ПІГА́ЛЬ (Pigalle) Жан Батыст (26.1.1714, Парыж — 21.8.1785),

французскі скульптар. Вучыўся (з 1722) у Р.​Ле Ларэна і Ж.​Б.​Лемуана. Працаваў у стылі, пераходным ад ракако да класіцызму. У творчасці спалучаў грамадз. пафас з імкненнем да вострай, часам натуралістычнай праўдзівасці. Аўтар статуй і скульпт. груп на міфалагічныя і алегарычныя тэмы «Меркурый завязвае сандалю» (1774), «Хлопчык з клеткай» (1749) і інш.; бюста калекцыянера Т.​Э.​Дэфрыша і яго слугі негра Поля (каля 1760), надмагілля маршала Марыца Саксонскага (1753—76), грабніцы графа д’Аркур у саборы Нотр-Дам у Парыжы (1771—76), статуі Вальтэра (1776) і інш. Сярод яго вучняў Ж.А.Гудон і Ф.І.Шубін.

Ж.Б.Пігаль. Грабніца графа д’Аркур у саборы Нотр-Дам у Парыжы. 1771—76.

т. 12, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНСАВІ́НА [Sansovino; сапр. Таці

(Tatti)] Якапа (2.7.1486, г. Фларэнцыя, Італія — 27.11.1570),

італьянскі архітэктар і скульптар Высокага і Позняга Адраджэння. Вучыўся ў А.​Сансавіна (узяў яго прозвішча) у Фларэнцыі. Працаваў у Рыме (1503—10 і 1518—27), Фларэнцыі (1510—18), Венецыі і Падуі (з 1529 гал. архітэктар Венецыянскай рэспублікі). Яго арх. творы ў Венецыі (палацца Корнер, з 1532, б-ка Сан-Марка, 1536—54; манетны двор, з 1536) адметныя пластычнай выразнасцю строгіх класічных форм, багаццем скульпт., а часам і жывапіснага ўбрання, тонка падначаленага тэктоніцы будынка. У скульптуры жывапісная гульня святлаценю спалучаецца з вытанчанай экспрэсіяй вобразаў («Вакх», 1518; 4 статуі на фасадзе Ладжэты ў Венецыі, 1540—45).

Я.Сансавіна. Бібліятэка Сан-Марка ў г. Венецыя. 1536—54.

т. 14, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛЬКАНЭ́ (Falconet) Эцьен Марыс (1.12.1716, Парыж — 24.1.1791),

французскі скульптар. Вучыўся ў Парыжы ў скульптара Ж.​Б.​Лемуана. Творам 1750—60-х г. уласцівы пераходныя рысы ад ракако да класіцызму («Пігмаліён», 1763). У 1757—66 кіраваў скульпт. майстэрняй Сеўрскай мануфактуры (гл. Сеўрскі фарфор), ствараў мадэлі для статуэтак («Купальшчыца», 1758). У 1766—78 у Расіі, працаваў над помнікам Пятру I, устаноўленым на Сенацкай плошчы ў С.-Пецярбургу (галаву Пятра I мадэліравала яго вучаніца М.​А.​Кало). З 1778 у Галандыі, з 1780 у Францыі. Аўтар тэарэт. твораў па эстэтыцы франц. Асветніцтва. Іл. гл. да арт. Санкт-Пецярбург.

Літ.:

Зарецкая З.В. Фальконе. 2 изд. Л., 1970;

Каганович А.Л. «Медный всадник»: История создания монумента. 2 изд. Л., 1982.

т. 16, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛА́КСМЕН, Флаксман (Flaxman) Джон (6.7.1755, г. Йорк, Вялікабрытанія — 7.12.1826), англійскі скульптар і рысавальшчык; прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Каралеўскай АМ у Лондане (1770—72), выкладаў у ёй (з 1810). У 1787—94 працаваў у Рыме. Сярод твораў: надмагільныя помнікі лорду Мэнсфілду (1796—1801) і капітану Монтэгю (1804) у Вестмінстэрскім абацтве, Г.​Нельсану (1808—18) у саборы св. Паўла (усе ў Лондане); контурныя малюнкі ў манеры стараж.-грэч. вазапісу (іл. да «Іліяды» і «Адысеі»; «Боскай камедыі» Дантэ, выд. ў 1793—1807 у гравюрах Т.​Піролі) і інш. Аўтар вытанчана-строгіх і гарманічных па кампазіцыі рэльефаў, посуду, дэкар. уставак для мэблі ў ант. духу на керамічнай мануфактуры Дж.Уэджвуда.

Дж.Флаксмен.
Дж.Флаксмен. Ваза для мануфактуры «Уэджвуд».

т. 16, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦО́МПЕЛЬ Павел Аксанавіч (5.8.1933, с. Вербка Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 12.2.1997),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). Працаваў у манум. і станковай скульптуры. Найб. значныя манум. творы: Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў 1-га Бел. фронту і партызан у в. Сычкава Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. (1968), помнікі «Партызанская зямля» ў в. Іканы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. (1965), сав. патрыётам, што загублены ням. фашыстамі ў 1941, у калгасе «Дружба» Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. (1966, з А.​Веліксонавым; усе з арх. Ю.​Казаковым). Аўтар станковых работ: «Партызан-сейбіт», «Праметэй» (абедзве 1967), «Рэквіем» (1969), «Е.​Міровіч» (1970), «Асілак» (1986), кампазіцыі «Вялікая Айчынная вайна» (1975).

Б.​А.​Крэпак.

П.Цомпель. Асілак. 1986.

т. 17, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЦЫ́НА Пётр Пятровіч (6.1.1906, г. Магілёў — 24.8.1964),

бел. і расійскі скульптар. Вучыўся ў студыі Усерасійскага каап. т-ва «Мастак» (1933—36). У 1928—32 піяніст Магілёўскага гар. т-ра, у 1936—38 кіраўнік скульптурнага камбіната ў г. Курск (Расія). Стварыў помнікі У.​І.​Леніну ў Магілёве на Тэатральнай плошчы (разам з бацькам П.Г.Яцынам; 1925—26, не захаваўся) і каля будынка з-да штучнага валакна (1932), у г. Гарадок Віцебскай вобл. (1959), у Курску (1933), Ялце (1954), Казані (1955), Грозным, Іжэўску, Ліпецку, Маскве каля гал. ўвахода на ВДНГ СССР і інш.; гарэльеф «Клянёмся табе, таварыш Ленін» (з Я.​Вучэцічам і інш.; Дзярж. прэмія СССР 1948), станковыя работы.

М.​А.​Ножнікаў.

т. 18, кн. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПІЁК Наталля Мікалаеўна (н. 22.6.1969, г. Гродна),

бел. скульптар. Дачка М.А.Апіёка. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1984), Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1994). З 1994 працуе ў творчых майстэрнях пры АМ Расіі. Творы вылучаюцца кампазіцыйнай ураўнаважанасцю, суразмернасцю рытмічных і статычных элементаў, пэўнай абагульненасцю, ідэйна-сэнсавай скіраванасцю: «Пераход» (1988), «Галгофа», «Вартавы» (абодва 1993), «Ефрасіння Полацкая» (1994), «Сад», «Вясна» (абодва 1996), рэльеф «Святая царыца Аляксандра» для тонда ўсх. фасада храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве (з Н.​Салыга, 1997), «Ахвярапрынашэнне» (2001), серыі рэльефаў для фасада царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў с. Нядзельнае Калужскай вобл. (Расія, 2001), Дома міласэрнасці ў Мінску (2003).

М.Апіёк. Святочны выезд Радзівіла (Каханку) у горадзе Нясвіж. 2001.

т. 18, кн. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАК (Braque) Жорж (13.5.1882, г. Аржанцёй, Францыя — 31.8.1963),

французскі жывапісец, графік, скульптар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Гаўры і Парыжы (1902—04). З 1905 пісаў пейзажы ў духу фавізму; у 1908 разам з П.Пікаса стаў заснавальнікам кубізму. У амаль манахромных кубістычных кампазіцыях («Кларнет і бутэлька рому на каміне», 1911, «Жанчына з гітарай», 1913) імкнуўся да абстрагавання формаў і разнастайнасці фактуры, шырока выкарыстаў калаж. У 1920-я г. паступова адышоў ад кубізму, пісаў разнастайныя па колеры, дэкар. па характары творы («Чорныя рыбы», 1942). Выканаў цыкл каляровых літаграфій («Сшыткі Жоржа Брака», 1947), размалёўку царквы ў Асі (1945), плафоны залаў у Луўры (1953). У апошнія гады галоўнай тэмай творчасці стала прырода.

Ж.Брак. Кларнет і бутэлька рому на каміне. 1911.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРДЭ́ЛЬ (Bourdelle) Эміль Антуан (30.10.1861, г. Мантабан, Францыя — 1.10.1929),

французскі скульптар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Тулузе (1876—84) і Парыжы (1884—86). Працаваў у майстэрнях Ж.Далу і А.​Радэна (1893—1908). Выкладаў у студыі Гранд-Шам’ер (1909—29). Ад прасякнутых бурнай экспрэсіяй ранніх твораў («Помнік тым, хто загінуў», 1893—1902) перайшоў да больш ураўнаважаных кампазіцый, дзе творча пераасэнсаваў традыцыі стараж.-грэч. архаікі і ранняй класікі, імкнуўся да гераізацыі і манументалізацыі вобразаў («Геракл, які страляе з лука», 1909; «Пенелопа», 1909—12; «Сафо», 1924—25). Аўтар помнікаў А.​Міцкевічу ў Парыжы (1909—29), К.​Альвеару ў Буэнас-Айрэсе (1914—17), партрэтаў А.​Радэна (1909), А.​Франса (1919) і інш.

Літ.:

Бурдель: Альбом. М., 1979.

Э.А.Бурдэль. Геракл, які страляе з лука. 1909.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КАР Сяргей Міхайлавіч (н. 27.8.1928, г. Орша),

бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры, найб. у жанры партрэта. Вылучаюцца партрэты дзеячаў бел. культуры (Ф.​Скарыны, М.​Гусоўскага, У.​Караткевіча, Я.​Брыля, Р.​Барадуліна, Г.​Бураўкіна і інш.). Яго станковым работам уласцівы прастата і строгасць кампазіцыйнай будовы, яснасць і дакладнасць пластычнага вырашэння (помнікі віцэ-адміралу В.​П.​Дразду ў Буда-Кашалёве, Ф.​Э.​Дзяржынскаму ў сядзібе Дзяржынава Стаўбцоўскага р-на, У.​М.​Азіну ў Полацку, надмагілле П.​Броўкі ў Мінску і інш.). Зрабіў некалькі варыянтаў статуарнага партрэта М.​Багдановіча, якія леглі ў аснову помніка паэту ў Мінску. Стварыў шэраг мемарыяльных дошак.

Літ.:

Петэрсон Э.А. С.​М.​Вакар. Мн., 1980.

т. 3, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)