ледзяная гара, вялікі масіў мацерыковага або шэльфавага лёду, які плавае ў акіяне, моры або ляжыць на мелі. Утвараецца ад абломвання ледавіка, што спускаецца ў ваду. Над вадой узвышаюцца да 70—100 м, б.ч. аб’ёму (да 90%) пад вадой. Асн. раёны ўтварэння айсберга — шэльфавыя ледавікі Антарктыды, а-вы Канадскага Арктычнага архіпелага, Грэнландыя. Могуць служыць крыніцай прэснай вады пры буксіроўцы да засушлівых прыбярэжных раёнаў Аўстраліі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Аравійскага п-ва. Сутыкненне з айсбергам — прычына гібелі многа суднаў («Тытанік» у 1912, «Хедтафт» у 1959).
Утварэнне айсберга.Айсберг каля берагоў Грэнландыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАЗІЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. occasionalis выпадковы),
ідэалістычны кірунак зах.-еўрап. філасофіі 17 ст., які сцвярджаў немагчымасць узаемадзеяння душы і цела без прамога ўмяшання Бога. Прадстаўнікі аказіяналізма (А.Гейлінкс, Н.Мальбранш) ідэалістычна перапрацавалі дуаліст, філасофію Р.Дэкарта (гл.Картэзіянства). Аказіяналізм тлумачыў механістычнае прыродазнаўства ў рэліг.ідэаліст. духу, што адкрывала шлях да паслясхаластычнага абнаўлення рэліг. філасофіі. Гэта абумовіла папулярнасць аказіяналізма сярод прыхільнікаў каталіцызму. На Беларусі ідэі аказіяналізма вядомыя з пач. 18 ст. У сярэдзіне 18 ст. ў навуч. установах у лекцыі па схаластычнай філасофіі ўключаліся і элементы аказіяналізма. Вучэнне аказіяналізма з пазіцый паслядоўнага механістычнага дэтэрмінізму крытыкаваў і абвяргаў Б.Дабшэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАФРЭНАПСІХАЛО́ГІЯ (ад аліга... + грэч. phrēn розум + псіхалогія),
раздзел спец. псіхалогіі, які вывучае псіхічнае развіццё і магчымасць яго карэкцыі ў дзяцей з інтэлектуальнымі недахопамі, распрацоўвае метады і прыёмы выхавання і навучання такіх дзяцей. Даныя алігафрэнапсіхалогіі выкарыстоўваюць у алігафрэнапедагогіцы. На Беларусі пытанні алігафрэнапсіхалогіі распрацоўваюць у Бел.пед. ун-це, Ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Даследаваны асаблівасці мыслення (Т.А.Працко), моўнай дзейнасці (К.Г.Ярмілава, Л.Г.Алексіна) разумова адсталых дзяцей, выяўленчай дзейнасці вучняў дапаможных школ (З.А.Апацкая), псіхал. структура затрымкі псіхічнага развіцця ў дзяцей дашкольнага ўзросту (А.С.Сляповіч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЕНТЭІ́ЗМ [ад лац. absens (absentis) які адсутнічае],
1) абыякавыя адносіны насельніцтва да паліт. жыцця краіны, ухіленне ад удзелу ў ім. Асабліва выяўляецца ў нежаданні ўдзельнічаць у галасаванні на выбарах рознага ўзроўню. У большасці краін, у т. л. на Беларусі, удзел у галасаванні разглядаецца заканадаўствам як суб’ектыўнае права выбаршчыка. Паводле законаў Аўстрыі, Бельгіі, Грэцыі, Даніі і інш. краін галасаванне з’яўляецца грамадзянскім абавязкам выбаршчыка, за невыкананне якога прадугледжаны адпаведныя адм., крымінальныя і інш. санкцыі.
2) Форма землеўладання, пры якой уладальнік зямлі без непасрэднага ўдзелу у працэсе вытворчасці атрымлівае грашовы прыбытак г.зв. земляробскі абсентэізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБІНІ́ЗМ (ад лац. albus белы),
прыроджаная адсутнасць нармальнай для арганізма пігментнай афарбоўкі. Выяўляецца ў адсутнасці пігментацыі скуры, валасянога покрыва, радужнай абалонкі вачэй у жывёл і чалавека, у вышэйшых раслін — зялёнай афарбоўкі ўсёй расліны або яе частак. Арганізмы з прыкметамі альбінізму наз.альбіносамі. Альбінізм замацоўваецца ў спадчыну рэцэсіўным генам, які блакіруе ў гомазіготным стане сінтэз пігментаў (меланіну, хларафілу). У чалавека і жывёл частата ўзнікнення альбінізму — 1:20 000—40 000. Альбінізм трапляецца зрэдку сярод дзікіх жывёл, часцей сярод свойскіх і паддоследных (трусы, лабараторныя пацукі, мышы). Пашыраная форма альбінізму ў раслін — стракаталістасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБО́Н (ад грэч. ambōn узвышэнне),
казальніца, пульпіт, паўкруглае і высунутае на сярэдзіну храма ўзвышэнне перад царскімі варотамі, з якога чытаюць Евангелле, гавораць казанні. Сімвалізуе камень каля Труны Гасподняй, які адваліў ангел і з яго абвясціў міраносцам пра ўваскрэсенне Хрыста. Амбон рабілі з каменю, дрэва, металу, багата дэкарыравалі мармурам. У ранні перыяд хрысціянства ўстанаўлівалі перад алтаром каля балюстрады, што аддзяляла хоры ад нефа, і мелі форму трыбуны з парапетам; з сярэднявечча — каля левага міжнефавага ці цэнтр. слупа, у аднанефавых храмах — на сцяне. У эпоху Адраджэння амбон меў пераважна акруглую ці чатырохгранную форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦКІЯ ШКО́ЛЫ,
пачатковыя і сярэднія навучальныя ўстановы, якія ствараліся праваслаўнымі брацтвамі ў канцы 16—18 ст. на Беларусі, Украіне і ў Літве. Адыгралі значную ролю ў развіцці асветы. Былі адкрыты ў Вільні (каля 1584), Магілёве (1590), Брэсце (1591), Мінску (1612), Пінску, Слуцку, Кіеве, Луцку і інш. гарадах. Мелі свой статут, які вызначаў змест і арганізацыю навучання. Вывучаліся царк.-слав., грэч., руская (беларуская), лац., польская мовы, творы ант. мысліцеляў, майстэрства вершаскладання, музыка, арыфметыка, астраномія і інш. Брацкія школы мелі архівы і б-кі. Многія іх настаўнікі былі аўтарамі падручнікаў (С.Зізаній, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі), палемічных твораў (Л.Карповіч, С.Косаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ДЖМЕН ((Bridgman) Персі Уільямс) (21.4.1882, г. Кеймбрыдж, штат Масачусетс, ЗША — 20.8.1961),
амерыканскі фізік і філосаф, заснавальнік фізікі высокіх ціскаў. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1905), дзе і працаваў (у 1926—54 праф.). Распрацаваў метады атрымання ціскаў да 42,5 ГПа (425 тыс. атм), даследаваў уласцівасці многіх рэчываў пры высокіх цісках, што прывяло, у прыватнасці, да стварэння штучных алмазаў і цвёрдага (металічнага) вадароду. Заснавальнік аперацыяналізму — філас. кірунку, якітэарэт. веды зводзіць да эмпірычных працэдур вымярэння. Аўтар кніг «Аналіз размернасцяў» (рус.пер. 1934) і «Фізіка высокіх ціскаў» (рус.пер. 1935). Нобелеўская прэмія 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́НСКІ (Антон Пятровіч) (10.6.1906, в. Андрэеўка Чамеравецкага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 14.6.1981),
удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Камянец-Падольскую саўпартшколу (1926), курсы «Выстрал» (1945) і камандзіраў палкоў (1952). З 1928 у Чырв. Арміі. У Вял.Айч. вайну выконваў спецзаданні ў тыле ворага, з кастр. 1941 камандзір дыверсійнага атрада, які дзейнічаў на чыг. Орша—Барысаў, на Брэсцкім, Баранавіцкім і Лунінецкім чыг. вузлах. З ліст. 1942 ствараў партыз. асобыя атрады і групы ў зах. абласцях Украіны, з 1943 камандзір партыз. злучэння асобага прызначэння. Аўтар кніг-успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў.
Існавала ў Брэсце ў 1903—15. Аб’ядноўвала ўрачоў горада (у 1903 — 28 чал., 1907 — 21). Старшыня Л.І.Ястражамбецкі-Дзем’яновіч, віцэ-старшыня К.І.Штарк. Мела статут, які прадугледжваў вывучэнне сан. стану Гродзенскай губ., збор і вывучэнне мед. статыстыкі, публічныя чытанні, выданне папулярных твораў для пашырэння ведаў па агульнай і асабістай гігіене і інш., садзейнічанне мясц. адміністрацыі ў стварэнні сельскіх урачэбных пунктаў і ўладкаванні клінік, узаемны абмен практычнымі назіраннямі за развіццём хвароб і найб. паспяховымі спосабамі іх лячэння і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з 1-й сусв. вайной.