цыяноз, сінюшная афарбоўка скуры і слізістых абалонак чалавека. Больш відавочная на твары, губах, пальцах рук і ног. Абумоўлена высокай колькасцю ў крыві адноўленага гемаглабіну (больш за 50 г/л пры норме да 30 г/л). Бывае сімптомам розных захворванняў (найб.часта назіраецца пры дыхальнай недастатковасці і захворваннях сэрца); пры прыроджаных пароках сэрца бывае прыроджаная С. Лячэнне накіравана на асн. захворванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІПУНКУЛІ́ДЫ (Sipunculida),
тып беспазваночных жывёл. 1 клас. Каля 320 відаў. Жывуць у морах, у грунце, часта ў норках, ракавінах малюскаў.
Даўж. 1—50 см. Цела чэрвепадобнае, несегментаванае. Пярэдняя ч. мае рот і венчык кароткіх шчупальцаў, можа ўцягвацца ў тулава. За ротам, на спінным баку, знаходзіцца анус. Ёсць другасная поласць цела, або цэлом. Крывяносная і нерв. сістэмы развітыя слаба. Раздзельнаполыя. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі і іх рэшткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРЫБУ́Т,
1) у выяўленчым мастацтве прадметы, якія вызначаюць і характарызуюць адпаведна замацаваным правілам (канонам) пэўнага героя, персанажа. Цесна звязаны з алегорыяй, сімвалам, аксесуарам. Часта з’яўляецца асн. сродкам пры вызначэнні сюжэта карціны, герояў і персанажаў маст. твора. Пашыраны ў абразах, партрэтах, карцінах на міфал. і біблейскія тэмы, станковай і манументальна-дэкаратыўнай пластыцы (дэкор інтэр’ераў, убранне алтароў, надмагіллі), манументальных размалёўках і інш. 2) У мовазнаўстве тое, што Азначэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭГА́ТНЫЯ СТА́НЫ РЭ́ЧЫВА,
якасна розныя станы аднаго і таго ж рэчыва, якія адрозніваюцца характарам цеплавога руху часціц (атамаў, малекул). Адрозніваюць 3 агрэгатныя станы рэчыва: газ, вадкасць, цвёрдае цела (чацвёртым агрэгатным станам рэчыва частаназ.плазму). Рэчыва ў любым агрэгатным стане існуе пры пэўных умовах (т-ра, ціск), змены якіх вядуць да скачкападобнага пераходу з аднаго стану ў другі. Такая змена агрэгатнага стану рэчыва наз. фазавым пераходам першага роду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЯСПА́ЗМА (ад ангія... + спазма),
перыядычнае спазматычнае звужэнне прасвету артэрый, што прыводзіць да абмежаванага кровазабеспячэння (ішэмія) адпаведнага органа або тканкі. Узнікненню спрыяюць інтаксікацыя (алкаголь, нікацін), прафесійныя шкоднасці (вібрацыя, серавуглярод, свінец і інш.), пераахаладжэнне, ачагі факальнай інфекцыі, псіхатраўмы. Часта бывае ў паталагічна змененых сасудах, асабліва пры атэрасклерозе і гіпертанічнай хваробе. Працяглая спазма сасудаў сэрца можа выклікаць стэнакардыю і быць прычынай інфаркту міякарда. Пры ангіяспазме назначаюць спазмалітычныя прэпараты, лечаць асн. хваробу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕМАФІЛІ́Я (ад анема... + ...філія),
анемагамія, ветраапыленне, прыстасаванасць раслін да перакрыжаванага апылення з дапамогай ветру. Адзіны спосаб апылення ў хвойных. Характэрна таксама для многіх кветкавых раслін — злакаў, асаковых, многіх дрэвавых двухдольных раслін (бяроза, асіна, дуб, граб, ляшчына і інш.). У ветраапыляльных раслін звычайна адсутнічае або значна рэдукаваны калякветнік, шматлікія непрыкметныя кветкі сабраны ў суквецці, пазбаўлены афарбоўкі і паху, утвараюць шмат лёгкага сыпкага пылку і інш. Цвіценне часта адбываецца да разгортвання лісця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛ (ваен.),
насып (земляны, з камянёў, са снегу, палітага вадой, часта з ровам спераду), які служыў перашкодай для тых, хто атакаваў, і адначасова баявой пазіцыяй і ўкрыццём для тых, хто абараняўся. Валам называюць таксама сістэму ўмацаваных палос і пазіцый тыпу рымскіх валоў (Адрыянаў вал), «Атлантычнага вала», «Усходняга вала». Як элемент крэпасці валы выкарыстоўваліся ў спалучэнні з крапаснымі сценамі або замест іх. Звычайна мелі брустверы і валгангі (пляцоўкі з уступамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬПАРАІ́СА (Valparaíso),
горад у цэнтр.ч. Чылі. Адм. ц.вобл. Аканкагуа. Засн. ў 1536. 301,7 тыс.ж. (1993). Гал. порт краіны на Ціхім ак. Пачатковая станцыя Трансандыйскай чыг. (Вальпараіса — Буэнас-Айрэс), вузел шашэйных дарог. Машынабудаванне, металаапр., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, хім., лёгкая, харчасмакавая (у т. л. рыбаперапрацоўчая, малочная, маслаапрацоўчая, тытунёвая) прам-сць. 2 ун-ты. Музей натуральнай гісторыі. Часта цярпеў ад землетрасенняў (1730, 1817, 1906, 1928, 1960). Гал.ваен.-марская база Чылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСНУ́ШКІ,
змены спадчыннага характару ў скуры чалавека, якія праяўляюцца гіперпігментнымі плямкамі. Праяўленне вяснушак часта бывае сямейным. Ва ўзросце 3—5 гадоў на адкрытых участках скуры (твар, нос, лоб, шыя, кісці рук і інш.) з’яўляюцца дробныя, акруглыя светла-карычневага колеру плямкі, якія паступова пігментуюць і павялічваюцца ад 2—3 да 5—8 мм у дыяметры. Паверхня іх гладкая. Найчасцей бывае ў бландзінаў і рыжавалосых людзей. Лячэнне: кераталітычныя і адбельвальныя сродкі.