водпуск, які даецца жанчынам — работніцам, служачым, калгасніцам, студэнткам — у сувязі з цяжарнасцю і родамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь водпуск па цяжарнасці і родах даецца на 70 каляндарных дзён да родаў і 56 (у выпадках ускладненых родаў або нараджэння двух і больш дзяцей — 70) каляндарных дзён пасля родаў, з выплатай за гэты перыяд дапамогі па дзярж.сац. страхаванні. Водпуск вылічваецца сумарна і даецца жанчыне поўнасцю, незалежна ад колькасці дзён, фактычна выкарыстаных да родаў. Перад водпускам па цяжарнасці і родах або пасля яго жанчыне, па яе заяве, даецца штогадовы водпуск незалежна ад стажу работы ў дадзенага наймальніка, а таксама водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім 3-гадовага ўзросту з выплатай за гэты перыяд штомесячнай дзярж. дапамогі, памер і ўмовы выплаты якой устанаўліваюцца заканадаўствам. У выпадку неабходнасці наймальнік можа выдаваць цяжарным жанчынам пуцёўкі ў санаторыі і дамы адпачынку бясплатна або на льготных умовах, а таксама аказваць ім матэрыяльную дапамогу. Для жанчын названых катэгорый заканадаўствам прадугледжаны і іншыя перавагі і прававыя гарантыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Амазонія,
найбуйнейшая на Зямлі нізіна ў Паўд. Амерыцы, у бас.р.Амазонка, пераважна ў Бразіліі, а таксама ў Калумбіі, Эквадоры, Перу. Пл. больш за 5 млн.км². Слаба заселеная. Распасціраецца зЗ на У на 3200 км ад Андаў да Атлантычнага ак. паміж Гвіянскім і Бразільскім пласкагор’ямі. Размешчана ў вобласці тэктанічнага прагіну (Амазонская сінекліза) Паўд.-Амерыканскай платформы, запоўненага ў асн. палеазойскімі марскімі і меза-кайназойскімі кантынент. адкладамі. Пераважае плоскі рэльеф пластавых раўнін з неглыбокімі шырокімі рачнымі далінамі. Карысныя выкапні: нафта, марганцавыя і жал. руды, золата, алмазы і інш. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны, сярэднія т-ры 24—28 °C, ападкаў 1500—3000 ммза год. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя. Разнастайная расліннасць вільготных экватарыяльных лясоў (сельвас) уключае 80 тыс. відаў дрэў (шмат каштоўных парод). Жывёльны свет разнастайны — 3 тыс. відаў сухапутных пазваночных (малпы, ляніўцы, малы мураўед, браняносцы, тапіры, пекары і інш.). Шмат птушак, паўзуноў, грызуноў, земнаводных, рыб (2 тыс. прэснаводных відаў), тэрмітаў, мурашак. Праз трапічныя лясы пракладзена Трансамазонская шаша (1970-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДНЫ ПАДРА́Д,
форма арэндных узаемаадносін унутры прадпрыемства (унутрывытворчая арэнда). Выкарыстоўваецца для павышэння эфектыўнасці вытворчасці на аснове матэрыяльнага стымулявання арэнднага калектыву. Аб’ектам арэнды з’яўляецца падраднае заданне — выпуск прадукцыі пэўнай наменклатуры, адпаведнай якасці і ў вызначаны тэрмін на аснове выкарыстання асноўных сродкаў вытворчасці, якія бяруцца ў арэнду. Дагавор на арэндны падрад заключаецца паміж адміністрацыяй прадпрыемства, з аднаго боку, і калектывамі яго вытворчых падраздзяленняў (брыгад, цэхаў і інш.), з другога. Узаемаадносіны паміж імі будуюцца на прававой і эканамічнай аснове. Арэнднаму вытворчаму падраздзяленню перадаецца частка правоў прадпрыемства, напрыклад размеркаванне даходу, арганізацыя працы і яе аплата, вызначэнне колькасці работнікаў, выкарыстанне абсталявання і працоўнага часу, выкананне знешніх паслуг і заказаў і гэтак далей. Такое расшырэнне правоў і гаспадарчай самастойнасці арэнднага калектыву спалучаецца з яго матэрыяльнай адказнасцю за выкананне вытворчых заданняў. Арэндны падрад грунтуецца на дакладным вызначэнні складу і памеру арэнднай платы, парадку размеркавання выручкі ад продажу прадукцыі паміж адміністрацыяй і арэндным калектывам, магчымасцяў ствараць у арэндным вытворчым падраздзяленні фонд развіцця вытворчасці, фонд спажывання і гэтак далей. Пры гэтым асноўныя функцыі прадпрымальніка застаюцца за адміністрацыяй прадпрыемства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМІУ́РГ (ад грэч. demiurgos майстар, стваральнік),
у Стараж. Грэцыі ў гамераўскі перыяд — рамеснікі, майстры, урачы, паэты і інш., у класічны — толькі рамеснікі, у некат. гарадах-полісах — вышэйшыя службовыя асобы. У рэлігіі адно з вызначэнняў Бога. Упершыню тэрмін Д. выкарыстаны Філалаем з Кратона і сафістам Крытыем (5 ст. да н.э.). У ант. філасофіі (Платон) — паняцце, якое выяўляе творчую функцыю ідэальных сутнасцей (істот) у працэсе пераходу іх да матэрыяльнага космасу. У дыялогу Платона «Тымей» паняцце Д., што раскрывае дыялектыку космасу, з’яўляецца адным з ключавых. Д. прадстаўлены як тварэц і бацька космасу, ніжэйшых багоў, сусв. душы і да т.п. Зыходным матэрыялам для стваральнай дзейнасці Д. служыць матэрыя («пластычная маса»), вобразам — першавобраз-парадыгма Эйдас. У сярэдневякоўі паняцце Д. часцей за ўсё трактавалася як ідэальная першааснова, якая стварае свет. У філасофіі Г.Гегеля ў якасці Д. выступае анталагізаванае мысленне суб’екта — абсалютны дух; менавіта ён з’яўляецца стваральнікам свету. У сучаснай філас. л-ры, калі ідзе гаворка аб паняцці Д., часцей за ўсё маецца на ўвазе гегелеўская трактоўка гэтага паняцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУЛІ́ЦКІ ((Gomulicki) Віктар) (17.10.1848, г. Астралэнка, Польшча — 14.2.1919),
польскі пісьменнік, літ.-знавец, публіцыст, літ. крытык. Вучыўся ў Варшаўскай гал. школе (1866—69). Аўтар паэт.зб. «Паэзія» (1873, 1882, 1886), «Новыя песні» (1896), «Светачы» (1919), гіст. раманаў «Чароўная гараджанка» (1897), «Меч і локаць» (1903), а таксама апавяданняў пра даўнюю Варшаву (1900—09). Лепшыя творы пазначаны рамант. традыцыямі, вызначаюцца гуманіст. накіраванасцю, выкрыццём сац. несправядлівасці. Папулярызаваў творчасць А.Пушкіна, М.Някрасава, Л.Талстога. Збіраў рукапісы вядомых асоб, звязаных з Беларуссю: сямейны архіў Храптовічаў (за 1644—1721), лісты мінскага ваяводы А.Хмары (1754—90), аўтограф шляхецкага роду Касцюшкаў (1645—1792), Міцкевічаў (1706—1824). Зберагаюцца ў б-цы імя Асалінскіх (Польшча). Творы Гамуліцкага, напісаныя пад уражаннем яго падарожжа па Беларусі ў 1907, прасякнуты дэмакр. матывамі. На бел. мову яго верш «На Белай Русі» пераклалі Н.Душэўская, А.Стаповіч, М.Танк. Зычліва ўспрыняў выхад газ. «Наша ніва». Аднак ідэалізаваў ролю панскай арыстакратыі на Беларусі, з-за ўплыву перадавой польск. культуры не заўважаў палітыкі эканам. прыгнёту, дэнацыяналізацыі бел. мужыка з боку польскіх памешчыкаў, каталіцкага духавенства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́НТЫІ І КАМПЕНСА́ЦЫІ працоўныя, парадак і меры забеспячэння аховы працоўных правоў і інтарэсаў работнікаў, прадугледжаныя заканадаўствам. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь устаноўлены: парадак замацавання месца работы (пасада) для работнікаў, выбраных на выбарныя пасады ў дзярж. органах, а таксама на час выканання дзярж., грамадскіх або воінскіх абавязкаў (з захаваннем сярэдняга заработку), пры накіраванні для павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, пры часовай непрацаздольнасці, пры накіраванні на абследаванне ў мед. ўстановы, пры рабоце па ўкараненні вынаходстваў і рацыяналізатарскіх прапаноў і ў інш. выпадках; гарантыйныя выплаты пры накіраванні ў службовыя камандзіроўкі і пераездзе на работу ў інш. мясцовасці; кампенсацыя за амартызацыю трансп. сродкаў, абсталявання, інструментаў і прыстасаванняў, якія належаць работніку. Закон прадугледжвае таксама выпадкі абмежаванай матэрыяльнай адказнасці работніка за страты, прычыненыя па яго віне наймальніку, а таксама абмяжоўвае магчымасці і памеры ўтрыманняў з заработнай платы. Пры кожнай выплаце зарплаты агульны памер усіх утрыманняў не можа перавышаць 20%, а ў выпадках, спецыяльна прадугледжаных заканадаўствам, — 50% зарплаты. Не дапускаюцца ўтрыманні з выхадной дапамогі, кампенсацыйных і інш. выплат, на якія паводле заканадаўства не накіроўваецца спагнанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала зліп. 1941 да снеж. 1943 у Круглянскім р-не Магілёўскай вобл. Кіраўнікі: П.І.Аляксееў, Я.В.Бендзік, М.З.Казлоў, М.С.Радзько, Л.Н.Ракушаў, С.М.Сухоцкі і інш.Падп. групы (больш за 70 чал.) дзейнічалі ў г.п. Круглае, вёсках Ліхінічы, Пасырава, Радча, Ражкі, Слабодка і інш. У канцы студз. 1942 групы аб’ядналіся ў адзіную круглянскую «Арганізацыю барацьбітоў за вызваленне Радзімы» («АБЗВР»). Падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь зпартыз. брыгадамі 8-й Круглянскай, «Чэкіст», магілёўскім патрыят. падполлем і падпольшчыкамі суседніх раёнаў; распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан зброю, харчаванне, медыкаменты. звесткі пра ўмацаванні, перадыслакацыю і ўзбраенне ворага, падрыхтоўку акупантаў да карных аперацый. У 1942 у Круглым падпольшчыкі спалілі друкарню, ільнозавод, склад нарыхтаваных для адпраўкі ў Германію збожжа і сена, у 1943 — бензасклад у Круглым, маслазавод у в. Слабодка. Пад уплывам іх агітацыі рабочыя Круглянскага льнозавода псавалі абсталяванне, затрымлівалі зборку машын, сяляне зрывалі пастаўкі харч. прадуктаў для акупац. арміі, салдаты варожага «казацкага батальёна» перайшлі да партызан. Пасля арыштаў уцалелыя падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСА́ЛЬ (Lassalle, да 1846 Lassal) Фердынанд (11.4.1825, г. Брэслаў, цяпер Вроцлаў, Польшча — 31.8.1864), дзеяч герм. рабочага і сацыяліст. руху, публіцыст. У 1843—46 вывучаў філасофію, філалогію і гісторыю ў Брэслаўскім і Берлінскім ун-тах. Яго погляды сфарміраваліся пад уплывам ідэй І.Г.Фіхтэ, Г.Гегеля, Я.Блана і П.Ж.Прудона. У 1848—49 супрацоўнік «Neue Rheinische Zeitung» («Новай Рэйнскай газеты»), якую рэдагаваў К.Маркс; за ўдзел у рэв. руху ў г. Дзюсельдорф у 1848 быў зняволены. Распрацоўшчык асноў праграмы, адзін з заснавальнікаў (1863) і першы прэзідэнт Усеагульнага герм. рабочага саюза. Прапагандаваў «жалезны закон» заработнай платы (паводле яго заробак вагаецца вакол фізічна неабходнага мінімуму сродкаў існавання ў залежнасці ад росту або скарачэння рабочага насельніцтва), выступаў за ўсеагульнае і роўнае выбарчае права, стварэнне здзярж. дапамогай асацыяцый рабочых, дасягненне бяскласавага грамадства шляхам рэформаў і інш. Быў прыхільнікам аб’яднання Германіі пад вяршэнствам Прусіі. У 1863—64 намагаўся супрацоўнічаць з О.Бісмаркам супраць лібералаў. Аўтар прац «Філасофія Геракліта» (ч. 1—2, 1858), «Сістэма набытых правоў» (т. 1—2, 1861; гал.паліт. твор), драмы «Франц фон Зікінген» (1859) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКА́НЦЛЕР,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст., намеснік канцлера. Замяшчаў канцлера ў кіраванні дзярж. канцылярыяй, вёў (як і канцлер) замежныя і ўнутр. справы, кіраваў працай пісараў і сакратароў у канцылярыі ВКЛ, быў хавальнікам малой дзярж. пячаткі. Паводле загаду вял. князя ВКЛ выдаваў асобам дзярж. дакументы за сваім подпісам і малой пячаткай. Першым вядомым П. быў кн. Б.Глінскі — П. вял.кн. Свідрыгайлы ў 1446. Афіцыйна як пастаянная пасада ўведзена ў ВКЛ 11.3.1566 у сувязі з пашырэннем справаводства ў велікакняжацкай канцылярыі і неабходнасцю знаходжання канцлера ў сталіцы для зацвярджэння найважнейшых дзярж. дакументаў. На яе быў прызначаны А.Б.Валовіч. Канцлер або П. суправаджалі вял. князя ў інш. гарады і мясцовасці або за мяжу, каб зацвярджаць дзярж. дакументы. П. прымалі ўдзел у падрыхтоўцы дзярж. законапраектаў і іх канчатковым рэдагаванні, кіравалі камісіяй па падрыхтоўцы Статута ВКЛ 1588. На пасаду П. прызначаліся буйныя феадалы, якія спалучалі з ёй інш.дзярж. пасады, мелі адукацыю і практычны вопыт дзярж., суд. ці канцылярскай службаў. З 16 ст. П. быў хавальнікам дзярж. архіўных актаў — Метрыкі Вялікага княства Літоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ ПАГРАНІ́ЧНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
правінцыя на ПнЗ Пакістана. Мяжуе з Афганістанам. Пл. 74,5 тыс.км². Нас. больш за 15 млн.чал. (1999). Значныя групы бежанцаў з Афганістана. Адм. ц. — г.Пешавар. Пераважае горны рэльеф. На Пн — хрыбты Гіндукуша, выш. да 7690 м (г. Тырычмір, найвышэйшы пункт Пакістана), зах. адгор’і Гімалаяў. На ПдЗ і ПдУ — апустыненыя нізкагор’і і плато. Значная сейсмічнасць. Клімат субтрапічны, сухі ў далінах, катлавінах і перадгор’ях, вільготны ў гарах. У г. Пешавар на выш. 1470 мт-ра паветра ад 10 °C у студз. да 34 °C у ліп., выпадае 350 мм ападкаў за год. У Пешаварскай катлавіне на арашальных землях вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс, цукр. трыснёг, тытунь і кармавыя культуры, у інш. катлавінах і далінах рэк — ячмень і прасяныя культуры. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, слівы, грушы, айва, гранат). Гадоўля авечак, коз, вярблюдаў. З галін прам-сці найб. развіты харчасмакавая (асабліва цукровая), тэкст. (баваўняная), дрэваапр. (на базе горных лясоў). Некалькі ГЭС на горных рэках. Здабыча каменнай солі і вапняку. Рамёствы. Транспарт аўтамаб. і ўючны.