СУПЕРМА́РКЕТ (англ. supermarket),
буйны магазін самаабслугоўвання для продажу тавараў паўсядзённага попыту (пераважна харчовых). С. ўзніклі ў ЗША у 1930, пашырыліся з 2-й пал. 1940-х г. Могуць уваходзіць у склад сеткі магазінаў. Буйныя сеткі С. здольны атрымліваць значную эканомію ад маштабаў рэалізацыі і на групавой аснове з атрыманнем выгадных скідак і ўступак ад вытворцаў пры аптовай закупцы, і на ўзроўні асобных магазінаў за кошт выкарыстання капіталаёмкіх метадаў рознічнага гандлю. У Рэспубліцы Беларусь С. звычайна называюць універсамамі.
т. 15, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫПТАФА́Н,
C11H12N2O2, незаменная амінакіслата. Уваходзіць у састаў многіх бялкоў. У арганізме чалавека і жывёл не сінтэзуецца, паступае з бялкамі ежы. Т. багатыя печань, мяса, малако, яйкі.
Бясколерныя крышталі, малекулярная маса 204,22, tпл 293 °C. Удзельнічае ў сінтэзе бялку, фарміраванні яго другаснай структуры, папярэднік нікацінавай к-ты, сератаніну. Пад уплывам мікрафлоры ў тоўстым кішэчніку Т. ператвараецца ў таксічныя рэчывы — індол, скатол і інш. Сутачная патрэба дарослага чалавека 7 мг/кг. Ад нястачы ў ежы Т. развіваецца пелагра.
І.М.Семяненя.
т. 16, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРДУ́ МО́ВА,
дзяржаўная мова Пакістана (разам з англ.); адна з асн. літ. моў Індыі. Разам з хіндзі мовай уваходзіць у абсяг мовы хіндустані — новаінд. мовы самай шматлікай групы насельніцтва інд. субкантынента. Ад хіндзі У.м. адрозніваецца значнай колькасцю лексічных запазычанняў з іран. і араб. моў, некат. маргінальнымі рысамі фанетыкі, марфалогіі і сінтаксісу, выкарыстаннем араб. алфавіту. Літ. традыцыі на У.м. ўзыходзяць да 16 ст., літ. мова склалася к пач. 19 ст.
Літ.:
Дымшиц З.М. Язык урду. М., 1962.
А.Я.Міхневіч.
т. 16, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМІЙ (лац. Fermium),
Fm, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. м. 100, адносіцца да актыноідаў. Вядома 17 ізатопаў з масавымі лікамі 243—259; найб. устойлівы 257Fm (перыяд паўраспаду 100,5 сут, α-выпраменьвальнік). Адкрыты ў 1953 А.Гіёрса з супрацоўнікамі; названы ў гонар Э.Фермі.
У вагавой колькасці не атрыманы. Хім. ўласцівасцямі падобны да інш. трохвалентных актыноідаў (найб. устойлівая ступень акіслення +3). Уваходзіць у склад мішэняў, якія выкарыстоўваюць для штучнага сінтэзу больш цяжкіх хім. элементаў.
А.П.Чарнякова.
т. 16, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РА,
возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 8 км на ПнУ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 0,21 км², даўж. 850 м, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 2 км. Пл. вадазбору 5,5 км².
Схілы катлавіны выш. 5—8 м, разараныя, месцамі пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, на З сплавінныя. Дно плоскае, да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. Недрава.
т. 4, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ДЖПАРТ (bridgeport),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Канектыкут. Уваходзіць у Вял. Нью-Йорк. Засн. ў 1639. 142 тыс. ж. (1990), з гарадамі Мілфард, Стратфард, Фэрфілд і агульнымі прыгарадамі 444 тыс. ж. Порт у прал. Лонг-Айленд. З в-вам Лонг-Айленд злучаны паромам. Буйны цэнтр металапрамысловасці. Эл.-тэхн., радыёэлектронная, авіяц. (вытв-сць верталётаў, дэталяў і вузлоў), металаапр., хім. прам-сць. Вытв-сць металарэзных станкоў, інструменту, падшыпнікаў, кантрольна-вымяральных прылад, стальных сплаваў, стралк. зброі, боепрыпасаў, метал. галантарэйных вырабаў. 2 ун-ты.
т. 3, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЁКАЎСХО́ДНІ MAPCKÍ ЗАПАВЕ́ДНІК У зал. Пятра Вялікага, у Прыморскім краі Расійскай Федэрацыі. Засн. ў 1978 з мэтай захавання каштоўных відаў шэльфа Японскага м. (каля 250 відаў рыб, шматлікія беспазваночныя, каля 800 відаў водарасцей). Пл. больш за 64 тыс. га, у т. л. каля 63 тыс. га акваторыі. Уваходзіць 9 астравоў, 3 асн. ўчасткі. Архіпелаг Рымскага-Корсакава — зона поўнай запаведнасці, зал. Пасьета і в-аў Фуругельма — участак узнаўлення (аквакультура трэпанга, грабеньчыка, гіганцкай вустрыцы), в-аў Папова — музей прыроды мора і яе аховы.
т. 6, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПАРАГІ́НАВАЯ КІСЛАТА́, α-амінаянтарная кіслата, монаамінадыкарбонавая кіслата,
HOOCCH2CH(NH2)COOH, заменная амінакіслата. Мал. м. 133,1. Слаба раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў спірце і эфіры. У арганізме знаходзіцца ў свабодным стане, уваходзіць у састаў бялкоў (акрамя пратамінаў). Удзельнічае ў рэакцыях цыкла мачавіны і пераамінавання, біясінтэзе пурынаў і пірамідзінаў, папярэднік у біясінтэзе незаменных амінакіслот — метыяніну, трэаніну і лізіну ў раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Дэкарбаксіліраваннем аспарагінавай кіслаты могуць утварацца α- і β-аланіны. У абмене рэчываў аспарагінавая кіслата папярэднік і першая ступень распаду аспарагіну.
т. 2, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГЕОЛАГАРАЗВЕ́ДАЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ (БГРЭ),
вытворчая арг-цыя па правядзенні пошукавых і разведачных работ на цвёрдыя карысныя выкапні на тэр. Беларусі. Створана ў г. Слуцк у 1949 як Старобінская геолагаразведачная экспедыцыя для разведкі Старобінскага радовішча калійных і каменнай соляў. З 1955 Паўд.-Бел. геолагаразведачная экспедыцыя, з 1970 сучасная назва. Уваходзіць у ВА «Беларусьгеалогія». Уключае 4 палявыя партыі (1995): Заходнюю, Мінскую, Аршанскую і Паўднёвую. Асн. віды дзейнасці: пошук і разведка радовішчаў калійных соляў, бурага вугалю, жал. руды, буд. матэрыялаў, алмазаў.
П.З.Хоміч.
т. 2, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРО́Й (Peiraieus),
горад у Грэцыі, на паўн.-ўсх. беразе зал. Саранікос Эгейскага мора. Адм. ц. нома Пірэй; уваходзіць у склад Вял. Афін. Вядомы з глыбокай старажытнасці. З 5 ст. да н. э. — гандл. і ваенная гавань, апорны пункт Афін Старажытных. Каля 220 тыс. ж. (2000). Гал. знешнегандл. порт краіны. Паромная сувязь з Латакіяй (Сірыя). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: металургічная, маш.-буд. (у т. л. суднабудаванне і суднарамонт, аўтазборка), хім., цэм., тэкст., харчасмакавая. Рэшткі ант. збудаванняў. Марскі курорт. Турызм. Ваенна-марская база.
т. 12, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)