КАНСІСТО́РЫЯ (ад лац. consistorium месца сходу, сход),
1) у Стараж. Рыме — дзярж. савет пры імператару.
2) У Рус. правасл. царкве ў 744—1918 орган кіравання і суда пры епархіяльным архірэі.
3) У каталіцкай царкве — нарада кардыналаў на чале з папам рымскім.
4) У пратэстантызме — царк.-адм. орган.
т. 7, с. 592
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БЯСПЕ́КА,
стан абароненасці інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ад унутр. і знешніх пагроз у эканам., гуманіт., экалагічнай, інфарм., ваен., паліт. сферах жыццядзейнасці. Асн. аб’ектамі і суб’ектамі Н.б. адначасова з’яўляюцца асоба, грамадства і дзяржава. Іх жыццёва важныя інтарэсы, рэальныя і патэнцыяльныя пагрозы гэтым інтарэсам, прыярытэтныя кірункі іх забеспячэння і абароны вызначаюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі, ваен. дактрынай і інш. паліт.-прававымі актамі. Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь зацвердзіў канцэпцыю Н.б. (1995), у якой сфармуляваны змест і структура Н.б. ва ўмовах існавання Беларусі як незалежнай дзяржавы, вызначаны асн. прынцыпы і кірункі арганізацыі сістэмы Н.б., эканам., прававыя і інш. аспекты яе функцыянавання. Агульнае кіраўніцтва сістэмай Н.б. ажыццяўляе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Ён фарміруе і ўзначальвае Савет Бяспекі, які разглядае асн. праблемы Н.б. і каардынуе дзейнасць органаў заканадаўчай, выканаўчай і суд. улад па яе забеспячэнні.
А.А.Тозік.
т. 11, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,
у адпаведнасці з тэорыяй падзелу ўлад адна з самаст. галін дзярж. улады. Ажыццяўляе функцыі кіравання (кіраўнік дзяржавы, урад) паводле дзеючых законаў і інш. нарматыўных актаў. Прымае ўласныя пастановы і рашэнні для выканання актаў заканадаўчай улады. У Рэспубліцы Беларусь выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
т. 4, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ 1812,
палітычнае аб’яднанне магнатаў і шляхты Варшаўскага герцагства, а таксама Беларусі і Літвы з мэтай абуджэння польскага нац.-вызв. руху і мабілізацыі сіл на карысць Францыі ў вайне 1812. Абвешчана па ініцыятыве Напалеона I надзвычайным сеймам герцагства 28.6.1812. Маршал канфедэрацыі — А.К.Чартарыйскі; пастаянны орган — Ген. савет (з 11 членаў). Акт канфедэрацыі ад 28 чэрв. абвяшчаў аднаўленне Каралеўства Польскага, заклікаў усіх палякаў далучацца да Генеральнай канфедэрацыі. У ліп. — кастр. да канфедэрацыі праз прыняцце адпаведных актаў на павятовых сейміках далучыліся амаль усе паветы Беластоцкай вобл., Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губ., аднак рэальнай улады на тэр. Беларусі і Літвы ад франц. акупац. адміністрацыі яна не атрымала. Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага пасля адмовы Напалеона дазволіць стварэнне асобнай літ. канфедэрацыі ўвайшоў у склад Генеральнай канфедэрацыі. У студз. 1813 Ген. савет эвакуіраваўся з Варшавы ў Кракаў, у крас. 1813 самараспусціўся.
В.В.Антонаў.
т. 5, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕВА́НГЕЛЬСКІЯ ХРЫСЦІЯ́НЕ-БАПТЫ́СТЫ, Саюз ЕХБ,
царква, якая ўзнікла на тэр. СССР у 1944 у выніку зліцця пратэстанцкіх плыней — баптыстаў і евангельскіх хрысціян. Кіруючым органам царквы ЕХБ да 1991 быў Усесаюзны савет ЕХБ (УСЕХБ). У 1945—47 да Саюза ЕХБ далучылася частка пяцідзесятнікаў, у 1963 — «брацкія менаніты». Царк. арганізацыя, парадак набажэнства, абраднасць і царк. дысцыпліна ЕХБ грунтуюцца на прынцыпах баптыстаў, веравучэнне — на палажэнні евангельскіх хрысціян. Пяцідзесятнікі адмовіліся ад гласалалій (гаварэння на «іншамовах»). У 1960-я г. з Саюза выйшла найб. кансерватыўная частка вернікаў і стварыла Савет цэркваў ЕХБ. Некат. з іх па-ранейшаму адмоўна ставяцца да рэгістрацыі. У 1947 з Саюза выйшла частка пяцідзесятнікаў, у 1980-я г. выхад пяцідзесятніцкіх суполак набыў масавы характар. Існуе Саюз ЕХБ Беларусі, які ўваходзіць у Сусв. саюз баптыстаў. На 1.1.1998 у Рэспубліцы Беларусь 209 зарэгістраваных суполак ЕХБ і 33 незарэгістраваныя суполкі Савета цэркваў ЕХБ.
А.У.Верашчагіна.
т. 6, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА МАЛА́Я,
палітычны блок Румыніі, Чэхаславакіі і Югаславіі ў 1920—38. Створана ў 1920—21 на аснове двухбаковых пагадненняў для захавання суадносін сіл, што склаліся ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Дзейнічала ў рэчышчы знешняй палітыкі Францыі, займала важнае месца ў яе сістэме ваенна-паліт. саюзаў. Даўэса план 1924, Лакарнскія перагаворы 1925, пазнейшае збліжэнне Румыніі з Англіяй, Венгрыяй і асабліва з Італіяй прывялі да аслаблення Антанты Малой і ролі ў ёй Францыі. Пагроза з боку фаш. Германіі прыпыніла распад Антанты Малой. У 1933 саюзнікі падпісалі Арганізац. пакт пра неабмежаваны тэрмін дзеяння ўсіх пакладзеных у аснову Антанты Малой дагавораў, стварылі савет Антанты Малой і эканам. савет. У 1934 Румынія і Югаславія са згоды Чэхаславакіі ўвайшлі ў Антанту Балканскую. Дагаворы 1937 Югаславіі з Балгарыяй і Італіяй сталі прычынай новага крызісу ў сістэме Антанты Малой. Мюнхенскае пагадненне 1938, якое прывяло да акупацыі Чэхаславакіі Германіяй, спыніла існаванне блока.
т. 1, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЎВАЕНСАВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ (РВСР),
Рэвалюцыйны ваенны савет Рэспублікі (з 28.8.1923 Рэвалюцыйны ваенны савет СССР), калегіяльны орган вышэйшай ваен. улады ў 1918—34. Створаны 6.9.1918 паводле пастановы ВЦВК ад 2.9.1918 аб пераўтварэнні Сав. рэспублікі ў ваен. лагер. Аб’ядноўваў функцыі Вышэйшага савета, Наркамата па ваен. і марскіх справах і яго калегіі (члены калегіі ўвайшлі ў склад РВСР). Старшыня РВСР адначасова ўзначальваў Наркамат па ваен. і марскіх справах і зацвярджаўся ВЦВК РСФСР (з 1923 СНК СССР). РВСР кіраваў дзейнасцю ўсіх органаў ваен. ведамства, будаўніцтвам узбр. сіл, распрацоўваў планы па абароне краіны і інш. Яму падпарадкоўваліся ўсе органы і кіруючыя асобы ваен. ведамства: Галоўнакаманд. ўзбр. сіламі рэспублікі, Усерас. гал. штаб, Палявы штаб РВС Рэспублікі (з лют. 1921 — штаб РККА), Вышэйшая ваен. інспекцыя, Усерас. бюро камісараў (пазней Палітаддзел і Палітупраўленне РВСР) і інш. Скасаваны 20.6.1934.
Старшыні: Л.Д.Троцкі (6.11.1918—26.1.1925), М В Фрунзе (26.1.1925—31.10.1925), К.Я.Варашылаў (6.11.1925—20.6.1934).
С.А.Фамін.
т. 14, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕ́ЛА,
народны сход у стараж. Спарце. Фармальны вышэйшы орган улады, у якім удзельнічалі ўсе паўнапраўныя грамадзяне, якія дасягнулі 30-гадовага ўзросту. Апела склікалася штомесячна, выбірала назіральнікаў (эфораў) і членаў савета, прымала рашэнні аб абвяшчэнні вайны, заключэнні ці скасаванні міжнар. дагавораў; галасавалі крыкам. Рашэнні апелы адмяняліся, калі савет старэйшын герусія ці цар прызнавалі іх шкоднымі для дзяржавы.
т. 1, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ПАТРЫЯТЫ́ЧНЫ РУХ (БПР),
палітычная партыя дэмакр. кірунку. Утвораны ў кастр. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Асн. мэты — садзейнічанне пабудове сацыяльна справядлівага грамадства, абарона нац. інтарэсаў Айчыны ва ўсіх сферах, аднаўленне і прымнажэнне сац. заваёў працоўных, захаванне міру і стабільнасці ў грамадстве. Арг-цыі БПР дзейнічаюць у большасці раёнаў і многіх гарадах Беларусі. Друкаваны орган — газ. «Отечество».
т. 2, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРАФСАЮ́ЗАЎ ПРАЦО́ЎНЫХ (ІКПП; Confederazione Italiana Sindacati Lavoratori),
нацыянальны прафс. цэнтр Італіі. Засн. ў 1950. Знаходзіцца пад уплывам хрысц.дэмакр. партыі. У 1990-я г. аб’ядноўвала 17 галіновых прафсаюзаў, больш за 3 млн. чал. Кіруючыя органы: з’езд, ген. савет, выканком, сакратарыят. Друкаваны орган — штотыднёвік «Conquiste del Lavoro» («Заваёвы працы»), ІКПП — чл. Міжнароднай канфедэрацыі свабодных прафсаюзаў, Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў.
т. 7, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)