КАСПЯРО́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (22.5.1900, в. Ізабалёва Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. —26.12.1937),
бел. краязнавец, лексікограф, мастацтвазнавец і літаратуразнавец. Вучыўся ў Мінскім бел.пед. ін-це (1918—20), БДУ (1921—22). Скончыў Мінскі ін-тнар. асветы (1921). У 1917—21 настаўнічаў у Ігуменскім пав., у 1919—20 інструктар Часовага бел.нац.к-та і Цэнтр.бел. Школьнай рады, арганізатар і 1-ы старшыня ігуменскіх павятовых бел.нац.к-та і школьнай рады. Член арг-цый «Маладая Беларусь», Мінскага т-ва гісторыі і старажытнасцей, партыі бел. эсэраў (у 1918—24). З 1921 інструктар Наркамасветы БССР. З 1922 інспектар Слуцкага, з 1924 — Віцебскага аддзелаў нар. асветы. З 1926 навук. сакратар Цэнтр. бюро краязнаўства пры Інбелкульце, сакратар краязнаўчага час.«Наш край». У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў. З 1935 выкладаў у Новасібірску. У 1937 зноў арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958 і 1960. Пісаў пра гісторыю краязнаўства на Беларусі, яго задачы і методыку, даследаваў гісторыю бел.выяўл. мастацтва, архітэктуру: артыкулы «Беларускае малярства ў Польшчы» (1925), «Асноўныя моманты гісторыі беларускага дойлідства» і «Мінск у графіцы А.М.Тычыны» (абодва 1927) і інш. Аўтар нарысаў па гісторыі тэатра, навукі: «Беларуская навука да Кастрычніка і пасля яго» (1927), «Беларуская культура: Да дзесяцігоддзя абвяшчэння БССР» (1928), «Уладзіслаў Галубок» (1929). Склаў бібліяграфію твораў К.Каганца, даследаваў асобныя праблемы развіцця бел. л-ры: артыкулы «Матывы барацьбы ў творчасці М.Багдановіча» (1927), «Беларуская літаратура ў Латвіі» (1928). Укладальнік першага бел. дапаможніка па тэорыі л-ры «Узоры для літаратурных гурткоў пры «Маладняку» і гурткоў селькораў» (1927). Выдаў «Беларуска-расійскі слоўнічак» (1925), «Віцебскі краёвы слоўнік» і «Слоўнічак уласных найменняў» (1927).
Тв.:
Беларуская архітэктура. Віцебск, 1925;
Матэрыялы для вывучэння віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва. Мн., 1927;
Краязнаўства. Мн., 1929.
Літ.:
Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 141—162.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДМО́ВА,
напісанае аўтарам, рэдактарам або іншай асобай слова да чытача, якое змяшчаецца ў пачатку кнігі ці асобнай публікацыі для лепшага іх разумення.
Заснавальнік П. на Беларусі — Ф.Скарына: гуманіст.-асветніцкія, навуч.-пазнавальныя П. да асобных кніг Бібліі. Некат. П. адрасаваны ці прысвечаны мецэнатам [напр., прадмова Міколы Гусоўскага да кн. «Песня пра зубра» (1523) адрасавана каралеве Боне). У выданні Статута ВКЛ 1588 у якасці П. змешчана прамова Л.Сапегі на Варшаўскім сейме. У асобных кнігах ролю П. выконвалі вершаваныя эпікграмы. У 16—17 ст., у часы вострай ідэалаг. барацьбы і рэліг. палемікі, П. мелі пераважна сінкрэтычны характар, былі сродкам выражэння надзённых пытанняў грамадска-паліт. жыцця, важных праблем развіцця культуры, поглядаў і імкненняў прадстаўнікоў розных сац. груповак і рэлігійных кірункаў, грамадзянскага, нац. і эстэт. крэда іх аўтараў (П. С.Буднага, В.Цяпінскага да асобных твораў палемічнай і перакладной л-ры). У П. таго часу — зародкі бел. філалогіі, крытыкі, літ.-знаўства і публіцыстыкі. Важную ролю ў развіцці бел. л-ры і грамадскай думкі 19 — пач. 20 ст. адыгралі П. Я.Чачота, Р.Падбярэскага, Ф.Багушэвіча, Цёткі і інш. пісьменнікаў.
У сучаснай л-ры П. не мае цвёрдых, выразна акрэсленых жанравых прыкмет. Паводле формы і стылю П. самыя разнастайныя — ад кароткіх дзелавых анатацый да разгорнутых артыкулаў. Бываюць П. ад аўтара, рэдактара, укладальніка, перакладчыка, рэдкалегіі і інш. У залежнасці ад характару і прызначэння выдання (збор твораў, навук. манаграфія, зборнік артыкулаў, слоўнік, публікацыя помніка пісьменнасці і інш.) у П. падаецца сціслая інфармацыя пра змест і гісторыю ўзнікнення, аўтара, раскрываюцца прынцыпы і мэты выдання і інш. П., як правіла, суправаджаюцца першыя публікацыі ў газеце, часопісе. У выданнях тыпу хрэстаматый ці анталогій, апрача агульнай П., нярэдка падаюцца і кароткія П. да кожнай публікацыі помніка пісьменнасці, урыўка з буйнога твора або твораў пісьменніка. Ролю П. часам выконваюць пасляслоўі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́КАЗКА,
кароткі, лаканічна і граматычна завершаны афарыстычны выраз, які адлюстроўвае шматвяковы жыццёвы вопыт і мудрасць народа найчасцей у мастацка-вобразнай форме і ўжываецца пераважна ў пераносным значэнні; жанр нар. паэтычнай творчасці. Тэматычна П. вельмі разнастайныя, у іх адлюстраваліся жыццё і сямейны побыт чалавека, ацэнка яго маральных якасцей, трапныя назіранні, а таксама разважанні і павучанні. Генетычна вельмі блізкія да прымаўкі. Першыя запісы П. прыпісваюць Арыстоцелю. Зб. антычных П. у 1500 склаў Эразм Ратэрдамскі. На Беларусі самыя даўнія выданні П. — зб. С.Рысінскага (Любча, 1618), публікацыі 1-й пал. 19 ст. П.Шпілеўскага, Я.Чачота і інш. Па структуры П. звычайна двухчленныя, нярэдка рыфмаваныя, мова іх багатая метафарамі, параўнаннямі, эпітэтамі, алегорыямі і інш.выяўл. сродкамі: «Так і жылі: хто схлусіць, той вып’е і закусіць, а хто праўду скажа, той і так спаць ляжа», «як пасцелешся, так і выспішся», «хто працуе, той святкуе». Лаканічнасць і трапнасць думкі, маст. выразнасць абумоўліваюць шырокае бытаванне П. ў жывой гутарковай мове, у творах маст. л-ры. Бел. П. збіралі У.Дабравольскі, Я.Ляцкі, І.Насовіч, Е.Раманаў, М.Федароўскі, Ф.Янкоўскі, Я.Рапановіч і інш.
Публ.: Носович И.И. Сборник белорусских пословиц. СПб., 1874; Ляцкий Е.А. Материалы для изучения творчества и быта белорусов. [Т.] I. Пословицы, поговорки, загадки. М., 1898; Янкоўскі Ф. Беларускія прыказкі. прымаўкі, фразеалагізмы. 3 выд.Мн., 1992; Рапановіч Я. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі. 2 выд.Мн., 1974; Прыказкі і прымаўкі / Скл. М.Я.Грынблат. Кн. 1—2. Мн., 1976.
Літ.:
Янкоўскі М.А.Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;
Я гож. Прыказкі і прымаўкі // Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. Шкраба І., Шкраба Р. Крынічнае слова: Бел. прыказкі і прымаўкі. Мн., 1987;
Лепешаў І.Я., Якалцэвіч М.А. Слоўнік беларускіх прыказак. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛІНГВІ́СТЫКА (ад псіха... + лінгвістыка),
навука пра маўленчую дзейнасць, працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення. Даследуе прычыны паталогіі маўленчай дзейнасці, дзіцячае маўленне, займаецца мадэліраваннем працэсаў спараджэння і ўспрымання маўлення, пытаннямі двухмоўя, вывучэння роднай і замежных моў і інш. Маўленчая дзейнасць цесна і арганічна спалучаецца з усімі інш. відамі разумовай, духоўнай, псіх., біял. дзейнасці чалавека. Кіраванне імі ажыццяўляецца нервовай сістэмай, у прыватнасці, карой галаўнога мозга; звязвальным ланцугом выступае маўленне, псіхал. механізмы якога знаходзяцца ў найб. важных і развітых зонах гэтай кары. Найб. істотны сродак ператварэння думкі ў выказванне і выказвання ў думку — унутр. маўленне. Пры пашкоджанні (кровазліццё, страсенне, раненне) участкаў мозга, дзе знаходзяцца моўныя механізмы, у чалавека адзначаюцца розныя віды афазіі: ад лёгкага заікання да поўнай страты мовы. Рэакцыі чалавека, які ўспрымае мову, могуць быць фізіял. (змена частаты пульсу, пашырэнне зрэнак вачэй і інш.) і моўнымі. Улік і вывучэнне гэтых рэакцый дазваляе даследаваць будову мовы і свядомасці, што аперыруе ёй. П. займаецца таксама прыкладнымі праблемамі: распрацоўка эфектыўных прыёмаў моўнага ўздзеяння на адрасатаў (аптымальная арганізацыя сродкаў масавай інфармацыі, рэкламы, прапаганды і інш.), лячэнне афазіі, распрацоўка пытанняў, звязаных са зносінамі людзей, людзей з машынамі, прыняцце правільных каманд і рашэнняў у сістэме кіравання.
П. бярэ пачатак ад вучэння В.Гумбальта, яго паслядоўнікаў Г.Штайнталя і А.Патабні пра мову як псіхал. з’яву. На Беларусі псіхалінгвістычныя даследаванні мовы звязаны з дзейнасцю Л.Выгоцкага, Л.Шчэрбы. Псіхал. аспекты мовы вывучаліся і вывучаюцца ў БДУ (А.Супрун, А.Цітова і інш.), Мінскім лінгвістычным ун-це (Г.Кліменка і інш.).
Літ.:
Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;
Слобин Д., Грин Дж. Психолингвистика: Пер. с англ.М., 1976;
Выготский Л.С. Мышление и речь // Собр. соч.М., 1982. Т. 2;
Цітова А.І. Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы. Мн., 1981;
Клименко А.П. Психолингвистика. Мн., 1982;
Супрун А.Е. Лекции по теории речевой деятельности. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,
галіна ведаў, якая вывучае геаграфію гіст. мінулага асобных краін або тэрыторый. Мае непасрэдныя сувязі з гісторыяй, археалогіяй, тапанімікай, з’яўляецца навук. базай картаграфіі гістарычнай. У фізічнай геаграфіі вывучае прыродныя ўмовы, іх змены і ўплыў на гіст. працэс; у эканамічнай — асваенне чалавекам розных тэрыторый, станаўленне і развіццё гаспадаркі, гандлю, шляхоў зносін; у палітычнай — фарміраванне тэрыторыі дзяржаў, адм.-тэр. падзелу, месцазнаходжанне стараж. населеных пунктаў, месцы гіст. падзей, маршруты ваен. паходаў і інш.; у раздзеле насельніцтва — міграцыі, размяшчэнне народаў, колькасны і нац.склад.
Метад спалучэння геаграфіі з гісторыяй вядомы з далёкай старажытнасці (Герадот, Страбон, Пталамей), пазней — у араб. географаў і гісторыкаў, у стараж. летапісах і хроніках Усх. Еўропы. У Расіі геаграфія гістарычная звязана з імем В. М.Тацішчава. У 19 — пач. 20 ст. ў гэтай галіне працавалі М.П.Барсаў, Я.Я.Замыслоўскі, М.К.Любаўскі (для гісторыі Беларусі) і інш. Пра бел. землі ў сярэдневякоўі пісалі С.Старавольскі і М.Цойлер, у эпоху асветніцтва — Т.Вага і А.Бюшынг. Спец. працы з сістэматызаваным падыходам да пытанняў геаграфіі гістарычнай ВКЛ і Рэчы Паспалітай стваралі ў 19 ст. М.Балінскі, Я.Тышкевіч, І.Лялевель, З.Глогер. Гэты перыяд завяршыў фундаментальны шматтомны «Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін» (1880—90). У СССРгал. кірункі паліт. геаграфіі распрацоўваў В.К.Яцунскі. Яго ідэі развівалі Л.Р.Бяскроўны, Л.А.Гольдэнберг, Ф.А.Шыбанаў, І.П.Шастольскі, В.С.Жэкулін. Асобныя моманты геаграфіі гістарычнай Беларусі раскрыты ў працах Я.Ф.Карскага, У.І.Пічэты, У.М.Ігнатоўскага і інш.Бел. вучоныя распрацоўваюць таксама пытанні этнічнай гісторыі насельніцтва Беларусі, гіст.-геагр. метады даследавання ў археалогіі і тапаніміцы (В.В.Сядоў, В.А.Жучкевіч). Курс геаграфіі гістарычнай выкладаюць на гіст. факультэтах ун-таў і пед. ін-таў; пры аддзеле спец.гіст. навук Ін-та гісторыі АН Беларусі ў 1992 створана група па геаграфіі гістарычнай і картаграфіі.
Літ.:
Яцунский В.К. Историческая география: История ее возникновения и развития в XIV—XVIII вв. М., 1955;
Жучкевич В.А. Дорога и водные пути Белоруссии: Ист.-геогр. очерки. Мн., 1977;
Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. 2 выд.Мн., 1991;
Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЛІТАРАТУ́РЫімя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1931 у Мінску як Ін-т л-ры і мастацтва. У 1935 рэарганізаваны ў Ін-т мовы, л-ры і мастацтва, з 1952 Ін-т л-ры і мастацтва, з 1957 сучасная назва. Аддзелы (1998): сучаснай бел. л-ры; гісторыі бел. л-ры 1-й пал. 20 ст.; гісторыі стараж. і новай л-ры; тэорыі л-ры; узаемасувязей л-р; выданняў і тэксталогіі. Аспірантура (з 1931), дактарантура (з 1989). Асн. кірункі навук. даследаванняў: гіст. шляхі і заканамернасці развіцця бел. л-ры, праблемы вяртання ў сучаснасць духоўнай спадчыны бел. народа.
Ін-т выдаў зб. «Беларуская літаратура. Даследаванні і публікацыі» (вып. 1—5, 1958—63), працы «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1964—66), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (абедзве на рус. мове, 1977; Дзярж. прэмія імя Я.Коласа 1980), серыю кніг, прысвечаных адлюстраванню ў л-ры героікі Вял.Айч. вайны, прац па скарыназнаўстве (Дзярж. прэмія імя Я.Коласа 1994), «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 1—4, 1993—95), біябібліягр. слоўнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95), падрыхтаваў і выдаў падручнікі па бел. л-ры для сярэдняй школы, дапаможнікі для студэнтаў ВНУ, навукова-каменціраваныя зборы твораў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, З.Бядулі, М.Лынькова, І.Мележа, П.Пестрака, К.Чорнага, манаграфічныя даследаванні В.В.Барысенкі, Ю.С. Пшыркова, Н.С.Перкіна, А.М.Адамовіча, В.А.Каваленкі, М.М.Арочкі, А.В.Мальдзіса, І.Я.Навуменкі, П.К.Дзюбайлы і інш.
Каардынуе даследчую работу ў рэспубліцы па літ.-знаўстве. Пры ін-це савет па абароне доктарскіх дысертацый. У ін-це працавалі акадэмікі АН Беларусі І.І.Замоцін, М.Ц.Лынькоў, В.В.Барысенка, чл.-кар. А.М.Адамовіч, акад.АПНСССР В.У.Івашын; працуюць акадэмікі Нац.АН Беларусі І.Я.Навуменка, В.А.Каваленка, чл.-кар. М.І.Мушынскі, У.В.Гніламёдаў (дырэктар з 1997).
Літ.:
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Академия наук Белорусской ССР: Краткий очерк. Мн., 1989;
Працы Інстытута літаратуры АНБССР: Бібліягр. давед (1931—1980). Мн., 1981.
галіна мовазнаўства, якая даследуе генетычныя сувязі моў, апісвае моўную роднасць у яе эвалюцыі ў часе і прасторы, вывучае асобную мову (або групу моў) у яе развіцці на падставе параўнання з адпаведнымі фактамі іншых моў. Узнікла ў 19 ст., калі младаграматыкі (гл.Младаграматызм) стварылі ўласную канцэпцыю моўнай эвалюцыі і сфармулявалі ідэі фанет. законаў, змяненняў па аналогіі, адноснай храналогіі і інш. Да прыёмаў даследавання П.-г. м. адносяцца: вызначэнне генет. прыналежнасці пэўных фактаў; фармуляванне правіл суадпаведнасці паміж моўнымі структурамі ў сферы фанетыкі, марфалогіі, а таксама (у меншай ступені) сінтаксісу і семантыкі; мадэляванне архетыпаў — зыходных форм прамовы; стварэнне моўнай храналогіі; рэканструкцыя першасных і другасных станаў сістэмы мовы і інш. П.-г. м. дазваляе пайсці ў глыб гісторыі мовы за межы самых стараж. тэкстаў шляхам высвятлення асобных з’яў і фактаў пэўнай мовы з дапамогай фактаў роднаснай мовы, гісторыя якой прасочваецца з больш стараж. часоў (напр., у адносінах да бел. мовы такімі мовамі з’яўляюцца старажытнаруская мова і стараславянская мова). Дае магчымасць высветліць ступень роднасці паміж мовамі адной моўнай сям’і і ўдакладніць генеалагічную класіфікацыю моў. Мае лінгвадыдактычную накіраванасць, бо дазваляе ствараць т.зв параўнальна-гіст. граматыкі (гл.Параўнальная граматыка). Грунтуецца на прынцыпе параўнання моў, што звязвае яго з апісальным і агульным мовазнаўствам і прынцыпе гістарызму, што збліжае яго з гіст. лінгвістыкай і сацыялінгвістыкай. Выкарыстанне створанага ў яго межах параўнальна-гістарычнага метаду даследавання моўных з’яў дало магчымасць дасягнуць значных навук. вынікаў у параўн.-гіст. граматыцы індаеўрап., алтайскіх, фіна-угорскіх, семіцкіх, дравідыйскіх, кіт.-тыбецкіх і інш. моўных сем’яў, а таксама стварыць асновы граматыкі настратычных моў. На Беларусі даследаванні ў галіне П.-г. м. вяліся і вядуцца Т.С.Глушак, Р.М.Казловай, Р.В.Краўчуком, В.У.Мартынавым, А.Я.Супруном і інш. Выдаецца шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93).
Літ.:
Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании: Пер. с фр.М., 1954;
Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание: Пер. с нем. М., 1980;
Десницкая А.В. Сравнительное языкознание и история языков. Л., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ФМА (ад грэч. rhythmos сувымеранасць, суладнасць),
гукавы паўтор заключных частак вершаванага радка ў сілабічным (гл.Сілабічнае вершаскладанне) ці рытмараду ў сілаба-танічным і танічным (гл.Сілаба-танічнае вершаскладанне, Танічнае вершаскладанне) вершы. Паводле характару гучання Р. падзяляюць на дакладаныя і прыблізныя, поўныя і няпоўныя, асанансныя і дысанансныя, простыя і састаўныя, багатыя і бедныя, таўталагічныя, роўнаскладовыя і няроўнаскладовыя, рознанаціскныя; паводле размеркавання ў страфе — сумежныя (аабб), перакрыжаваныя (абаб) і апаясныя (кальцавыя; абба). У цвёрдых формах верша (санет, рандо, актава, трыялет і інш.) ужываюцца спецыфічныя схемы расстаноўкі Р. Вылучаюцца Р. і паводле аб’ёму складоў: мужчынская (націск на апошнім складзе), жаночая (націск на перадапошнім складзе), дактылічная (націск на 3-м ад канца складзе) і гіпердактылічная (націск на 4-м і далей ад канца складзе). У значэнні клаўзульнага (канцавога, гл.Клаўзула) сугучча ўпершыню ў бел. сілабічнай паэзіі выкарыстана ў вершаваных творах Ф.Скарыны, а ў Сімяона Полацкага названа ўжо «краесогласием» («стиси краесогласнии...»). Можа ўжывацца не толькі ў клаўзульнай частцы, але і ў пачатку і сярэдзіне (унутраная рыфма) вершаванага радка. Найб. развітая форма Р. — пантарыфма (суцэльная Р.), калі ўнутр. і канцавыя сугуччы прыпадаюць амаль на ўсе словы вершаванага радка ці твора. Р. адыгрывае важную ролю ў арганізацыі верша, яго страфічнай будове, гукавой выразнасці, запамінальнасці паэт. тэксту.
Як структурны кампанент Р. зарадзілася ў замовах, казках, нар.-песеннай творчасці, потым як сродак эўфанічнай канцэнтрацыі перайшла і ў пісьмовую л-ру. Узоры набліжаных да Р. канцавых сугуччаў ёсць ужо ў «Слове пра паход Ігаравы», у «словах» Кірылы Тураўскага, у палемічнай л-ры канца 16 — пач. 17 ст. Кампазіцыйная роля Р. значна ўзмацнілася ў бел. сілабічнай паэзіі 19 ст., у якой прыкметны ўплыў нар.-песенных традыцый, асабліва прыёмаў танізацыі верша, што прывяло да сінтэзу розных версіфікацыйных сістэм. У выніку прыкметна ўзмацнілася эўфанічная роля Р. ў арганізацыі бел. сілабічнага верша. Найб. дасканалага ўзроўню яна дасягнула ў сілаба-танічным вершаскладанні, дзе побач з рытмам ёй належыць дзейсная формаўтваральная функцыя.
Літ.:
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Гончаров Б.П. Звуковая организация стиха и проблема рифмы. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ НАВУКО́ВАЯімя Якуба Коласа АН Беларусі.
Засн. 16.2.1925 у Мінску пры Інбелкульце. З рэарганізацыяй Інбелкульта ў АНБССР (1.1.1929) увайшла ў яе склад. У Вял.Айч. вайну разрабавана ням.-фаш. захопнікамі, найб. каштоўная л-ра вывезена ў Германію. Адноўлена ў 1944. Імя Я.Коласа прысвоена ў 1956. Да 1981 наз. Фундаментальная б-ка імя Я.Коласа АНБССР. З’яўляецца галаўной у цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме АН, што аб’ядноўвае 27 б-к пры ін-тах акадэміі. Кніжны фонд — больш за 3 млн.экз. (на 1.1.1996). Абменьваецца навук. л-рай з б-камі і ўстановамі замежных краін. У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў зберагаюцца пергаменты 16 ст. на бел. мове, кітабы (тэксты на бел. мове арабскай графікай). Сярод старадрукаў кірылаўскага шрыфту «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1569) і «Біблія» (Астрог, 1580—81) І.Фёдарава, кнігі з друкарні Мамонічаў у Вільні, «Евангелле» (1575), «Новы запавет з Псалтыром» (Еўе, 1611), «Дыёптра» (Магілёў, друкарня Вашчанкаў, 1699), 1-ы слав.слоўнік «Лексікон славянарускі» Памвы Бярынды (Куцейна, 1653), «Катэхізіс» Л.Зізанія (Гродна, 1788). У калекцыі замежных выданняў 15—18 ст. кнігі з лепшых еўрап. друкарняў, у т. л. інкунабулы: «Сусветная хроніка» Х.Шэдэля (Нюрнберг, 1493), «Жыццё і вучэнні людзей, якія праславіліся ў філасофіі, выкладзеныя ў дзесяці кнігах» Дыягена Лаэрцкага (Балоння, 1495) і інш. Сабраны бел.фалькл., этнагр. і краязнаўчыя зборнікі 19 ст.; выданні па гісторыі Беларусі рус. і польск. даследчыкаў, энцыклапедычная і даведачная л-ра, бел. кнігі і перыяд. выданні пач. 20 ст., калекцыя зах.-бел. друку. Асобнымі фондамі зберагаюцца б-ка А.Я.Багдановіча, П.Н.Беркава, П.Ф.Глебкі, П.К.Панамарэнкі, частка б-кі Радзівілаў; асабістыя архівы Я.Брыля, М.Гарэцкага, Ю.Гаўрука, Глебкі, Я.Драздовіча, У.Дубоўкі, Л.Геніюш, У.Караткевіча, К.Крапівы, І.С.Краўчанкі, М.Лынькова, А.Пальчэўскага, С.П.Сахарава, М.М.Улашчыка, Я.Шутовіча і інш. Вядзе навук. і метадычную работу, выдае зборнікі прац па гісторыі кнігі, бібліяграфіі і бібліятэказнаўстве Беларусі, бібліягр. дапаможнікі, у т. л. па навуказнаўстве, гісторыі і інш.
Літ.:
Библиотечное дело и библиография в системе библиотек Академии наук БССР: [Сб. ст.]. Мн., 1976.
М.П.Стрыжонак.
Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАС (Зоська) (сапр.Сівіцкая Людвіка Антонаўна, па мужу Войцік; 30.9.1892, мяст. Мяджыбаж Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 8.10.1991),
бел. пісьменніца, грамадска-культ. дзяячка. Скончыла прыватную жаночую гімназію ў Гродне (1912), агародніцка-пчалярскія курсы ў Варшаве (1914). У 1909—13 удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1915 у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел.нац. к-це, у Цэнтр. радзе бел. арг-цый, Бел.сацыяліст. грамадзе. З 1918 у дзедавым фальварку Альхоўнікі на Сакольшчыне (Беласточчына). З 1923 жыла ў Вільні. Працавала адміністратаркай газет Бел. сялянска-работніцкай грамады. Друкавацца пачала ў час. «Подснежник» (Кіеў, 1907). На бел. мове выступіла ў 1911 з абразкамі ў «Нашай ніве» пад псеўд. Мірко. Удзельнічала ў выданні альманаха «Колас беларускай нівы» (Гродна, 1913). Выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» (Вільня, 1924, перавыд. ў Мінску 1992). Вынесла з віленскай турмы «Лукішкі» вершы М.Машары і выдала за свой кошт яго першы зб. «Малюнкі» (1928). З 1928 старшыня Бел.каап. пчалярскага т-ва «Пчала». Рэдагавала дзіцячыя час.«Заранка» (1927—31) і «Пралескі» (1934—35), с.-г.час.«Беларуская борць» (1934—38). У прэсе змяшчала вершы і апавяданні, у віленскіх бел. адрыўных календарах 1926—39 — парады па агародніцтве, садоўніцтве, пчалярстве, жаночай гаспадарцы. Уклала зб. «Садок для нашых дзетак» (Вільня, 1927, з М.Бучынскай). Для дзіцячага тэатра з укр. мовы пераклала п’есы Р.Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю.Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з рус. «Лясныя хаткі» В.Біянкі (Вільня, 1931, выйшла без імя перакладчыка). Аўтар успамінаў пра М.Багдановіча, У.Галубка, Ядвігіна Ш., Г.Леўчыка і інш.
Тв.:
Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985;
[«Заранка»] // Полымя. 1968. № 4;
Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975;
Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976;
Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980;
Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981;
Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.;
Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У.Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6;
Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.
Літ.:
Лойка А.А. Зоська Верас // Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2;
Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Мн., 1992.