Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАТРО́ФЫ [ад аліга... + ...троф(ы)],
расліны і мікраарганізмы, здольныя развівацца ў асяроддзі з нізкай канцэнтрацыяй пажыўных рэчываў. Да алігатрофных раслін Беларусі, якія растуць на глебах, бедных элементамі мінер. харчавання, належаць сфагнавыя імхі, верас звычайны, сівец стаячы, цмен пясчаны, агаткі двухдомныя, падвей похвенны, багун балотны, журавіны і інш.расліны вярховых балотаў, сухадолаў і пяскоў. Алігатрофныя мікраарганізмы жывяцца простымі арган. злучэннямі — арган. к-тамі, спіртамі. Многія з іх маюць прыстасаванні для павелічэння паверхні клеткі (спіральная будова клетак у спірылы, прастэкі ў прастэкабактэрый).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЧА́ (Selinum),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. 4 віды. Пашыраны ў Еўропе і Сярэдняй Азіі. На Беларусі ўсюды трапляецца гірча кменалістая (S. carvifolia). Расце на ўзлесках, лугах, у хмызняках.
Голыя шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным, выш. Да 1 м, глыбокабаразнаватым сцяблом з вузкімі крылатымі рэбрамі. Прыкаранёвае і ніжняе сцябловае лісце чаранковае, шматразоваперыстарассечанае, верхняе амаль сядзячае, больш дробнае, менш рассечанае. Кветкі дробныя, белыя або чырванаватыя, у складаных парасоніках. Плод — шырокаэліпсоідны віслаплоднік. Лек.расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСІЛЕ́МА (ад грэч. xylon ссечанае дрэва),
водаправодзячая тканка сасудзістых раслін. Разам з флаэмай (лубам) утварае праводзячую сістэму, што аб’ядноўвае ўсе органы расліны. Бывае першасная (вытворная пракамбію) і другасная (вытворная камбію). Другасная К. (драўніна) уключае праводзячыя (сасуды, трахеіды — мёртвыя полыя клеткі, што ажыццяўляюць восевы транспарт раствораў), парэнхімныя і мех. элементы. Назапашваецца на працягу жыцця расліны і складаецца з гадавых кольцаў прыросту. Суадносіны паміж К., што функцыянуе (абалонная) і не функцыянуе (ядравая), залежаць ад віду раслін і кліматычных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАНЕ́Ц (Leontodon),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмеранай зоне. На Беларусі 3 віды Л.: асенні, або млячай (L. autumnalis; нар. назва залатушная трава); шурпатаваласісты (L. hispidus); дунайскі (L. danubialis). Трапляецца на лугах, каля дарог і жылля.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, суцэльнае або перыстанадрэзанае. Кветкі жоўтыя ці аранжавыя, сабраныя ў кошыкі. Абгортка з апушаных ланцэтных лісцікаў. Плод — сямянка з чубком. Меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТУ́К, малакан (Lactuca),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы, нямногія — у Амерыцы. На Беларусі 3 віды Л.: дзікі, або компасны (L. serriola), татарскі (L. tatarica), Шэ (L. chaixii). Інтрадукаваны Л. пасяўны, ці салата (L. sativa), культывуецца як агароднінная расліна.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты. Невял. кветкавыя кошыкі сабраны ў агульнае суквецце, пераважна мяцёлчатае або галінаста-мяцёлчатае. Плод — сямянка з чубком. Харч., лек.расліны, некат. ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКО́ЎНІК (Anthriscus),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды М.; лясны (A. sylvestris, нар. назвы ствольны цвет, вадзяны кроп) і цьмянцовалісты, або кервель (A. cerefolium). Трапляюцца ў хмызняках, гаях, каля жылля.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы граністыя. Лісце складанарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя ў парасонавых суквеццях. Плод — падоўжаны віслаплоднік. Культывуюць М. цьмянцовалісты як вострапрыпраўную расліну. Лек., агароднінныя, вострапрыпраўныя, меданосныя, эфіраалейныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСНЕ́ЖНІК (Galanthus),
род кветкавых раслін сям. амарылісавых. 18 відаў. Пашыраны ў Зах. Еўропе, на Каўказе, у М. Азіі, Іране. Трапляюцца ў горных лясах, на высакагорных лугах. На Беларусі часта наз. П. раннеквітучыя расліны (кураслеп дуброўны, пралеска высакародная і інш.); вырошчваюць П. беласнежны (G. nivalis), складкаваты (G. plicatus), Эльвеза (G. elwesii).
Шматгадовыя цыбульныя травы выш. да 30 см. Лісце (звычайна 2) лінейнае. Кветанос з адной паніклай белай кветкай. Размнажаюцца насеннем, якое разносяць мурашкі. Дэкар.расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНАЦВЕ́Т, восеннік (Colchicum),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Іране і на У — да Паўн. Індыі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрап. рэліктавы від — П. асенні (C. autumnale), занесены ў Чырв. кнігу Як дэкар. расліну вырошчваюць П. цудоўны (C. speciosum).
Шматгадовыя клубнецыбульныя расліны з кароткім сцяблом. Лісце лінейнае або шырока-ланцэтнае. Кветкі (1—8) буйныя, рознай афарбоўкі, у некат. відаў паяўляюцца ў канцы лета ці восенню (адсюль назва). Плод — каробачка. Лек., дэкар.расліны. Ядавітыя.