АРЫНЯ́НСКІ (Юрый Андрэевіч) (нарадзіўся 27.11.1906, Баку),
беларускі акцёр і рэжысёр. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1961). Скончыў Цэнтральны тэхнікум тэатральнага мастацтва ў Маскве (1928). З 1939 акцёр і рэжысёр Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР, рэжысёр Гродзенскага, абласнога драматычнага тэатра, з 1958 галоўны рэжысёр абласнога Брэсцкага (да 1962) і Гомельскага (да 1966) драматычнага тэатраў. Лепшыя пастаноўкі Арынянскага вызначаліся ансамблевасцю, дакладнасцю і канкрэтнасцю характарыстык вобразаў: «Від з моста» А.Мілера (1959), «Тры сястры» А.Чэхава (1960), «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна (Арынянскі і аўтар інсцэніроўкі, 1965), «Выклік багам» А.Дзялендзіка (1966) і іншыя. Сярод роляў: Мілер («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Прозараў («Тры сястры»), Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Лабыш («Папараць-кветка» І.Козела).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПЕ́КТ (ад лац. aspectus погляд, выгляд),
1) пункт погляду, з якога разглядаюцца прадметы, паняцці, з’явы; разуменне чаго-н. у пэўнай плоскасці.
2) У экалогіі — знешні выгляд расліннага згуртавання (фітацэнозу) у залежнасці ад пары года і відавога складу раслін. Ствараецца з агульнага фону расліннасці. Адрозніваюць аспект сезонны (па сезонным стане расліннасці) і аспект прыватны (паводле віду пераважных раслін, якія цвітуць або пладаносяць). Аспект наз. звычайна па афарбоўцы раслін, якія пераважаюць (напр., блакітны Аспект незабудкі, залаціста-жоўты аспект адонісу, буры аспект лісця высахлай асакі). Звычайна аспекты фітацэнозаў пастаянныя на працягу шэрагу гадоў і парушаюцца толькі ў гады масавага цвіцення або плоданашэння асобных відаў. Змена аспектаў рэгіструецца метадам каляровай фатаграфіі з зямлі або з космасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ІТАЛЬЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1848—49,
вайна за вызваленне Італіі ад аўстрыйскага панавання. Пачалася ў час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. У выніку нар. паўстання з Ламбардыі і Венецыі былі выгнаны аўстр. войскі. Кароль Сардзініі Карл Альберт аб’явіў вайну Аўстрыі. У баях удзельнічалі добраахвотныя атрады Дж.Гарыбальдзі. Здрадніцкая палітыка кіруючых колаў Італіі прывяла да паражэння італьян. Арміі пры Кустоце. Аўстр. войскі захапілі Мілан. Пасля пагаднення Карла Альберта з аўстрыйцамі Ламбардыя зноў адышла да Аўстрыі. 20.3.1849 Карл Альберт аднавіў ваен. дзеянні, аднак пацярпеў паражэнне, адрокся ад трона і ўцёк з Італіі. Яго сын Віктар Эмануіл 26.3.1849 заключыў з аўстрыйцамі перамір’е. Паводле Міланскага міру (6.8.1849) Ламбардыя і Венецыя засталіся пад уладай Аўстрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАДЭЛІ́ЗМ, аўтамадэльны спорт,
уключае канструяванне і стварэнне мадэляў аўтамабіляў для спаборніцтваў; тэхнічны від спорту. Адрозніваюць 2 тыпы мадэляў: кордавыя і радыёкіроўныя. Кордавыя маюць рухавікі ўнутр. згарання аб’ёмам да 1,5; 2,5; 5 і 10 см³; спаборніцтвы праводзяць на кардадроме — круглай пляцоўцы з бетоннай дарожкай. Радыёкіроўныя паводле тыпу рухавікоў падзяляюцца на мадэлі з рухавікамі ўнутр. згарання і электрычнымі; спаборніцтвы праводзяць на спец. трасах для групавых гонак. На Беларусі спаборніцтвы па аўтамабілізме праводзяць з 1959. Федэрацыя аўтамадэльнага спорту Рэспублікі Беларусь створана ў 1992 (з 1993 член Еўрапейскай федэрацыі). Чэмпіёны б.СССР па аўтамадэлізме (майстры спорту міжнар. класа) — В.Кротчанкаў (1975, 1987), В.Дрозд (1991), чэмпіён і рэкардсмен Рэспублікі Беларусь Кротчанкаў (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст. Утвораны ў 1808 у складзе Беластоцкай вобласці, з 1842 у Гродзенскай губерні. Цэнтр — г.Беласток. Пл. 2904 км², нас. 210 132 чал. (1897). Падзяляўся на 12 валасцей. У 1-ю сусв. вайну ў 1915—18 акупіраваны герм. войскамі, з канца 1918 у складзе адноўленай Польшчы, з 2.8.1919 у Беластоцкім ваяводстве, падзяляўся на гміны (б. воласці). 231,5 тыс.ж. (1919). З 2.11.1939 у БССР, з 4.12.1939 увайшоў у Беластоцкую вобл., дзе 15.1.1940 паветы скасаваны і праведзена раянаванне, у т. л. створаны Беластоцкі р-н. Паводле дагавора «Аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы» ад 16.8.1945 тэр. былога Беластоцкага павета перайшла да Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАЎМАЦАВА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
збудаванні для аховы берагоў вадаёмаў (рэк, мораў, вадасховішчаў, каналаў і інш.) ад разбуральнага ўздзеяння хваляў, напору вады, лёду і інш.Паводле характару ўзаемадзеяння з водным патокам берагаўмацавальныя збудаванні падзяляюць на актыўныя (паток выкарыстоўваецца для намыву і захавання берагавых наносаў: на рэках — папярочныя паўзапруды, рэгулявальныя дамбы, струмененакіравальныя шчыты; на морах і азёрах — буны, што затрымліваюць наносы, хваляломы) і пасіўныя (воднаму патоку проціпастаўляецца трываласць канструкцыі: на рэках — каменная накідка, цюфякі, бетонныя і жалезабетонныя пліты; на морах — хвалеадбойныя сцены, накідка з буйных блокаў і фігурных масіваў). Выбар берагаўмацавальных збудаванняў залежыць ад рэльефу берага, яго гідрагеал. рэжыму і геал. будовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕССТУПЕ́НЬЧАТАЯ ПЕРАДА́ЧА,
механізм для плаўнай змены частаты вярчэння вядзёнага вала ў трансп. машынах, станках, прыладах; частка варыятара. Адрозніваюць бесступеньчатыя перадачы механічныя і электрычныя. У залежнасці ад віду перадавальных звёнаў мех. Бесступеньчатыя перадачы бываюць з вадкім рабочым звяном (гідраўлічныя), з гнуткім (раменныя і ланцуговыя) і жорсткім звёнамі. Паводле характару работы бесступеньчатыя перадачы з гнуткім і жорсткім звёнамі падзяляюцца на фрыкцыйныя (трэння) і зачэплівання, бесперапыннага дзеяння і імпульсныя. Электрычная бесступеньчатая перадача выконваецца па сістэме генератар—рухавік; выкарыстоўваецца ў трансп. машынах і інш. для перадачы вял. магутнасцяў (гл.Электрычны прывод). Выкарыстанне бесступеньчатай перадачы павышае прадукцыйнасць машын, паляпшае магчымасці кіравання.
Фрыкцыйная бесступеньчатая перадача: а — з гнуткім звяном і рассоўнымі шківамі; б, в — з жорсткімі звёнамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ (Уладзімір Сямёнавіч) (25.1.1938, Масква — 25.7.1980),
рускі паэт, акцёр, аўтар і выканаўца песень. У лірыка-рамантычных, камічных і сатыр. песнях, баладах, спавядальных вершах (зб. «Нерв», 1981; «Я, вядома, вярнуся...», 1988) адчувальныя матывы рус. гарадскога раманса. Творы Высоцкага вызначаюцца шчырай пранікнёнасцю і лірызмам (асабліва вершы і песні пра вайну), кожны з іх напісаны «нервам» паэта. З 1964 у Маскоўскім т-ры на Таганцы. Сярод роляў Хлапуша («Пугачоў» паводле С.Ясеніна), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава) і інш. Здымаўся ў маст. фільмах «Вертыкаль», «Кароткія сустрэчы», «Месца сустрэчы змяніць нельга» і інш. Трагічны герой Высоцкага — асоба нязломная, бунтар-адзіночка, які ўсведамляе сваю асуджанасць, але застаецца непахісны да канца. Дзярж. прэмія СССР 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШЫ КАЛЕ́ДЖ СУ́ВЯЗІМіністэрства сувязі і інфарматыкі Рэспублікі Беларусь.
Засн. 1.7.1993 у Мінску на базе Мінскага і Віцебскага электратэхнікумаў сувязі, Мінскага філіяла Усесаюзнага завочнага электратэхн. ін-та сувязі і Рэсп. цэнтра падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі работнікаў сувязі. Навучанне вядзецца паводле прынцыпу шматузроўневай бесперапыннай прафес. падрыхтоўкі як адзіны навуч. працэс, што дазваляе скараціць тэрмін навучання на наступных узроўнях. З 1994 — 2 узроўні падрыхтоўкі: 1-ы, або ўзровень каледжа, дае сярэднюю спец. адукацыю, 2-і — вышэйшую без звання бакалаўра (1-я ступень універсітэцкай вышэйшай адукацыі). У 1996/97 навуч.г. ф-ты: электрасувязі; эканомікі і пошты; падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Мае філіял у Віцебску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЧКА (Вячаслаў, лац. Vetske, ? — 1224),
князь Кукенойса (Кокнесе) — крэпасці на Зах. Дзвіне, васал полацкага князя. З 1206 прымаў удзел у паходзе полацкага кн. Уладзіміра супраць ням. рыцараў. У 1207 вымушаны падпарадкавацца рыжскаму епіскапу Альберту, але быў схоплены крыжакамі. У 1208 вызвалены з палону, зноў правіў Кукенойсам. Жыхары горада знішчылі атрад крыжакоў, уведзены ў Кукенойс паводле патрабавання епіскапа. Не дачакаўшыся дапамогі ад полацкага кн. Уладзіміра, спаліў замак і з дружынай перайшоў да наўгародцаў. У 1223 на чале атрада ўсходнеслав. войск (200 чал.) пасланы ў Юр’еў (сучасны г. Тарту), адкуль кіраваў большай часткай зямель эстаў. У 1224 ням. рыцары асадзілі Юр’еў. Вячка з атрадам адмовіўся пакінуць замак, разам з эстамі працягваў абараняцца, пакуль не загінуў.