помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Нарыца Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Заснаваны, верагодна, у сярэдзіне 18 ст. на беразе невял. рэчкі. Парк рэгулярнага тыпу, пл. каля 2 га. Цэнтр кампазіцыі — мураваны палац (пазней драўляны, не захаваўся), пабудаваны на месцы стараж. замка, ад якога засталіся валы і равы. На У ад яго ў бок вадаёма, які аддзяляў палац ад асн. паркавага масіву, прамавугольная тэраса з кветнікавым партэрам і групамі ясеню звычайнага. Планіровачную аснову парку складае сістэма ўзаемна перпендыкулярных ліпавых алей, з багатым кветнікавым афармленнем, баскетамі і круглымі пляцоўкамі на перакрыжаванні алей. Папярочная вось кампазіцыі падкрэслена сістэмай вадаёмаў (раней было 9). Парк моцна пашкоджаны. Захаваліся часткі алей, пляцовак, тэрас і асн. вадаёмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТА́ЛЬ, Натал (Natal),
гістарычная вобласць і правінцыя на УПаўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР), на ўзбярэжжы Індыйскага ак. Першыя еўрапейцы (партугальцы на чале з Васка да Гамай) высадзіліся тут у 1497 у дзень нараджэння Хрыстова (Dies Natalis Domini — адсюль назва). Тэр. Н. насялялі паўд. і паўд.-ўсх. плямёны банту (зулусы). У 17—18 ст. яе спрабавалі каланізаваць галандцы. У 1837 сюды сталі перасяляцца з інш. тэрыторый буры. У 1838 пасля бітвы на р. Інкоме паміж зулусамі і атрадамі бурскіх перасяленцаў апошнія захапілі Н. і стварылі аднайм. бурскую рэспубліку. У 1842 Н. анексіравана Вялікабрытаніяй і стала брыт. калоніяй. Н. моцна пацярпела ў час англа-бурскіх войнаў 1881 і 1899—1902. Пасля ўтварэння ПАР (1910) Н. — адна з 4 яе правінцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ КАСЦЁЛ, касцёл Антонія Падуанскага,
помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1898—1904 з цэглы арх. А.Гойбелем у цэнтр. частцы горада на правым беразе р. Мядзелка, на тэр. былога францысканскага кляштара, заснаванага ў 1617 на сродкі С. і Г. Сянкевічаў-Бяганскіх. У гады 1-й сусв. вайны моцна пашкоджаны, знішчаны арган, гал. алтар, амбон (абодва готыка). У 1920-я г. адбудаваны. Касцёл — крыжападобны ў плане храм з 5-граннай апсідай. Асн. аб’ём накрыты 2-схільным чарапічным дахам. Шмат’ярусная вежа (выш. каля 100 м) завершана шатровым дахам. Бакавыя фасады прарэзаны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ўмацаваны ступеньчатымі контрфорсамі. Уваходы аформлены 3 стральчатымі парталамі. У 1988 касцёл адрамантаваны, дзейнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДО́ВАЯ ГНІЛЬ, манілёз,
хвароба пладовых дрэў, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду манілія. Найб. пашырана на вішні, чарэшні, сліве, грушы і яблыні. Пашкоджвае плады, кветкі, лісце, парасткі і інш. Пашырана ўсюды, моцна праяўляецца ў вільготныя і цёплыя гады.
Інфекцыя разносіцца ветрам, дажджом, насякомымі (пладажэрка, казарка), пранікае ў органы раслін праз мех. пашкоджанні. На пладах паяўляюцца невял. бурыя плямы, якія хутка разрастаюцца, тканкі плода размякчаюцца. На паверхні заражаных пладоў утвараюцца белавата-шэрыя, жаўтаватыя канцэнтрычныя падушачкі. Некат. пашкоджаныя плады не ападаюць, муміфікуюцца, робяцца чорнымі, зімуюць, праз іх адбываецца першаснае заражэнне дрэў наступным летам. Страты ўраджаю пладоў ад П.г. дасягаюць 50—70%. Меры барацьбы: знішчэнне ападу, перакопванне глебы вакол ствалоў, апырскванне бардоскай вадкасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАКАРО́ТНЯ,
возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Лучоса, за 34 км на У ад г. Сянно. Пл. 1,75 км², даўж. 5,2 км, найб.шыр. 650 м, найб.глыб. 5,8 м, даўж. берагавой лініі 12,3 км. Пл. вадазбору 194 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 10—15 м (на З да 20 м), на У і ПдУвыш. 4—5 м, пад хмызняком, часткова разараныя. Тэраса выш. 1,5 м. Берагі на Пн зліваюцца са схіламі, на Пд і З нізкія, на У участкамі сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае, астатняя ч. дна ілістая. Паласа надводнай расліннасці шыр. да 30 м, месцамі адсутнічае. Моцна зарастаюць зах. і ўсх.ч. возера. Расце ахоўны від флоры Беларусі — наяда марская. Праз С. цячэ р. Серакаратнянка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКО́КУ,
востраў на Пд Японскага архіпелага, у Японіі. Пл. 17,8 тыс.км². Каля С. 300 дробных астравоў і скал (разам з імі пл. 18,8 тыс.км²). Абмываецца Ціхім ак., Унутраным Японскім м., шматлікімі пралівамі. Даўж. берагавой лініі каля 1800 км. Паўн.-зах. і паўд.-ўсх. берагі расчлянёны слаба, паўн.-ўсх. і паўд.-зах.моцна парэзаны бухтамі. Пераважаюць горы. На Пн ланцуг узгоркаў і нізкагор’яў, складзеных у асн. з гранітаў; на Пд і ў цэнтр.ч. горы выш. да 1981 м (г. Ісідзуты), пераважна са сланцаў. Радовішча меднай руды (Бесіяма). Клімат субтрапічны, мусонны, частыя тайфуны. Ападкаў да 3000 мм за год. Вечназялёныя шыракалістыя лясы. Вырошчваюць рыс, цукр. трыснёг, цытрусавыя; сады. Рыбалоўства. Буйн. гарады: Мацуяма, Такамацу, Такусіма, Коты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎГАРАДСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.Засн. ў канцы 18 ст. ў сутоку рэк Сож і Проня. Парк пейзажнага тыпу. Абмяжоўваўся лясным масівам; прарэзаны 3 ярамі, паўд. быў мяжой пладовага саду, што прымыкаў да парку. Асн. паркавыя кампазіцыі размяшчаліся абапал сярэдняга вял. яра, на дне якога плацінамі была створана сістэма вадаёмаў са штучнымі каскадамі. Па берагах і плацінах былі дарожкі, раслі групы дрэў і кустоў.
Кампазіцыю парку складалі газон, кветнікі, грот, скульптура, тэхн. збудаванні. У паўн. частцы было гарадзішча, пазней замак, на месцы якога пастаўлены палац (не захаваўся). У парку пераважаюць мясц. лісцевыя пароды дрэў, з экзотаў растуць ясень пенсільванскі (форма аўкубалістая), ясень звычайны (форма драбналістая). С.п. моцна пашкоджаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫ́ЛІЯ (Sicilia),
найбуйнейшы востраў у Міжземным м., тэр. Італіі. Аддзелены ад Апенінскага п-ва Месінскім пралівам. Пл. 25,46 тыс.км², з прылеглымі астравамі, што ўваходзяць у аўт.вобл. Сіцылія, 25,7 тыс.км². Нас. каля 5,5 млн.чал. (2001). Берагі стромкія, слаба парэзаныя, на паўн. і ўсх. узбярэжжах — зручныя бухты. Пераважае гарысты і ўзгорысты рэльеф. Паводле геал. будовы і рэльефу С. з’яўляецца працягам Апенінскага п-ва. У паўн.ч.крышт. горы Пеларытані (1374 м), пясчанікава-сланцавыя горы Небрады (1847 м) і вапняковы масіў Ле-Мадоніе (1975 м). Унутраная ч. в-ва — узгорыстыя ўзвышэнні з кангламератаў, пясчанікаў, мергеляў. На крайнім ПдУ — купалападобнае плато Іблеі (выш. да 986 м), у будове якога дамінуюць вапнякі і базальты. На Пн ад Іблеі плоская акумулятыўная раўніна Катанія. Характэрны неатэктанічнае падняцце, магутныя сейсмічныя і вулканічныя працэсы. На ПдУ — дзеючы вулкан Этна (3340 м), на Пн трапляюцца гразевыя вулканы, гарачыя і тэрмамінер. крыніцы. Здабыча нафты, прыроднага газу, серы, калійнай і кухоннай солей, буд. матэрыялаў. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Сярэдняя т-растудз. 11—12 °C, ліп. — 26—28 °C. Вясной і летам з боку Афрыкі дзьме гарачы вецер сірока, тады т-ра павышаецца да 40—45 °C. Ападкаў у гарах 750—1400 мм, на раўнінах — 400—450 мм за год. Рачная сетка развіта слаба. Рэкі невял., разліваюцца зімой і часта перасыхаюць летам. Расліннасць міжземнаморскага тыпу. У гарах да выш. 800—1000 м невял. ўчасткі цвердалістага лесу, маквісу на Пн, гарыгі на Пд. Вышэй — да 1300—1500 м каштанавыя і дубовыя лясы, якія змяняюцца букавымі. Над поясам лясоў — зараснікі калючых хмызнякоў. Лясы моцна высечаны і займаюць 4% плошчы. У цэнтры і на Пд вострава пераважаюць хмызнякі і стэпы. Жывёльны свет моцна вынішчаны. Вырошчваюць пшаніцу, цытрусавыя, масліны, вінаград. Авечкагадоўля. Рыбалоўства. Адм. цэнтр — Палерма. Буйныя гарады: Палерма, Месіна, Катанія, Сіракуза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́НЖАВАЯ (Oranje, Orange),
рака на Пд Афрыкі, у Лесота, ПАР і Намібіі. Даўж. 1860 км, пл.бас. 1020 тыс.км². Пачынаецца ў масіве Монт-а-Сурс (Драконавы горы) у Лесота пад назвай Сінку на выш. больш за 3000 м. Перасякае засушлівую вобласць. Высокі Велд, плато Кап, дзе цячэ ў цясніне. У верхнім і сярэднім цячэнні парогі і вадаспады (Аўграбіс і інш.). Апошнія 100 км цячэ па раўніне, упадае ў Атлантычны ак., утварае бар (пясчаны падводны вал). Гал. прытокі — Каледан і Вааль. Паўнаводная з ліст. да сакавіка. У межах Высокага Велда часам амаль перасыхае. Сярэдні расход вады 800 м³/с. Гадавы сцёк каля 15 км³ (моцна мяняецца па гадах). Выкарыстоўваецца на водазабеспячэнне і арашэнне (пабудаваны арашальныя сістэмы). ГЭС. На Аранжавай буйныя гарады: Алівал-Норт, Прыска, Апінгтон (ПАР).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РНЕМ-ЛЕНД (Arnhem Land),
паўвостраў на Пн Аўстраліі. Абмываецца Тыморскім і Арафурскім морамі, зал. Карпентарыя. Даўж. каля 320 км. Шыр. да 460 км. Паверхня — паката-ўзгорыстае плато (выш. ад 180 м на Пн да 400 м на Пд), складзенае з пясчанікаў і расчлянёнае рэкамі на астанцовыя масівы. На Пн акаймаваны шырокай раўнінай, якая крута абрываецца да мора. Берагі моцна парэзаныя. Радовішча уранарадыевых (Рам-Джанглі), жал. рудаў, баксітаў. Клімат субэкватарыяльны. Сярэдняя т-ра паветра на працягу года каля 25 °C, ападкаў ад 500 мм (зімой) да 2000 мм (летам) за год. У далінах рэк вільготныя субэкватарыяльныя лясы (пальмы, фікусы), на наветраных схілах гор і на вяршынях масіваў эўкаліптавыя лясы і саванны. Жывёльны свет: мядзведзь каала, кенгуру, вамбаты, кусты; з птушак — казуары, папугаі, лірахвосты. На ПнЗ — порт Дарвін.