САРО́КІН ((Sorokin) Піцірым Аляксандравіч) (21.1.1889, г.п. Жэшарт, Комі, Расія — 10.2.1968),
руска-амерыканскі сацыёлаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). Лідэр правага крыла эсэраў. З 1917 гал. рэдактар газ. «Воля народа», сакратар А.Ф.Керанскага. З 1920 праф. Петраградскага ун-та. У 1922 эмігрыраваў у Прагу. З 1923 у ЗША. З 1924 праф. Мінесоцкага, у 1930—59 — Гарвардскага ун-таў. З 1964 старшыня Амер. сацыялагічнай асацыяцыі. Сацыялагічная канцэпцыя С. фарміравалася пад уплывам Я.В.Раберці, М.М.Кавалеўскага, Л.І.Петражыцкага, Э.Дзюркгейма і інш. Характарызаваў сістэму сваіх сацыялагічных поглядаў як «разнавіднасць эмпірычнага неапазітывізму ці крытычнага рэалізму». Сацыялогію як навуку прадстаўляў у выглядзе 4 раздзелаў: агульнае вучэнне пра грамадства; сац. механіка (вывучэнне заканамернасцей і механізмаў грамадскага жыцця); сац. генетыка (даследаванне паходжання і развіцця грамадства і грамадскіх ін-таў); сац.палітыка (канцэпцыі прагрэсу грамадства і прапановы пэўных сродкаў для паляпшэння грамадскага жыцця). У анталагічным аспекце разглядаў грамадства як «сац. душу», «свет каштоўнасцей». Гіст. працэс уяўляў як цыклічную флуктуацыю пэўных тыпаў культур. Сярод асн. тыпаў культур вылучаў пачуццёвы (характарызуецца перабольшваннем значэння пачуццёвага ўспрымання свету); ідэацыянальны (вызначаецца дамінантай рацыянальнага мыслення); ідэалістычны (звязаны з інтуітыўным пазнаннем рэчаіснасці). Крызісны стан зах. грамадства 20 ст., на думку С., абумоўлены набліжэннем да пачуццёвага тыпу культуры. Выхад з крызісу бачыў у адмове ад спажывецкай псіхалогіі і імкненні да ідэацыянальнага тыпу культуры. Адзін са стваральнікаў тэорыі мабільнасці сацыяльнай і сацыяльнай стратыфікацыі. Адзін з заснавальнікаў канвергенцыі тэорыі. Будучыню цывілізацыі звязваў з інтэгральным тыпам грамадскага ладу, які пераадолее негатыўныя і аб’яднае лепшыя бакі капіталізму і сацыялізму.
Тв.:
Рус.пер. — Дальняя дорога: Автобиогр. М., 1992;
Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;
Система социологии. Т. 1—2. М., 1993;
Общедоступный учебник социологии;
Статьи разных лет. М., 1994;
Главные тенденции нашего времени. М., 1997;
Преступление и кара, подвиг и награда: Социол. этюд об основных формах обществ. поведения и морали. СПб., 1999.
Літ.:
Канев С.Н. Путь Питирима Сорокина. Сыктывкар, 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў АФГАНІСТА́НЕ,
узброеная барацьба ўнутры афг. грамадства з восені 1978 з прычыны нявырашанасці паліт., эканам., сац., этн.-нац. і рэліг. праблем у краіне. На 1-м этапе вайны (1978—79) супраць новаўвядзенняў кіруючай Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА) выступіла ўзбр. радыкальная ісламская апазіцыя (фундаменталісты), якая пасля паражэння сваіх папярэдніх антыўрадавых мяцяжоў 1970—75 арганізавала на тэр. Пакістана падрыхтоўку маджахедаў. Ва ўмовах крызісу ўлады па просьбе кіраўніцтва НДПА 27.12.1979 у Афганістан уведзены сав. войскі, новым ген. сакратаром НДПА і прэзідэнтам краіны стаў Б.Кармаль. На 2-м этапе (1980—89) непасрэдны ўдзел у вайне сав.ваен. кантынгенту (да 120 тыс.чал.) прывёў да кансалідацыі апазіцыйных НДПА сіл. Апошнім аказвалі падтрымку і дапамогу ЗША (у 1980—86 кангрэс выдаткаваў 750 млн., у 1987 — 630 млн.дол.), Пакістан, частка араб. краін, фундаменталісты Ірана, Кітай і інш. У кастр. 1986 з Афганістана выведзены 6 сав. палкоў. Пры новым афг. лідэры Наджыбуле афіцыйна абвешчана палітыканац. прымірэння (снеж. 1986), прынята канстытуцыя 1987, уведзена шматпарт. сістэма і інш. Пасля падпісання ў Жэневе 14.4.1988 прадстаўнікамі Афганістана, Пакістана, СССР, ЗША шэрагу дакументаў аб паліт. урэгуляванні афг. праблемы 15.2.1989 з Афганістана канчаткова выведзены сав. войскі. На 3-м этапе вайны (1989—92) пасля спынення паставак зброі з Расіі ўраду Наджыбулы (прэзідэнт Афганістана да 16.4.1992) узбр. апазіцыя 28.4.1992 заняла Кабул, да ўлады прыйшлі яе лідэры (гл. В.Рабані, Г.Хекмаціяр). На 4-м этапе (1992—96) у межах т.зв.мусульм. рэвалюцыі забаронена дзейнасць Партыі Айчыны (былая НДПА). Абвастрэнне рознагалоссяў паміж пушгунскім і непуштунскім лагерамі ісламістаў выклікала новую жорсткую хвалю грамадз. вайны. 5-ы этап звязаны з дзейнасцю найб. артадаксальных ісламістаў — талібаў, якія імкнуцца да суцэльнай ісламізацыі краіны. У вер. 1996 яны захапілі Кабул, да 1997 кантралявалі 2/3тэр. Афганістана, наблізіліся да мяжы з Таджыкістанам і Туркменіяй. У ходзе грамадз. вайны загінулі 1,5 млн. афганцаў і 15 тыс.сав. вайскоўцаў (з іх больш за 750 чал. з Беларусі), 5 млн.афг. грамадзян сталі бежанцамі, знішчана 80% прадукц. сіл краіны і інш.
Літ.:
Спольников В.Н. Афганистан: Исламская оппозиция: Истоки и цели. М., 1990;
Война в Афганистане. М., 1991;
Афганистан-95 // Азия и Африка сегодня. 1995. № 10.
М.Г.Елісееў.
Да арт.Грамадзянская вайна ў Афганістане. Байцы аднаго з добраахвотніцкіх атрадаў, якія ваявалі на баку ўрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-ПЕРСІ́ДСКІЯ ВО́ЙНЫ 500—449 да н.э., войны паміж Персіяй і стараж.-грэч. полісамі (гарадамі-дзяржавамі) Балканскага п-ва. Гал. прычына войнаў — захопніцкая палітыка Персіі (гл.Ахеменідаў дзяржава) у басейне ўсх.ч. Міжземнага м. Падставай для перс. ўварвання паслужыла дапамога ваен. караблёў Афін і Эрэтрыі іанійскім гарадам на чале з г. Мілет, што паўсталі супраць Персіі. Першы паход перс. войска ў Грэцыю пад камандаваннем Мардонія вясной 492 да н.э. быў няўдалы: флот разбіла бура. Перс. цар Дарый накіраваў у Грэцыю паслоў з патрабаваннем «зямлі і вады», г. зн. прызнання залежнасці ад Персіі, але самыя вял. полісы — Афіны і Спарта — яму не скарыліся. Гэта стала прычынай 2-га паходу персаў. Вясной 490 да н.э.перс. армія на чале з Датысам і Артафернам пераправілася цераз мора і, захапіўшы а-вы Родас, Наксас, Дэлас і Эўбею, высадзілася на ўзбярэжжы Атыкі. 13.9.490 да н.э. аб’яднаныя сілы афінян і платэйцаў пад камандаваннем афінскага стратэга Мільтыяда ў Марафонскай бітве разграмілі перс. армію. Пасля смерці Дарыя цар Ксеркс з вял. войскам уварваўся ў Эладу. Для барацьбы з ім быў створаны абарончы саюз 31 горада на чале са Спартай. Пад Фермапіламі персы разбілі грэч. атрад на чале са спартанскім царом Леанідам, занялі Беотыю і Атыку, захапілі Афіны. Ход вайны змяніла бітва каля в-ва Саламін (28.9.480 да н.э.), якая прынесла перамогу грэкам. У 479 да н.э. каля г. Платэі разгромлена сухапутнае войска персаў, перс. флот разбіты ў вусці р. Эўрымедонт у 469. У апошняй бітве паміж персамі і грэкамі, якая адбылася ў 449 да н.э. паблізу кіпрскага г. Саламін, персы пацярпелі паражэнне. Паводле заключанага т.зв. Каліева міру Персія адмаўлялася ад гегемоніі ў Эгейскім м., грэч. гарадах М.Азіі і на шляхах у Прычарнамор’е. Перамога грэкаў у вайне была абумоўлена перавагай грэч.узбр. сіл, асабліва марскога флоту, і ваен. тактыкай, што было вынікам больш высокага ўзроўню сац.-эканам. развіцця грэч. полісаў у 5 ст. да н.э. Грэкі атрымалі новыя гандл. шляхі, новыя рынкі, паскорылася развіццё грэч. эканомікі і культуры.
Літ.:
Лисовый И.А., Ревяко К.А. Античный мир в терминах, именах и названиях. Мн., 1996.
Н.А.Дзянісава.
Да арт.Грэка-персідскія войны. Персідскія лучнікі. Барэльеф. Парыж, Луўр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́Й II (18.5.1868, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 17.7.1918),
апошні расійскі імператар [1894—17]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Аляксандра III. Ганаровы чл.Пецярб.АН (1878). Палкоўнік. Яго праўленне супала з імклівым прамысл.-эканам.
развіццём краіны. Як прыхільнік непарушнасці самаўладдзя ва ўнутр. палітыцы рабіў стаўку на спалучэнне рэпрэсіўнай дзейнасці з «паліцэйскім сацыялізмам» (гл.Зубатаўшчына). Пры ім у 1895—97 праведзена грашовая рэформа (гл. ў арт.Вітэ С.Ю.), у 1897 — усерасійскі перапіс насельніцтва; у 1896 Расія атрымала канцэсію на буд-ва і эксплуатацыю кітайскай усх. чыгункі, у 1898 — на 25 гадоў парты Порт-Артур, Таліенван. Рус.-яп. вайна 1904—05 скончылася паражэннем Расіі, што стала адной з прычын рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У ходзе рэвалюцыі прыняты Маніфест 17 кастрычніка 1905, дзе былі абвешчаны паліт. свабоды, дазвалялася ствараць паліт. партыі. Былі ўтвораны заканадаўчая Дзяржаўная дума, урадавы орган — Савет Міністраў. М. II санкцыяніраваў правядзенне шэрагу рэформ, у т. л.Сталыпінскай аграрнай рэформы. У 1911 у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай губ. і на Правабярэжнай Украіне ўведзены земствы (земская рэформа ў Віленскай і Гродзенскай губ. адкладвалася з-за боязі ўзмацнення тут уплыву польскіх землеўладальнікаў). Урад М. II не перашкаджаў распальванню нацыяналізму і шавінізму (гл.«Саюз рускага народа», «Саюз Міхаіла Архангела»). Знешняя палітыка арыентавалася на саюз з Германіяй (гл.Б’ёркскі дагавор). У 1907 Расія стала чл.Антанты, у складзе якой уступіла ў 1-ю сусв. вайну 1914—18. У жн. 1915 М. II узяў на сябе вярх. галоўнакамандаванне ўзбр. сіламі Расіі і выехаў у Стаўку (размяшчалася ў Магілёве). У час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 15 сак. М. II адрокся ад трона, 21 сак. арыштаваны Часовым урадам і адпраўлены ў Табольск, пасля Кастр.рэв. 1917 — у Екацярынбург. Паводле пастановы прэзідыума Уральскага абл. Савета ў ноч на 17.7.1918 разам з усёй сям’ёй і слугамі расстраляны чэкістамі. У 1998 астанкі М. II і яго сям’і перапахаваны ў Петрапаўлаўскім саборы Санкт-Пецярбурга.
Літ.:
Бьюкенен Дж. Мемуары дипломата: Пер. с англ. 2 изд. М., 1991;
Воейков В.Н. С царем и без царя: Воспоминания последнего дворцового коменданта государя императора Николая II. М., 1995;
Ольденбург С.С. Царствование императора Николая II. М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́Н (Platon) Афінскі
(май 428, Афіны — 347 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік платанізму. Належаў да афінскай арыстакратыі: бацька Арыстон паходзіў з роду афінскага цара Кодра, маці Перыктыёна — з роду заканадаўца Салона, аднаго з «сямі мудрацоў». Каля 408 да н.э. стаў вучнем і паслядоўнікам Сакрата. Пасля яго смерці выехаў у Мегары. Каля 387 заснаваў у Афінах уласную філас. школу — Акадэмію платонаўскую. Аўтар 34 філас. дыялогаў (большасць з іх — гутаркі Сакрата з вучнямі), прамовы «Апалогія» (абарона Сакрата), 13 лістоў, а таксама «Вызначэнняў», якія ў антычнасці прыпісваліся Спеўсіпу. Найб. вядомыя творы П.: «Крытон» (аб павазе да законаў), «Лахет» (аб мужнасці), «Эўтыфрон» (аб набожнасці), «Гіпій меншы» (аб хлусні і несправядлівасці), «Краціл» (аб мове), «Федон» (аб справядлівасці), «Тээтэт» (аб ведах), «Тымей» (касмалогія) і інш. У філас. сістэме П. вылучаны ўсе асн. састаўныя ч. ведаў: анталогія, касмалогія, гнасеалогія, этыка, эстэтыка. Першасным ён называў свет вечных, нязменных, самастойна існуючых сутнасцей — ідэй. Другаснай. вытворнай ад іх, лічыў усю разнастайнасць пачуццёва ўспрымальнага свету; кожная рэч — вынік спалучэння ідэі (узору) з бясформеннай матэрыяй; пачуццёвы свет як нараджэнне ідэй і матэрыі займае сярэдзіннае становішча паміж імі. На яго думку, упарадкаванасць быцця па-свойму выражае Космас, у якім на кожным кроку сустракаецца боскі розум (дэміург). З сумесі ідэй і матэрыі дэміург стварае сусв. душу, якая распаўсюджана па ўсёй прасторы. Успаміны бессмяротнай душы аб ідэях, якія яна сузірала да смерці, складаюць сутнасць працэсу пазнання, а яго найб. правільным метадам мыслення з’яўляецца дыялектыка. У аснове працэсу пазнання ляжыць любоў да ідэі — узыходжанне ад любові да асобных рэчаў і цел да любові ў сферы душ, а ад іх — у сферы чыстых ідэй («Федр», «Парменід», «Сафіст»). Паводле П., душа складаецца з 3 частак: вышэйшай — розум; сярэдняй — воля і высакародныя ўчынкі; ніжэйшай — захапленні і пачуццёвасць. У этыцы гэтаму адпавядаюць 3 асн. дабрачыннасці — мудрасць, мужнасць, разважнасць і пакорлівасць; іх носьбітамі з’яўляюцца адпаведна 3 саслоўі грамадства: філосафы і правіцелі, воіны і чыноўнікі, земляробы і рамеснікі. Лагічнае спалучэнне і раўнавага 3 дабрачыннасцей дае пачатак 4-й, агульнадзярж. дабрачыннасці — справядлівасці («Горгій», «Палітыка»). П. вылучаў 3 асн. формы праўлення: манархію, арыстакратыю і дэмакратыю. На яго думку, манархія (уладаранне аднаго) бывае законная (цар) або насільная (тыран); арыстакратыя (уладаранне нямногіх) — панаванне лепшых або алігархія (панаванне горшых); дэмакратыя (уладаранне ўсіх) — арганізаваная паводле законаў або беззаконная (насільная). Выступаў супраць паліт. дактрыны, якая абапіраецца на «права мацнейшага» і лічыць перамогу над сваімі праціўнікамі адзіным крытэрыем легітымнасці і адзінай крыніцай шчасця. На яго думку, умацаванню ідэальнай дзяржавы павінна служыць строгая сістэма адукацыі і выхавання грамадзян, якія не стануць злоўжываць паліт. дзейнасцю на ўласную карысць, будуць кіравацца ідэямі і вызнаваць сапраўднае дабро («Палітыка», «Дзяржава», «Законы»). Лічыў, што сапраўднай крыніцай жыцця для ўсяго жывога павінна стаць вечная прыгажосць, якая ўяўляе сабой зліццё ідэі і матэрыі, або разумнасці і задавальнення. Пры гэтым прыгажосць жыцця і прыгажосць рэальнага быцця вышэй за прыгажосць мастацтва, таму што быццё і жыццё ёсць перайманне вечных ідэй, а мастацтва ёсць перайманне быцця і жыцця, г. зн. перайманне пераймання («Іон», «Геній Большы» і інш.).
На Беларусі з вучэннем П. знаёміліся па шматлікіх перакладных зборніках выслоўяў ант. філосафаў, пісьменнікаў, айцоў царквы («Пчала», «Ізмарагд» і інш.). Паводле сведчанняў сучаснікаў, Клімент Смаляціч напісаў некалькі твораў «ад Аміра і ад Арыстоцеля і ад Платона», якія да нас не дайшлі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва бел. мысліцелі звярталіся да ідэй П. і неаплатанізму ў пошуках пазітыўнай праграмы абнаўлення дзярж.-прававых ін-таў, маральнага ўдасканалення грамадства (Ф.Скарына, М.Сматрыцкі, А.Волан, Б.Дабшэвіч, К.Лышчынскі, К.Нарбут і інш.). Напр., С.Будны ў духу сац.-паліт. і этычных поглядаў П. (дыялогі «Дзяржава», «Законы»), крытыкаваў тыранію, развіваў ідэі аб дыялектыцы закону і беззаконня, палітыкі і маралі. Ф.Карпінскі ў «Гутарках Платона» распрацаваў маральна-гуманіст. канцэпцыю, асновай якой з’яўляецца сардэчнасць, праяўленне чалавечай любові і чалавечага шчасця. Сімяон Полацкі спасылаўся на платонаўскі твор «Тээтэт» у сваіх разважаннях аб ролі пазнання і ведаў, маральных каштоўнасцей асобы. І.Капіевіч, А.Скарульскі на аснове філас.-ідэаліст. канцэпцый П. вялі палеміку з атамістычным вучэннем Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура. Эстэт. вучэнне П. паўплывала на погляды асветнікаў Беларусі і Літвы (Ф.Галянскі, Л.Бароўскі, Е.Славацкі, А.Фіялкоўскі). Яго творы ўключаліся ў школьныя праграмы, вывучаліся ў брацкіх, кальвінісцкіх, арыянскіх школах, езуіцкіх калегіумах і акадэміях Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮРАКРА́ТЫЯ (франц. bureaucratie ад bureau бюро, канцылярыя + грэч. kratos, улада, панаванне; літар. панаванне канцылярыі),
іерархічная арганізацыя, якая ў сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца пэўным правілам, абапіраецца на вызначаныя ў кантракце адносіны службовай залежнасці паміж кіраўніком і падначаленымі і персанал якой атрымлівае сталае грашовае ўзнагароджанне. Тэрмін «бюракратыя» ўзнік у 18 ст. ў Францыі, з 19 ст. выкарыстоўваецца ў дачыненні да дзярж. адміністрацыі. Пачатковыя формы бюракратыі склаліся ў стараж. імперыях (Егіпет, Рым, Кітай), што было абумоўлена неабходнасцю мабілізацыі на вайсковыя мэты (ваенная бюракратыя), для выканання будаўнічых, ірыгацыйных і інш. работ, а таксама на збор падаткаў (фіскальная бюракратыя). Персанал падатковай адміністрацыі найчасцей набіралі з тых груп насельніцтва, якія не належалі да прывілеяваных слаёў грамадства, а знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад свайго ўладара, які выкарыстоўваў бюракратыю для ўмацавання ўласнага становішча, у супрацьстаянні з арыстакратыяй. Функцыянаванне бюракратыі спрыяла рацыяналізацыі дзярж. улады (узнікненне законаў) і эканам. прагрэсу (дзярж.палітыка набывала ўсё больш прадказальны характар).
Пачатак сучаснай бюракратыі паклалі змены, што адбыліся ў сярэдневяковай Еўропе, і найперш узнікненне абсалютных манархій. Яе фарміраванню папярэднічалі працяглыя па часе працэсы: спецыялізацыя адм. функцый на каралеўскіх і княжацкіх дварах, а пазней аддзяленне гэтых функцый ад двара; замяшчэнне адм. пасад высокакваліфікаванымі юрыстамі; пераход адм. функцый ад ваен. кіраўнікоў да цывільных чыноўнікаў. Усё гэта ўзмацняла тэндэнцыі рацыяналізацыі бюракратычнага апарата. Найбольш поўны аналіз сучаснай бюракратыі даў ням. сацыёлаг М.Вебер, які сфармуляваў т.зв. ідэальны тып бюракратыі. Ён лічыў яе адным з галоўных элементаў еўрап. цывілізацыі. На яго думку, выкарыстанне арганізацыі падобнага тыпу ў палітыцы і эканоміцы забяспечыла перавагу Еўропы і яе цывілізацыйнага асяроддзя. Амер. вучоныя Р.Майкелсан, Ф.Селзнік, Т.Парсанс, Р.Мертан паказалі, што ў натуральнай сістэме бюракратыі разам з рацыянальнымі момантамі існуюць ірацыянальныя, а ў выніку яе разладжвання сродкі дасягнення мэты (іерархізацыя ўлады, строгая дысцыпліна, няўхільнае выкананне правіл, інструкцый і г.д.) ператвараюцца ў самамэту. А.Гоўлднер лічыў, што існуюць 2 тыпы бюракратыі — прадстаўнічая, для якой характэрна ўлада, што абапіраецца на веды і ўменне, і аўтарытарная, што выкарыстоўвае для ўмацавання сваёй улады розныя санкцыі; апошні тып бюракратыі ўзнікае, калі падпарадкаванне робіцца самамэтай, а ўлада ўзаконьваецца самім фактам знаходжання на пасадзе. У больш вузкім значэнні тэрмін «бюракратыя» абазначае няўмелыя, безвыніковыя дзеянні дзярж. адміністрацыі, празмерную зафармалізаванасць і марудлівасць у вырашэнні спраў.
Літ.:
Weber M. The theory of social and economic organization. London;
New York, 1947;
Bureaucracy as a social problem. Greenwich (Conn.), 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НІЯ,
старажытная дзяржава на Пд Месапатаміі (тэр. сучаснага Ірака) у 19−6 ст. да н.э. Назва ад яе сталіцы — Вавілона. Засн. каля 1894 да н.э. пасля пранікнення ў Месапатамію качавых плямён амарэяў. Старававілонская дзяржава (1894—1595 да н.э.) дасягнула магутнасці ў час праўлення 6-га цара 1-й Вавілонскай (Амарэйскай) дынастыі Хамурапі
[1792—1750 да н.э.],
мела рысы стараж.-ўсх. дэспатыі. На чале яе стаяў цар, які валодаў заканад., выканаўчай, суд. і рэліг. уладай і абапіраўся на армію; воіны атрымлівалі ад дзяржавы зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лініі і былі неадчужальныя. Асн. масу насельніцтва складалі дробныя вытворцы і ўласнікі. Грамадства падзялялася на паўнапраўных грамадзян, юрыдычна свабодных, але непаўнапраўных мушкенумаў, якія працавалі ў царскай гаспадарцы, і рабоў. Былі развіты ірыгацыйнае земляробства, садаводства, рамёствы, знешні і ўнутр. гандаль (гандл. цэнтры Вавілон, Ніпур, Сіпар, Ларса, Ур). Сын Хамурапі Самсуілуна [1749—1712 да н.э.] каля 1742 да н.э. адбіў уварванне касітаў. З канца 17 ст. да н.э. Вавілонія перажыла ўнутр. крызіс. Уварванне хетаў у 1595 да н.э. і захоп Вавілона іх царом Мурсілі I у 1594 да н.э. спынілі праўленне старававілонскай дынастыі. Каля 1518 да н.э. заваявана касітамі, якія панавалі да 1150-х г. да н.э. (сярэдневавілонскі ці касіцкі перыяд). Пры апошнім касіцкім цару Эліль-надзін-аху [1159—1157 да н.э.] Вавілонія трапіла пад уладу Элама. Вызвалілася пры Навухаданосару I [1126—1105 да н.э.], які перанёс сталіцу з г. Ісін у Вавілон. У 9 ст. да н.э.паўд.ч. Вавілоніі занялі халдзеі. Пасля захопу Вавілона асірыйскім царом Тыглатпаласарам III у 729 да н.э. дзяржава страціла незалежнасць, аднак захавала статус асобнага царства ў складзе Асірыі. Зноў стала незалежная ў час праўлення халдзейскага правадыра Набапаласара [626—605 да н.э.], які заснаваў халдзейскую (новававілонскую) дынастыю. Эканам. росквіту і культ. адраджэння дасягнула пры Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля яго смерці знаць і жрацы ўмешваліся ва ўладу. Рэліг. рэформа (вылучэнне на першы план культу бога Месяца Сіна замест культу вярх. вавілонскага бога Мардука) апошняга цара (арамея па паходжанні) Набаніда [556—539 да н.э.] выклікала канфлікт са жрацамі, яго актыўная знешняя палітыка (войны ў Аравійскай пустыні) аслабіла армію. У 539 да н.э. Вавілонія заваявана персамі.
Літ.:
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
У.Я.Калаткоў.
Да арт. Вавілонія. Партрэтная галава, магчыма, цара Хамурапі з Сузаў. 18 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНЫ ДАГАВО́Р ПАМІ́Ж ЛІТВО́Й І РСФСР 1920.
Падпісаны 12.7.1920 у Маскве. 11.9.1919 урад РСФСР звярнуўся да ўрада Літвы з прапановай заключыць мір на аснове прызнання незалежнасці літ. дзяржавы. 31.3.1920 урад Літвы заявіў пра гатоўнасць заключыць мір з Сав. Расіяй пры ўмове прызнання незалежнасці Літвы ў яе этн. межах са сталіцай у Вільні. 7.5.1920 у Маскве пачаліся перагаворы: літ. дэлегацыя настойвала на ўключэнні ў склад Літвы тэр. Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Гродзенскай губ. (з гарадамі Беласток, Бельск, Гродна, Брэст, Кобрын, Пружаны), Навагрудскага пав. Мінскай губ., часткі Ілуксцкага і Гробінскага пав. Курляндскай губ. Выкарыстоўваўся і такі аргумент, як права беларусаў на самавызначэнне. 9.5.1920 член літ. дэлегацыі Д.Сямашка выступіў з заявай аб намеры «пры ўстанаўленні граніц абараняць беларускія землі на моцы беларуска-літоўскіх пагадненняў ад імперыялістычных памкненняў Польшчы... і Савецкай Расіі». Заява выклікала пратэст з боку кіраўніка сав. дэлегацыі на перагаворах А.А.Іофе, які паставіў пад сумненне правамоцтвы Сямашкі выступаць ад імя бел. народа. Падпісаны дагавор прадугледжваў з боку РСФСР безагаворачнае прызнанне самастойнасці і незалежнасці Літвы; урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў; аказанне Літве бязвыплатнай эканам. дапамогі ў памеры 3 млн.руб. золатам; вяртанне Літве культ. каштоўнасцей, што былі вывезены ў час 1-й сусв. вайны і знаходзіліся на тэр. РСФСР; прадугледжваліся далейшыя перагаворы пра заключэнне гандл. і транзітных пагадненняў і інш. Фіксавалася дзярж. граніца паміж РСФСР і Літвой; прадугледжвалася ўключэнне ў склад Літвы г. Вільні і часткі зямель, заселеных пераважна беларусамі, у т. л. Гродна, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда. Факт заключэння такога дагавора выклікаў супрацьдзеянне з боку органаў БНР і кіраўніцтва Польшчы. 11.9.1920 польскі Савет абароны дзяржавы вырашыў дамагацца далучэння Віленшчыны і Гродзеншчыны да Польшчы. Пад уздзеяннем Антанты Польшча прызнала права Літвы на Вільню (замацаваны Сувалкаўскім пагадненнем 7.10.1920), аднак у выніку т.зв. бунту Л.Жалігоўскага (8—9.10.1920) і ўтварэння Сярэдняй Літвы Вільня і Віленскі край былі далучаны да Польшчы. Такім чынам, дагавор не быў выкананы ў поўным аб’ёме. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў кастр. 1939, карыстаючыся палажэннямі гэтага дагавора, Прэзідыум Вярх. Савета СССР прыняў рашэнне аб перадачы Літве Вільні і Віленскага краю.
Кр.: Документы внешней политики СССР. Т. 3. М., 1959; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922 гг.). Мн., 1997.
Літ.:
Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920—1923 гг.) // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКЛАДАЗНА́ЎСТВА,
філалагічная навука пра сутнасць, своеасаблівасць, гіст. заканамернасці ўзнікнення і развіцця, сац.-гіст. ролю і прынцыпы аналізу перакладу. У самаст. галіну ведаў вылучылася ў сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з ростам ролі перакладу ў жыцці грамадства. Цесна звязана з кантрастыўнай граматыкай, параўнальнай стылістыкай, эстэтыкай, літ.-знаўствам, семіётыкай, кібернетыкай, сацыялінгвістыкай, псіхалогіяй творчага працэсу і інш. навукамі. Складаецца з 3 гал. галін — гісторыі, тэорыі і практыкі перакладу — і некалькіх дапаможных: перакладазнаўчай бібліяграфіі, тэксталогіі, гістарыяграфіі, храналогіі (пакуль што мала распрацавана). Найб. развіццё атрымалі тэорыя, крытыка і гісторыя перакладу мастацкага. Пры разглядзе перакладаў маст. л-ры выкарыстоўваецца агульнафілал. шлях аналізу, які арганічна паядноўвае літ.-знаўчы і лінгвістычны падыходы і завяршаецца вывадамі агульнаэстэт. характару. У распрацоўцы тэорыі маст. перакладу найб. заслуга вучоных і перакладчыкаў б.СССР: Г.Гачэчыладзе, В.Капцідава, І.Кашкіна, А.Кундзіча, М.Новікавай, У.Росельса, М.Рыльскага, П.Топера, А.Фёдарава, К.Чукоўскага, а таксама І.Левага (Чэхія), А.Попавіча (Славакія), А.Курэлы, (Германія), Э.Кары (Францыя), Т.Савары (Вялікабрытанія) і інш.
На Беларусі П. зарадзілася ў пач. 20 ст. (М.Багдановіч, С.Палуян), як навука склалася ў 1950—70-я г. На станаўленне П. паўплывалі перакладчыцкая дзейнасць Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова, У.Дубоўкі, М.Танка і інш., выказванні пра пераклад і творчая практыка Ю.Гаўрука, Я.Семяжона, М.Лужаніна, Н.Гілевіча, А.Зарыцкага, В.Сёмухі, і інш.Бел. перакладазнаўцы займаліся і займаюцца даследаваннем творчасці асобных майстроў маст. перакладу — Багдановіча (А.Лойка, Н.Лапідус), Я.Купалы (С.Александровіч, Дз.Палітыка), Я.Коласа (В.Рагойша), Куляшова (М.Кенька), М.Танка (А.Верабей, В.Гапава), аналізам рус. і ўкр. перакладаў бел. л-ры (М.Арочка, Ц.Ліякумовіч, Рагойша, А.Яскевіч) і перакладаў яе на замежныя мовы (В.Небышынец, В.Нікіфаровіч, Д.Фактаровіч), разглядам бел. пераўвасабленняў замежнай прозы і паэзіі (М.Навіцкі, У.Сакалоўскі, К.Шэрман). Найб. поспехаў бел. П. дасягнула ў вывучэнні гіст.-сацыялагічных пытанняў маст. перакладу (П.Копанеў) і тэарэт. праблем перакладу з блізкароднасных моў (Э.Мартынава, Рагойша, Яскевіч). Развіваецца крытыка перакладу (А.Вярцінскі, Т.Кабржыцкая, Л.Казыра, А.Клышка, Н.Мацяш, М.Стральцоў, І.Чарота і інш.), перакладазнаўчая бібліяграфія (Л.Бабкова, М.Васілеўская, І.Фалькоўская).
Літ.:
Федоров АВ. Основы общей теории перевода: (Лингвистич. пробл.). 4 изд. М., 1983;
Копанев П.И. Вопросы истории и теории художественного перевода. Мн., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Кароль Станіслаў) (мянушка Пане Каханку; 27.2.1734, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 22.14.1790),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.К.Радзівіла Рыбанькі. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. З 1748 неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1750, яго маршалак у 1755. У 1752 падчашы ВКЛ, у 1752—62 мечнік ВКЛ, у 1762—64 і 1768—90 ваявода віленскі; ген.-маёр (1754), ген.лейтэнант войска ВКЛ (1759). З 1762 ардынат нясвіжскі і алыцкі. Для дасягнення сваіх мэт часта выкарыстоўваў ваенную сілу, вызначаўся свавольствам. Абвешчаная ў Гродне 16.4.1764 Генеральная канфедэрацыя ВКЛ выступіла супраць Р. Даведаўшыся, што канфедэраты разам з рас. войскам хочуць заняць Нясвіж, Р. са сваім атрадам рушыў туды, але быў разбіты расіянамі пад Слонімам. Р. схаваўся ў Малдове, потым пераехаў у Венгрыю і Саксонію. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ дэкрэтам ад 16.8.1764 за гвалтоўныя ўчынкі абвясціла Р. ворагам айчыны і пазбавіла пасады ваяводы; яго маёнткі падлягалі канфіскацыі. Р. звярнуўся да рас. імператрыцы Кацярыны II з просьбай узяць яго пад сваю пратэкцыю і вярнуць маёнткі. У сувязі з тым, што Кацярыне II пачала не падабацца палітыка караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Чартарыйскіх, яна вырашыла скарыстаць супраць іх Р. Пад аховай рас. войск ён пераехаў у Радам, дзе 23.6.1767 узначаліў Радамскую канфедэрацыю. На надзвычайным сейме 1767 усе абвінавачанні з Р. былі зняты. Улетку 1768 Р. далучыўся да Барскай канфедэрацыі, скіраванай супраць караля і рас. ўплыву, і пачаў збіраць у Нясвіжы сваё войска. Рас. войскі з баямі занялі Нясвіж і Слуцк; Р. выехаў у Прусію. Да 1777 знаходзіўся ў эміграцыі. Каб адцягнуць Р. ад апазіцыі, рас. дыпламатыя зноў забяспечыла яму пратэкцыю Кацярыны II і вяртанне маёнткаў. Пасля вяртання на радзіму Р. памірыўся з каралём. У час дзейнасці Чатырохгадовага сейма 1788—92 Р. зноў зблізіўся з антыкаралеўскай апазіцыяй. Сфарміраваў полк, які перадаў у склад войска ВКЛ. Р. увайшоў у гісторыю як легкадумны палітык і абмежаваны чалавек. Трымаў тэатр і аркестр у Нясвіжы, пабудаваў летнюю рэзідэнцыю ў Альбе (пад Нясвіжам), аднавіў палац у Слуцку. Аматар неверагодных баек і экстравагантных учынкаў, Р. як персанаж увайшоў у л-ру (творы Г.Жавускага, З.Красінскага, І.Ходзькі, Ю.Славацкага, Ю.І.Крашэўскага і інш.).
Літ.:
Sidorski D. «Panie Kochanku». Katowice, 1987;
Мальдзіс А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.Мн., 1982.
А.П.Грыцкевіч.
К.Радзівіл. Пярун. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.