паўвостраў на ПнЗах. Сібіры, паміж Байдарацкай і Обскай губамі Карскага м., у Ямала-Ненецкай аўт. акрузе Расіі. Даўж. 700 км, шыр. да 240 км, пл. 122 тыс.км². Паверхня раўнінная, выш. да 84 м. Складзены пераважна з пясчана-гліністых марскіх, на Пд — ледавіковых адкладаў. Паўсюдна пашырана шматгадовая мерзлата. Мноства азёр (Ярато, Ямбуто, Нейто і інш.), шматлікія формы крыягеннага рэльефу. На Пн — арктычная тундра, у цэнтр. раёнах — забалочаная мохава-лішайнікавая і хмызняковая расліннасць; на Пд — лістоўнічная лесатундра. Радовішчы газу. Аленегадоўля, паляванне, рыбалоўства. На беразе Обскай губы — пас. Новы Порт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАБ’І́,
возера ў Беларусі, у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас.р. Страча, за 33 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,46 км², даўж. 1,12 км, найб.шыр. 570 м, найб.глыб. 3,1 м, даўж. берагавой лініі 2,9 км. Пл. вадазбору 8,2 км².
Схілы катлавіны выш. 12—13 м (на Пд да 5 м), пераважна разараныя, на Пд пад лесам. Берагі нізкія, на ПдУ і З сплавінныя, на Пн зліваюцца са схіламі. Дно плоскае, выслана сапрапелем, на мелкаводдзі пясчанае. 35% возера зарастае. На ПнЗ упадае ручай з воз. Гульбеза, на ПдУ выцякае ручай у р. Страча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШНЭ́П (Lymnocryptes minimus),
птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундры, лесатундры, на травяністых і сфагнавых балотах паўн.ч. Еўразіі. Селіцца на адкрытых багнах з невял. травастоем, на глеістых берагах азёр, балотах, якія параслі хвашчом, асакой ці чаротам. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на пралётах, у паўн. раёнах зрэдку гняздуецца; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. каля 20 см, маса да 80 г. Спіна карычнявата-бурая з зеленаватым металічным адлівам і вохрыстымі падоўжнымі палоскамі па баках. Над вачамі белыя палосы, брушка белае з рыжаватымі плямкамі. Дзюба доўгая, тонкая, прамая; ногі кароткія. Выседжвае 3—4 птушанят. Корміцца насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі і малюскамі. Аб’ект спарт. палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМНАКАЛЕ́Я (Gymnocolea),
род пячоначных імхоў сям. лафозіевых. Вядомы 2 віды. Адзін з іх пашыраны пераважна ў паўн. раёнах Паўн. паўшар’я, другі — ў Паўд. паўшар’і. На Беларусі 1 від — гімнакалея ўздутая (G. inflata), занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Расце на алігатрофных балотах, па берагах азёр. Трапляецца толькі ў Мядзельскім р-не.
Двухдомная невялікая гіграфільная расліна. Дзярнінкі шырокія, ад светла-зялёных да чырванаватых або цёмна-бурых. Парасткі даўж. да 2,5 см, часта з падверхавінкавымі галінкамі. Лісце коса прымацаванае, да 1/4—1/3 двухлопасцевае. Перыянцый (абгортка архегоніяў) ад амаль шарападобнага да адваротнаяйцападобнага або грушападобнага. Каробачка на ножцы, цыліндрычная, раскрываецца ўздоўж створкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАСА ПАЎДНЁВЫ, Волас Паўднёвы,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 5 км на ПнУ ад г. Браслаў. На тэр.нац. парку Браслаўскія азёры; уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 1,21 км², даўж. 2,5 км, найб.шыр. 700 м, найб.глыб. 40,4 м, даўж. берагавой лініі 7 км. Пл. вадазбору 6 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, пад лесам, месцамі разараныя, на У стромкія. Мелкаводная зона вузкая, пясчаная, глыбакаводная — глеістая. Каля 50% паверхні дна зарастае расліннасцю. Вада вызначаецца высокай празрыстасцю і чысцінёй. Сярод беспазваночных трапляюцца рэлікты ледавіковага перыяду — лімнакалянус, рэліктавая мізіда, понтапарэя, бакаплаў Паласа. Злучана пратокай з воз.Воласа Паўночны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРКУ́ДСКАЕ ВО́ЗЕРА, Вяркуда,
ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 17 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 1,8 км², даўж. 2,2 км, найб.шыр. 1,3 км, найб.глыб. 12 м, даўж. берагавой лініі 9 км. Пл. вадазбору 9,1 км². Схілы катлавіны выш. 25—30 м, пераважна пад лесам, на У 5—7 м, разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд нізкія, забалочаныя. Падводная частка катлавіны складаецца з 2 плёсаў. Прыбярэжная зона пясчаная, глыбакаводная, выслана глеямі. Паласа расліннасці шыр. да 140 м. Упадаюць 3 ручаі, на ПнЗ злучана ручаём з Павульскім возерам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́НЫ (ням. Düne, адз. л.), выдмы,
формы рэльефу пяскоў, утвораныя ветравой акумуляцыяй. Трапляюцца на ўзбярэжжах мораў, азёр, на рачных тэрасах, зандравых раўнінах, напр., на ўзбярэжжах Балтыйскага, Белага, Аральскага, Каспійскага мораў, на берагах Балхаша і інш. У адрозненне ад барханаў «рогі» Дз. накіраваны супраць ветру. Наветраны схіл доўгі і спусцісты, падветраны — стромкі і пукаты. Выш. да 30 м, зрэдку да 100 м. Не замацаваныя расліннасцю Дз. могуць перамяшчацца ў напрамку пануючых вятроў са скорасцю 1—20 м за год. Адрозніваюць папярочныя, падоўжаныя і парабалічныя Дз. На Беларусі стараж. Дз. трапляюцца на Палессі, Полацкай, Нарачана-Вілейскай і Нёманскай нізінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁДЗІ, Ёдава, Едаўскае возера,
у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас.р. Страча, за 33 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,61 км², даўж. 1,6 км, найб.шыр. 520 м, найб.глыб. 19,7 м, даўж. берагавой лініі каля 3,7 км. Пл. вадазбору 4,4 км². Схілы катлавіны выш. 6—10 м, разараныя, паўд. 8—15 м, пад лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПдУ і ПдЗ сплавінныя. Дно плоскае, да глыб. 2—4 м выслана пяском і апясчаненымі адкладамі, ніжэй сапрапелі. Шыр. паласы расліннасці 10—40 м. Упадаюць 4 ручаі, на ПдУ злучана пратокай з воз. Гульбеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРУ́ШНІК (Rorippa),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў: найб. вядомыя Ж. балотны (R. palustris), земнаводны, або вадзяны хрэн (R. amphibia), і лясны (R. sylvestris); зрэдку трапляюцца Ж. аўстрыйскі (R. austriaca), караткаплодны (R. brachycarpa) і распасцёрты (R. anceps). Растуць на вільготных лугах, балотах, па берагах рэк, азёр, канаў, у вадзе, як занесеныя — каля дарог.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным ці прыўзнятым сцяблом. Лісце чаргаванае, суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, у густых гронках. Плод — стручок або стручочак. Лек., меданосныя, харч. і кармавыя расліны. Некаторыя віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВАРО́ДКІ, лужанкі (Viviparidae),
сямейства бруханогіх малюскаў падкл. пярэдняшчэлепных. 6 відаў. Пашыраны ўсюды (акрамя Паўд. Амерыкі) у прэсных вадаёмах. На Беларусі 2 віды Ж.: рачная, або звычайная (Viviparus viviparus), і азёрная (V. contectus). Жывуць на пясчаных або заглееных грунтах у прыбярэжнай зоне рэк і азёр.
Цела ўкрыта ракавінай (выш. да 6 см) з 5—7 спіральнымі завіткамі, з цёмна-карычневымі палосамі, складаецца з галавы, тулава і нагі. Вусце ракавіны авальнае, зачыняецца рагавой накрыўкай. Раздзельнаполыя. Аплодненыя яйцы развіваюцца ў матцы, моладзь выходзіць цалкам сфарміраваная (адсюль назва). Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Ж. — пажыва для многіх бентасаедных рыб. Біял. ачышчальнікі вадаёмаў.