МІКРАСЕ́ЙСМЫ (ад мікра... + грэч. seismos ваганне, землетрасенне),

пругкія ваганні зямной паверхні. М. першага роду (перыяд 2—10 с), асабліва інтэнсіўныя на астравах і марскіх берагах, узнікаюць ад дзеяння тайфунаў і цыклонаў; другога роду (перыяд 0,1—0,001 с) — ад змены атмасфернага ціску, уздзеяння ветру на зямную паверхню, дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў, работы транспарту, марскога прыбою і інш. Амплітуда М. ад доляў мікрона да соцень мікронаў, звычайна некалькі мікронаў.

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСТРА́ЛЬ (франц. mistral ад лац. magistralis кіруючы),

моцны парывісты і халодны сухі вецер паўн.-зах. кірунку, які дзьме ў Францыі з Севенаў і паўд.-зах. адгор’яў Альпаў у даліну р. Рона (дзе часам дасягае скорасці 50 м/с) і на Міжземнаморскае ўзбярэжжа. Адзначаецца на працягу ўсяго года, але часцей зімой (часам некалькі дзён запар). Выклікае моцныя хвалі на моры, наносіць пашкоджанні пасевам; падобны на бару.

т. 10, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІСА́ДНАЯ ТКА́НКА, слупкаватая тканка,

хларафіланосная тканка ліста, найб. прыстасаваная да выканання функцыі фотасінтэзу. Мае ​3/4—​4/5 усіх хларапластаў ліста. Доўгія восі падоўжаных клетак П.т. арыентаваны перпендыкулярна да паверхні ліста. Звычайна П.т. фарміруецца пад верхнім эпідэрмісам і мае адзін або некалькі слаёў клетак, часам утвараецца на верхняй і ніжняй паверхнях ліста, часам займае ўсю яго таўшчыню (трапляецца ў раслін сухіх і сонечных мясцін існавання).

т. 12, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВУ́ЧАЕ ВО́ЗЕРА.

У Добрушскім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Ачоса, за 22 км на ПнУ ад г. Добруш. Пл. 0,87 км², даўж. 1,32 км, найб. шыр. 910 м, найб. глыб. 4 м, даўж. берагавой лініі 3,12 км. Пл. вадазбору 25 км². Схілы катлавіны выш. да 2 м, спадзістыя, пад хмызняком, часткова разараныя. Дно сапрапелістае. Упадае некалькі меліярацыйных канаў, сцёк па канаве ў р. Ачоса.

т. 13, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́СНА, Лешна,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца (выцякае з возера), за 30 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,68 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 820 м, найб. глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 3,7 км. Пл. вадазбору 93 км². Катлавіна складанага тыпу. Схілы выш. 3—4 м (на У да 20 м), пясчаныя. Ёсць некалькі заліваў. Упадае р. Невежа.

т. 15, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕМЕХАНІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

комплекс сродкаў тэлемеханікі для перадачы на адлегласць каманд ад аператара (ці кіроўнай ЭВМ) да аб’ектаў кіравання, а таксама кантрольнай, вымяральнай і інш. інфармацыі — у адваротным напрамку. Складаецца з пункта кіравання (ПК), дзе знаходзіцца аператар (дыспетчар), пунктаў, дзе размяшчаюцца аб’екты кіравання (кантролю), і ліній сувязі паміж імі. Складаная Т.с. можа мець некалькі ПК, раўнапраўных ці падпарадкаваных адзін аднаму ў адпаведнасці з іерархічным прынцыпам.

т. 16, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́НКА, фіна (ад ням. Finne прышч, вугор),

лічынка стужачных чарвей (цэстод). Паразітуе ў прамежкавым гаспадары (беспазваночныя і пазваночныя).

Мае выгляд пузыра, у поласць якога ўкручана адна або некалькі сфарміраваных галовак чарвей, што развіваюцца ў канчатковым гаспадары (пазваночныя жывёлы і чалавек) у дарослыя формы. Розным групам стужачных чарвей адпавядаюць свае разнавіднасці Ф.: цыстыцэркоід, цыстыцэрк, эхінакок, плерацэркоід, цэнур. Для далейшага развіцця неабходна, каб Ф. праглынуў канчатковы гаспадар.

т. 16, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ЗСКІЯ АСТРАВЫ́.

У Паўночным м., у складзе Нідэрландаў, Германіі і Даніі. Працягваюцца ўздоўж узбярэжжаў прыкладна на 250 км, падзяляюцца на Заходне-, Усходне- і Паўн.-Ф.а. Пл. каля 480 км² (памеры і абрысы моцна зменьваюцца ў выніку дзейнасці хваль і ветру). Аддзелены ад мацерыка паласой ватаў. Заняты пераважна дзюнамі (выш. да 20 м), часткова маршамі. Верасоўнікі, хваёвыя бары, лугі. Шмат птушак. Рыбалоўства. Некалькі рэзерватаў. Марскія курорты.

т. 16, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУКО́ЗА,

монацукрыд у саставе алігацукрыдаў, глікапратэідаў, глікаліпідаў і мукаполіцукрыдаў. Прысутнічае ў расл., жывёльных, бактэрыяльных клетках. Найб. пашыраны L-ізамер Ф. (уваходзіць у састаў сываратачных імунаглабулінаў, антыгенаў груп крыві, шэрагу гармонаў, напр., фалікуластымулявальнага гармону).

Малекулярная маса 164,2. Добра раствараецца ў вадзе. L- і D-Ф. ўтвараюць адкрытую альдэгідную і некалькі цыклічных форм. Удзельнічае ў працэсах міжклетачнага ўзаемадзеяння, звязвання біялагічна актыўных злучэнняў з рэцэптарамі клетак.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕЛА́ТНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, унутрыкомплексныя злучэнні,

клас комплексных злучэнняў, у якіх цэнтральны атам (ці іон) звязаны з двума і больш атамамі ліганду, у выніку чаго ўтвараецца некалькі гетэрацыклаў. Найб. пашыраны Х.з. металаў. Характарызуюцца высокай устойлівасцю. Некат. Х.з. (хларафіл, гемаглабін, вітамін B12 і інш.) адыгрываюць важную ролю ў працэсах жыццядзейнасці. Выкарыстоўваюцца пры аналізе і раздзяленні хім. элементаў, для вывядзення цяжкіх і радыеактыўных металаў з арганізма і інш.

т. 17, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)