КАПЕ́РНІК (Kopernik, Copernicus) Мікалай (19.2.1473, г. Торунь, Польшча — 24.5.1543), польскі астраном, стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це (1491—95), удасканальваў веды ў італьян. ун-тах, дзе вывучаў права, медыцыну, матэматыку, астраномію. З 1512 жыў у г. Фромбарк (Польшча), вядомы як дзярж. дзеяч, урач і знаўца астраноміі. Займаўся таксама эканам. даследаваннямі (гл.Каперніка і Грэшэма закон). Больш як 30 гадоў працаваў над стварэннем новай тэорыі будовы свету — геліяцэнтрычнай. Вучэнне К., паводле якога Зямля з’яўляецца адной з планет, як і іншыя планеты, абарачаецца вакол Сонца і верціцца вакол сваёй восі, а не займае цэнтр. становішча ў Сусвеце, поўнасцю адмаўляла ранейшую геацэнтрычную сістэму свету Пталамея. Выказаў ідэю пра адзінства свету: «нябесныя» і «зямныя» целы падпарадкоўваюцца законам, аднолькавым для ўсяго Сусвету. Шляхам матэм. разлікаў К. даволі дакладна склаў план Сонечнай сістэмы. Сваё вучэнне ён абагульніў у творы «Пра абарачэнні нябесных сфер» (6 кніг, апубл. ў 1543), забароненым каталіцкай царквой з 1616 па 1828. Адкрыццё мела рэв. характар, яно зрабіла карэнны пералом у астр. навуцы і вызначыла далейшы шлях развіцця дакладнага прыродазнаўства. На Беларусі вучэнне К. вядома з 16 ст., яго погляды адлюстраваны ў філас. трактатах, навук. працах астраномаў Віленскай астранамічнай абсерваторыі.
Тв.:
Рус.пер. — О вращениях небесных сфер: Малый комментарий. М., 1964.
Літ.:
Веселовский И.Н., Белый Ю.А. Николай Коперник, 1473—1543. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІ́ЦКАЕ (БЕЛАРУ́СКАЕ) НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВАімя Пранціша Скарыны
(КНТ). Існавала ў 1946—49 у Германіі, у 1949—76 у ЗША. Засн. 23.6.1946 у лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург (Германія). Яго старшынямі ў розны час былі Я Станкевіч, А.Адамовіч і А.Махноўскі. Кіруючы орган — штогадовы з’езд. Мела на мэце аб’яднаць намаганні вучоных-беларусаў для навук. працы ў галіне беларусазнаўства. 5.5.1949 цэнтр т-ва перанесены ў г. Нью-Йорк, 23.11.1959 яно атрымала правы культ. і навук. установы, створаны аддзелы ў г. Чыкага (ЗША) і Аўстраліі. Пры т-ве дзейнічалі секцыі: літ. (з 26.8.1950),
мовазнаўчая (з 28.4.1951), гіст. і пед. (з 25.1.1953). 27.4.1952 пры ім засн.Ін-т найноўшай гісторыі Беларусі (кіраўнік М.Чатырка) і Прэсавае бюро (кіраўнік Ю.Віцьбіч). Т-ва займалася зборам дакументаў, рукапісаў, бел. выданняў, якія захоўваліся ў створаным пры ім Бел. архіве (дырэктар А.Шукелойць). З 1957 уваходзіла ў Бел.-амер. дапамогу (Нью-Йорк) і Задзіночанне слав.навук. арг-цый ЗША. Т-вам выдадзены «Паказальнік беларускіх выданняў на чужыне за 1945—50 гг.» М.Панькова (1952), «Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразеалагічны і прыказак, а таксама прывітанняў, зычэнняў і інш.» Станкевіча (2-е выд. 1953), кнігі «Лявон Вітан-Дубейкаўскі» К.Вітан (1954), «Ул. Жылка. Творы: Да 20-х угодкаў смерці» (1953, усе ў Нью-Йорку). Выдавала навукова-літ.час. «Веда». Спыніла дзейнасць у 1976 у сувязі са смерцю Станкевіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХВЯ́РСТВА,
дача ў пазыку грошай, рэчаў, с.-г. прадуктаў і да т. п. на кабальных умовах за выплату высокіх працэнтаў. Як правіла, такія пазыкі выкарыстоўваліся не як капітал, а ў якасці пакупнога і плацежнага сродкаў. Зарадзілася ў перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і пазней назіралася ў самых розных грамадска-эканам. фармацыях. З часоў Стараж. Рыма Л. развівалася разам з водкупам — зборам арэнднай платы, падаткаў і г. д. Характэрным для Л. быў выключна высокі працэнт па пазыках. Яго ўзровень вагаўся ў вельмі шырокіх межах — ад некалькіх дзесяткаў да соцень працэнтаў гадавых. Ліхвярскі капітал адбіраў у пазычальніка амаль увесь прыбавачны прадукт і таму ён не мог сістэматычна выкарыстоўвацца для мэт капіталіст. ўзнаўлення. З развіццём капіталізму, стварэннем крэдытнай справы, узнікненнем банкаў і пазыковага капіталу асновы Л. былі падарваны. Аднак у наш час у некаторых краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі з-за недастатковага развіцця ўнутр. рынку і таварна-грашовых адносін, слабасці крэдытнай сістэмы існуюць умовы для захавання Л. Яно служыць асновай фін. закабалення і эксплуатацыі мясц. гандлярамі і багацеямі бядняцкіх слаёў насельніцтва. У індустрыяльна развітых краінах ліхвярскія аперацыі забаронены законам, таму ажыццяўляюцца нелегальна. На Беларусі Л. было найбольш пашырана ў эпоху феадалізму. Так, у Статуце Вял.кн. Літоўскага 1588 змешчана прававая норма (раздз. 3, арт. 24) аб адказнасці шляхты, якая пакінула свае маёнткі, каб пераехаць у горад для заняткаў Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ́ТАНА ЗАКО́НЫ МЕХА́НІКІ,
тры законы, на якіх грунтуецца класічная механіка. З’яўляюцца вынікам абагульнення даследаванняў Г.Галілея, Р.Гука, К.Гюйгенса, І.Ньютана і інш.
Сфармуляваны І.Ньютанам (1687) у наступным выглядае. 1-ы закон: «Кожнае цела працягвае ўтрымлівацца ў сваім стане спакою або раўнамернага і прамалінейнага руху, пакуль і паколькі яно не вымушаецца прыкладзенымі сіламі змяніць гэты стан». 2-і закон: «Змена колькасці руху (імпульсу) прапарцыянальная прыкладзенай рухальнай сіле і адбываецца ў напрамку той прамой, уздоўж якой гэтая сіла дзейнічае». 3-і закон: «Дзеянню заўсёды ёсць роўнае і процілеглае процідзеянне, інакш, узаемадзеянне двух цел адно на аднаго паміж сабой роўныя і накіраваны ў процілеглыя бакі». Паводле сучасных уяўленняў пад целам трэба разумець матэрыяльны пункт, а яго рух разглядаць адносна інерцыяльнай сістэмы адліку. Матэм. фармулёўка 2-га закону:
, дзе
— імпульс, m — маса і — скорасць матэрыяльнага пункта, t — час, — раўнадзейная ўсіх сіл, што дзейнічаюць на матэрыяльны пункт. Н.з.м. выконваюцца для ўсіх макрацел, якія рухаюцца са скарасцямі, значна меншымі за скорасць святла ў вакууме. Рух мікрааб’ектаў (атамаў і малекул) падпарадкоўваецца законам квантавай механікі. Н.з.м. разам з сусветнага прыцягнення законам адыгралі важную ролю ў станаўленні фізічнай карціны свету.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 128—133;
Гинзбург В.Л. К трехсотлетию «Математических начал натуральной философии» Исаака Ньютона // Успехи физ. наук. 1987. Т. 151, вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУ́БЛІКА (лац. respublica ад res справа + publicus агульны, усенародны),
форма дзярж. праўлення, пры якой вярх. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін органам; краіна з такім дзярж. ладам. Першыя Р. ўзніклі як антыпод манархіі яшчэ ў ант. эпоху. Існавалі ў рабаўладальніцкім (Карфаген, Афіны, Стараж. Рым) і феад. (Венецыя, Ноўгарад, Пскоў) грамадствах. У наш час Р. з’яўляецца асн. формай праўлення ў большасці краін. Форма праўлення, заснаваная на нар. прадстаўніцтве, лічыцца Р. незалежна ад таго, з’яўляецца права грамадзян на ўладу рэальным ці яно толькі дэкларуецца. Ступень забяспечанасці асабістых і паліт. правоў грамадзян ва ўмовах Р. залежыць ад сац.-эканам. ладу і суадносін паліт. сіл у грамадстве.
У залежнасці ад таго, перад кім нясе адказнасць урад — перад парламентам або прэзідэнтам — адрозніваюць Р. парламенцкія і прэзідэнцкія. У парламенцкіх Р. (напр., Індыя, Італія, Латвія, Малдова, ФРГ) прэзідэнт краіны выбіраецца парламентам, а ўрад утвараецца паліт. партыяй ці парт. кааліцыяй, якая мае большасць месцаў у парламенце. У прэзідэнцкіх Р. (Беларусь, ЗША, Мексіка, Рас. Федэрацыя і інш.) прэзідэнт выбіраецца непасрэдна насельніцтвам, або калегіяй выбаршчыкаў, адначасова ўзначальвае органы дзярж. улады і ўрад, які ён фарміруе.
Усталяванне рэсп. формы праўлення на Беларусі звязана з утварэннем 1.1.1919 БССР. 19.9.1991 на сесіі Вярх. Савета БССР была зацверджана новая назва краіны — Рэспубліка Беларусь.
Літ.:
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, 1994 г. (са змян. і дап.). Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАТЭ́ВІЧЫ, Самацеевічы,
б. вёска, цэнтр сельсавета і калгаса (да вер. 1991) у Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Касцюковічы—Красная Гара. За 30 км на ПдЗ ад Касцюковіч, 33 км ад чыг. ст. Камунары. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1585 як сяло Крычаўскай вол. і староства Мсціслаўскага ваяв.ВКЛ. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1795 сяло Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., 220 ж., 46 двароў. У 1842 пабудавана Троіцкая царква, у 1864 адкрыта нар. вучылішча. З 1867 праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1888 мяст. С. (яно ж Дзімітраўск) — уласнасць Дз.С.Галынскага; цэнтр воласці, 744 ж., 97 двароў, валасное праўленне, царква, касцёл, школа, бальніца, вятрак, заезны двор, вінакурны завод, 6 крам, Гайдукоўскае паштовае аддзяленне. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Касцюковіцкага р-на Калінінскай акр., з 20.2.1938 — Магілёўскай вобл. У Вял.Айч. вайну ў снеж. 1942 ням. фашысты загубілі 283 жыхары і ў 1943 часткова спалілі вёску. Вёска С. — радзіма нар. паэта Беларусі А.Куляшова, дзе ў 1984 быў адкрыты літ. музей паэта. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (26.4.1986) жыхары вёскі ў 1991 сселены ў пабудаваны пасёлак у Бялынкавіцкім с/с, які атрымаў назву Новыя Саматэвічы. Новыя С. — цэнтр калгаса. За 7 км на ПдУ ад г. Касцюковічы, 10 км ад чыг. ст. Камунары, 167 км ад Магілёва. 890 ж., 330 двароў (2001). Філіял жыллёва-камунальнага камбіната. Сярэдняя школа, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЯЎЛЕ́ННЕ,
1) фантазія, псіхічная дзейнасць, што характарызуецца стварэннем у думках аб’ектаў і сітуацый, якія раней не ўспрымаліся суб’ектам у рэчаіснасці. Адрозніваюць сенсорнае У. з уласцівай яму сузіральнасцю і маторнае У., якое суправаджаецца дзеяннем, рухам. У выніку пераходу сенсорнага У. ў маторнае нараджаецца творчае У. — неабходны кампанент творчай дзейнасці. Творчае У. выконвае шэраг функцый: прадбачання (антыцыпацыі), эўрыстычную, прагнастычную, камунікатыўную, развівальную і інш.Яно дазваляе прадугадаць тое, чаго яшчэ не існуе, акрэсліць ідэальную мадэль жаданага выніку дзейнасці, садзейнічае стварэнню прынцыпова новых, арыгінальных прадуктаў навук., тэхн., літ., маст. і інш. форм творчасці.
Асаблівым відам творчага У. з’яўляецца мара, якая уяўляе сабой стварэнне абстрактных вобразаў жаданага, якія не ўвасабляюцца ў канкрэтных прадуктах дзейнасці.
2) Вобраз раней успрынятага прадмета ці з’явы; форма пачуццёвага адлюстравання рэчаіснасці ў выглядзе наглядна-вобразных ведаў. Ажыццяўляецца ў 2 формах: у вобразах памяці і фантазіі. У. памяці служыць неабходнай умовай пазнання, у ходзе якога захаваны вобраз аб’екта актуалізуецца пры ўспрыманні. З дапамогай вобразаў фантазіі ствараюцца У., не звязаныя непасрэдна з наяўнай рэчаіснасцю. У адрозненне ад успрымання, якое звязана толькі з наяўнай дадзенасцю адзінкавых аб’ектаў, У. ўтрымлівае сучаснае, былое і будучае пэўных прадметаў і з’яў, садзейнічае іх асэнсаванню і ўсведамленню.
Літ.:
Беркинблит М.Б., Петровский А.В. Фантазия и реальность. М., 1968;
Розет И.М. Психология фантазии. Мн., 1977;
Пармон Э.А. Роль фантазии в научном познании. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РВЕНЬСКІ КРЫ́ЗІС 1917,
другі (першы — Храсавіцкі крызіс 1917) паліт. крызіс у Расіі пасля Лют. рэвалюцыі 1917, выкліканы супярэчнасцямі паміж рознымі сац. сіламі і паліт. партыямі па пытаннях міру, зямлі, барацьбы з эканам. разрухай. 1-ы Усерас. з’езд Саветаў (чэрв. 1917; пераважалі эсэры і меншавікі) адхіліў бальшавіцкі праект рэзалюцыі аб перадачы ўлады Саветам і выказаў давер Часоваму ўраду. Прэзідыум з’езда адмяніў прызначаную бальшавікамі на 10(23) чэрв. дэманстрацыю пратэсту і паспрабаваў сам 18.6(1.7).1917 правесці дэманстрацыю пад лозунгам «Давер Часоваму ўраду». Аднак дэманстранты ў Петраградзе (500 тыс.чал.), Рызе, Выбаргу, Рэвелі, Ніжнім Ноўгарадзе, Смаленску, Харкаве і інш. гарадах выйшлі на вуліцы пад бальшавіцкімі лозунгамі «Уся ўлада Саветам!», «Далоў 10 міністраў-капіталістаў!» і інш.
На Беларусі ў чэрв. 1917 масавыя мітынгі і дэманстрацыі прайшлі пад заклікамі «Уся ўлада Саветам!», «Патрабуем тэрміновага заключэння міру!». Супраць запланаванага Часовым урадам Чэрвеньскага наступлення 1917 выказаліся франтавы к-тЗах. фронту, многія салдацкія к-ты і вайск. часці. 18 чэрв. (1 ліп.), у дзень пачатку наступлення, дэманстрацыі пратэсту адбыліся ў вайск. часцях, у Мінску, Віцебску, Гомелі, Оршы, Бабруйску, Слуцку і інш. На Зах. фронце наступленне фактычна было сарвана. На Паўд.-Зах. фронце яно спачатку развівалася паспяхова і гэта спыніла Ч.к., але неўзабаве пацярпела поўны правал, што выклікала новы, Ліпеньскі крызіс 1917.
Літ.:
История Великой Октябрьской социалистической революции. М., 1962. С. 72—78;
Злоказов Г.И. Меньшевистско-эсеровский ВЦИК Советов в 1917 г.М., 1997.
апарат для вырабу друкарскіх форм гравіраваннем формнага матэрыялу. Бываюць для высокага друку (з выдавецкіх арыгіналаў вырабляюць пераважна выяўленчыя клішэ на пласцінах з мікрацынку або пластмасы) і глыбокага друку (з выяўленчых або тэкстава-выяўленчых фотаформ гравіруюць амедненыя формныя цыліндры).
У Э.а. арыгінал або фотаформа замацоўваецца на вярчальным цыліндры аналізуючага прыстасавання, парадкова разгортваецца (сканіруецца) аналізуючай аптычнай сістэмай, пры гэтым светлавое выпрамяненне пераўтвараецца ў эл. сігналы, якія ўзмацняюцца і прыводзяць у дзеянне разец эл.-магн. прыстасавання (у лазерным Э.а. рэжучы інструмент — прамень лазера). Гравіраванне бывае лінейчастым і кропкавым (пры апошнім паглыбленні атрымліваюцца ў выглядзе квадратаў рознай глыбіні і плошчы), яно выдаляе ч. матэрыялу з прагальных элементаў клішэ, якое гравіруецца, або з друкавальных элементаў формнага цыліндра глыбокага друку. У параўнанні з фотахім. працэсамі цынкаграфіі выкарыстанне Э.а. забяспечвае поўную аўтаматызацыю і паскарэнне вырабу друкарскіх форм, аднак атрыманне гравіраваных клішэ высокага друку на Э.а. тэхналагічна саступае вырабу фотапалімерных форм (спосабам фотаполімерызацыіспец. кампазіцый пад уздзеяннем ультрафіялетавага выпрамянення). Першы Э.а. створаны ў 1932 у ЗША, у 1934 у СССР.
Літ.:
Технология изготовления печатных форм. М., 1990;
Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. М., 1991.
У.М.Сацута.
Электрагравіравальны апарат. Схема электронна-механічнага гравіравальнага аўтамата глыбокага друку: а — аналізуючае прыстасаванне; б — гравіравальнае прыстасаванне; в — электронны блок; г — кіравальнае прыстасаванне; 1 — арыгіналатрымальнік; 2 — фотагалоўка; 3 — формны цыліндр; 4 — гравіравальная галоўка з алмазным разцом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
адно з фундаментальных узаемадзеянняў, крыніцай якога (на мікраскапічным узроўні) з’яўляюцца эл. зараджаныя элементарныя часціцы і якое ажыццяўляецца з дапамогай створанага імі электрамагнітнага поля (фатонаў). Тэорыя Э.ў. вывучаецца ў электрадынаміцы, квантавай электрадынаміцы, класічнай тэорыі поля, квантавай тэорыі поля.
З-за таго, што маса фатона роўная нулю, Э.ў. з’яўляецца далёка-дзейным, г.зн. радыус яго дзеяння неабмежаваны. З дапамогай Э.ў. ажыццяўляецца ўзаемадзеянне дадатна зараджаных ядраў і адмоўна зараджаных электронаў у атамах і малекулах. Тым самым яно вызначае (на аснове законаў квантавай механікі) магчымасць устойлівага стану такіх сістэм. Да Э.ў. зводзіцца большасць назіраных фіз. сіл (сілы пругкасці, трэння, паверхневага нацяжэння і інш.), эл., магн., аптычных, хім., біял. і інш. з’яў. Тэорыя Э.ў. з’яўляецца найб. поўна распрацаванай тэорыяй фундаментальнага ўзаемадзеяння і стала асновай для пабудовы тэорый інш. тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (гл.Квантавая хромадынаміка, Электраслабае ўзаемадзеянне). Яна дазваляе даць адэкватнае тэарэт. апісанне ўсіх магчымых эл.-магн. працэсаў і праводзіць разлікі назіраных (вымераных) на эксперыменце характарыстык гэтых працэсаў з зададзенай ступенню дакладнасці.
На Беларусі праблемы Э.ў. даследуюцца ў Ін-це фізікі Нац.АН, БДУ, Гомельскім ун-це, Бел. ін-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теория поля. М., 1962;
Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;
Ахиезер А.И., Берестецкий В.Б. Квантовая электродинамика. М., 1969;
Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1979.