ПОЛІАРТРЫ́Т (ад полі... + артрыт),

артрыт множны, артрыт рэўматоідны, адначасовае або паслядоўнае запаленне шматлікіх суставаў. Прычыны: інфекцыя (стафілакок, стрэптакок, вірусы і інш.), хранічныя танзіліт і халецыстыт, рэўматызм, парушэнні абмену рэчываў і функцый залоз унутр. сакрэцыі. Прыкметы і лячэнне П. гл. ў арт. Артрыт.

т. 12, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТО́РАВАЯ КРЫВА́Я,

лінія, пункты якой не ляжаць у адной плоскасці. У дэкартавых каардынатах задаецца як перасячэнне 2 паверхняў F(x, y, z) = 0 і Φ(x, y, z) = 0 або ў параметрычнай форме: x = x(t), y = y(t), z = z(t).

т. 13, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЁР (ад лац. prior першы, важнейшы),

1) настаяцель невял. каталіцкага кляштара; вял. П. — службовая асоба ў духоўна-рыцарскіх ордэнах, рангам ніжэйшая за вял. магістра.

2) У Італіі і некаторых інш. краінах Зах. Еўропы ў сярэднія вякі — выбарны кіраўнік купецкай або рамеснай гільдыі.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЛО́ТЫ,

адна з саманазваў усіх або адной груп прычарнаморскіх скіфаў, пра якую піша Герадот (5 ст. да н.э.) у 4-й кнізе сваёй гіст. працы; сцвярджае таксама, што назва «С.» паходзіць ад скіфскага «цар». Некат. вучоныя мяркуюць, што С. наз. скіфы-земляробы.

т. 14, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛА́ДКАВАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

сукупнасць складак горных парод розных участкаў зямной кары (напр., альпінатыпная або германатыпная складкавасць). Адрозніваюць С.г.п., якія ўтварыліся ў розныя эпохі тэктагенезу (напр., байкальская, каледонская, герцынская, кімерыйская, альпійская; гл. адпаведныя арт.). Таксама С.г.п. наз. працэс фарміравання складак горных парод (складкаўтварэнне).

т. 14, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕТЫ́Т (ад лац. appetitus жаданне),

эмацыянальнае выяўленне і адчуванне патрэбы чалавека ў ежы ўвогуле або ў асобных яе відах. У адрозненне ад пачуцця голаду звязаны з прыемнымі эмоцыямі і ўяўленнямі. Адбітак на яго (стымулявальны ўплыў або прыгнечанне) могуць накладваць нац. традыцыі, індывід. прывычкі і прыхільнасці, выгляд, пах, кампаненты, смакавыя якасці і спосабы падачы ежы. Фізіял. аснову апетыту складае ўмеранае ўзбуджэнне пэўных аддзелаў ц. н. с., што суправаджаецца слінацячэннем, выдзяленнем «запаляльнага» стрававальнага соку, узмацненнем перыстальтыкі стрававальна-кішачнага тракту. У аснове расстройстваў апетыту могуць ляжаць парушэнні рэжыму і ўмоў харчавання, рэзкія змены яго звыклага рацыёну, а таксама ўкладу жыцця, фіз. і нерв. ператамленне, захворванні і інш. фактары. У асобных выпадках яны могуць выклікаць поўную адсутнасць апетыту (анарэксія) ці неадольнае жаданне есці (булімія), што сведчыць пра неабходнасць мед. абследавання.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫМЕ́ТР (ад грэч. optos бачны + ...метр),

оптыка-механічная прылада для найб. дакладных вымярэнняў лінейных памераў дэталяў. З дапамогай аптыметра вызначаюць памер у межах шкалы (абс. метады вымярэння) ці параўноўваюць лінейны памер з канцавой мерай даўжыні або з эталонам (адносны метад). Пераўтваральны элемент аптыметра — рычажна-аптычнае прыстасаванне: рычажная перадача — рухомае люстэрка і пераўтваральнік — аўтакаліматар. Бываюць верт. і гарызантальныя; з акулярам або з праекцыйным экранам. Цана дзялення да 0,2 мкм, межы вымярэнняў да 500 мм. Аптыметр забяспечваецца зменнымі прыстасаваннямі для вымярэнняў сярэдняга дыяметра разьбы, даўжыняў канцавых мер, спец. галоўкай для вымярэнняў адтулін дыяметрам ад 1 да 13,5 мм, праекц. насадкай для акулярных трубак і інш.

Схема аптыметра з праекцыйным адлікам: 1 — лямпа; 2 — пласціна са шкалой і індэксам; 3 — экран; 4 — праектавальныя люстэркі; 5 — рухомае люстэрка; 6 — нерухомае люстэрка; 7 — вымяральны стрыжань.

т. 1, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛАГІ́ЧНАЕ ДАТАВА́ННЕ,

устанаўленне ўзросту археалагічнага помніка. Выкарыстоўваюць 2 сістэмы археалагічнага датавання — адносную і абсалютную храналогію. Пры адноснай храналогіі вызначаецца, якая з 2 рэчаў, культур або які з 2 культурных гарызонтаў, пластоў больш старажытны. Стратыграфічныя назіранні за шэрагам помнікаў даюць магчымасць стварыць храналагічную шкалу для старажытнасцяў — вызначыць парадак іх змянення з цягам часу. Абсалютная храналогія — устанаўленне ўзросту помніка ў звычайных вымярэннях нашага летазлічэння. Яна магчымая пры наяўнасці рэчаў з надпісамі, датамі, прозвішчамі асоб, упамінаннем вядомых гіст. падзей і інш. Датаванне помнікаў дапісьмовых эпох праводзіцца з дапамогай метадаў прыродазнаўчых навук. Археалагічны помнік можа датавацца: па геал. пласце; па гадавых пластах драўніны, знойдзенай на помніку (дэндрахраналагічны метад); па ступені назапашвання фтору або знікнення бялку-калагену ў выкапнёвых касцях стараж. жывёл. Шырока выкарыстоўваюць радыевугляродны, палеа- і геамагнітны, тэрмалюмінесцэнтны і інш. аналізы.

т. 1, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад бі... + лац. sexualis палавы),

1) у сексапаталогіі — палавая цяга да асоб абодвух палоў.

2) Гермафрадытызм. У першым значэнні бісексуальнасць можа быць вынікам незавершанасці фарміравання псіхасексуальнай арыентацыі або сродкам «аховы» (жаданне гомасексуаліста выдаць сябе за гетэрасексуала). Вылучаюць некалькі тыпаў бісексуальных паводзін: бісексуальнасць пубертатнага перыяду, калі падлетак яшчэ не выявіў сваёй эратычнай перавагі і можа эксперыментаваць у абодвух кірунках; чаргаванне гетэра- і гомасексуальных паводзін на аснове ўсведамлення індывідам двух якасна розных сексуальных «сцэнарыяў»; сітуацыйна абумоўленая, або псеўдабісексуальнасць, напр. ва ўмовах вымушанай палавой ізаляцыі (армія, турма і інш.). Бісексуальнасць існуе таксама як паралельныя гома- і гетэрасексуальныя паводзіны, калі афіцыйны гетэрасексуальны шлюб сумяшчаецца з тайнымі гомасексуальнымі прыхільнасцямі мужа ці жонкі. Часцей гэта адбываецца як вынік позняй сексуальнай ідэнтыфікацыі мужа ці жонкі. Часам бісексуальнасць развіваецца ў выніку раўнадушша да полу партнёра.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТУМЫ (ад лац. bitumen горная смала),

агульная назва прыродных або штучных сумесяў цвёрдых, смолападобных вуглевадародаў і іх кіслародных, сярністых і азоцістых вытворных. Прыродныя бітумы змяшчаюцца ў нафце (асфальт), каменным і бурым вугалі, у невял. колькасцях у асадкавых горных пародах. Раствараюцца ў арган. растваральніках (шкіпінар, уайт-спірыт, нафтавыя і каменнавугальныя сальвенты, бензол, серавуглярод і інш.; пры гэтым атрымліваецца бітумны лак). Цвёрдыя бітумы маюць чорны колер, шчыльн. да 1000 кг/м³, размякчаюцца пры т-ры 25—90 °C. Штучныя атрымліваюць перагонкай бітумаў прыродных, напр. нафтавых астаткаў (астаткавы гудрон) або адходаў кіслотнай ачысткі змазачных маслаў (рэгенерыраваны гудрон). Бітумы выкарыстоўваюць у дарожным буд-ве, вытв-сці буд. і ізаляцыйных матэрыялаў, кампаўндаў, пластмасаў, лакаў, для стварэння воданепранікальных заслонаў у гідратэхн. збудаваннях, аховы бетонных фундаментаў ад уздзеяння грунтавых водаў і інш.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)