СУМЕ́ЖНЫЯ ПРАВЫ́,

разнастайнасць выключных правоў, якія з’яўляюцца вытворчымі ад аўтарскага права, але цалкам з ім не супадаюць. Рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з выкананнем, пастаноўкай літ. і муз. твораў, у т. л. запісаных на фанаграму, перадачы арганізацый эфірнага і кабельнага вяшчання. Неабходнасць прававой аховы С.п. абумоўлена тым, што развіццё навук. тэхн. прагрэсу закранае не толькі ўладальнікаў аўтарскага права, але і тых асоб, чыя дзейнасць звязана з выкарыстаннем твораў, якія ахоўваюцца гэтым правам. У выніку таго, што магчымасць рэпрадуктавання дазволіла ствараць высакаякасныя копіі з існуючых запісаў, узнікла неабходнасць у ахове інтарэсаў суб’ектаў С.п.: выканаўцаў (адносна іх выканання), вытворцаў фанаграм (адносна іх гукавых праграм), вяшчальных арганізацый (адносна трансліруемых імі праграм). Асн. змест С.п. зводзіцца да таго, што выкарыстанне трэцімі асобамі фанаграм, радыё- і тэлепраграм, а таксама творчых вынікаў выканаўцаў патрабуе згоды або артыста, які ажыццяўляе выкананне, або арг-цый, якія зрабілі гуказапіс, або радыё- і тэлеарганізацый. Пытанні рэалізацыі С.п. і іх аховы ў Рэспубліцы Беларусь рэгулюецца цывільным заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСКРЫ́ПЦЫЯ ў мовазнаўстве,

умоўны від пісьма, які выкарыстоўваецца ў спец. навук. і інш. мэтах. Адрозніваюць фанетычную, фанематычную і практычную Т. Мэта фанетычнай Т. — найб. дакладна перадаць вымаўленне слова, апісаць асобна кожны вымаўлены гук. У бел. мове для гэтага ўжываюцца літары бел. алфавіта і дадатковыя знакі: «між бяроз — (м’іж б’яро́с)», «снег — (с’н’е́х)», «Янка — (гінка)». Значком ’ абазначаецца мяккасць папярэдняга зычнага гука, лац. літарай j — гук «[й]» у пазіцыі перад галоснымі. Фанематычная Т. перадае фанемны (гл. Фанема) склад слова: адлюстроўвае не ўсе асаблівасці маўлення, а толькі тыя рысы, якім уласціва адметная функцыя. Параўн.: «<м’іж б’ароз>», «<сн’ег>», «<jанка>». Фанетычная і фанематычная Т. адрозніваюцца ад арфаграфічнага напісання, якое ў значнай ступені абумоўлена гіст. традыцыяй. Пры дапамозе практычнай Т. (сродкамі нац. алфавіта) уводзяць у тэкст іншамоўныя ўласныя імёны: асабовыя імёны, геагр. назвы: Шолахаў (рус. Шолохов), Міцкевіч (польск. Mickiewicz). Практычная Т. ўжываецца ў нац. картаграфіі, перыяд. друку, падручніках, шырока выкарыстоўваецца ў творах маст. л-ры.

Літ.:

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.

А.​А.​Лукашанец.

т. 15, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫЯ́ДА [ад грэч. trias (triados) тройца, траістасць],

спосаб філас. канструявання, які зыходзіць з траістасці, трохступеньчатасці развіцця. Паняцце Т. ўведзена ў філасофію Платонам і шырока распаўсюдзілася ў платанізме і неаплатанізме. Прокл разглядаў Т. як 3 праекцыі свету ў межах розуму: знаходжанне — выступленне — вяртанне; трэці член Т., на яго думку, аб’ядноўвае крайнасці першых двух і ўяўляе сабой «сярэдзіну» паміж імі. Неаплатанісцкая мадэль Т. пакладзена ў аснову хрысц. вучэння пра Святую Тройцу, але ў значна адрозным выглядзе: іпастасі хрысц. Т. ўяўляюць сабой сутнасці, што знаходзяцца на агульным анталагічным узроўні: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог — Дух Святы, а не безаблічныя, як у неаплатанізме. Прынцып Т. па-свойму тлумачыўся ў ням. класічнай філасофіі. Г.​Гегель разглядаў Т. як універсальную схему ўсялякага развіцця, што ўключае 3 ступені: тэзіс (палажэнне), антытэзіс (проціпалажэнне) і сінтэз (злучэнне); лічыў, што кожная наступная ступень адмаўляе папярэднюю, а апошняя (сінтэз) не толькі адмаўляе, але і злучае ў сабе асаблівасці папярэдніх ступеней развіцця. Гл. таксама Адмаўленне адмаўлення.

А.​Б.​Савеня.

т. 16, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭМПЕРА́ЦЫЯ (ад лац. temperatio правільныя суадносіны, суразмернасць) у музыцы, выраўноўванне інтэрвальных суадносін паміж ступенямі гукавой сістэмы для дастасавання яе да патрэб муз. практыкі. Неабходнасць Т. звязана з паяўленнем муз. інструментаў з фіксаваным строем.

Зыходнымі былі гукарады чыстага і піфагорава строяў. Напачатку выраўноўвалі толькі некат. інтэрвалы (першыя спробы з 13 ст., у 16 ст. пашырылася сярэднетонавая сістэма Т). Недахопы нераўнамерна-тэмпераванага гукараду ліквідаваны ў сістэмах раўнамернай Т. У аснову сучаснага раўнамерна-тэмпераванага строю пакладзены прынцып падзелу актавы на 12 роўных паўтонаў, прапанаваны ў 1691 А.​Веркмайстэрам. У ім усе 12 квінтаў квінтавога круга памяншаюцца на ​1/12 піфагоравай комы (невял. інтэрвалу паміж зыходным гукам і тым, які атрымліваецца рухам ад яго на 12 чыстых квінтаў уверх і наступным пераносам на 7 актаў уніз). Замацаванню ў муз. практыцы гэтага строю садзейнічаў І.​С.​Бах (цыкл прэлюдый і фуг «Добра тэмпераваны клавір», 2 т., 1722 і 1744), дзе выкарыстаны ўсе танальнасці.

А.​А.​Саламаха.

т. 16, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАСО́ФІЯ ПАЧУЦЦЯ́ І ВЕ́РЫ (ням. Glaubens-philosophie),

ірацыяналістычны кірунак у нямецкай філасофіі 2-й пал. 18 ст. Склалася як рэліг.-філас. абгрунтаванне духоўнай атмасферы Германіі 1770-х г. з яе псіхалагізмам, культам пачуцця, суб’ектывізмам; супрацьстаяла асветніцкаму рацыяналізму. Рацыянальнаму апасродкаванаму пазнанню проціпастаўляла ідэю «непасрэдных ведаў». Яе прадстаўнікі (Ф.Г.Якобі, І.Г.Гаман і інш.) зыходзілі з таго, што рэальнае існаванне рэчаў даецца чалавеку непасрэдна ў яго пачуццях і веры пераважна інтуітыўна; сцвярджалі, што шляхам рацыянальнага мыслення немагчыма ўсвядоміць сутнасць чалавечай асобы, а пазнаецца яна толькі шляхам «веры», «адкрыцця», «пачуццяў». Зместам веры яны лічылі і рэальнасць пачуццёвага зместу зямных рэчаў, і рэальнасць абсалютнага і вечнага. Гэтыя ідэі паўплывалі на развіццё інтуітывізму 19—20 ст., які ў інтуіцыі бачыў дастатковы сродак для атрымання сапраўдных ведаў, экзістэнцыялізму і філасофіі жыцця. Але большасць прыхільнікаў непасрэднага інтуітыўнага пазнання (М.​А.​Лоскі, С.​Л.​Франк, Я.​М.​Трубяцкой) імкнулася да спалучэння інтуіцыі і інтэлектуальнага пазнання. Гл. таксама Ірацыяналізм.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЧПАДА́ТАК, харчовы падатак,

цвёрда фіксаваны (20% чыстага прадукту сял. працы, потым 10% ураджаю) натуральны сял. падатак на хлеб, бульбу, алейнае насенне, мяса, яйкі, масла, воўну і інш. прадукты земляробства і жывёлагадоўлі, уведзены дэкрэтам ВЦВК РСФСР ад 11.3.1921 замест харчразвёрсткі. Неўзабаве быў уведзены і ў БССР. Бяднейшыя сяляне (менш за 1 дзес. ворнай зямлі) вызваляліся ад яго поўнасцю, калект. гаспадаркі мелі падатковыя льготы. Увядзенне Х. ў загадзя вызначаным памеры (меншым за харчразвёрстку) стварала ў сялян матэрыяльныя стымулы для паляпшэння земляробства і павелічэння вытв-сці с.-г. прадуктаў. Значна пашырыліся пасяўныя плошчы збожжавых і бульбы. Дэкрэт ВЦВК і СНК СССР ад 10.5.1923 увёў адзіны с.-г. падатак, які павінен быў забяспечыць абкладанне кожнай сял. гаспадаркі з улікам памераў яе даходаў, колькасці зямлі, свойскай жывёлы і інш. Сяляне павінны былі плаціць падатак 15 ліст. і 15 студз. кожнага года. З 1924 збіраўся толькі грашовы падатак (да 5% даходаў сял. двара).

А.​В.​Юнцэвіч.

т. 16, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЬЕР (Thiers) Адольф (14.4.1797, г. Марсель, Францыя — 3.9.1877),

французскі дзярж. дзеяч, гісторык. Чл. Франц. акадэміі (з 1833). Па прафесіі адвакат. У час Ліпеньскай манархіі прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў. Быў арганізатарам жорсткага задушэння рэсп. паўстанняў 1834 у Ліёне, Парыжы і інш. Напярэдадні Лютаўскай рэвалюцыі 1848 перайшоў у апазіцыю да ўрада Гізо, падтрымліваў кандыдатуру Л.​Банапарта (гл. Напалеон III) у прэзідэнты. Пасля банапартысцкага перавароту 1851 адышоў ад паліт. дзейнасці, з 1863 у памяркоўна-ліберальнай апазіцыі. Пасля рэвалюцыі 1870 у Францыі ў 1871 узначаліў выканаўчую ўладу Франц. рэспублікі; заключыў зневажальны для Францыі мірны дагавор з Прусіяй. У час Парыжскай камуны 1871 узначаліў версальцаў у барацьбе супраць камунараў. Са жн. 1871 прэзідэнт Трэцяй рэспублікі. З 1873 у адстаўцы. Ц. — адзін з заснавальнікаў новага кірунку ў гістарыяграфіі, які прызнаваў барацьбу класаў ключом да разумення ўсёй франц. гісторыі, але заканамернай лічыў толькі барацьбу паміж буржуазіяй і дваранствам. Аўтар «Гісторыі Французскай рэвалюцыі» (1823—27), «Гісторыі Консульства і Імперыі» (1845—69).

т. 17, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭСТАНТЫ́ЗМ [ад лац. protestans (protestantis) які публічна даказвае],

адзін з асн. кірункаў (разам з каталіцызмам і праваслаўем) у хрысціянстве. Узнік у Еўропе ў перыяд Рэфармацыі.

Першапачаткова звязваўся з вучэннем М.​Лютэра, пазней Ж.​Кальвіна, У.​Цвінглі і інш. рэфармацыйных плыней. Да сярэдзіны 16 ст. распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе, у 17 ст. пашырыўся за яе межы. У выніку ўзніклі і арганізацыйна аформіліся пратэстанцкія цэрквы: лютэранская, кальвінісцкая, англіканская, ад якіх утварыўся шэраг рэліг. груповак і аб’яднанняў. Для П. характэрна адсутнасць супрацьпастаўлення духавенства міранам, адмова ад складанай царк. іерархіі, спрошчаны культ, адсутнасць манаства і бясшлюбнасці духавенства. У П. няма культу Багародзіцы, святых, анёлаў, абразоў, таінствы зведзены да хрышчэння і прычашчэння. Пратэстанты адмаўляюць аўтарытэт папскіх дэкрэтаў і пасланняў, рашэнні сабораў, прызнаюць толькі Біблію, для разумення якой непатрэбны пасрэднікі і традыцыі, а патрэбна толькі вера ва ўсё тое, што ў ёй напісана. Адказнасць чалавека за сваё выратаванне залежыць ад яго асабістай веры, ніякая арг-цыя (царква як сац. ін-т) не здольная ўзяць Яе на сябе. Існуюць разнавіднасці арганізац. форм П.: баптысты, метадысты, адвентысты, пяцідзесятнікі, сведкі Іеговы (больш за 400 млн. у свеце).

На Беларусі пратэстанцкія погляды пачалі распаўсюджвацца з сярэдзіны 16 ст., што спрыяла эвалюцыі грамадскага ладу, фарміраванню шляхецкай дэмакратыі, развіццю рэнесансна-гуманіст. і рацыяналістычных тэндэнцый у духоўным жыцці, станаўленню новых форм культуры, пашырэнню міжнар. культ. сувязей. Рэфармацыю падтрымлівалі Радзівілы, Тышкевічы, Сапегі, Кішкі, адукаваная частка грамадства і інш. П. пашырыўся ў выглядзе кальвінізму, лютэранства, арыянства і інш., у 19—20 ст. з’явіліся баптысты, евангельскія хрысціяне, пяцідзесятнікі, сведкі Іеговы і інш.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.

С.​М.​Зень.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБО́РНАСЦЬ, кафалічнасць,

рэлігійна-багаслоўскае паняцце, якое азначае адзінства, цэласнасць царкоўнага арганізма. Пры абвяшчэнні сябе саборнай, ці кафалічнай, пэўная царква імкнецца да адзінства і адзінасці ў свеце. Вытокі ідэі хрысціянскай С. ў вучэнні апостала Паўла пра царкву. Вызначэнне паняцця «С.» набыло самастойнасць у працах аднаго з заснавальнікаў славянафільства А.​С.​Хамякова, які лічыў, што толькі ў правасл. царк. саборы выяўляецца «адзінства ў мностве», якога патрабуе прырода хрысц. царквы, чалавека і грамадства. Ён лічыў, што толькі правасл. царква арганічна спалучае прынцыпы свабоды і адзінства і ўсведамляе ідэю С. як вышэйшую Божую аснову царк. жыцця; проціпастаўляў ёй каталіцкую царкву, якая быццам бы грунтуецца на «адзінстве без свабоды», і пратэстанцкую, нібыта заснаваную на «свабодзе без адзінства». Паняцце «С.» стала цэнтр. у правасл.-славянафільскім кірунку рус. рэліг. філасофіі. К.​С.​Аксакаў атаясамляў атаясамліваў* С. і абшчыну, дзе, на яго думку, асоба «свабодная, як у хоры». У.​С.​Салаўёў трансфармаваў ідэю С. ў ідэю ўсеадзінства, якую вызначаў як «паўнату быцця». С.​М.​Трубяцкой проціпастаўляў ідэю С. індывідуалізму і калектывізму і вызначаў С. як супадзенне рэліг., маральнага і сац. пачаткаў. С.​Л.​Франк тлумачыў С. як «унутр. арганічнае адзінства», якое ляжыць у аснове чалавечых зносін. С.​М.​Булгакаў лічыў, што С. з’яўляецца асновай праваслаўя як «адзінае жыццё ў адзінай ісціне». П.​А.​Фларэнскі спрабаваў аб’яднаць паняцці С. і ўсеадзінства. Як эквівалент С. ўжываецца таксама паняцце «салідарнасць» як агульнасць інтарэсаў, адзінае разуменне прынцыпаў светапогляду і сумесная адказнасць.

Літ.:

Керимов В.И. Историософия А.​С.​Хомякова. М. 1989;

Франк С.Л. Духовные основы общества. М., 1992;

Соловьев В.С. О христианском единстве. М., 1994;

Хомяков А.С. Сочинения богословские. СПб., 1995;

Булгаков С.Н. Два града: Исслед. о природе обществ. идеалов. СПб., 1997.

М.​В.​Тараткевіч.

т. 14, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЕ́ДСТВА,

у крымінальным працэсе — збіранне і праверка доказаў, неабходных і дастатковых для высвятлення акалічнасцей, што ўваходзяць у прадмет даказвання. Складаецца з папярэдняга С. (у Рэспубліцы Беларусь ідзе за ўзбуджэннем крымін. справы і ажыццяўляецца следчымі пракуратуры, органаў мін-ва ўнутр. спраў, дзярж. бяспекі і фін. расследаванняў, а таксама органамі дазнання) і судовага С., якое ажыццяўляе суд. пасяджэнне і з’яўляецца састаўной часткай судаводства з удзелам абвінавачанага, яго абаронцы, пацярпелага, істца і адказчыка (іх прадстаўнікоў). Пры гэтым робіцца праверка доказаў, сабраных папярэднім С., збіранне і праверка новых доказаў з мэтай усебаковага, аб’ектыўнага высвятлення ўсіх істотных акалічнасцей справы. Судовае С. вядзецца вусна ва ўмовах галоснасці, неперарыўнасці суд. разбору, нязменнасці складу суда (суддзі), роўнасці правоў удзельнікаў суд. працэсу. Па ўсіх справах публічнага, прыватна-публічнага і прыватнага абвінавачання, узбуджаных пракурорам, абавязковы ўдзел у суд. разборы дзярж. абвінаваўцы, які агалошвае абвінавачанне, прад’яўляе доказы, удзельнічае ў даследаванні, выказвае сваю думку па сутнасці абвінавачання, робіць суду прапанову аб прымяненні крымін. закону і назначэнні абвінавачанаму пакарання, прад’яўляе або падтрымлівае заяўлены іск, калі гэта патрабуе абарона правоў грамадзян, дзярж. або грамадскіх інтарэсаў. Калі ў ходзе суд. разбору будзе высветлена, што прад’яўленых доказаў недастаткова для пастановы прыгавору, суд па хадайніцтве бакоў прыпыняе справу і прапануе дзярж. абвінаваўцу арганізаваць правядзенне дадатковага С. ці інш. працэсуальных дзеянняў. Суд мае права спыніць справу, калі для гэтага будуць законныя падставы. Суд. разбор крымін. справы праводзіцца толькі ў адносінах абвінавачанага і толькі па тым абвінавачанні, якое таму было прад’яўлена на папярэднім С. Суд правамоцны змяніць кваліфікацыі злачынства незалежна ад пазіцыі дзярж. абвінаваўцы, калі гэта не пагаршае становішча абвінавачанага і не патрабуе змены сутнасці абвінавачання.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)