члены армянскай нацыянальнай партыі «Дашнакцуцюн» («Саюз»), засн. ў 1890 у Тбілісі. Імкнуліся да вызвалення армян з-пад тур. прыгнёту і аўтаноміі арм. дзяржавы. Падтрымалі лют. рэвалюцыю 1917 у Расіі, але выступілі супраць бальшавікоў і Кастр. рэвалюцыі 1917; адарвалі Арменію ад Расіі і разам з эсэрамі, меншавікамі і мусаватыстамі стварылі Закаўказскі камісарыят, потым Закаўказскі сейм. У маі 1918 — ліст. 1920 «Дашнакцуцюн» — правячая партыя ў арм. рэспубліцы. Пасля ўступлення сюды Чырв. Арміі ўрад Д. (знаходзіўся ў г. Александропаль) заключыў дагавор з Турцыяй аб стварэнні ў яе межах аўтаномнай арм. дзяржавы. У лют. 1921 Д. арганізавалі ў Арменіі антысав. паўстанне, пасля разгрому якога партыя «Дашнакцуцюн» ліквідавана. У эміграцыі арг-цыі Д. дзейнічаюць у ЗША, Францыі, Грэцыі, Іране і інш. У пач. 1990-х г. аднавілі легальную дзейнасць у Арменіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНТА́ЎР,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дзікая істота, паўчалавек-паўконь (ніжняя ч. цела з 4 нагамі як у каня, грудзі, галава і рукі як у чалавека). Паводле міфаў, амаль усе К. народжаны ад цара племені лапіфаў (у Фесаліі на ПнУ у Грэцыі) Іксіёна і хмары, што па волі Зеўса набыла аблічча Геры. Буйныя, нястрымныя істоты, акрамя Фола і Хірона (выхавацеля Ахіла, Ясона і інш. герояў), якія ўвасабляюць мудрасць і памяркоўнасць. Сцэны з т.зв. кентаўрамахіі (бітвы лапіфаў з кентаўрамі) і інш. міфалагічных падзей, звязаных з К., адлюстраваны ў скульпт. выявах храма Зеўса ў Алімпіі, Гефестэёна і Парфенона ў Афінах (5 ст. да н.э.), насценным жывапісе ў Пампеях, у скульптуры (Мікеланджэла, А.Радэн) і жывапісе (П.П.Рубенс, Ф.Салімена, А.Бёклін, Л.Карынт і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІДА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,
баявыя машыны для кідання цяжкіх снарадаў (стрэл, камянёў, бярвён, ядраў, запальных сумесей і інш.) з мэтай паражэння жывой сілы праціўніка і разбурэння яго абарончых збудаванняў.
Падзяляліся на машыны насцільнага (балісты і брыколі — станкі з верт. стойкай для кідання стралы) і навяснога (катапульты, франдыбалы) дзеяння. Былі вядомы яшчэ ў дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма (франдыбалы з 5 ст. ў Візантыі, брыколі пашырыліся ў 13—14 ст.). У Стараж. Русі К.м. выкарыстоўваліся з 10 ст. (наз. станковымі самастрэламі, паро́камі, пускачамі) і існавалі да 15 ст. (выцеснены агнястрэльнай зброяй). Гл. таксама іл. да арт.Артылерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯСНІ́ЦА,
разнавіднасць колавай павозкі, якая выкарыстоўвалася пры баявых дзеяннях, для трыумфальных, рытуальных і пахавальных шэсцяў, а таксама для спарт. спаборніцтваў. Рытуальныя і баявыя К. трапляюцца пры раскопках багатых пахаванняў канца 3-га тыс. да н.э. і больш позняга часу (Закаўказзе, Кіш, Ур і інш.). Баявыя К. шырока выкарыстоўваліся ў войсках дзяржаў Стараж. Усходу. Былі двух відаў: на 2 колах, запрагаліся адным або парай коней; на 4 колах. запрагаліся чацвёркай коней, неслі 4 і больш воінаў. У Стараж.Грэцыі К. прызначаліся ў асн. для спарт. спаборніцтваў. У Рыме найб. значэнне набылі трыумфальныя К. для пераможных імператарскіх шэсцяў. У іх запрагалі да 8 пар коней. Са з’яўленнем цяжкай кавалерыі ў раннім сярэдневякоўі К. знікае.
Да арт.Калясніца. Паляванне на львоў. Рэльеф з палаца Ашурнацырапала II у Кальху. 883—859 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСАНА́НС (франц. consonance ад лац. consonantia гармонія, сугучнасць) у музыцы, адначасовае спалучэнне тонаў стройнага, згоднага гучання. Процілеглае К. паняцце — дысананс. Адрозніваюцца характарам узаемадзеяння гарманічных спектраў гукаў, што ўтвараюць пэўнае сугучча. Акустычная сутнасць К. ў супадзенні вял. колькасці гармонікаў (абертонаў) гэтых гукаў. Да К. належаць усе чыстыя інтэрвалы, вял. і малыя тэрцыі і сексты і акорды, складзеныя толькі з гэтых інтэрвалаў (за выключэннем тых, у якіх адзін з верхніх гукаў утварае чыстую кварту з басам). Матэматычнае абгрунтаванне К. зрабілі піфагарэйцы ў Стараж.Грэцыі. У еўрап.прафес. музыцы 15—19 ст. адрозненне паміж К. і дысанансам набыло якасны характар, дасягнула ступені вострай процілегласці і стала адной з асноў муз. мыслення. У музыцы 20 ст. рэзка павялічылася значэнне дысанансу, адрозненне паміж ім і К. ў значнай ступені згладжваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЕР, Меер (Meyer) Эдуард (25.1.1855, г. Гамбург, Германія — 31.8.1930), нямецкі гісторык антычнасці. Праф.стараж. гісторыі ва ун-тах Лейпцыга (з 1884), Брэслаў (з 1885; цяпер г. Вроцлаў, Польшча), Гале (з 1889), Берліна (1902—23). Даследаваў гісторыю Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма з пазіцый мадэрнізму і цыклічнасці тэорыі, увёў у гіст. навуку паняцце «культ. комплекс», якое разумеў як вынік узаемадзеяння матэрыяльнай і духоўнай культуры народаў. Аўтар прац «Гісторыя Троі» (1877), «Гісторыя Пантыйскага царства» (1879), «Гісторыя старажытнасці» (т. 1—5, 1884—1902; асн. праца, у якой гіст. падзеі даведзены прыбл. да 336 да н.э.), «Гісторыя Старажытнага Егіпта» (1887), «Даследаванні па гісторыі Гракхаў» (1894), «Узнікненне іудзейства» (1896), «Да тэорыі і методыкі гісторыі» (1902), «Егіпецкая храналогія» (1904), «Манархія Цэзара і прынцыпат Пампея» (1918), «Паходжанне і пачаткі хрысціянства» (т. 1—3, 1921—23) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ПАТ, Публій Карнелій Непат
[Publius Cornelius Nepos; каля 109 да н.э., г. Павія, Італія — каля 27 да н.э.],
старажытнарымскі гісторык і паэт. Сябар Катула і Цыцэрона. Аўтар «Хронікі» ў 3 кн. (захавалася ў фрагментах), у якой апісаў найважнейшыя падзеі ў гісторыі Грэцыі ў сувязі з гісторыяй Рыма (увёў новую храналогію, у якасці вызначальнай прыняў дату заснавання Рыма). Праца «Прыклады» (не захавалася) уяўляла сабой зборнік гіст. анекдотаў і апавяданняў пра выдатныя мясціны. Гал. праца Н. — «Пра знакамітых людзей» у 16 кн. (захаваліся 22 біяграфіі з раздзелам «Пра знакамітых іншаземных палкаводцаў» і біяграфіі Катона Старэйшага і Атыка з раздзелам «Пра рымскіх гісторыкаў»). Аўтар эратычных вершаў (паводле сведчання Плінія Малодшага); захаваліся звесткі, што Н. быў таксама выдаўцом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ДЖЫЯ (італьян. loggia ад стараж.-верхненям. laubja альтанка),
памяшканне, адкрытае з аднаго ці некалькіх бакоў, дзе сцяну замяняюць каланада, аркада, парапет і інш. Можа быць асобным збудаваннем (Л. дэі Ланцы ў Фларэнцыі, Італія, каля 1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.Таленці) або часткай будынка. Служыць крытым балконам ці ўваходам і пластычна ўзбагачае фасад будынка. Л. вядомы са старажытнасці (у архітэктуры Стараж.Грэцыі і Рыма). У эпоху Адраджэння пашыраны ў выглядзе адкрытага з аднаго ці некалькіх бакоў будынка тыпу галерэі (Л. дэль Кансільё ў г. Верона, Італія, 1475—92, арх. Фра Джакондэ). Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай архітэктуры (у жылых будынках і будынках санаторна-курортных устаноў, інтэрнатах, гасцініцах і інш.). Бываюць радавыя (з адным адкрытым бокам), вуглавыя, часткова вынесеныя.
Лоджыя дэль Кансільё ў г. Верона (Італія). 1475—92. Арх. Фра Джаконуэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮНЦ ((Müntz) Іаган Генрых) (1727, г. Мюльгаўзен, Германія — 1798),
мастак-пейзажыст, падарожнік. У 1760-я г. жыў у Лондане, вандраваў па Італіі (1762, 1785), Грэцыі (1763), Галандыі (1772). У 1780-я г. ў Рэчы Паспалітай, дзе ў званні маёра служыў у пляменніка караля, падскарбія ВКЛ С.Панятоўскага. Па вайск. і гасп. заданнях ездзіў па Украіне, Малдове і Беларусі, рабіў замалёўкі гарадоў, замкаў, вёсак, тыпаў насельніцтва, пісаў пейзажы. Адначасова вёў падарожныя нататкі. У 1783 па дарозе з Украіны ў Літву рабіў на Беларусі замалёўкі палескіх вёсак, Белавежскай пушчы. Апісаў умовы мясц. гаспадарання, адзначыў, што палескія балоты прыдатныя для меліярацыі на ўзор Галандыі. Даў характарыстыку жыхароў: «Мясцовыя насельнікі ўвогуле людзі дабрадушныя, добрыя патрыёты, яны ладна складзены і моцныя на работу». З 1792 працаваў у Каселі ў курфюрста гесенскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́СТЫКА МУЗЫ́ЧНАЯ,
раздзел тэорыі музыкі, які даследуе фізічныя заканамернасці музыкі ў аспекце яе выканання і ўспрымання. Вывучае вышыню, гучнасць, тэмбр, даўжыню і сінтэз муз. гукаў, муз. сістэмы і строі, кансананс і дысананс, некат. з’явы ў гармоніі, інструментоўцы, аркестроўцы і інш.
Навука пра акустыку музычную пачала развівацца ў Стараж.Грэцыі; пазней яе развівалі Дж.Царліна, М.Мерсен, Ж.Рамо і інш. У 19 ст. распрацавана рэзанансная тэорыя слыху (Г.Гельмгольц) і тэорыя адлюстравання гукавых ваганняў (К.Штумпф). У 20 ст. з’явіліся тэарэт. даследаванні, звязаныя з зоннай прыродай слыхавога ўспрыняцця (М.Гарбузаў; гл. ў арт.Зона), акустыкай пеўчага голасу (Р.Юсан), электрамуз. інструментаў (Л.Тэрмен, А.Валодзін), а таксама з асаблівымі з’явамі электроннай музыкі і мікратэмперацыі. Гал. праблема сучасных прац — даследаванне ролі аб’ектыўных акустычных фактараў у фарміраванні муз. мовы кампазітараў 20 ст. (Я.Назайкінскі, Ю.Рагс, Ю.Антанавічус).