ЗАХБЕ́ЙКА,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Лужаснянка, за 25 км на ПнУ ад Віцебска. Пл. 0,26 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 280 м, найб. глыб. 8,7 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 2,14 км². Схілы катлавіны выш. да З м, пясчаныя, пад лесам, на Пн і Пд невыразныя. Берагі выш. да 0,5 м, тарфяністыя, на ПнУ пясчаныя, да ўрэзу вады лес і хмызняк. Мелкаводдзе вузкае. Дно да глыб. 2,5—3 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Ёсць востраў пл. 0,4 га. Зарастае. У час разводдзя ручаём злучаецца з воз. Вымна.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДЗІ́ТАЎ,

старажытны горад. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252. Найб. верагодна, што першапачаткова горад размяшчаўся за 4 км на Пд ад сучаснай в. Здзітава Бярозаўскага р-на, каля в. Старамлыны, дзе на правым беразе р. Ясельда захаваліся рэшткі гарадзішча 11—13 ст. Гарадзішча займала ізаляваны ўзгорак пл. больш за 1 га ў нізіннай, месцамі забалочанай пойме ракі. З усх. і зах. бакоў да яго прымыкае стараж. селішча пл. каля 3 га. У выніку археал. раскопак (1971, Я.​Г.​Звяруга) на гарадзішчы выяўлены прадметы, блізкія да матэрыяльнай культуры гарадоў Тураўскай зямлі і Бел. Панямоння.

Я.​Г.​Звяруга.

т. 7, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЕЧАРПА́ЛЬНЫ СНАРА́Д,

плывучая землярыйная машына з чарпаковым прыстасаваннем для вымання грунту з-пад вады. Рабочы орган адначарпаковых З.с. — коўш ёмістасцю да 20 м³ (глыбіня чэрпання да 30 м) або грэйфер многачарпаковых — шэраг каўшоў ёмістасцю да 1,5 м³, злучаных у выглядзе замкнёнага ланцуга (глыбіня чэрпання да 18 м). Падняты каўшамі грунт выдаляецца ў адвалы (разам з вадой па латаках, трубаправодах) ці загружаецца на грунтаадвозную шаланду або баржу. Выкарыстоўваюцца для днопаглыбляльных работ, капання падводных катлаванаў, узвядзення дамбаў, насыпаў, здабычы карысных выкапняў і інш. Здабыўныя З.с. маюць абагачальную ўстаноўку і наз. драгамі.

М.​М.​Кунцэвіч.

Шматкаўшовы землечарпальны снарад.

т. 7, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІ́Н (Аляксандр Мікалаевіч) (1893, Масква — 7.5.1919),

удзельнік грамадз. вайны на Палессі. З ліст. 1918 агент ЧК па забеспячэнні Чырв. Арміі ў раёне Лунінец—Сарны—Роўна, дамогся ад ням. акупантаў перадачы рэўкому артыл. складоў і інш. ваен. маёмасці б. царскай арміі. Для абароны раёна ад пятлюраўцаў сфарміраваў з палескіх паўстанцаў 3 палкі (каля 3 тыс. чал.). Старшыня Ваен. савета камуніст. паўстанцкіх войск Беларусі і Зах. Украіны, чл. Палескага рэўкома (гл. Палескае паўстанне 1918—19). Распрацаваў план разгрому пятлюраўцаў, з часцямі Чырв. Арміі вызваліў Сарны, Корасцень. Загінуў у баі пад Шапятоўкай. Пахаваны ў Мінску.

т. 7, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМЕРЫ́НА, Імерна,

дзяржава на в-ве Мадагаскар у 14—19 ст. Утварылася на цэнтр. плато — у найб. эканамічна развітым раёне вострава. Этн. склад насельніцтва — мерна, адна з груп малагасійцаў. У 14—15 ст. на Мадагаскары склалася некалькі феад. дзяржаў. У час праўлення караля Раламбу [1575—1610] дзяржава аб’ядноўвала ўсё цэнтр. плато. У 1-й пал. 17 ст. кароль Андрыянзака заснаваў сталіцу І. — г. Аналаманга («блакітны лес», пазней стала называцца Антананарыву). У 17 ст. высокага развіцця дасягнулі ірыгацыйнае земляробства, рамёствы, гандаль. У пач. 18 ст. дзяржава распалася, у 19 ст. аб’ядналася пад назвай Малагасійскае каралеўства (ці каралеўства Мадагаскар).

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМЕРЭЦІ́НСКАЕ ЦА́РСТВА, Імерэты,

феад. дзяржава на тэр. Грузіі ў 15—19 ст. Утворана ў канцы 15 ст. Сталіца — г. Кутаісі. З 1555 падпарадкавана Турцыі, плаціла ёй даніну нявольнікамі або грашамі і натурай. Гісторыя І.ц. характарызавалася міжусобіцамі (асабліва ў 17 ст.) і росквітам гандлю рабамі. Цар Саламон I [1752—84] здолеў умацаваць царскую ўладу. Ён забараніў гандаль рабамі, імкнуўся да аб’яднання Зах. Грузіі. У 1757 пасля шматгадовай вайны з туркамі атрымаў перамогу, у 1758 заключыў ваен. саюз з царом Картлі Іракліем ІІ. Паводле Кючук-Кайнарджыйскага міру 1774 адменена даніна Турцыі. З 1804 пад пратэктаратам Расіі. З 1811 Імерэцінская вобл. Расіі.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НБЕР (Вера Міхайлаўна) (10.7.1890, г. Адэса, Украіна — 11.11.1972),

руская пісьменніца. Аўтар паэт. зб-каў «Мэта і шлях» (1925), «Сыну, якога няма» (1927), «Напаўголаса» (1932), «Анкета часу» (1971), аповесці «Месца пад сонцам» (1928), нарысаў. Подзвігу блакаднага Ленінграда прысвяціла зб. вершаў «Душа Ленінграда» (1942), «Амаль тры гады (Ленінградскі дзённік)» (1946) і паэму «Пулкаўскі мерыдыян» (1941—43; Дзярж. прэмія СССР 1946). Выдала кн. «Натхненне і майстэрства» (1957), зб. вершаў «Красавік» (1960), успаміны «Старонкі дзён перабіраючы...» (1967). На бел. мову асобныя вершы І. пераклала Э.​Агняцвет.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1-4. М., 1965—66;

Избранное. М., 1981.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«І́НДЭКС ЗАБАРО́НЕНЫХ КНІГ»

(лац. index librorum prohibitorum),

афіцыйны паказальнік кніг (выдаваўся Ватыканам у 1559—1966), чытанне якіх каталіцкая царква забараняла веруючым пад пагрозай адлучэння. Упершыню надрукаваны па ўказанні рымскага папы Паўла IV. Перавыдаваўся і сістэматычна папаўняўся больш за 40 разоў. У яго ўносілі творы Дж.​Бруна, Т.​Гобса, Б.​Спінозы, Вальтэра, Р.​Дэкарта, І.​Канта, Г.​Гейнэ і інш. У апошнім выданні (1948) змяшчаў каля 8 тыс. назваў кніг. З 1966 вядзенне «І.з.к.» ў ранейшай форме спынена, адначасова на Кангрэгацыю веравучэння і канферэнцыі епіскапаў ускладзена задача сачыць за новымі выданнямі кніг і папярэджваць веруючых ад чытання няўхваленых твораў.

т. 7, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФРАГУ́К (ад лац. infra ніжэй, пад + гук),

пругкія ваганні нізкай частаты (менш за 20 Гц), нячутныя чалавечым вухам. Слаба паглынаецца рознымі асяроддзямі, распаўсюджваецца на значныя адлегласці. Генерыруецца атм. і акіянічнымі флуктуацыямі ціску, ветрам, марскімі хвалямі (у т. л. прыліўнымі), вадаспадамі, землетрасеннямі, абваламі, вывяржэннем вулканаў, выбухамі, работай і ваганнямі рухавікоў, машын, канструкцый, збудаванняў. Выкарыстоўваецца пры акіяналагічных і геафіз. даследаваннях, у гідраакустыцы і інш. Моцны І. выклікае пашкоджанне і разбурэнне канструкцый, а І. значнай інтэнсіўнасці (120 дБ і болей) шкодна ўплывае на арганізм чалавека (асабліва небяспечныя для асобных органаў інфрагукавыя вібрацыі з-за магчымых рэзанансных з’яў).

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 7, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́НІЯ (Iónia),

каланізаваная іанійцамі ў 11—9 ст. да н.э. вобласць у цэнтр. ч. зах. ўзбярэжжа М. Азіі (з прылеглымі астравамі) паміж гарадамі Факея і Мілет. Зручныя гавані садзейнічалі развіццю гандлю і рамяства ў гарадах І., якія знаходзіліся на перакрыжаванні шляхоў паміж Усходам і Захадам. Высокая культура гарадоў І. паўплывала на культ. развіццё ўсёй Грэцыі. У 6 ст. да н.э. тэр. І. заваявана Лідыяй, пасля 546 — персамі, у 4 ст. да н.э. пад уладай Македоніі, з 2 ст. да н.э. — Рыма. Радзіма філосафаў Фалеса, Анаксімандра, Анаксімена, паэтаў Гамера, Анакрэонта, гісторыкаў Герадота, Дыянісія Галікарнаскага.

т. 7, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)