КЛЯЎЧЭ́НЯ Аляксандр Сямёнавіч (н. 18.9.1924, в. Дзяніскавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1971), праф. (1972). Скончыў БДУ (1954), у 1957—95 працаваў у ім (у 1974—88 заг. кафедры гісторыі філасофіі і логікі). Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы логікі і філасофіі, гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі Беларусі і Польшчы, асветніцкую дзейнасць і навук. спадчыну Кірылы Тураўскага і А.​Міцкевіча. Адзін з аўтараў падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па логіцы.

Тв.:

Грамадска-палітычныя і сацыялагічныя погляды Адама Міцкевіча. Мн., 1959;

Очерки по истории марксистско-ленинской философской мысли в Польше. Мн., 1978;

У истоков белорусской культуры: Кирилл Туровский // Философская и общественно-политическая мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1987.

т. 8, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБРЫЁЛА (Labriola) Антоніо (2.7.1843, г. Касіна, Італія — 2.2.1904),

італьянскі філосаф, публіцыст, дзеяч сацыяліст. руху. Скончыў ун-т у Неапалі. З 1874 праф. Рымскага ун-та. Спачатку падзяляў погляды младагегельянцаў, у 1889—90 перайшоў на пазіцыі марксізму, стаў першым тэарэтыкам і прапагандыстам гэтага вучэння ў Італіі. Адзін з заснавальнікаў Італьян. рабочай партыі (1892, потым Італьян. сацыяліст. партыя). У рамках гіст. матэрыялізму даследаваў праблемы прычыннай абумоўленасці (дэтэрмінізму) грамадскіх з’яў і працэсаў, даваў матэрыяліст. інтэрпрэтацыю форм грамадскай свядомасці, аналізаваў адносіны гіст. матэрыялізму да т.зв. фактараў тэорыі. Выступаў супраць трактоўкі марксізму як замкнутай сістэмы, падкрэсліваў неабходнасць яго развіцця і канкрэтызацыі.

Тв.:

Рус. пер. — Очерки материалистического понимания истории. М., 1960.

Літ.:

Никитич Л.А. Лабриола. М., 1980.

Т.​І.​Адула.

т. 9, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛЬЕ́ (Meslier) Жан (15.6.1664, Мазерні, Францыя — паміж 28.6 і 6.7.1729),

французскі філосаф, атэіст, заснавальнік рэв. кірунку ў франц. утапічным сацыялізме. Свае погляды выклаў у творы «Завяшчанне», які ў 18 ст. распаўсюджваўся ў рукапісах сярод розных прадстаўнікоў франц. грамадскасці (выд. 1864). У ім М. крытыкаваў рэлігію, сац. няроўнасць, абсалютызм і феад.-прыгонніцкі лад Францыі. Лічыў, што аб’яднанне працоўных і паўстанне супраць прыгнятальнікаў з’яўляецца зыходнай перадумовай пабудовы ідэальнага камуніст. грамадства, заснаванага на сумесным валоданні ўсімі дабротамі і абавязковай для ўсіх працы. У тэорыі пазнання ён зыходзіў з таго, што існуюць вечныя ісціны, якім не патрэбны доказ; яснасць і недвухсэнсавасць ідэй прымаў у якасці крытэрыю ісціны.

Тв.:

Рус. пер. — Завещание. Т. 1—3. М., 1954.

В.​М.​Пешкаў.

т. 10, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСІ́Р ХАСРО́Ў Абу Муін (1004, Кубадзіян, каля г. Балх, Афганістан — пасля 1072),

таджыкскі і персідскі паэт, філосаф, рэліг. дзеяч. У 1046—52 знаходзіўся ў Егіпце, свае ўражанні апісаў у «Кнізе падарожжа» («Сафар-наме»), Прыхільнік ідэалогіі ісмаілітаў. Пасля вяртання на радзіму праследаваўся як ератык і апошнія гады жыцця правёў у выгнанні ў гарах Паміра. Пісаў касыды панегірычнага, элегічнага, сатыр., рэліг. характару, любоўныя вершы, дыдактычныя паэмы. Захаваліся рэліг.-філас. трактаты, дыван (12 тыс. бейтаў — двухрадкоўяў), дыдактычная паэма «Раўшанайі-наме» (1053), у якіх асуджае прыдворную паэзію, выказвае спачуванне беднякам, абвінавачвае артадаксальнае духавенства, якое, на яго погляд, перашкаджала развіццю навук. і філас. думкі.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. М., 1979.

Літ.:

Ашуров Г. Философские взгляды Носири Хисрава. Душанбе, 1965.

т. 11, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРС (Peirce) Чарлз Сандэрс (10.9.1839, г. Кеймбрыдж, штат. Масачусетс, ЗША — 19.4.1914),

амерыканскі філосаф, логік, матэматык і прыродазнавец, адзін з заснавальнікаў прагматызму і семіётыкі. Чл. Амер. АН і мастацтваў (1877), Нац. АН ЗША (1879). Скончыў Гарвардскі ун-т (1859). Праф. Кембрыджскага, Гарвардскага, Балтыморскага, Бостанскага ун-таў. Распрацаваў шэраг асноватворных ідэй агульнай і матэм. логікі. Імкнуўся спалучыць навук. даследаванні з рэліг. верай. Гал. прынцып прагматызму выклаў у працах «Як зрабіць нашы ідэі выразнымі» (1876), «Замацаванне вераванняў» (1877). Лічыў, што змест паняццяў поўнасцю вычэрпваецца ўяўленнем аб яго магчымых практычных выніках; адсюль вызначэнне ісціны як веры, якая выклікае дзеянне, што вядзе да пастаўленай мэты. Яго тэзіс «існаваць — значыць быць карысным» (т.зв. «прынцып 11.») стымуляваў распрацоўку ідэаліст. філасофіі прагматызму У.Джэмсам.

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́СТЛІ (Priestley) Джозеф (13.3.1733, Філдхед, каля г. Лідсе, Вялікабрытанія — 6.2.1804),

англійскі хімік, філосаф-матэрыяліст, прыхільнік дэізму. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1767). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1780). Скончыў Акадэмію ў Дэвентры (1755; тэолаг па адукацыі). У 1794 эмігрыраваў у ЗША. Навук. працы па пнеўматычнай хіміі (навука аб газах). Атрымаў газападобныя злучэнні — хлорысты вадарод, аміяк, закіс (геміаксід) азоту (1772—74). Адкрыў незалежна ад К.​Шэеле кісларод (1774). Вынікі даследаванняў па хіміі апублікаваў у працы «Доследы і назіранні над рознымі відамі паветра» (1774—77). У філас. творы «Даследаванні аб матэрыі і духу» (1777) сцвярджаў, што прырода матэрыяльная, дух — уласцівасць матэрыі.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 13, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРО́ВА Ірына Іванаўна (26.10.1930, в. Бакрылава Усць-Кубінскага р-на Валагодскай вобл., Расія — 20.1.2001),

бел. філосаф. Д-р філас. н. і праф. (1977). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыла Іванаўскі пед. ін-т (1952). З 1958 у Карачаеўскім пед. ін-це. З 1962 у Магілёўскім пед. ін-це (у 1974—89 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах фарміравання і выхавання асобы, культуры міжнац. адносін, нац. палітыкі, гісторыі cau.-паліт. думкі Беларусі, методыкі выкладання грамадскіх навук.

Тв.:

О пролетарском интернационализме. Мн., 1970;

Сила, сплачивающая воедино: Интернац. воспитание трудящихся в развитом соц. о-ве. Мн., 1975;

Советская общенациональная гордость. Мн., 1981;

Культура межнационального общения. Мн., 1986;

Лектор в студенческой аудитории: Пробл. общения. Мн., 1988.

т. 15, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫЧЭ́РЫН Барыс Мікалаевіч (7.6.1828, г. Тамбоў, Расія — 16.2.1904),

расійскі юрыст, гісторык, філосаф, публіцыст, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў Дзяржаўнай школы ў гіст. навуцы. Скончыў Маскоўскі ун-т (1849), прафесар у ім (1861—68). Выдаваў з К.​Дз.Кавеліным паліт. рукапісную л-ру. З сярэдзіны 1850-х г. Ч. — адзін з лідэраў ліберальна-заходніцкага рас. грамадска-паліт. руху (гл. Заходніцтва). Ухваляў сял. рэформу 1861, адмоўна ставіўся да рэв. дэмакратаў, падтрымліваў палітыку ўрада ў адносінах да Польшчы і паўстання 1863—64. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі. У 1868 у адстаўцы, займаўся навук. працай, удзельнічаў у дзейнасці земства. У філас. поглядах прытрымліваўся правага гегельянства. Працы па гісторыі дзярж. права, паліт. вучэнняў. Аўтар «Успамінаў» (ч. 1—4, 1929—34).

т. 17, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́КЕЛЬ Павел Васілевіч (н. 20.5.1944, в. Браносава Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1999). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1979), дзе і працаваў. У 1983—85 саветнік рэктара Вышэйшага Камагуэйскага ін-та імя Х.​Марці (Куба). З 1985 у Бел. пед. ун-це, імя М.​Танка (з 2000 дэкан матэм. ф-та). Навук. працы па філас. праблемах матэматыкі, яе станаўлення і развіцця як навукі і сац. ін-та. Распрацаваў канцэпцыю функцыянавання матэм. ведаў, дыялект. ўзаемасувязі матэматызацыі навукі і гуманізацыі грамадскіх адносін.

Тв.:

Математизация научного знания. Мн., 1989;

Математическое познание действительности. Мн., 1995;

Математика и реальность. Мн., 1999;

Математизация познания и социальный прогресс. Мн., 2001.

т. 18, кн. 1, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРАБІ́, аль-Фарабі Абу Наср Мухамед ібн Тархан (870, г. Фараб, цяпер гарадзішча Атрару Паўд.-Казахстанскай вобл., Казахстан — 950), сярэднеазіяцкі філосаф і вучоны-энцыклапедыст, прадстаўнік усх. арыстоцелізму, каментатар Арыстоцеля і Платона. Жыў у Алепе, Багдадзе, Дамаску. Яго філас. погляды грунтуюцца на вучэнні Платона пра эманацыю — паходжанне і развіццё універсуму. У адпаведнасці з. асн. палажэннямі гэтага вучэння сцвярджаў, што існуе створаная Богам вечная, найвышэйшая і найб. дасканалая ступень універсуму, якая пакладзена ў аснову светабудовы. Гал. тэндэнцыю агульнага руху бачыў у сыходжанні ад найвышэйшай анталагічнай ступені да ніжэйшых са зніжэннем узроўню дасканаласці, але лічыў, што ўнутры асобных анталагічных ступеней працэс развіцця накіраваны на ўзыходжанне і ўдасканаленне. На яго думку, паслядоўнасць эманацый пачынае ажыццяўляць «універсальны розум» («нус»), а працягваюць «касмічныя розумы» («нусы»), кожны з якіх адпавядае пэўнай нябеснай сферы; на апошняй анталагічнай ступені эманацыі дзейнічае «актыўны розум», які кіруе працэсамі ўзнікнення і знішчэння на Зямлі; сінтэз з «актыўным розумам» лічыў найвышэйшай мэтай навукі. Распрацаваў сац. вучэнне пра ідэальную дзяржаву («дабрадзейны горад») — мадэль найлепшага натуральнага ўзаемадзеяння людзей, дзе кожны чалавек забяспечаны неабходнымі жыццёвымі дабротамі. Паводле Ф., кіраваць «дабрадзейным горадам» павінен філосаф, які ў якасці імама ўзначальвае рэліг. абшчыну і перадае яе членам ісціны, атрыманыя ад «актыўнага розуму» («Трактат пра погляды жыхароў дабрадзейнага горада», «Афарызмы дзяржаўнага дзеяча»). Аўтар «Вялікага трактата пра музыку», у якім прыводзяцца каштоўныя звесткі пра муз. культуру Усходу і Стараж. Грэцыі. Паўплываў на ўсх. мысліцеляў Ібн Сіну, Ібн Баджу, Ібн Туфайля, Ібн Рушда, сярэдневяковую зах.-еўрап. філасофію і навуку.

Тв.:

Рус. пер. — Философские трактаты. Алма-Ата, 1970;

Математические трактаты. Алма-Ата, 1972;

Социально-этические трактаты. Алма-Ата, 1973;

Логические трактаты. Алма-Ата, 1975;

О разуме и науке. Алма-Ата, 1975;

Историко-философские трактаты. Алма-Ата, 1985;

Естественно-научные трактаты. Алма-Ата, 1987;

Избр. трактаты. Алма-Ата, 1994.

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)