рыба сям. карпавых атр. карпападобных. 4 падвіды. Пашырана ў прэсных вадаёмах Еўропы, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі. На Беларусі тыповая форма ў рэках бас.Зах. Дзвіны, Нёмана, Зах. Буга, а падвід быстранка руская (А. b. rossicus) — у рэках бас. Дняпра. Жыве ў рэках з быстрым цячэннем (адсюль назва). Нар. назвы стракатка, сіняўка, ушвейка.
Даўж. 10—15 см, маса да 13 г. Спіна цёмна-шэрая або цёмна-зялёная, брушка і ніз бакоў серабрыстыя. Уздоўж бакавой лініі дзве цёмныя палосы. Нерастуе на быстрынях з камяністым дном. Корміцца паветр. і воднымі насякомымі, зоапланктонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ШАВАЯ ПЛАДАЖЭ́РКА
(Laspeyresia pomonella),
матыль сямейства ліставёртак, шкоднік грушы. Пашыраны ў лесастэпавых і стэпавых раёнах Еўрап.ч., на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. У Беларусі асабліва шкодзіць пладам грушы летне-асенніх тэрмінаў выспявання. Пашкоджаныя плады хутка загніваюць.
Крылы ў размаху 16—21 мм, цёмна-шэрыя з папярочнымі палосамі. Вусені даўж. 16—18 мм, белыя, з светла-бурай галавой. За год развіваецца 1 пакаленне. Зімуюць вусені ў коканах у дзярніне або верхнім слоі глебы. Матылі вылятаюць у перыяд цвіцення грушы, яйцы адкладваюць на плады. Вусені кормяцца мякаццю і насеннем пладоў, у жніўні выходзяць з пладоў у глебу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМЫСАЛЯЧЭ́ННЕ,
ужыванне з лекавымі мэтамі пажыўнага напітку з кабылінага (радзей вярблюджага і каровінага) малака — кумысу. У качавых народаў вядома са стараж. часоў. Навук. абгрунтаванне К. ў Расіі дадзена М.В.Поснікавым (у 1883 пабудаваў кумысалячэбніцу непадалёку ад г. Самара). На Беларусі кумысалячэбніцы ў 2-й пал. 19 ст. існавалі ў г. Дуброўна (Віцебская вобл.) і Ігуменскім пав. (Мінская вобл.). К. пашырана пераважна на курортах паўд. раёнаў Расійскай Федэрацыі, у Казахстане, краінах Сярэдняй Азіі. Найб. дабратворны ўплыў яно аказвае пры туберкулёзе лёгкіх ці перыферычных лімфатычных вузлоў, павялічвае сакрэцыю страўніка, паляпшае састаў крыві; рэкамендуецца пры гастрытах, С-гіпавітамінозе, паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНЖУ́Т, сезам (Sesamum),
род кветкавых раслін сям. кунжутавых (сезамавых). Каля 20 відаў. Пашыраны ў трапічнай і Паўд. Афрыцы. Стараж.культ. алейную расліну К. індыйскі (S. indicum) вырошчваюць у Грэцыі, Егіпце, Закаўказзі, Індыі, Іране, Мексіцы, Сярэдняй Азіі.
К. індыйскі — аднагадовая травяністая расліна выш. да 2 м з галінастым прамастойным сцяблом, пакрытым жалезістымі валаскамі. Лісце ланцэтнае або рассечанае на долі. Кветкі буйныя, белыя, ружовыя ці фіялетавыя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. У насенні — да 65% харч. алею, які ўжываюць непасрэдна ў ежу. Выкарыстоўваюць таксама ў кандытарскай, кансервавай, маргарынавай прам-сці, медыцыне, тэхніцы Макуха — корм для жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́Р, горны баран,
аргалі, аркар, качкар (Ovis ammon),
млекакормячая жывёла роду горных бараноў атр. парнакапытных. Каля 25 падвідаў. Пашыраны на а-вах Міжземнага м., у Пярэдняй, Сярэдняй, Цэнтр., Паўн.-Усх. і часткова Паўн. Азіі. Жыве статкамі на спадзістых схілах і высокіх горных плато.
Даўж. цела 1,1—2 м, выш. ў карку 0,65—1,25 м, маса ад 25 да 230 кг. Рогі масіўныя, выгнутыя, даўж. да 1,9 м, масай да 30 кг. Корміцца травой. Ягняты (1—2) нараджаюцца вясной. Каштоўная прамысл. жывёла, здабываецца дзеля мяса і скуры. Выкарыстоўваецца для гібрыдызацыі са свойскімі пародамі авечак (выведзены танкарунныя пароды — горны мерынос і архарамерынос). Ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́ДКА,
1) у металаапрацоўцы працэс апрацоўкі ціскам, у выніку якога змяншаецца вышыня і павялічваюцца папярочныя памеры загатовак ці дэталяў. Праводзіцца на прэсах і молатах.
2) У металургіі — скачкападобнае зрушэнне ўніз (абвальванне) шыхтавых матэрыялаў, пераважна ў металург. печах, пры няроўным цячэнні плавільнага працэсу.
3) У будаўніцтве — вертыкальнае зрушэнне масы грунту (асновы збудавання), выкліканае павялічанай нагрузкай. Залежыць ад канструкцыйных асаблівасцяў збудавання і ўмоў яго эксплуатацыі, адбываецца нераўнамерна і павінна быць меншая за гранічна дапушчальную.
4) Асадка судна — адлегласць ад ватэрлініі да ніжняга пункта корпуса судна ў сярэдняй яго частцы; лінейная велічыня, якая характарызуе апусканне судна ніжэй за ўзровень вады пры рознай яго загрузцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ННІ ПАЛАСА́ТЫ,
штрэйфлінг, штрыфель, старадаўні асенні сорт яблыні. Належыць да зах.-еўрап. групы сартоў. Паходжанне невядома. Упершыню апісаны ў пач. 17 ст. Вельмі пашырыўся ў сярэдняй паласе Расіі, Прыбалтыцы, на Украіне. На Беларусі раянаваны ва ўсіх садовых зонах.
Дрэва моцнарослае, утварае высокашарападобную крону. Зімаўстойлівасць высокая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы. Плоданашэнне пачынае на 9—13-ы год. Высокаўраджайны. Плады буйныя (100—120 г), злёгку рабрыстыя, тупаканічныя, крыху сціснутыя з трох бакоў, зеленавата-жаўтаватыя з кармінавым румянцам у выглядзе палос і штрыхоў, выспяваюць у 2-й пал. верасня і могуць захоўвацца да лістапада. Мякаць кісла-салодкая, духмяная. Плады спажываюць пераважна свежыя, гатуюць варэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАЛА́ЎР
(лац. baccalaureus літар. васальны землеўладальнік),
першая вучоная ступень у большасці краін. Прысвойваецца пасля заканчэння 4-гадовага навучання першага ўзроўню, паспяховай здачы дзярж. экзаменаў і абароны выпускной работы (бакалаўр навук, бакалаўр эканомікі). У сярэдневяковых ун-тах Зах. Еўропы надавалася студэнтам пасля завяршэння першага этапу адукацыі. У Расіі некаторы час бакалаўрамі называлі выкладчыкаў духоўных акадэмій; у канцы 18 ст. гэтае званне атрымлівалі выпускнікі Настаўніцкага ін-та пры Маскоўскім ун-це. У Францыі (з 1808) надаецца пасля заканчэння поўнай сярэдняй школы і дае права паступлення ва ун-т. Дыплом бакалаўра звычайна эквівалентны дыплому, які атрымліваюць выпускнікі бел.ВНУ з 4-гадовым тэрмінам навучання пасля здачы дзярж. Экзаменаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́КТРЫЯ,
гістарычная вобласць у Сярэдняй Азіі па сярэднім і верхнім цячэнні Амудар’і (цяпер тэр.Паўн. Афганістана, Паўд. Таджыкістана і Узбекістана). З 1-й пал. 1-га тыс. да нашай эры рабаўладальніцкая дзяржава. Сталіца — г. Бактра. У 6—4 ст. да нашай эры адна з сатрапій (правінцый) Ахеменідаў дзяржавы, потым у складзе імперыі Аляксандра Македонскага і Селеўкідаў. З сярэдзіны 3 ст. да нашай эры самаст. Грэка-Бактрыйскае царства. У 2 ст. да нашай эры заваявана тахарамі; наз.Тахарыстан.
Літ.:
Ставиский Б.Я. Кушанская Бактрия: проблемы истории и культуры. М., 1977;
Пьянков И.В. Бактрия в античной традиции: (Общ. данные о стране: назв. и территория). Душанбе, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙНІ́
(сапр.Садрыдзін Саід-Мурадзада; 27.4.1878, кішлак Сактарэ, каля г. Гіждуван, Узбекістан — 15.7.1954),
таджыкскі пісьменнік, вучоны. Ганаровы акад.АН Узбекістана (1943), 1-ы прэзідэнт АН Таджыкістана (з 1951). Вучыўся ў бухарскіх медрэсе. Пісаў на тадж. і узб. мовах. Прапагандаваў асв. ідэі. Аўтар зб. вершаў «Іскры рэвалюцыі» (1923). Талент Айні-бытапісца выявіўся ў аповесці «Адзіна» (1924), раманах «Дахунда» (1930), «Рабы» (1935). Аўтар кн. «Успаміны» (кн. 1—4, 1949—54), прац па гісторыі і л-ры народаў Сярэдняй Азіі, пра творчасць Рудакі, Ібн Сіна, Фірдаўсі, Саадзі, Наваі і інш.Дзярж. прэмія СССР 1950.
Літ.:
Айни X. Жизнь Садриддина Айни: (краткий хронол. очерк). Душанбе, 1982.