняў і інш. Р. бывае частковае, суцэльнае або кантрольнае, у т. л. ў выпадку т.зв. «несапраўднага (падманнага) мініравання»; праводзяць з дапамогай спецтэхнікі і прыстасаванняў (гл.Мінашукальнік) або ўручную (на вадзе выкарыстоўваюць тральшчыкі). У Беларусі выяўленнем і знішчэннем выбухованебяспечных рэчываў займаюцца інж. войскі і спецпадраздзяленні інш. відаў і родаў войск, а таксама МУС, мін-ва па надзвычайных сітуацыях і інш.У пасляваен. час знойдзена і абясшкоджана каля 27 млн.мін і інш. выбуховых рэчываў (штогод гэты паказчык складае 7—12 тыс. адзінак). Воіны, якія паказалі мужнасць, смеласць, высокі прафесіяналізм, з 1995 узнагароджваюцца нагрудным знакам «За размініраванне». Значнасць Р. павялічваецца ў ходзе вядзення мінных войнаў і барацьбы з тэрарызмам.