асноўная яйцаноская парода курэй. Выведзена ў Італіі ў 19 ст. скрыжаваннем італьян. белых курэй з міноркамі, іспанскімі, байцовымі і інш. пародамі, у 1852 завезена ў ЗША, дзе палепшана. Назва ад італьян.г. Ліворна (англ. Leghorn). Разнавіднасці Л. адрозніваюцца складам цела, формаю грэбеня.
Сярэдняя маса пеўняў 2,5—2,7, курэй 1,8—2 кг. Апярэнне шчыльнае, белае. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, хвост прыўзняты, доўгі, з моцна развітымі коскамі. Грэбень лістападобны, звіслы набок. Нясуцца з 4,5—5 мес. Яйцаноскасць да 300 і больш яец за год. Маса яйца да 62 г. Не наседжваюць На Беларусі выведзены высокапрадуктыўны 3-лінейны крос Беларусь-9. Племянная работа вядзецца на Бел. занальнай доследнай станцыі па птушкагадоўлі (г. Заслаўе, Мінскі р-н) і на племптушказаводзе «Івянецкі» (Валожынскі р-н).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ДЖЫЯ (італьян. loggia ад стараж.-верхненям. laubja альтанка),
памяшканне, адкрытае з аднаго ці некалькіх бакоў, дзе сцяну замяняюць каланада, аркада, парапет і інш. Можа быць асобным збудаваннем (Л. дэі Ланцы ў Фларэнцыі, Італія, каля 1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.Таленці) або часткай будынка. Служыць крытым балконам ці ўваходам і пластычна ўзбагачае фасад будынка. Л. вядомы са старажытнасці (у архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма). У эпоху Адраджэння пашыраны ў выглядзе адкрытага з аднаго ці некалькіх бакоў будынка тыпу галерэі (Л. дэль Кансільё ў г. Верона, Італія, 1475—92, арх. Фра Джакондэ). Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай архітэктуры (у жылых будынках і будынках санаторна-курортных устаноў, інтэрнатах, гасцініцах і інш.). Бываюць радавыя (з адным адкрытым бокам), вуглавыя, часткова вынесеныя.
Лоджыя дэль Кансільё ў г. Верона (Італія). 1475—92. Арх. Фра Джаконуэ Джакондэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЖЫЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён канца бронзавага і ранняга жал. вякоў (15—4 ст. да н.э.), якія насялялі зах. землі Польшчы, усх. вобласці Германіі, паўн. раёны Чэхіі і Славакіі. Назва ад Лужыцкай вобл. (Германія), дзе ўпершыню выяўлены характэрныя помнікі. Насельніцтва жыло на паселішчах у наземных жытлах слупавой канструкцыі і ў паўзямлянках з глінянымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне ў грунтавых могільніках, трапляецца і трупапалажэнне ў курганных могільніках. Плямёны Л.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Выраблялі метал. прылады працы, зброю, упрыгожанні, цюльпана- і яйцападобныя гаршкі, біканічныя і пукатыя вазы, інш. посуд, арнаментаваны шышкападобнымі выступамі і гарыз. жалабкамі. Скіфскія набегі з 6 ст. да н.э. паскорылі заняпад Л.к. На Беларусі зафіксаваны асобныя знаходкі рэчаў Л.к. каля Навагрудка, вёсак Здзітава Бярозаўскага, Барысы Брэсцкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧНІ́К, светач, дзед,
у беларусаў стараж. прыстасаванне для асвятлення хаты з дапамогай лучыны ці смалістых корчыкаў. Былі стацыянарныя і пераносныя (рухомыя). Стацыянарны Л. меў дымаход, верхняя частка якога выходзіла на дах, і гарызантальна падвешаную пад ім жал. рашотку, дзе палілі смалістыя корчыкі. Сярод рухомых вылучаліся звычайныя і падвесныя Л. Звычайны ўяўляў сабой драўляную стойку, на верхнім канцы якой замацоўваўся клямар для лучыны, з суцэльнай асновай з выемкай для вады ці крыжападобнай, тады побач ставілі пасудзіну з вадой. Падвесны Л. — кароткі кій з клямарам для лучыны на адным канцы і з крукам для падвешвання на другім. Л. з дымаходам быў пашыраны ў цэнтр. Беларусі і на Палессі. Месцамі ўжываўся да 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГЕЛА́НАВЫ ВО́БЛАКІ (Вялікае і Малое),
дзве карлікавыя галактыкі, спадарожнікі Млечнага Шляху, самыя яркія ў Паўд. паўшар’і неба, найбольш блізкія да нашай Галактыкі. Названыя па імю Ф.Магелана, каманда якога выявіла іх у час першага кругасветнага падарожжа (1519).
М.В. відаць на паўд. небе простым вокам як туманныя плямы няправільнай формы (Вял. М.В. — у сузор’і Залатой Рыбы, Малое — у Тукане). Памеры М.В. каля некалькіх дзесяткаў тыс.св. гадоў. Адлегласць ад Зямлі да Вял. М.В. 150 тыс.св. гадоў, да Малога — 200 тыс.св. гадоў. М.В. сфарміраваліся на некалькі млрд. гадоў пазней за нашу Галактыку і маюць шмат маладых зорак і газапылавых комплексаў, дзе ідзе актыўны працэс зоркаўтварэння. У Вял. М.В. ў лютым 1987 успыхнула звышновая зорка, якую можна было бачыць з Зямлі простым вокам. Іл.гл. да арт.Галактыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЯ ТЭРМАМЕТРЫ́Я,
метад вымярэння нізкіх тэмператур (звычайна ніжэй за 1 К), заснаваны на залежнасці ад т-ры магн. уласцівасцей шэрагу рэчываў.
Тэрмаметрычным параметрам звычайна служыць магнітная ўспрыімлівасць χ парамагн. солей жалеза, кобальту, нікелю, рэдказямельных элементаў, ядз. парамагнетыка (пры больш нізкіх т-рах T < 0,1 К) і інш., у якіх χ найпрасцейшым чынам залежыць ад т-ры: χ=C/T (гл.Кюры закон). Па замеранаму ў слабым знешнім магн. полі χ і вядомай для дадзенага парамагнетыка пастаяннай Кюры C вызначаюць т.зв.магн. т-ру T. У вобласці т-р, дзе выконваецца закон Кюры, T супадае з тэрмадынамічнай т-рай T. Пры паніжэнні т-ры значэнні T і T могуць не супадаць, тады магн. т-ру пераводзяць у тэрмадынамічную па спец. табліцах і крывых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЕ́ПА (Калядзінскі) Іван Сцяпанавіч
(1644—8.9.1709),
украінскі дзярж. дзеяч. У 1669—73 на службе ў гетмана Правабярэжнай Украіны (у складзе Польшчы) П.Дарашэнкі, у 1674—81 — у гетмана Левабярэжнай Украіны І.Самайловіча. У 1682—86 ген. есаул, у 1687—1708 гетман Левабярэжнай Украіны. Адзін з найбуйнейшых землеўладальнікаў Украіны. У час Паўночнай вайны 1700—21 узначальваў групоўку ўкр. старшыны, якая выношвала планы аддзялення Левабярэжнай Украіны ад Расіі і разлічвала на дапамогу Швецыі. Вёў тайныя перагаворы з каралём Рэчы Паспалітай (стаўленікам шведаў) Станіславам Ляшчынскім, пазней з каралём Швецыі Карлам XII. У 1708 разам з 5 тыс. казакоў перайшоў на бок Карла XII. Пасля паражэння швед. арміі ў Палтаўскай бітве 1709 М. разам з Карлам XII уцёк у тур. крэпасць Бендэр (цяпер у Малдове), дзе неўзабаве памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАСВЕ́Т І МІКРАСВЕ́Т,
сферы аб’ектыўнай рэчаіснасці, якія адрозніваюцца структурным узроўнем матэрыі. Кожная сфера характарызуецца своеасаблівасцю будовы матэрыі, прасторава-часавых і прычынных адносін, заканамернасцей руху. Макрасвет — гэта звычайны свет, дзе жыве і дзейнічае чалавек (планеты, зямныя целы, крышталі і інш.). Аб’екты макрасвету маюць рэзка выяўленую карпускулярную або хвалевую прыроду і іх рух падпарадкаваны дынамічным законам класічнай механікі. Сфера мікрасвет у — аб’екты, недаступныя непасрэднаму назіранню (малекулы, атамы, ядры атамныя, элементарныя часціцы і інш.). Для з’яў мікрасвету характэрна цесная сувязь карпускулярных і хвалевых уласцівасцей, што адлюстроўваецца ў статыстычных законах квантавай механікі. Своеасаблівая мяжа паміж М. і м. усталявана ў сувязі з адкрыццём пастаяннай Планка — кванта дзеяння. Спецыфіка кожнай сферы знаходзіць сваё адлюстраванне ў пазнанні, прыводзіць да абмежавання дастасоўнасці старых фіз. тэорый і ўзнікнення новых (адноснасці тэорыя, квантавая механіка, фізіка элементарных часціц).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́, Меле,
дзяржаўнае ўтварэнне ў Зах. Судане ў 8—17 ст. на тэр. сучасных Малі і Гвінеі, у раёне верхняга цячэння р. Нігер. Этн. аснова М. — плямёны мандынга. Да пач. 13 ст. знаходзілася ў залежнасці ад Ганы. З 11 ст.дзярж. рэлігія М. — іслам. У 2-й пал. 13 ст. пры мансе (правіцелі) Сундзьяце пачаўся хуткі ўздым М. (сталіца — г. Ніяні). Дасягнула росквіту пры Мусе I (1312—37) і Сулеймане (1341—60), калі М. займала тэр. ад Атлантычнага ак. да г. Гао ў сярэднім цячэнні Нігера. Асновай багацця быў гандаль рабамі і золатам. З 1370-х г. пачаўся заняпад, з 2-й пал. 15 ст. М. ў залежнасці ад дзяржавы Сангаі. У 17 ст. існавала як невял. вобласць вакол паселішча Кангаба, дзе захавалася ўлада царскага клана Кейта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́ЎКА (Мікола) (Мікалай Аляксандравіч; н. 13.12.1941, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1965). Працаваў на лесанарыхтоўках у Карэліі, у рэдакцыі нясвіжскай раённай газеты, на Бел. радыё і тэлебачанні, настаўнічаў. З 1980 у час. «Вясёлка». Друкуецца з 1957. У зб-ках паэзіі «Едуць маразы» (1966), «Жалеза» (1970), «Лотаць» (1973), «Круг» (1977), «Эстакада» (1982), «Дар» (1985), «Зімні дождж» (1991) і інш. услаўляе чалавека працы, раскрывае думы і пачуцці сучасніка, мінулае роднай зямлі, апявае каханне. Піша паэмы, балады, казкі, апавяданні, нарысы. Аўтар кніг для дзяцей «Дзед і ўнучка» (1983), «Салодкі лядзяш» (1986), «Як дом будавалі» (1987), «Вясёлая азбука» (1992, з К.Камейшам), «Дзе жывуць казкі» (1994), «Запрашаем на калядкі» (1998).