НАСІРЭДЗІ́Н ТУСІ́ (Абу Джафар Мухамед ібн Мухамед ібн Хасан Абу Бакр) (18.2.1201, г. Тус, Іран — 25.6.1274),
арабскі вучоны-энцыклапедыст, дзярж. дзеяч. З 1256 на службе ў манг. ільхана Хулагу, дзе займаўся пытаннямі фінансаў і падаткаў. Пераклаў на араб. мову працы Пталамея і Эўкліда і дадаў да іх уласныя каментарыі. Удасканаліў матэм. метады ў астраноміі, рашыў шэраг задач сферычнай трыганаметрыі. Пабудаваў астр. абсерваторыю ў г. Марага (1259, цяпер г. Мераге, Іран), дзе пад яго кіраўніцтвам складзены астр. табліцы «Зідж Эльхані», у якіх змешчаны каталог яркіх зорак, некаторыя геагр.звесткі, табліцы сінусаў і тангенсаў і інш. Напісаў шэраг трактатаў па матэматыцы, філасофіі, медыцыне, логіцы, этыцы і інш.
Літ.:
Мамедбейли Г.Д. Основатель Марагинской обсерватории Мухаммед Насирэддин Туси. Баку, 1961;
Юшкевич А.П. История математики в средние века. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ПАТ, Публій Карнелій Непат
[Publius Cornelius Nepos; каля 109 да н.э., г. Павія, Італія — каля 27 да н.э.],
старажытнарымскі гісторык і паэт. Сябар Катула і Цыцэрона. Аўтар «Хронікі» ў 3 кн. (захавалася ў фрагментах), у якой апісаў найважнейшыя падзеі ў гісторыі Грэцыі ў сувязі з гісторыяй Рыма (увёў новую храналогію, у якасці вызначальнай прыняў дату заснавання Рыма). Праца «Прыклады» (не захавалася) уяўляла сабой зборнік гіст. анекдотаў і апавяданняў пра выдатныя мясціны. Гал. праца Н. — «Пра знакамітых людзей» у 16 кн. (захаваліся 22 біяграфіі з раздзелам «Пра знакамітых іншаземных палкаводцаў» і біяграфіі Катона Старэйшага і Атыка з раздзелам «Пра рымскіх гісторыкаў»). Аўтар эратычных вершаў (паводле сведчання Плінія Малодшага); захаваліся звесткі, што Н. быў таксама выдаўцом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ШПАРТ (франц. passeport ад passe праход + port гавань),
афіцыйны дакумент, які сведчыць асобу і грамадзянства яго ўладальніка. Паводле палажэння аб пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай урада ад 14.7.1993, П. выдаецца асобам, якія дасягнулі 16 гадоў і пражывалі на тэр. краіны на дзень прыняцця закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» (18.10.1991) або набылі грамадзянства ва ўстаноўленым парадку. П. утрымлівае фотакартку, прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, дату і месца нараджэння, звесткі пра пол прад’яўніка, сямейнае становішча, месца жыхарства і інш., ідэнтыфікацыйны нумар. Са згоды грамадзяніна ў яго П. можа быць унесены запіс пра групу і рэзус-фактар крыві. П. сведчыць асобу грамадзяніна ў межах краіны і за мяжой. Запісы зроблены на бел., рус. і англ. мовах. Апрача агульнаграмадзянскага П. існуюць дыпламат. і службовыя П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФАГО́Р (Pythagoras) Самаскі
(каля 580, в-аў Самас, Грэцыя — 500 да н.э.),
старажытна-грэчаскі матэматык і філосаф-ідэаліст, заснавальнік піфагарэізму. У галіне матэматыкі яму прыпісваюць увядзенне доказу ў геаметрыю, пабудову планіметрыі прамалінейных фігур, стварэнне вучэння пра падобнасць, доказ Піфагора тэарэмы, адкрыццё ірацыянальных лікаў, пабудову некат. правільных многавугольнікаў і мнагаграннікаў і інш. Ёсць звесткі пра П. як астранома. Ён лічыў Зямлю шарам, які знаходзіцца ў цэнтры Сусвету; ведаў пра ўласны рух Сонца, Месяца і планет. Заснаваў у г. Кратоне (Паўд. Італія) піфагарэйскі саюз, які быў адначасова філас. школай, паліт. партыяй і рэліг. брацтвам. Лічыў, што лік ёсць сутнасць усіх рэчаў, а Сусвет з’яўляецца гарманічнай сістэмай лікаў і іх адносін. Адстойваў уяўленне аб бессмяротнасці душ і іх перасяленні. Быў ідэолагам рабаўладальніцкай арыстакратыі.
Літ.:
Болгарский Б.В. Очерки по истории математики. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАН (Лазар Саулавіч) (18.4.1909, г. Даўгаўпілс, Латвія — 5.8.1989),
бел. мастак. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1932). Працаваў у станковай графіцы і жывапісе. Сярод графічных твораў: серыі «Брэсцкая крэпасць» (1952), «Мінскае гета» (1970), альбомы купалаўскіх і коласаўскіх мясцін «Мой родны кут, як ты мне мілы...» (1958—60), «Па родных мясцінах Я.Купалы» (1970), партрэты П.Мядзёлкі (1970), Кітэчкінай — удзельніцы французскага супраціўлення» (1983), В.Іпатавай (1984). Аўтар жывапісных кампазіцый «Акупанты» (1938), «Дзядуля-герой», «Звесткі з Петраграда» (абедзве 1957), «Сталявары» (1958), «Беларуская легенда», «Я.Колас у Навагрудку» (абедзве 1960), «Перад уборкай ураджаю ў калгасе імя Я.Коласа», «Ф.Скарына» (абедзве 1963), «Сустрэча ў Вільні» (1980), «Я.Купала і Цётка каля Чорнага возера» (1983). Творы адметныя складанай графічнай тэхнікай, дакладным жывым малюнкам, глыбокім псіхалагізмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ХАЎ (Buchow) Данііл Прынтц фон [14.9-1546, г. Львоў або Лемперк (Чэхія) — 1608], дыпламат герм. імператара, пісьменнік. Як пасол Максіміляна II і Рудольфа II у 1576 і 1578 ездзіў у Маскву. Дамагаўся садзейнічання Івана IV у абранні на трон Рэчы Паспалітай аўстр. эрцгерцага Эрнста, сына Максіміляна II; прапаноўваў цару вывесці войскі з Інфлянтаў. У 1577 склаў на лац. мове справаздачу аб пасольстве, якая фактычна стала апісаннем Масковіі ў час Інфлянцкай вайны 1558—82. У ёй ёсць звесткі пра баявыя дзеянні, у т. л. на Беларусі, узяцце рус. войскам у 1563 Полацка. Пры напісанні карыстаўся рус. рукапісамі. Твор лічыцца праўдзівым па верагоднасці і дакладнасці звестак. Упершыню выдадзены ў 1668 у Нейсе.
Тв.:
Рус.пер. — Начало и возвышение Московии // Чтения в имп. о-ве истории и древностей Российских. 1876. Кн. 3—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТАШЭ́ВІЧ ((Bartoszewicz) Юльян) (17.1.1821, г. Бяла-Падляска, Польшча — 5.11.1870),
польскі гісторык, літаратуразнавец. Чл. Віленскай археал. камісіі. У 1838—42 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це, пазнаёміўся з Я.Баршчэўскім і памагаў яму ў рэдагаванні альманаха «Niezabudka» («Незабудка»). У 1840—60-я г. рэдагаваў газ. «Dziennik Warszawski» («Варшаўскі веснік»), «Kronika wiadomości krajowych і zagranicznych» («Хроніка мясцовых і замежных паведамленняў»), у якіх змяшчаў і карэспандэнцыі з Беларусі. Аўтар прац «Каралевічы-біскупы» (1851), «Арцыбіскупы і прымасы» (1858—68), «Польскія гетманы» (1860—66), «Першапачатковая гісторыя Польшчы» (т. 1—4, 1878—79). У «Гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—2, 2-е выд., 1877) даў звесткі і пра стараж.бел. л-ру. На бел. матэрыяле часткова заснаваны яго працы «Выдатныя польскія дзеячы XVIII ст.» (т. 1—3, 1853—56) і «Гістарычныя і літаратурныя даследаванні» (т. 1—3, 1880—81).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЕ́ЎСКІ ((Wiszniewski) Міхал) (27.9.1794, с. Фірлеева Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 22.12.1865),
польскі гісторык літаратуры, філосаф, псіхолаг. Вучыўся ва ун-тах Зах. Еўропы. З 1831 праф. гісторыі, потым гісторыі л-ры Ягелонскага ун-та ў Кракаве. Асн. праца — «Гісторыя польскай літаратуры» (т. 1—10, 1840—57; даведзена да сярэдзіны 17 ст.). У ёй ёсць звесткі пра Ф.Скарыну, інш. прадстаўнікоў бел. рэнесансавай л-ры. Выдаў «Помнікі польскай гісторыі і літаратуры» (т. 1—4, 1835—37), куды ўключаны і бел. матэрыял. Вішнеўскі — апошні прадстаўнік філас. думкі польск. асветніцтва, папярэднік пазітывізму. У манаграфіі «Бэканаўскі метад тлумачэння прыроды» (1834) сфармуляваў праграму аб’яднання назірання і эксперыменту з матэматычнымі метадамі. Даследаванне «Тыпы чалавечых розумаў» (1837) — наватарская спроба тыпалагізацыі інтэлектаў, першая польск. праца ў галіне псіхалогіі.
Літ.:Dybiec J. Michał Wiszniewski: Życie i twórczošč. Wrocław etc., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВІНАВА́ЎЧАЕ ЗАКЛЮЧЭ́ННЕ,
працэсуальны дакумент, у якім выкладзена і абгрунтавана рашэнне следчага (або асобы, якая праводзіла дазнанне) аб фармулёўцы абвінавачання асобы, прыцягнутай да крымін. адказнасці. У ім падсумоўваюцца вынікі папярэдняга следства па справе, робіцца вывад пра ўчыненне злачынства пэўнай асобай, пра дастатковасць падстаў для суд. разгляду справы. Складаецца з апісальнай і рэзалютыўнай частак. У апісальнай частцы выкладаецца сутнасць справы, у рэзалютыўнай змяшчаюцца звесткі пра абвінавачанага (абвінавачаных) і фармулёўка прад’яўленага абвінавачання са спасылкай на адпаведныя артыкулы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Следчы падпісвае абвінаваўчае заключэнне і разам са справай перадае пракурору, які зацвярджае абвінаваўчае заключэнне і накіроўвае справу ў суд ці вяртае яе для дадатковага следства або спыняе справу. Абвінаваўчае заключэнне ўручаецца абвінавачанаму не пазней як за 3 сут. да суд. разгляду, што дае яму магчымасць азнаёміцца з доказамі і падрыхтавацца да абароны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРО́ДНЕНСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета. Выдавалася з 7(19).1.1838 да 31.7(13.8).1915 у Гродне на рус. мове. Перыядычнасць мянялася (1, 2, 4 разы на тыдзень, штодзённа). Мела афіц. і неафіц. (да 1856 выходзіла як дадатак да афіцыйнай) часткі, у 1899 яны аб’яднаны ў адно выданне. У 1903—06 неафіц. частка выходзіла як асобнае выданне. Змяшчала пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясцовых улад, матэрыялы па археалогіі, гісторыі, этнаграфіі, стат. інфармацыю, артыкулы па сельскай гаспадарцы, адукацыі. Друкавала даследаванні М.А.Дзмітрыева, А.Я.Багдановіча, М.В.Доўнар-Запольскага, Е.Р.Раманава і інш.
Сярод публікацый: «Гістарычныя звесткі аб г. Брэст-Літоўску І.Крашэўскага» (1845); «Кароткае гістарычнае паведамленне аб горадзе Гродна» (1847), «Мястэчка Бездзеж [Гродзенскай губ.]» Ф.Стаўровіча (1867); «Старажытныя будынкі, помнікі даўніны і навейшага часу ў Гродзенскай губерні» Л.Саланевіча (1902) і інш.