ПА́ПРАЎ (Глеб Валянцінавіч) (19.4.1914, г. Краснадар, Расія — 18.9.1986),

рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1932. Аўтар зб-каў вершаў «Справа славы» (1949), «Мы — мірныя людзі» (1951), «Мае сябры» (1958), «Адлегласці» (1964), «Тварам да агню» (1982) і інш., якія вызначаюцца глыбінёй абагульненняў, рэаліст. адлюстраваннем рэчаіснасці. На рус. мову пераклаў вершы і паэмы А.​Пысіна (зб. «Мерыдыяны», 1968), вершы П.​Броўкі, Г.​Бураўкіна, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча, С.​Грахоўскага, У.​Дубоўкі, А.​Зарыцкага, А.​Звонака і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Э.​Агняцвет, Грахоўскі.

Тв.:

Стихотворения: Из разных книг. Л., 1975;

Третья жизнь: Стихи из разных книг. Л., 1984.

Т.​У.​Люковіч.

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́ДЗІН (Павел Паўлавіч) (28.2.1916, в. Дамашняя Лыскаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 13.2.1983),

бел. мастак. Скончыў Горкаўскае маст. вучылішча (1940). Працаваў пераважна ў станковым жывапісе ў рэаліст. манеры, а таксама ў графіцы і плакаце. Аўтар карцін «А.​П.​Чэхаў на Сахаліне» (1950), «Южна-Сахалінск» (1952), «Зімовы пейзаж», «Вадавоз» (абедзве 1953), «Перадсвяточны вечар», «Вяртанне да мірнай працы» (абедзве 1960), «Выратаванне сцяга» (1961), «Зжатае поле», «Мінск увечары» (абедзве 1962), «Хлеб-соль» (1972), партрэта П.​І.​Клімука (1978), трыпціха «Брэсцкая крэпасць» (1966—71), графічнай серыі «Брэсцкая крэпасць» (1966—71), плаката «Слава героям космасу!» (1970).

Б.​А.​Крэпак.

П.Пагодзін А.​П.​Чэхаў на Сахаліне. 1950.

т. 11, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДГА́ЙСКІ (Леанід Пракопавіч) (25.11.1934, С.-Пецярбург — 4.8.1980),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1966), д-р пед. н. (1980). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1962), з 1968 працаваў у гэтым ін-це (з 1974 дэкан філал. ф-та, з 1978 прарэктар). Даследаваў сінтаксіс бел. мовы. Аўтар і сааўтар падручнікаў па бел. мове для пачатковых класаў і метадычных дапаможнікаў па выкладанні бел. мовы ў школе.

Тв.:

Словазлучэнне ў беларускай мове: Дзеяслоўна-іменныя словазлучэнні з акалічнаснымі адносінамі. Мн., 1971;

Вывучэнне беларускай мовы ў пачатковых класах: Граматыка, правапіс, развіццё мовы Мн., 1975;

Методыка беларускай мовы: (Граматыка і правапіс). 1—3 кл. Мн., 1981.

І.​К.​Германовіч.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛУПА́НАЎ (Андрэй Васілевіч) (14.9.1888, ст. Ханжонкава Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 5.12.1956),

удзельнік грамадз. вайны ў Беларусі. Скончыў Прамысл. акадэмію. З 1909 на Чарнаморскім флоце. Са студз. 1918 камандзір атрада маракоў, накіраванага ў Кіеў для барацьбы з Цэнтр. радай, камендант Кіева; потым на Усх. фронце, камандзір браняпоезда «Свабода або смерць!». У сак.—вер. 1919 камандуючы Дняпроўскай ваеннай флатыліяй (базіравалася і ў Гомелі). Удзельнічаў у баях з польск. войскамі пад Туравам, у абароне Гомельскага ўмацаванага раёна. З ліп. 1920 камандзір брыгады, начальнік бронечасцей 6-й арміі. Пасля грамадз. вайны на парт., сав. і гасп. рабоце. Аўтар кнігі «Свабода або смерць!» (1966).

Р.​К.​Паўловіч.

т. 12, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯКО́Ў (Сяргей Фёдаравіч) (н. 22.5. 1948, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.​Мухінай (1976). Творы вылучаюцца ўдалай арганізацыяй арх. прасторы, вобразна-пластычнымі знаходкамі, цікавай колеравай рытмікай: сграфіта «Зямля беларуская» і «Песня пра Нёман» на фасадах карпусоў прадзільна-нітачнага аб’яднання (1978), «Адпачынак» у гал. будынку прафілакторыя ВА «Азот» (1980); люстры і вітражы ў Доме грамадзянскіх абрадаў (у сааўт., 1981), люстры ў абл. драм. т-ры (у сааўт., 1984), вітражы «Поры года» для кавярні ВА «Хваля» (1991), мазаіка на рэльефе для прафілакторыя ВА «Хімвалакно» (1993; усе ў Гродне). Аўтар пейзажаў, партрэтаў, нацюрмортаў.

Б.​А.​Крэпак.

т. 12, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЯРА́НЦАЎ (Аляксандр Ніканоравіч) (11.1.1849, Масква — 27.10.1918),

расійскі архітэктар. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1893). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1874), вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1874—78), з 1888 выкладаў у ёй (з 1892 праф., у 1899—1900 рэктар). У пабудовах П. новыя для 2-й пал. 19 ст. прасторавыя вырашэнні гандл., выставачных і грамадскіх будынкаў і вялікапралётныя метал. канструкцыі перакрыццяў спалучаюцца з арх. формамі і дэкорам у неарускім стылі: Верхнія гандл. рады на Краснай плошчы ў Маскве (цяпер ГУМ, 1889—93, інж. У.​Шухаў). Аўтар храма-помніка Аляксандра Неўскага ў Сафіі (1904—12).

А.Памяранцаў. Верхнія гандлёвыя рады (ГУМ) на Краснай плошчы ў Маскве. 1890—93.

т. 12, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМАРО́ВА (Аграновіч-Панамарова) Яўгенія Самойлаўна

(н. 3.3.1936, г. Харкаў, Украіна),

бел. архітэктар, педагог. Д-р архітэктуры (1988), праф. (1989). Скончыла БПІ (1959). Працавала ў ін-це «Белдзяржпраект» (1959—62), з 1965 выкладчык БПА.

Асн. работы: серыя будынкаў камбінатаў быт. абслугоўвання (1960—62), тыпавы праект школы на 964 месцы (1961—62, абодва ў сааўт.). Аўтар даследаванняў у галіне інтэр’ера жылых і грамадскіх будынкаў, арх. каларыстыкі.

Тв.:

Рекомендации по проектированию цветовой отделки интерьеров общественных зданий. М., 1984 (у сааўт.);

Цвет в интерьере. Мн., 1984;

Интерьер гражданских зданий. 2 изд Мн., 1991;

Наша квартира. Мн.;

Ростов н/Д, 1999 (разам з Н.​І.​Аладавай).

С.​А.​Сергачоў.

т. 12, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПАВІ́ЦКІ (Георгій Канстанцінавіч) (12.12.1890, с. Увары Камызякскага р-на Астраханскай вобл, Расія —9.7.1948),

расійскі і бел. габаіст, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1938). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1911). У 1912—29 і 1941—48 выкладчык Саратаўскай (з 1941 заг. кафедры, з 1944 рэктар), з 1929 Бакінскай, у 1933—41 Бел. (з 1940 праф.) кансерваторый. Адначасова ў 1912—48 артыст сімф. і оперных аркестраў у Баку, Мінску, Саратаве. Яго дзейнасць паўплывала на развіццё выканальніцтва на духавых інструментах у Беларусі. Аўтар фантазіі на тэмы музыкі з опер «Залаты пеўнік» і «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава, нарыса «Гісторыя развіцця духавых інструментаў», тэхн. практыкаванняў у гамах.

Б.​С.​Смольскі.

т. 12, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПКО́ВІЧ (Уладзімір Антонавіч) (н. 25.3.1935, в. Дварэц Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1958), выкладаў у ім. З 1966 у Віцебску; настаўнічаў, з 1982 у Віцебскім ун-це. Друкуецца з 1962. У зб-ках вершаў «На досвітку» (1978), «Зерне» (1982), «Самы кароткі дзень» (1988) паэтызацыя роднага краю, успаміны пра вайну, адказнасць перад часам і чалавекам. Аўтар апавяданняў і гумарэсак. Пераклаў на бел. мову зб-кі вершаў Ё.​Бехера «Вяртанне да сябе», Р.​Крафта «Востраў без маяка», кн. паэзіі ням. рамантызму «Закаханы вандроўнік», паасобныя творы Б.​Брэхта, Г.​Лесінга, Г.​Веерта і інш.

т. 12, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Віктар Барысавіч) (1.4.1923, Мінск — 27.11.1981),

бел. скульптар. Скончыў Маскоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1952). Працаваў у станковай і манументальнай скульптуры. Сярод станковых твораў кампазіцыі «Партрэт студэнткі», «Раніца» (абодва 1956), «Мары» (1957), «Юнацтва» (1960), «Зноў ідуць» (1964), партрэт арх. Я.​І.​Цюкава (1973) і інш. Аўтар помнікаў У.​І.​Леніну ў р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. (1959), Ашгабаце (1966), Небіт-Дагу (Туркменістан, 1967), туркм. паэту 18 ст. Махтумкулі ў Ашгабаце (1970). Прымаў удзел у арх.-скульптурным аздабленні будынкаў Сувораўскага вучылішча (1953), Палаца культуры Белсаўпрофа (1954), Т-ра юнага гледача (1956) у Мінску.

Б.​А.​Крэпак.

В.Б.Папоў. Помнік Махтумкулі ў Ашгабаце. 1970.

т. 12, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)