СЕВЕРЫ́НІ (Severini) Альда (н. 20.11.1926, г. Анкона, Італія),
італьянскіпаэт. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. Аўтар зб-каў вершаў «Прыйдзе, як зара, твой час» (1955), «Мне не трэба віна, каб пець» (1962), «З берага на бераг» (1972), «Слова В’етнаму», «Вершы Іспаніі» (абодва 1974), «На арбіце Зямлі» (1979), «Элементы фантастычнай анатоміі» (1980), «Арыфметыка дыялога» (1983) і інш. Двойчы наведаў Беларусь. Пераклаў на італьян. мову паасобныя вершы Я.Купалы, М.Танка, Р.Барадуліна, М.Калачынскага. Сярод перакладчыкаў яго твораў на бел. мову М.Танк, Барадулін, Я.Семяжон, А.Шаўня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЬЯРЭ́ЛІ (Signorelli) Лука (паміж 1445—50, г. Картона, Італія — 16.10.1523),
італьянскі мастак эпохі Адраджэння. Вучыўся ў П’ера дэла Франчэскі, зазнаў уплыў А. дэль Палаёлы і Перуджына. Працаваў у Картоне, Фларэнцыі, Ларэце, Рыме, Арвіета і інш. Творы вызначаюцца строгасцю, гераічнасцю вобразнага ладу; фрэскі ў Сіксцінскай капэле Ватыкана (1481—83), у клуатры манастыра Монтэалівета Маджорэ ў Таскане (1497), капэле Сан-Брыцыо сабора ў Арвіета (1499—1504); станковыя карціны «Мадонна на троне ў акружэнні святых» (1484), «Пан» (1488—90). Асаблівую ўвагу аддаваў выяўленню фігуры чалавека ў складаных ракурсах з падкрэсленай выразнасцю пластычнай мадэліроўкі, напружанасцю контурнага малюнка, якому ў позніх работах уласціва некат. застыласць.
Л.Сіньярэлі. Паўстанне з мёртвых. Фрэска капэлы Сан-Брыцыо сабора ў Арвіета. 1499—1504.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЭ́ЛЕР (Strehler) Джорджа (14.8.1921, г. Трыест, Італія — 25.12.1997),
італьянскі рэжысёр. Скончыў Акадэмію аматараў драм. мастацтва ў Мілане (1940). У 1947—68, з 1972 арганізатар і кіраўнік (сумесна з П.Грасі) 1-га ў Італіі стацыянарнага драм.т-ра «Пікала-тэатр» (Мілан), у 1968—72 кіраўнік уласнай тэатр. трупы. Адрадзіў прыёмы італьян. камедыі дэль артэ, працягваў сцэн. традыцыі Б.Брэхта. Сярод пастановак: «Слуга двух гаспадароў» (1947) і «Камп’ела» (1975) К.Гальдоні, «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1955), «Трохграшовая опера» (1956), «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Швейк у другой сусветнай вайне» (1961) Брэхта, «Кароль Лір» У.Шэкспіра (1972), «Вялікая магія» Э.Дэ Філіпа (1989), «Востраў рабоў» П.Марыво (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРА́НЬІ (Terragni) Джузепе (18.4.1904, Меда, Ламбардыя, Італія — 19.7.1943),
італьянскі архітэктар. Зазнаў уплыў А.Сант-Элія. Разам з А.Ліберай і інш. заснаваў у 1926 «Групу сямі», якая спрыяла пашырэнню рацыяналізму ў архітэктуры Італіі. У сваіх работах дасягнуў сувязі ўнутр. прасторы і наваколля, спалучаў глухія паверхні сцен і ажурныя структуры жалезабетонных каркасаў (агараджэнні лоджый, перакрыцці тэрас у верхнім паверсе), віртуозна выкарыстоўваў мясц. традыцыі міжземнаморскага дойлідства (дворыкі-атрыі як цэнтры арх. кампазіцыі). Сярод твораў: у г. Кома — жылы дом «Навакомум» (1929), Нар. дом (1932), Каса дэль Папола (1932—36), дзіцячы сад (1936); дом Рустычы ў Мілане (1934—35, з П.Лінджэры), віла Б’янкаў Севеза (Ламбардыя; 1936—37).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЛО́Ў Карл Паўлавіч (23.12.1799, С.-Пецярбург — 23.6.1852),
рускі жывапісец. Праф. Пецярбургскай АМ (1836—49), ганаровы чл. Міланскай, Балонскай, Фларэнційскай, Пармскай акадэмій. Брат А.П.Брулова. Вучыўся ў бацькі — скульптара П.Бруло, у Пецярбургскай АМ (1809—21) у А.Іванава, А.Ягорава. Раннія партрэты (П. і М.Кікіных, Н.Рамазанава, усе 1821—22) выяўляюць сувязь з творчасцю А.Кіпрэнскага. У 1823—34 жыў у Італіі, стварыў шэраг жанравых карцін («Італьянскі ранак», 1823; «Італьянскі поўдзень», 1827; «Вірсавія», 1832), у якіх вырашаў праблемы асвятлення. Рысамі рамантызму поўняцца аўтапартрэт (1823—24), партрэты А.Брулова (1823—24), Р.Гагарына (1827—30), В.Пяроўскага (1837), Ю.Самойлавай з выхаванкай (1839—40) і адзін з лепшых — Дж.Пачыні («Жанчына на кані», 1832); паэт. акварэльныя партрэты С.Тургенева (1823—27), З.Валконскай (1830). Шырокую вядомасць набыло палатно «Апошні дзень Пампеі» (1830—33, залаты медаль у Парыжы). Патрыят. тэма — у карціне «Асада Пскова польскім каралём Стафанам Баторыем у 1581 г.» (1839—43; няскончаная). З 1843 больш як 4 гады размалёўваў Ісакіеўскі сабор. Гал. дасягненні гэтага часу — партрэты дзеячаў рус. культуры (Н.Кукальніка, 1836; І.Віталі, 1836—37; В.Жукоўскага, 1837—38; І.Крылова, 1839; А.Стругоўшчыкава, 1840; аўтапартрэт, 1848). У 1849 з-за хваробы выехаў на в-аў Мадэйра, у 1850 — у Рым, там маляваў партрэты археолага М.Ланчы (1851) і членаў сям’і Тытоні (1851—52). Творчасць Брулова — адна з вяршыняў рус. жывапісу 1-й пал. 19 ст. У мастацтва класіцызму ён унёс жыццёвасць і непасрэднасць. Рэалізм яго твораў меў пераважна рамант. афарбоўку. Для яго мастацтва характэрна сцвярджэнне эмоцый, пачуццёва-пластычнай прыгажосці чалавечага цела. У Нац.маст. музеі Беларусі 5 работ Брулова [партрэты М.Ю.Віельгорскага, 1828, М.Д.Алферакі, 1842, «Палажэнне ў труну» (1836—пач. 1840-х г.), «Зацьменне сонца» (1851—52) і інш.].
Літ.:
Леонтьева Г. Карл Брюллов. 2 изд. Л., 1983.
А.Д.Шапашнікава.
К.Брулоў. Партрэт М.Ю.Віельгорскага. 1828. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛІ́НІ (Bellini) Вінчэнца (3.11.1801, г. Катанія, Італія — 23.9.1835),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў неапалітанскай кансерваторыі «Сан-Себасцьяна» (1819—25 ці 27) у Н.А.Цынгарэлі. Музыцы Беліні ўласцівы рамант. ўзнёсласць, мяккі лірызм. У яе аснове экспрэсіўная вак. мелодыка шырокага дыхання, неперарыўнасць развіцця, віртуозны бляск. Зрабіў вял. ўклад у развіццё опернага жанру, стылю бельканта, імкнуўся да натуральнага ўвасаблення ў музыцы моўных інтанацый, надаў драм. выразнасць опернаму рэчытатыву. Аўтар 11 опер, у т. л. «Пірат» (1827), «Чужаземка» (1829), «Капулеці і Мантэкі» (1830), «Самнамбула», «Норма» (1831), «Беатрычэ ды Тэнда» (1833), «Пурытане» (1835), кантаты «Ісмена», 7 сімфоній (1818—24), духоўнай музыкі, рамансаў, канцанет і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАРДО́НІ (Bernardoni, Bernardonus) Джавані (Ян) Марыя (1541?, г. Кома, Італія — 1605), італьянскі архітэктар і матэматык; прадстаўнік барока. З 1564 манах ордэна езуітаў. Будаваў езуіцкія храмы ў Рыме і Неапалі пад кіраўніцтвам Дж.Трыстана. У 1583 запрошаны ў Рэч Паспалітую, збудаваў шэраг фарных і езуіцкіх касцёлаў у Любліне, Познані, Калішы, Гданьску, Кракаве. У 1586—99 прыдворны архітэктар кн. М.Радзівіла (Сіроткі) у Нясвіжы. Удзельнічаў у першым этапе буд-ваНясвіжскага палацава-паркавага комплексу, інш.грамадз. пабудоў горада (ратуш, семінарый, палаца ў прадмесці Альба), пабудаваў комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў і калегіума (абодва 1587—94), касцёлы ў Гродне і Клецку. Распачаў у ВКЛ і Рэчы Паспалітай характэрную для Новага часу арх.-буд. практыку на аснове праектных чарцяжоў (гл.«Бернардоні альбом»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РГА (Verga) Джавані (31.8.1840, Ачы-Кастэла, каля г. Катанія, Італія — 27.1.1922),
італьянскі пісьменнік. Заснавальнік верызму ў італьян. л-ры. Аўтар раманаў «Карбанарыі ў гарах» (1861—62), «Грэшніца» (1866), «Ева» (1873), «Сапраўдная тыгрыца», «Эрас» (абодва 1875), «Сям’я Малаволья» (1881), «Муж Алены» (1882), «Майстар дон Джэзуальда» (1889), аповесцей «Гісторыя адной малінаўкі» (1871), «Неда» (1874), зб-каў навел «Жыццё палёў» (1880), «Сельскія навелы», «На вуліцах» (абодва 1883), «Дон Кандэлора і К°» (1894) і інш., п’ес «Сельскі гонар» (1884; аднайм. опера П.Масканьі), «Ваўчыца» (1896) і інш. Адметныя рысы сталай творчасці Вергі — бясстраснасць, абавязковая наяўнасць трагічнага, стылявы аскетызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КА (Vico) Джамбатыста (23.6.1668, г. Неапаль, Італія — 23.1.1744),
італьянскі філосаф. З 1697 праф. рыторыкі ун-та ў Неапалі, з 1734 каралеўскі гістарыёграф. Зазнаў уплыў Платона, Тацыта, Ф.Бэкана, Г.Гроцыя. У сваёй гал. працы «Асновы новай навукі пра агульную прыроду нацый» (1725) распрацаваў тэорыю гіст. кругавароту, паводле якой усе нацыі развіваюцца па цыклах, што складаюцца з трох эпох: божай (адсутнасць дзяржавы як сацыяльнага інстытута), гераічнай (наяўнасць арыстакратычнай дзяржавы) і чалавечай (дэмакр. Рэспубліка ці прадстаўнічая манархія). Прызнаючы вырашальнае значэнне дзейнасці людзей, адводзіў важную ролю ў ажыццяўленні гіст. Працэсу вышэйшай (божай) волі (гл.Правідэнцыялізм). Свае прынцыпы гіст. развіцця пашыраў таксама на мову, права, мастацтва.
Літ.:
Киссель М.А. Джамбаттиста Вико. М., 1980;
Schmidt R.W. Die Geschichts-philosophie G.B.Vicos. Wuerzburg, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСКО́НЦІ (Viskonti) Лукіна (сапр.Вісконці ды Мадроне; 2.11.1906, г. Мілан, Італія — 17.3.1976),
італьянскі рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму ў італьян. кіно. Распад сямейных, грамадскіх адносін, чалавек і яго час, мастак і культура, гібель прыгажосці і мастацтва ў сучасным свеце — гал. тэмы фільмаў Вісконці, адметных вытанчанай пластычнай культурай: «Рока і яго браты» (1960), «Леапард» (1962), «Туманныя зоркі Вялікай Мядзведзіцы» (1965), «Гібель багоў» (1969), «Смерць у Венецыі» (1971), «Сямейны партрэт у інтэр’еры» (1974), «Бязвінны» (1976). Шэраг фільмаў Вісконці атрымаў прэміі міжнар. кінафестываляў. З 1945 ставіў спектаклі ў драм. і муз. т-рах (п’есы У.Шэкспіра, Т.Уільямса, Ж.Ануя, А.Мілера, А.Чэхава, оперы Г.Даніцэці, Дж.Вердзі, Р.Штрауса).