«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

беларускае кніжнае выдавецтва ў Германіі. Існавала ў 1952—66 пры газ. «Бацькаўшчына». Адміністрацыя выд-ва знаходзілася ў Мюнхене, мела прадстаўніцтвы ў розных краінах. Выдала творы Я.​Купалы («Тутэйшыя», «Раскіданае гняздо», зб. «Спадчына»), Я.​Коласа («Новая зямля», «Сымон-музыка», «У палескай глушы»), М.​Багдановіча («Вянок»), Л.​Калюгі («Нядоля Заблоцкіх»), А.​Мрыя («Запіскі Самсона Самасуя»), Р.​Крушыны («Выбраныя творы»), Ю.​Віцьбіча («Плыве з-пад святой гары Нёман»), В.​Ластоўскага (зб. «Творы»), альманах «Ля чужых берагоў», зб. «Беларускія казкі» і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ВО́ЛЬНА-ЭКАНАМІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Мінску,

грамадская арг-цыя ў 1921—22(?) пры Бел. політэхн. ін-це. Займалася прыродна-гіст. і прамысл.-эканам. вывучэннем Беларусі, вырашэннем навук.-тэхн. праблем, звязаных з патрэбамі мясц. гаспадаркі. Старшыня прэзідыума вучоны М.​К.​Ярашэвіч, чл. П.​М.​Капура, В.​І.​Пераход, С.​В.​Скандракоў. Летам 1922 мела 97 афіц. членаў. Супрацоўнічала з Наркаматам земляробства БССР. Арганізоўвала публічныя лекцыі, чытанні, экспедыцыі. Пры т-ве працавалі фізіка-матэматычная, лясной, сельскай гаспадаркі і інш. секцыі.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТА» ў Латвіі,

культурна-асветнае таварыства бел. інтэлігенцыі ў 1924—36. Асн. мэты: гуртаванне бел. меншасці ў Латвіі, далучэнне яе да лат. і адначасова развіццё бел. культуры. Мела аддзелы ў Дзвінску, Лібаве, Люцыне. Па ініцыятыве «Беларускай хаты» створаны прыватная бел. школа, дзярж. бел. 2-гадовыя настаўніцкія курсы з інтэрнатам, 2-я гар. 6-класная бел. школа, прыватная дадатковая вячэрняя школа для дарослых, драм. студыя «Таварыства беларускага тэатра» ў Рызе, бел. дзіцячы сад у Дзвінску, б-кі і гурткі.

У.​М.​Міхнюк.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШУРБАНІПА́Л, Ашурбанапал,

цар Асірыі ў 669 — каля 633 да нашай эры. Сын Асархадона. Пры ім імперыя дасягнула найб. магутнасці, але страціла Егіпет (655). Перамог свайго брата Шамашумукіна (з 652 паўстаў супраць Ашурбаніпала) і заняў яго рэзідэнцыю Вавілон (648), пакарыў Элам (639) і інш. Увайшоў у гісторыю і як збіральнік стараж. пісьмовых помнікаў; яго б-ка мела больш за 20 тыс. клінапісных гліняных таблічак (знойдзена ў 1849—54 на месцы апошняй асірыйскай сталіцы Ніневіі).

Ашурбаніпал у святочным адзенні з кап'ём. Алебастравы рэльеф з Ніневіі.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНІЁН (англ. dominion ад лац. dominium уладанне),

аўтаномнае ўладанне ў складзе Брытанскай імперыі. Дзяржава-Д. прызнавала сваім кіраўніком брыт. манарха, якога прадстаўляў генерал-губернатар, мела ўнутр. самакіраванне (уласныя парламент і ўрад). Суверэнітэт Д. канчаткова замацаваны паводле Вестмінстэрскага статута 1931. Статус Д. атрымалі Канада (1867), Аўстрал. Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афр. Саюз (1910), Ньюфаўндленд (1917), Ірландыя (1921, без Ольстэра), Індыя, Пакістан (абое ў 1947). У 1947—52 у сувязі са станаўленнем брыт. Садружнасці паняцце Д. заменена на «член Садружнасці».

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЗВЕ́СТИЯ АРМЕ́ЙСКОГО СОВЕ́ТА ДЕПУТА́ТОВ X А́РМИИ»,

газета Выдавалася з ліст. 1917 да лют. 1918 у Маладзечне на рус. мове штодзённа. Орган бальшавіцкага Савета дэпутатаў 10-й арміі. Напачатку мела назвы: «Бюллетень Военно-революционного комитета X армии», «Известия Совета депутатов X армии». Змяшчала пастановы Расійскага і Зах. абл. Саветаў нар. камісараў, рэзалюцыі салдацкіх і сял. сходаў у падтрымку новай улады, матэрыялы пра барацьбу сав. войск супраць 1-га польскага корпуса Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага. Спыніла існаванне з наступленнем герм. войск.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 7, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙФ Э́ЙРЫКСАН (Leif Eriksson; Leiv Eiriksson; каля 975 — каля 1020),

нарвежскі і ісландскі мараплавец эпохі вікінгаў. Сын Эйрыка Раўдзі. Каля 1000 у час падарожжа ў Грэнландыю збіўся з курсу з-за шторму і трапіў да ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі (верагодна, тэр. п-ва Новая Шатландыя або п-ва Лабрадор), якое ён назваў Вінланд, дайшоў пад ветразем да раёна сучаснага г. Бостан (ЗША). Яго адкрыццё Амерыкі да Х.Калумба не мела гіст. вынікаў.

Літ.:

Ингстад Х. По следам Лейва Счастливого: Пер. с норв. М., 1969.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НІЯ (ад лац. linea льняная нітка, шнурок),

старажытная мера (адзінка) даўжыні, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. У розныя часы ў розных краінах мела рознае лікавае значэнне. На Беларусі і ў Расіі ў 18 — пач. 20 ст. 1 Л. = 0,1 цалі = 2,54 мм. У Л. вымяралі калібр стралковай зброі (адсюль «трохлінейная вінтоўка»), памер шкла для газавых лямпаў. У сістэме англ. мер 1 Л. = 1/12 цалі = 2,117 мм. У гадзіннікавай прамысловасці многіх краін да нашага часу выкарыстоўваецца швейц. Л., роўная 2,0833 мм.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у Заслаўі ў 1676—1832. Засн. тагачаснымі ўладальнікамі горада Казімірам і Крыстынаю (з Глябовічаў) Сапегамі. У 1678 асвячоны віленскім біскупам. Размяшчаўся на замчышчы пры касцёле архангела Міхаіла, перабудаваным з кальвінскага збору. Пабудаваны ў 1772 корпус жылога будынка з часанага дрэва быў 2-павярховы, на каменным падмурку, франтонам звернуты на У. Б-ка ў 1818 мела 422 тамы. Пасля скасавання кляштара касцёл некат. час быў парафіяльным, у 1840 асвячоны як Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква. А.​А.​Ярашэвіч.

т. 6, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НІНА (Варвара Васілеўна) (1872, Масква — 10.6.1911),

расійская эстрадная спявачка (кантральта), выканальніца гар. бытавых рамансаў і цыганскіх песень. Па паходжанні цыганка. Мела голас густога груднога тэмбру, які надаваў яе спевам асаблівую рамант. ўзнёсласць і страснасць. З 1886 выступала ў цыганскім хоры, кіравала ўласным хорам. У 1900-я г. як канцэртная спявачка выступала ў Маскве і Пецярбургу. Яе рэпертуар уключаў старадаўнія песні на вершы паэтаў-класікаў. Захавалася каля 40 грамзапісаў у яе выкананні.

Літ.:

Нестьев И.В. Звезды русской эстрады. 2 изд. М., 1974.

т. 12, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)