прыўзняты, звычайна выцягнуты ўчастак зямной кары, абмежаваны крута нахіленымі разрывамі — скідамі або ўскідваннямі. Бывае просты горст (абмежаваны двума) і складаны (некалькімі скідамі або ўскідваннямі), шыр. да многіх дзесяткаў, даўж. да соцень кіламетраў. Схілы горста могуць быць укрыты асадкавымі пародамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЧАТКО́ВЫ ГРАМА́ДСКІ ПРАДУ́КТ,
эканамічны паказчык вымярэння аб’ёму нац. вытв-сці. Уяўляе сабой суму нац. даходу і амартызацыйных выдаткаў. Вылічаецца як кошт створанай канчатковай прадукцыі і паслуг у рыначных цэнах за пэўны перыяд (звычайна за год), за выключэннем кошту выкарыстанай сыравіны, матэрыялаў, паўфабрыкатаў і энергарэсурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАВО́З,
судна для перавозкі круглага лесу і піламатэрыялаў. Мае павялічаныя памеры грузавых люкаў, звычайна адну палубу, прыстасаванні для пагрузкі, перамяшчэння і выгрузкі грузаў. Грузавыя памяшканні прыстасаваны для ўкладкі лесаматэрыялаў асобнымі адзінкамі і ў пакетах. Грузападымальнасць да 30 тыс.т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАФІ́ЛЫ [ад літа... + ...філ(ы)],
1) расліны і жывёлы, якія жывуць пераважна на камяністым субстраце (напр., лішайнікі, некат. малюскі, матылі, жукі, рыбы, яшчаркі і інш.).
2) Каменяточцы, звычайна нерухомыя або з запаволенымі рухамі марскія жывёлы (напр., некат. губкі, малюскі, многашчацінкавыя чэрві, ракападобныя), здольныя разбураць горныя пароды, каралы, ракавіны малюскаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАНТЭ́НК, метантанк (ад метан + англ. tank бак, цыстэрна),
збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых вод з дапамогай анаэробных бактэрый (без прысутнасці кіслароду, з утварэннем метану). Звычайна гэта рэзервуар значнай (да некалькіх тысяч кубічных метраў) умяшчальнасці для мінералізацыі арган. рэчываў, што збіраюцца ў адстойніках ачышчальных збудаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦО́ВЫ КЛІ́МАТ, мезаклімат,
клімат параўнальна невял. і дастаткова аднароднай тэрыторыі, якую можна здавальняюча характарызаваць звесткамі адной метэастанцыі (напр., клімат асобнага ляснога масіву, марскога ўзбярэжжа, невял. горада). Асаблівасці М.к. выяўляюцца звычайна ў прыземным слоі паветра, да выш. некалькіх соцень метраў. Да з’яў М.к. адносяцца мясцовыя вятры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯША́НЫЯ ВО́БЛАКІ,
высокаслаістыя, слаіста-дажджавыя і кучава-дажджавыя (часам нават высокакучавыя, слаістыя і слаіста-кучавыя воблакі), якія складаюцца з сумесі вадзяных кропель і снегавых крышталёў (звычайна пры т-ры да -10 °C). З’яўленне М.в. на небе — прыкмета хуткага пагаршэння надвор’я: яны часта даюць ападкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРС (англ. piers, мн. лік ад pier слуп, прыстань, мол),
двухбаковае прычальнае збудаванне, якое размешчана ўнутры акваторыі порта перпендыкулярна ці пад вуглом да берага. П. размяшчаюць звычайна групамі, каб павялічыць прычальную лінію, што важна пры абмежаванасці берагавой лініі порта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕНАРЭ́Я (ад грэч. blennos слізь + rheō цяку),
вострае гнойнае запаленне слізістай абалонкі (кан’юнктывы) вока інфекц. паходжання. Адрозніваюць бленарэю нованароджаных, дзіцячую і дарослых.
Заражэнне бленарэяй нованароджаных адбываецца пры родах, калі галоўка плода праходзіць праз родавыя шляхі хворай на ганарэю маці. Хвароба праяўляецца на 2—3-і дзень ацёкам і зацвярдзеннем павекаў абодвух вокаў, гіперэміяй кан’юнктывы, серозна-крывяністымі выдзяленнямі. Праз 3—4 дні з’яўляюцца густыя гнойныя выдзяленні (найб. небяспечны перыяд, цягнецца 2—3 дні). У цяжкіх выпадках пашкоджваецца рагавіца. Пры заражэнні дзяцей бленарэяй ад маці (дзіцячая бленарэя) хвароба прымае больш цяжкую форму, чым у нованароджаных. Працэс звычайна аднабаковы. Бленарэя ў дарослых пачынаецца звычайна з аднаго павека пры занясенні ў яго інфекцыі самім хворым на ганарэю мочапалавых шляхоў. Клінічна падобная на бленарэю нованароджаных, але з больш цяжкім цячэннем і частым пашкоджаннем урэтры. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКЗА́МЕТР (ад гекса... + ...метр),
вершаваны памер у антычным вершаскладанні; 6-стопны дактыль з усечанай на адзін склад 6-й стапой. Ва ўсіх стопах, акрамя 5-й, дактылі маглі заменьвацца спандэямі. Цэзура, якая рассякае звычайна 3-ю стапу, падзяляе вершарад на дзве часткі (-◡◡-◡◡-//◡◡-◡◡-◡◡-).
Найб. пашыраны памер антычнай л-ры («Іліяда» і «Адысея» Гамера, паэмы і вершы Феакрыта, Вергілія, Авідзія, Гарацыя і інш.). Выкарыстоўваўся ў паэмах, гімнах, пасланнях, нярэдка спалучаўся з пентаметрам, утвараючы элегічны двуверш.
Памерам гекзаметра шырока карысталіся сярэдневяковыя бел. паэты-лаціністы («Песня пра зубра» М.Гусоўскага). У сілаба-танічным вершаскладанні гекзаметр звычайна перадаецца спалучэннем дактыляў з харэямі і выкарыстоўваецца ў перакладах антычнай паэзіі. У бел. паэзіі імітацыя гекзаметра ёсць у вершы М.Багдановіча «Непагодаю маёвай», у перакладах «Іліяды» Ю.Дрэйзіным, Б.Тарашкевічам, у стылізацыях антычных тэм і інш.