САРКО́МА [ад грэч. sarx (sarkos) мяса + ...ома],

злаякасная пухліна чалавека і жывёл, якая развіваецца са злучальнай тканкі. На разрэзе падобная да сырога рыбінага мяса (адсюль назва). Адрозніваюць ангіясаркому (развіваецца з крывяносных сасудаў), лімфасаркому (з лімфатычных вузлоў), астэасаркому (з касцявой тканкі), ліпасаркому (з тлушчавай тканкі), нейрагенную С. (з нерв. тканкі). Прыкметы С.: пухліна хутка расце і разбурае навакольныя тканкі, метастазуе па крывяносных сасудах.

Прыкметы С. мяккіх тканак — пухліна без акрэсленых межаў, зрэдку боль. Пры С. касцей парушаецца іх функцыя, з’яўляецца прыпухласць, боль, які не сціхае. Лячэнне хірург., прамянёвая тэрапія, проціпухлінныя сродкі. У жывёл часцей адзначаюцца ліпасаркома і фібрасаркома (пухліна з валакністай злучальнай тканкі).

т. 14, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРАБЕ́ЦКІ Леан, піяніст, педагог, дырыжор, кампазітар 19 ст. Творчае жыццё звязана з Беларуссю і Расіяй. З сярэдзіны 1850-х г. у Магілёве, выступаў у канцэртах як выканаўца на фп. і фісгармоніі, дырыжыраваў аркестрам мясц. аматараў, навучаў ігры на розных інструментах. З канца 1868 у Віцебску, з 1869 у Мінску, дзе дырыжыраваў Мінскім гарадскім аркестрам. У 1876—80 адзін з дырыжораў муз. т-ва ў г. Растоўна-Доне. Аўтар шэрагу фп. і вак. твораў, якія друкаваліся ў Вільні і Варшаве; артыкулаў пра муз. жыццё Магілёва ў польскім муз. часопісе «Ruch Muzyczny» («Музычны рух»). Супрацоўнічаў з рэдакцыямі газет «Могилевские губернские ведомости» і «Донская пчела».

А.​Л.​Капілаў.

т. 14, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРЫ́НКАЎСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВО́Д (вядомы і як Уладзімірскі). Дзейнічаў з канца 18 ст. да 1872 у в. Старынка Чэрыкаўскага пав. (цяпер Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Засн. як медзеплавільня. У 1835 пабудавана невял. домна для выплаўкі чыгуну з мясц. балотнай руды. У 1839 з-д расшыраны, выпускаў медныя абшыўкі і парахавыя скрынкі для Чарнаморскага ваен. флоту, карабельныя балты. З 1847 вырабляў павозкі, лафеты, платформы для арміі, восі для гармат, паравыя машыны для Бранскага арсенала. У 1858—62 быў адным з буйнейшых металург. прадпрыемстваў еўрап. ч. Рас. імперыі. У 1863 працавала каля 900 рабочых. Ад з-да да р. Сож (5—6 км) была пракладзена чыгунка-вузкакалейка.

т. 15, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ХАНА,

рака ў Валагодскай вобл. Расіі, левая састаўляючая р. Паўн. Дзвіна. Даўж. 558 км, пл. бас. 50,3 тыс. км². Выцякае з воз. Кубенскае, сцёк з якога зарэгуляваны плацінай з суднаходным шлюзам. Цячэ пераважна па раўніннай мясцовасці. У верхнім цячэнні звілістая, у сярэднім парожыстая, шмат перакатаў. Асн. прытокі: Волагда, Лежа (справа), Уфцюга (злева). Ледастаў з канца кастр. — пач. ліст. да 2-й пал. крас. — 1-й пал. мая. Разводдзе з крас. да сярэдзіны ліпеня. Сярэдні расход вады каля в. Калікіна 442 м³/с. Суднаходная (летам бываюць перапынкі з-за малаводдзя). Сплаўная. Уваходзіць у Паўночна-Дзвінскую водную сістэму. На С. гарады Сокал, Тоцьма, Вялікі Усцюг. Турызм.

т. 15, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ДМАН (Friedman) Джэром Айзек (н. 28.3.1930, г. Чыкага, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1992), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1980). Бацькі з Беларусі. Скончыў Чыкагскі ун-т (1956). З 1957 у Станфардскім ун-це, з 1960 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1967 праф., у 1983—88 дэкан фіз. ф-та). Навук. працы па эксперым. фізіцы высокіх энергій. Даследаваў рассеянне электронаў на дэйтроне і нуклонах. Эксперыментальна пацвердзіў існаванне кваркаў (з Г.У.Кендалам і Р.Э.Тэйларам, 1968). Нобелеўская прэмія 1990 (з Кендалам і Тэйларам).

Тв.:

Рус. пер. — Глубоко-неупругое рассеяние: Сравнение с кварковой моделью // Успехи физ. наук. 1991. Т. 161, №12.

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.А.Фрыдман.

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛЮ́СЦІН Іван Мікалаевіч (18.8.1862, Масква — 21.11.1941),

расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1878). У 1878—1903 у Вял. т-ры ў Маскве (з 1886 вядучы танцоўшчык, з 1898 балетмайстар), адначасова з 1889 выкладаў у Маскоўскім тэатр. вучылішчы. З 1903 у Парыжы, адкрыў балетную школу. З 1911 балетмайстар і педагог Парыжскай оперы, у 1914—31 (з перапынкамі) балетмайстар-пастаноўшчык у трупе Г.​Паўлавай. Сярод партый: Феб («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Дэзірэ («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага) і інш. Паставіў балеты «Зоркі» А.​Сімона (1898), «Чароўны чаравічак» Ю.​Гербера (1899), «Русалка» Л.​Ламбера (1911), «Танцавальная сюіта» на муз. Ф.​Шапэна (1913) і інш.

т. 17, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХАНО́ВІЧ Аляксандр Рыгоравіч (н. 13.7.1952, Мінск),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Бел. кансерваторыю (1982). З 1971 у Бел. філармоніі, саліст вак.-інстр. ансамбля «Верасы». З 1987 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. З 1988 стваральнік і кіраўнік (з жонкай Я.Паплаўскай) першага на Беларусі Т-ра песні і творчай студыі пры ім (у 2003 пераўтвораны ў прадзюсерскі цэнтр «Прафіартвідыён»), Адначасова з 2001 муз. кіраўнік бел. канала «Сталічнае тэлебачанне». Выступае (з Паплаўскай) у складзе эстр. вак. дуэта. Аўтар шматлікіх папулярных эстр. песень.

Літ.:

Загородний Г. От «Верасов» — к Театру песни // Бел. думка. 1997 № 6.

Г.​М.​Загародні.

т. 17, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ЦКІ Мікалай Сяргеевіч (28.8.1895, Масква — 1.8.1960),

расійскі геолаг; адзін з заснавальнікаў вучэння аб геал. фармацыях. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1943). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (з 1913; з 3-га курса прызваны ў армію). З 1921 у маскоўскіх горнай акадэміі, геолагаразведачным ін-це, Гідрапраекце. З 1934 у Геал. ін-це АН СССР (з 1956 дырэктар). Навук. працы па параўнальнай тэктоніцы стараж. платформ, тэорыі геасінкліналей і працэсаў складкаўтварэння. Пад яго кіраўніцтвам складзены «Геалагічная карта Еўразіі», «Тэктанічная карта СССР» (1953, 1956), «Міжнародная тэктанічная карта Еўропы» (1964). Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1958.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—4. М., 1963—65.

т. 17, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́СЦЕР (Schuster) Рудольф (н. 4.1.1934, г. Кошыцы, Славакія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Славакіі. Д-р эканам. н. (1997). Скончыў Славацкую вышэйшую тэхн. школу ў Браціславе (1959). Да 1962 у розных НДІ Браціславы, потым на кіруючых пасадах у гаспадарцы і чыг. транспарце г. Кошыцы; з 1986 мэр Кошыц. З 1987 старшыня Усходнеславацкага краявога нац. к-та, з 1989 — Славацкага Нац. Савета (парламент). У 1990—92 пасол Чэхіі і Славакіі ў Канадзе, потым у МЗС Славакіі. З 1994 зноў мэр Кошыц. Заснавальнік і лідэр (з 1998) Партыі грамадз. згоды. Прэзідэнт Славакіі з мая 1999. Прыхільнік паскоранай інтэграцыі краіны ў НАТО і Еўрап. Саюз.

Н.​А.​Царук.

Р.Шусцер.

т. 17, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́РКІН Алег Міхайлавіч (н. 15.4.1947, г. Чайбалсан, Манголія),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1997). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1968). З 1980 у Гродзенскім ун-це (з 1996 заг. кафедры). З 1998 у Бел. пед. ун-це (з 1999 заг. кафедры). Навук. працы па фізіцы элементарных часціц. Прапанаваў калібровачную тэорыю, якая аб’ядноўвае ўсе магчымыя варыянты лева-правых мадэлей электраслабага ўзаемадзеяння, прадказаў карэляцыю нейтрыннага патоку з сонечнымі ўспышкамі, выканаў шэраг інш. даследаванняў па фізіцы нейтрына.

Тв.:

Поиски нарушения лептонного флэйвора на мюонных коллайдерах (разам з Г.​Р.​Баяркінай) // Ядерная физика. 1997. Т. 60, № 4.

А.​І.​Болсун.

т. 18, кн. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)