БО́ЙКА (Уладзімір Андрэевіч) (9.4.1932, Мінск — 2.4.1996),
бел. мастацтвазнавец, літаратурны крытык, паэт, мастак. Скончыў БДУ (1955). У 1956—93 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Родная прырода». Аўтар кніг пра выяўл. мастацтва, літ. партрэтаў мастакоў А.Глебава, В.Грамыкі, А.Кашкурэвіча, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, А.Тычыны, пісьменніка А.Адамовіча і інш. У 1970—90-я г. аўтар і вядучы радыёцыкла «Выхавай у сабе прыгожае», тэлевізійнага цыкла «Роздум», тэлевізійных партрэтаў А.Бембеля, С.Катковай і інш. Сцэнарыст фільмаў «Паэзія графікі» (1971), «Прафесар прыгажосці» (1972, з А.Белавусавым), «Мастак Арлен Кашкурэвіч» (1976), «Васіль Быкаў. Праўдай адзінай» (1992). Аформіў і праілюстраваў літ.-маст. і навук. выданні: «Шляхі вялі праз Беларусь» В.Грыцкевіча і А.Мальдзіса (1980), «Народ і вайна» М.Тычыны (1985), Збор твораў у 5 тамах З.Бядулі (1985—89), «Нічога важней» (1987) і Выбраныя творы ў 4 тамах (т. 1, 1995) А.Адамовіча, і інш. Акварэлі, манатыпіі, малюнкі, калажы ўтвараюць цыклы «Міншчына», «Вільня», «Рыбачае (Крым)», «Калабрыйскія імгненні (Італія)» і інш.
Тв.:
Маўклівая размова. Мн., 1964;
Глебаў А.К. Мн., 1974;
Беларуская палітра дваццатага стагоддзя: Эцюды. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУГАЁЎ (Дзмітрый Якаўлевіч) (н. 12.1.1929, в. Сычык Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел.крытык і літ.-знавец. Канд.філал.н. (1960). Праф. (1987). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1952). З 1959 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1964 у БДУ. Друкуецца з 1957. Аўтар манаграфій пра жыццё і творчасць М.Лынькова, М.Танка, У.Дубоўкі, М.Гарэцкага, К.Крапівы, І.Мележа, В.Быкава, артыкулаў пра творчасць Я.Брыля, Г.Бураўкіна, А.Вярцінскага, П.Галавача, Ц.Гартнага, В.Каваля, В.Казько, Я.Коласа, А.Кудраўца, М.Лобана, Б.Мікуліча, А.Мрыя, І.Навуменкі, Я.Нёманскага, П.Панчанкі, Б.Сачанкі, М.Стральцова, А.Чарнышэвіча, К.Чорнага, І.Чыгрынава, Я.Янішчыц і інш. Працы Бугаёва адметныя жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, канцэптуальнасцю, глыбінёй і пераканальнасцю літ.-знаўчага аналізу, уменнем раскрыць індывідуальна-творчае аблічча пісьменніка, эстэт. і жанрава-тэматычнае багацце, стылявую самабытнасць бел. л-ры. Аўтар успамінаў «Жыццём ідучы...» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1984 за кн. крытычных нарысаў «Талент і праца» (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЦЬЕ́ ((Gautier) Тэафіль) (30.8.1811, г. Тарб, Францыя — 23.10.1872),
французскі пісьменнік і крытык. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў рамантызму. Удзельнік парыжскіх літ.-маст. гурткоў, натхняльнік літ. групы «Парнас». У прадмовах да паэмы «Альбертус» (1832) і рамана «Мадэмуазель дэ Мапэн» (1835—36) выступіў супраць утылітарызму ў мастацтве, даў абгрунтаванне тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва». Аўтар паэт. зб-каў «Вершы» (1830), «Камедыя смерці» (1838), «Іспанія» (1845), «Эмалі і камеі» (1852), раманаў «Кароль Кандоль» (1844), «Жан і Жанета» (1850), «Раман муміі» (1858), фантаст. аповесцей і апавяданняў («Ноч, падараваная Клеапатрай», 1845; «Мілітона», 1847, і інш.), падарожных нататкаў, у т. л. «Падарожжа ў Расію» (1867). Для яго твораў характэрна сувязь з мастацтвам (з жывапісам і пластыкай у паэзіі, з т-рам у рамане «Капітан Фракас», т. 1—2, 1861—63), выкарыстанне фантастыкі для стварэння «звышнатуральнага» свету і асяроддзя, да якога імкнецца герой, пастаўлены ў рэальныя ўмовы зямнога існавання. Крытычныя працы — «Гратэскі» (1844; пра франц. паэтаў 15—17 ст.), «Гісторыя рамантызму» (выд. 1874). Нарыс пра жыццё і творчасць Ш.Бадлера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІЛАМЁДАЎ (Уладзімір Васілевіч) (н. 26.12.1937, в. Кругель Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел.крытык і літ.-знавец. Чл.-кар.АН Беларусі (1994), д-рфілал.н. (1987). Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1959). Настаўнічаў. З 1965 у Ін-це л-ры АН Беларусі (з 1976 нам. дырэктара, адначасова з 1977 заг. сектара тэорыі л-ры), у 1969—76 у апараце ЦККПБ. Гал. тэма яго навук. прац — сучасная бел. паэзія. Аўтар творчых партрэтаў І.Мележа («Іван Мележ», 1984), В.Зуёнка («Праўда зерня: Творчы партрэт Васіля Зуёнка», 1992), П.Броўкі, К.Кірэенкі, А.Куляшова, Е.Лось і інш. За дапаможнік для настаўнікаў «Янка Купала: Новы погляд» (1995) Літ. прэмія імя У.Калесніка 1996.
Тв.:
Лірычны летапіс часу. Мн., 1967;
Традыцыі і наватарства. Мн., 1972;
Упоравень з векам. Мн., 1976;
Як само жыццё. Мн., 1980;
Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1983;
Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984;
Пафас жыццесцвярджэння. Мн., 1985;
Класікі і сучаснікі. Мн., 1987.
Літ.:
Юревич В. Исследуется современная поэзия // Нёман. 1974. №1;
Мішчанчук М. Гаворку трэба прадоўжыць // Полымя. 1977. №4;
Семашкевіч Р. Паэзія ў полі зроку навукі // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́ЕЎСКІ (Іван Васілевіч) (3.4.1806, Масква — 23.6.1856),
расійскі філосаф, літ.крытык, публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафільства. Брат П.В.Кірэеўскага. З 1822 слухаў лекцыі ў Маскоўскім ун-це; адзін з заснавальнікаў гуртка «Таварыства любамудраў». У 1830 у Германіі слухаў лекцыі філосафаў Ф.Шлеермахера, Г.Гегеля, Ф.В.Шэлінга і інш. У 1832 пачаў выданне час. «Европеец» (забаронены пасля выхаду двух нумароў). У 1830—50-я г. развіваў тэарэт. аснову славянафільства. Асн. творы: «Пра характар асветы Еўропы і пра яго адносіны да асветы ў Расіі» (1852), «Пра неабходнасць і магчымасць новых пачаткаў для філасофіі» (1856). Яго ўяўленні пра арыгінальнасць і глыбіню рус.правасл. культуры склаліся як своеасаблівая рэакцыя на ўласнае першапачатковае «заходніцтва». Супрацьпастаўленне Расіі і Еўропы ён ажыццяўляў і на макраўзроўні (2 тыпы асветы, або «адукаванасці»: еўрапейскі секулярызаваны і абстрактны, рускі, які атрыманы ад Візантыі і грунтуецца, на думку К., на асновах брацтва і пакоры), і на мікраўзроўні (аднабакова адукаванаму зах. чалавеку — носьбіту духу адмаўлення, г.зн. эгаізму і індывідуалізму супрацьпастаўляў чалавека рус. культуры — носьбіта цэласнай свядомасці, саборнага, «абшчыннага духу»). Адзін з першых зрабіў спробу замацаваць рус. філасофію на падмурку праваслаўя як аснове нац. духу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Фёдар Іванавіч) (18.6.1913, в.Вял. Стралкі Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.12.1993),
бел.літ.-знавец і крытык. Д-рфілал.н. (1964), праф. (1965). Скончыў Ленінградскі пед.ін-т (1935). У 1938 рэпрэсіраваны. Зняволенне адбываў пад Варкутой. Вызвалены ў 1943. З 1944 выкладаў у ВНУ, у 1951—55 і з 1961 — у БДУ. Даследаваў гісторыю рус. л-ры 19 — пач. 20 ст., сучасную бел. л-ру. Аўтар кніг «Жыццё і творчасць Л.М.Талстога» (1953), «Сатырычная паэзія М.А.Някрасава» (1954), «Міхась Лынькоў» (1961), «Іван Мележ» (1968), «Сучасная беларуская проза» (1970), «Лекцыі па гісторыі рускай літаратуры канца XIX — пачатку XX ст.» (ч. 1—2, 1976—80), «Літаратурныя партрэты» (1983), артыкулаў пра творчасць Я.Брыля, І.Шамякіна, І.Навуменкі, ГІ.Пестрака, М.Лобана, Б.Сачанкі, І.Чыгрынава і інш. Складальнік зб. «Максім Горкі і Беларусь» (1968), «А.І.Купрын пра літаратуру» (1969), «Леў Талстой і Беларусь» (1981) і інш.
Тв.:
Міхась Лынькоў: Семінарыст. Мн., 1963;
Эцюды аб прозе. Мн., 1964;
Подвиг художника: Лит. путь И.Мележа. 2 изд. Мн., 1982;
Творческий путь А.И.Куприна. [Т. 1—2]. 2 изд. Мн., 1983—87;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЧАР (Алесь) (Айзік Евелевіч; 27.6.1910, в. Прудзішча Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 9.7.1996),
бел.крытык і драматург. Вучыўся ў БДУ і Бел. вышэйшым пед. ін-це (1929—32), Маскоўскім ін-це гісторыі, філасофіі і л-ры. У 1938—40 выкладчык Мінскага пед. ін-та. З 1945 у газ. «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкай газеце», у Дзярж. выдавецтве БССР. У 1960—68 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1927. У яго працах 1930—40-х г. вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, М.Багдановіча, К.Чорнага, У.Хадыкі і інш., прыпісванне ім бурж.-нацыяналіст. ідэалогіі, эстэцтва. У пазнейшых артыкулах і нарысах пра класікаў бел. л-ры, творчасць пісьменнікаў Беларусі (зб. «Літаратурна-крытычныя артыкулы», 1953; «Аб мастацкай прозе», 1961) пазбавіўся спрошчанай трактоўкі твораў. Аўтар п’ес пра партыз. рух («Заложнікі», паст. 1944), мінскіх падпольшчыкаў («Гэта было ў Мінску», паст. 1949), пасляваеннае буд-ва («Неспакойныя сэрцы», паст. 1952), сцэнарыяў маст. фільмаў «Чырвонае лісце» (з А.Куляшовым, 1958), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (з М.Фігуроўскім, 1958), «Лісты да жывых» (1965), «Усходні калідор» (з В.Вінаградавым, 1968).
Тв.:
Над Дзвіной, Нямігай, Віліяй: П’есы і кінасцэнарыі. Мн., 1962;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТУЗЯ́ВІЧУС ((Matuzevičius) Эўгеніюс) (24.12.1917, г. Урупінск Валгаградскай вобл., Расія — 20.6.1994),
літоўскі паэт, перакладчык, крытык. Засл. дз. маст. Літвы (1977). Вучыўся ў Каўнаскім і Вільнюскім ун-тах (1939—43). Аўтар паэт. зб-каў «Веснавой сцежкай» (1941), «Песня дружбы» (1953), «Не гасні, агонь маяка!» (1960), «Месячны бераг» (1965), «Млечны шлях» (1970), «Зялёныя астравы гадоў» (1975, Дзярж. прэмія Літвы 1977), «Варыяцыі і вяртанні» (1980) і інш. Для яго вершаў характэрна рамант. прыўзнятасць, песенныя інтанацыі. Для зб. Я.Купалы на літ. мове «Не жалейка стогне» (1957, укладальнік разам з А.Жукаўскасам), анталогій «З беларускай паэзіі» (1952) і «Па Нёмане песня плыве» (1958) пераклаў паэмы Я.Купалы «Курган», «Барысаў», п’есы «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», яго вершы і інш.бел. паэтаў. Укладальнік зб. твораў Я.Купалы «Мая доля» (Вільнюс, 1982). Аўтар артыкулаў пра Я.Купалу, бел. л-ру, культуру. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.Астрэйка, Р.Барадулін, А.Бачыла, А.Вярцінскі, А.Грачанікаў, Л.Дайнека, М.Калачынскі, Я.Крупенька, П.Марціновіч, А.Разанаў, М.Танк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧУ́Й-ЛЯВІ́ЦКІ (сапр.Лявіцкі) Іван Сямёнавіч
(25.11.1838, г.п. Сцяблёў Чаркаскай вобл., Украіна — 15.4.1918),
украінскі пісьменнік; пачынальнік жанру сац. аповесці і рамана ва ўкр. л-ры. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1865). Друкаваўся з 1868. Лёс і праблемы сялянства, рабочых прыгоннай і паслярэформеннай Украіны адлюстраваў у сац.-бытавых аповесцях «Мікола Джэра» (1878), «Сям’я Кайдаша» (1879), «Бурлачка» (1880), ідэйныя пошукі інтэлігенцыі — у вострасац. раманах і аповесцях «Хмары» (1874), «Над Чорным морам» (1890), «Неаднолькавымі сцежкамі» (1910), «На гастролях у Мікіцянах» (1911) і інш. Многія яго творы маюць ярка выражаную сатыр. афарбоўку: камедыі «На Кажумяках» (1875), «Галоднаму і апенькі — мяса» (1887), аповесці і апавяданні «Старасвецкія бацюшкі і матушкі» (1884—85), «Афонскі прайдзісвет» (1890), «Сярод ворагаў» (1893), «Старыя гулякі» (1897), «Тэлеграма Грыцу Бындзе» (1911), «Вясковая старшына балюе» (1912). Аўтар гіст. п’ес «Маруся Багуслаўка» (1875), «У дыме і полымі» (1910) і рамана «Князь Ерамія Вішнявецкі» (апубл. 1932). У творах нац. самабытныя характары, каларытныя пейзажныя замалёўкі. Выступаў як літ.крытык, пісаў навук.-папулярныя працы па гісторыі, лінгвістыцы, этнаграфіі, фалькларыстыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЫ́ЧКА (Дзмітрый Васілевіч) (н. 28.9.1929, с. Стапчатаў Косаўскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),
украінскі пісьменнік, перакладчык, крытык. Скончыў Львоўскі ун-т (1953). Друкуецца з 1951. У паэт. зб-ках «Любоў і нянавісць» (1953), «Мая зямля» (1955), «Быстрыня» (1959), «Дзень» (1960), «На варце» (1961), «Хлеб і сцяг», «Гранаслоў» (абодва 1968), «Тайна твайго аблічча» (1974, «Спіраль» (1984) лірычныя вершы пра людзей Зах. Украіны, пра барацьбу за мір; у зб. «Накіраваны ў будучыню» (1986) вершы пра І.Франко. Аўтар кн. крытыкі «Магістралямі слова» (1977), «Над глыбінямі» (1983), сцэнарыяў кінафільмаў, твораў для дзяцей. Многія яго паэт. творы пакладзены на музыку. Беларусі прысвяціў вершы «Што звязана вякамі», «Вітанне Беларусі» і інш. На ўкр. мову перакладаў творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка і інш. На бел. мову асобныя вершы П. пераклалі Р.Барадулін, Я.Сіпакоў. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1977.