СЕМАШКЕ́ВІЧ Рыгор Міхайлавіч (12.9.1945, в. Дамашы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 11.6.1982),
бел. паэт і літаратуразнавец. Канд.філал.н. (1970). Скончыў БДУ (1966). Настаўнічаў. З 1970 выкладаў бел. л-ру ў БДУ. Друкаваўся з 1961. Яго вершам (зб-кі «Леснічоўка», 1968; «Субота», 1973) уласцівы прастата, шчырасць, псіхалагізм, багацце рытмікі, філасафічнасць. Нарыс «Браніслаў Эпімах-Шыпіла» (1968) пра бел. выдаўца і мовазнаўца, манаграфія «Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.)» (1971) напісаны на багатым дакумент. матэрыяле, жывой мовай, з увагай да грамадз., маральна-этычных, псіхал. матываў дзейнасці пісьменнікаў і дзеячаў нац.-вызв. руху. Сатыр. аповесць «Бацька ў калаўроце» (1976) прасякнута гумарам, дасціпнай выдумкай, гратэскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАПІЁН УЛАДЗІ́МІРСКІ (? — 1275),
старажытнарускі пісьменнік-прапаведнік. Архімандрыт Кіева-Пячэрскага манастыра, з 1274 епіскап Уладзімірскі. З яго «слоў» (пропаведзі, павучанні) дайшло 5 у зб-ках «Залатая чэпь» (14 ст.), «Паісіеўскі» (14 — пач. 15 ст.), «Ізмарагд», «Златавуст». Гал. тэма — пакуты рус. народа ў сувязі з мангола-татарскім нашэсцем. Славіў ратныя подзвігі абаронцаў роднай зямлі, выказваў надзею на вызваленне Русі і дакараў князёў, якія сваімі нязгодамі наклікалі на яе бяду як боскую кару за іх грахі, асуджаў сац. несправядлівасць, выкрываў забабоны, заклікаў да маральнага ўдасканалення. Ім уласцівы актуальнасць зместу, вобразнасць, паэтычнасць, эмацыянальнасць, дынамічнасць, рытмічнасць. Апрача царк. кніжнасці апіраўся на апокрыфы і нар. легенды, развіваў лепшыя традыцыі аратарскай прозы Іларыёна і Кірылы Тураўскага.
Літ.:
Памятники литературы Древней Руси, XIII в. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЁНАЎ Яўген Мікалаевіч (н. 10.1.1933, С.-Пецярбург),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). З 1965 працаваў мастаком-дэкаратарам на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1969 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. У 1995—2001 жыў у Канадзе. Працуе пераважна ў жанрах пейзажа і партрэта. Творам уласцівы глыбіня перспектыўнай пабудовы кампазіцыі, адзінства каларыту, лірычнасць і маляўнічасць колеравага ладу: «Камсамольцы 30-х гадоў» (1970), «Салдаты», «Даяркі» (абодва 1975), «Зялёны Луг-5», «Ветэран міліцыі М.Ф.Мананка», «Дарога на Маладзечна» (усе 1978), «Зерняток» (1979), «Я.Кучыц» (1981), «У.Е.Лабанок сярод баявых сяброў» (1986), «Пейзаж» (1998—99), партрэты акадэмікаў Г.В.Багамолава, А.І.Булыгіна (2001) і інш. Выканаў дыярамы для Музея гісторыі і культуры Беларусі ў Мінску і краязнаўчага музея ў г. Мазыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
сям’я моў, пашыраных на п-ве Індакітай і ў прылеглых раёнах Паўд. Кітая. Займаюць прамежкавае становішча паміж кітайска-тыбецкімі мовамі і аўстранезійскімі мовамі. Падзяляюцца на 3 групы: паўд.-зах. (мовы тайская, лаоская, шанская, ахом, юан, кхын і інш.), цэнтр. (тай, нунг, паўд. чжуанскія дыялекты), паўн. (буй, паўн. чжуанскія дыялекты). Да Т.м. прымыкаюць кадайскія мовы (лі, лакуа, лаці, гэлао), дун-шуйскія мовы (дун, шун, ман, тхен) і інш. Усе Т.м. тыпалагічна падобныя. Ім уласцівы ізалюючы лад, фаналагічная і сінтакс. блізкасць, супадзенне марфемы са складам, адсутнасць словазмянення, коранескладанне. Пісьменнасць бярэ пачатак (помнікі з канца 13 ст.) ад інд. пісьма. Выкарыстоўваецца таксама іерагліфіка і лацінка.
Літ.:
Морев Л.Н., Плам Ю.Я. Фомичева М.Ф. Тайский язык. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУМАНІШВІ́ЛІ Міхаіл Іванавіч (6.2.1921, Тбілісі — 1996),
грузінскі рэжысёр, педагог. Нар.арт.СССР (1981). Скончыў Грузінскі тэатр.ін-т (1949). З 1949 у Т-ры імя Ш.Руставелі (Тбілісі), з 1971 гал. рэжысёр груз. тэлебачання, з 1975 маст. кіраўнік Т-ра кінаакцёра кінастудыі «Грузія-фільм». Адначасова выкладаў у Грузінскім тэатр. ін-це (з 1960 праф.). Розным паводле жанру і стылю работам уласцівы прастата маст. лексікі, псіхал. дакладнасць, найтанчэйшая нюансіроўка ў распрацоўцы характараў. Сярод пастановак: «Такое каханне» П.Когаўта (1959), «Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні (1962), «Чынчрака» паводле Г.Нахуцрышвілі (1963), «Дон Жуан» паводле Мальера, А.Пушкіна, М.Булгакава, «Наш гарадок» Т.Уайлдэра і Р.Габрыядзе (абодва 1981), «Свінні Бакдлы» паводле Д.Клдыяшвілі (1982) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́РБАРХ (Terborch, Ter Borch) Герард (канец снеж. 1617, г. Зволе, Нідэрланды — 8.12.1681), галандскі жывапісец. Вучыўся ў П.Малейна ў Харлеме (1633—35), зазнаў уплыў Ф.Халса. Працаваў у Харлеме, Амстэрдаме і інш. гарадах Галандыі. Наведаў краіны Еўропы. У 1630 — пач. 1650-х г. пісаў сцэны з нар. і салдацкага побыту, якія вылучаліся мяккімі святлоценявымі эфектамі («Салдаты гуляюць у карты», «Сям’я тачыльшчыка»), пазней з жыцця багатых бюргераў, выяўляючы нешматлікія фігуры ва ўбраных інтэр’ерах. Лепшым творам уласцівы строгая вытанчанасць і стрыманасць вобразаў, халаднаватая гама, тонкасць святлоценявой мадэліроўкі, віртуозная перадача фактуры шаўкавістых тканін («Бацькоўская парада», «Жанчына піша ліст», «Урок музыкі», «Бакал ліманаду», «Цікаўнасць»). Пісаў таксама невял., вытанчаныя паводле жывапіснай манеры і вобразнага ладу партрэты ў рост («Партрэт дамы», «Мужчынскі партрэт»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЭ́НЦЫЙ Публій Афр (Publius Terentius Afer; каля 195, Карфаген — 159 да н.э.),
рымскі драматург. Быў рабом сенатара Тэрэнцыя Лукана, які даў яму адукацыю і волю. Уваходзіў у арыстакратычны элінафільскі гурток аратара і палкаводца Сцыпіёна Афрыканскага Малодшага. Пісаў у жанры паліяты — рым. камедыі на ўзор грэч. бытавой Менандра. Паміж 166 і 160 да н.э. паставіў 6 камедый (усе захаваліся): «Андрыянка», «Свякроў», «Сам сябе карае», «Еўнух», «Фарміён», «Браты». У цэнтры іх — праблемы выхавання, сям’і, кахання, якія вырашаюцца ў мяккай, гуманіст. манеры; ім уласцівы сур’ёзны тон, паслядоўнасць у развіцці дзеяння і фарміравання характараў, вытанчанасць мовы, наватарскае выкарыстанне пралогаў.
Тв.:
Рус.пер. — Комедии. М., 1988.
Літ.:
Савельева Л.И. Художественный метод П.Теренция Афра. Казань, 1960;
Ярхо В.Н. У истоков европейской комедии. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСА́НАВА Людміла Мікалаеўна (н. 5.4.1940, с. Барабаш Хасанскага р-на Прыморскага краю, Расія),
бел. і расійская актрыса. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1962).
З 1962 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, у 1966—76 у Гомельскім абл.драм. т-ры. З 1979 у Кемераўскім драм. т-ры (Расія). Выканаўца драм. і характарных роляў. Ёй уласцівы спалучэнне знешняга і ўнутр. малюнка ролі, пранікненне ў псіхалогію вобразаў, яркі сцэн. тэмперамент. Сярод роляў у т-ры імя Я Коласа: Маша («Пад адным небам» А.Маўзона), Анда («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Рэгана («Кароль Лір» У.Шэкспіра); у Гомельскім т-ры: Таццяна («Амазонкі» А.Дзялендзіка), Наташа («Тры сястры» А.Чэхава), Дашачка («Залатая карэта» Л.Лявонава), Тамара («Сітуацыя» В.Розава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ТКІН Мікалай Іванавіч (19.5.1780, г. Цвер, Расія — 17.3.1863),
рускі гравёр; буйнейшы майстар партрэтнай разцовай гравюры 1-й пал. 19 ст.Чл. шэрагу еўрап.АМ. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1785—1800; у 1803—14 пенсіянер у Парыжы і Лондане), з 1815 выкладаў у ёй (з 1817 заг. гравіравальнага класа, з 1831 праф.). Творам уласцівы інтэрпрэтацыя арыгінала, якая ўзмацняе змястоўнасць характарыстыкі партрэтуемага, багацце і разнастайнасць штрыха: «Іаан Хрысціцель» (1802, з карціны А.Р.Менгса); 20 гравюр з медальёнаў Ф.Талстога, прысвечаных вайне 1812; партрэты А.Куракіна (1812), І.Крылова (1816, з мал. А.Кіпрэнскага), А.Суворава (1818), М.Карамзіна (1819, з арыгінала У.Баравікоўскага), А.Пушкіна (1827 і 1838, з арыгінала Кіпрэнскага), А.Грыбаедава (1829).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЭ́СТ (West) Бенджамін (10.10.1738, г. Спрынгфілд, штат Пенсільванія, ЗША — 11.3.1820),
амерыканскі мастак. Першапачаткова працаваў у Філадэльфіі і Нью-Йорку як акварэліст, рысавальшчык і жывапісец-пейзажыст. У 1760—63 падарожнічаў па Італіі. З 1763 пастаянна працаваў у Лондане, з 1792 — прэзідэнт Каралеўскай АМ. У партрэтах парадная прадстаўнічасць нярэдка спалучаецца з рэаліст. дакладнасцю вобразаў: партрэт палкоўніка Г.Джонсана (каля 1775—76). Яго гіст. кампазіцыям («Смерць генерала Вулфа», каля 1770; «Дамова У.Пэна з індзейцамі», 1772; «Смерць на белым кані», 1796), пабудаваным па тыповых для класіцызму 18 ст. кампазіцыйных схемах, уласцівы імкненне да верагоднасці ў перадачы падзеі і адначасова да этнагр. дакладнасці дэталей. Творчасць У. адыграла значную ролю ў станаўленні прафес.выяўл. мастацтва ў ЗША.